Андрэй Гаеў

дзяржаўны дзяяч Рэспублікі Беларусь
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Гаеў.

Андрэ́й Анато́льевіч Га́еў (нар. 1977, Смаргонь, Гарадзенская вобласьць, цяпер Беларусь) — дзяржаўны дзяяч Рэспублікі Беларусь.

Андрэй Гаеў
2-і старшыня Дзяржаўнага камітэту па маёмасьці Рэспублікі Беларусь
27 сьнежня 2014 — цяперашні час
Прэзыдэнт: Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар: Андрэй Кабякоў, Сяргей Румас
Папярэднік: Георгі Кузьняцоў
Кіраўнік Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь
31 ліпеня 2012 — 27 сьнежня 2014
Папярэднік: Алег Краўцоў(ru)
Наступнік: Яўген Каваленка
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 5 лютага 1977 (47 гадоў)
Смаргонь, Гарадзенская вобласьць, Беларуская ССР, СССР
Адукацыя: Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1999), Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія (2002, асьпірантура), Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь (2009)

Другі старшыня Дзяржаўнага камітэту па маёмасьці Рэспублікі Беларусь (з 27 сьнежня 2014 году).

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

У 1999 годзе скончыў юрыдычны факультэт БДУ. У 1998—2000 годзе працаваў адмыслоўцам УП «Нацыянальнае кадастравае агенцтва». У 2000—2001 гадах быў кансультантам аддзелу прававога рэгуляваньня зямельных дачыненьняў і кантролю за выкарыстаньнем і аховай земляў Дзяржаўнага камітэту па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь (КЗРГК). У 2001—2002 гадах — кансультант-юрыст юрыдычнага аддзелу КЗРГК Беларусі. У 2002 скончыў асьпірантуру Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. З 2002 па 2006 год — начальнік юрыдычнага аддзелу КЗРГК. У 2006—2012 гады быў намесьнікам старшыні Дзяржаўнага камітэту па маёмасьці Рэспублікі Беларусь. У 2009 годзе скончыў Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь. З 31 ліпеня 2012 году па 27 сьнежня 2014 году — кіраўнік Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь[1].

Старшыня Дзяржкамітэту па маёмасьці

рэдагаваць

27 сьнежня 2014 году прызначаны 2-м старшынём Дзяржаўнага камітэту па маёмасьці Рэспублікі Беларусь[2] (ДКМ Беларусі). 23 лютага 2015 году Андрэй Гаеў прапанаваў дазволіць продаж прыватных дамоў, пабудаваных на дзялянках, вылучаных без аўкцыёну грамадзянам, якія дагэтуль ня мелі ўласнага жытла, у трох выпадках: «страта карміцеля ў сям’і, пераезд у іншую мясцовасьць, атрыманьне інваліднасьці грамадзянінам». Дагэтуль адчужэньне такой маёмасьці дапускалі толькі праз 8 гадоў зь дня дзяржаўнага ўліку жылога дому на такой дзялянцы. Таксама прапаноўвалася вызначыць адмысловыя ўстановы замест некалькіх для вымярэньня зямельных дзялянак, каб пазьбегнуць нестыкоўкі іх межаў. Сельскія гаспадаркі прадугледжвалася вызваліць ад дзяржаўнага мыта за афармленьне пасьведчаньня аб праве на зямельныя дзялянкі. Андрэй Гаеў адзначыў: «Плянуецца ўнесьці зьмяненьні ва Ўказ № 667, якім прадугледжваецца абавязаць Дзяржкаммаёмасьць накіроўваць у Камітэт дзяржкантролю інфармацыю пра вядомыя факты парушэньняў зямельнага і іншага заканадаўства». Дагэтуль у ДКМ Беларусі адсутнічалі паўнамоцтвы наглядаць за выкарыстаньнем і аховай земляў, бо тыя ўскладаліся на землеўпарадкавальныя службы мясцовых выканаўчых камітэтаў. Андрэй Гаеў паведаміў, што да канца 2015 году скончаць складаньне адзінага рэестру дзяржаўнай маёмасьці, які мелі ўлучыць у склад адзінага дзяржаўнага рэгістру нерухомай маёмасьці, правоў на яе і зьдзелак зь ёю. На люты 2015 году рэестар дзяржмаёмасьці ўлучаў зьвесткі пра больш чым 850 000 памяшканьняў агульнай плошчай каля 123 млн м². Пагатоў за 2014 год прадалі каля 290 (55%) памяшканьняў зь ліку 528 невыкарыстоўваных, якія выставілі на продаж у 2013 годзе. Гаеў заявіў, што за 2014 год 10 акцыянэрных таварыстваў Беларусі выплацілі сваім акцыянэрам каля 3 трлн рублёў (55%) дывідэндаў з агульнага ліку 5,4 трлн рублёў ($526,307 млн), выплачаных усімі АТ краіны[3].

19 лютага 2016 году старшыня Дзяржкамітэту па маёмасьці Андрэй Гаеў паведаміў пра ўвядзеньне дзяржаўнага ўліку маёмасьці пры дапамозе электроннага лічбавага подпісу. Таксама Андрэй Гаеў згадаў, што ў 2015 годзе супрацоўнікі ДКМ Беларусі зьмянілі каля 40% межаў Смалявіцкага раёну (Менская вобласьць), што зьменшыла яго плошчу на 52 гектары. Большасьцю зьмяненьні закранулі межы раёну, якія вызначылі ў 1950-я гады. Шэраг межаў перамясьцілі зпасярод палёў і лясоў ды правязалі да дарог і лініяў электраперадачы[4]. 25 сакавіка 2016 году Савет міністраў Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Пастанову № 242/10 аб прызначэньні Андрэя Гаева сваім прадстаўніком у кіраўніцтве ААТ «Белінвэстбанк»[5]. У красавіку 2016 году набыла моц Пастанова ДКМ Беларусі ад 24 сакавіка 2015 году № 11 аб новай Інструкцыі тэхнічнай інвэнтарызацыі і праверкі ўласьцівасьцяў нерухомай маёмасьці[6]. Адначасна ў красавіку 2016 году ўкаранілі апраграмаваньне для ўпісваньня ўласьцівасьцяў нерухомасьці ў адзіную базу зьвестак. Раней такія зьвесткі зьбіралі ў абласных камітэтах. У студзені 2015 году Нацыянальнае кадастравае агенцтва ДКМ Беларусі пачало кадастравую ацэнку нерухомасьці ў Савецкім раёне Менску і Кобрынскім раёне Берасьцейскай вобласьці, якой да красавіка 2016 году ахапіла каля 150 000 прадметаў нерухомасьці. 13 красавіка 2016 году Андрэй Гаеў прапанаваў улучыць зямельны падатак у склад падатку на нерухомасьць пасьля сканчэньня гэтай ацэнкі ў чэрвені. Спадарожна ў красавіку адмыслоўцы Сусьветнага банку (Вашынгтон, ЗША) ўхвалілі такую прапанову і адзначылі, што "ў Беларусі ўдалося стварыць эфэктыўную сыстэму рэгістрацыі правоў на аб’екты нерухомасьці, якая ўваходзіць у дзясятку найлепшых паводле рэйтынгу Сусьветнага банка «Вядзеньне бізнэсу». Пагатоў дзяржаўны ўлік мелі каля 85% усіх аб’ектаў нерухомасці Беларусі, што абазначала пацьверджанасьць правоў іх уладальнікаў і адсутнасьць іх аспрэчваньня[7]. 31 верасьня 2016 году Андрэй Гаеў паведаміў пра перадачу ў школы геаграфічных атлясаў настаўніка, што зьмяшчалі звыш 700 мапаў, у тым ліку гаспадарчых, палітычных і фізычных пра асаблівасьці краінаў, мацерыкоў і агулам Зямлі, а таксама ў галіне астраноміі. Наклад склаў 3500 асобнікаў. УП «Белкартаграфія» зьбіралася выдаць яшчэ 350 асобнікаў для збыту праз гандлёвую сетку[8].

9 лютага 2017 году Андрэй Гаеў заявіў, што «існуе абмежаваньне, устаноўленае Грамадзянскім кодэксам, на магчымасьць перадачы ў давернае кіраваньне маёмасьці ўнітарных прадпрыемстваў. Таму па выніках нарады кіраўніком дзяржавы і даручана падрыхтаваць ключавы дакумэнт, які дазваляе перадаваць у давернае кіраваньне маёмасьць такіх прадпрыемстваў». Гаеў патлумачыў: «Юрыдычная асоба, якая бярэ ў кіраваньне маёмасны комплекс, атрымлівае магчымасьць пашырыць сваю вытворчасьць на існай базе. Пры гэтым даўгі, калі яны ёсьць у прадпрыемства, якое бярэцца ў кіраваньне, застаюцца з гэтым прадпрыемствам. Але яно атрымлівае магчымасьць выкарыстоўваць сыравіну, матэрыялы, дылерскую сетку юрыдычнай асобы, якая бярэ гэты комплекс у давернае кіраваньне». Ён паведаміў, што ў давернае кіраваньне на спаборнай аснове магчыма перадаць звыш 2000 прадпрыемстваў у рэспубліканскай і камунальнай уласнасьці[9]. 12 лютага ў этэры тэлеканала «Беларусь 1» Гаеў удакладніў, што даручальнік будзе перадаваць маёмасьць УП давернаму кіраўніку на тэрмін да 5 гадоў[10].

10 кастрычніка 2017 году Гаеў паведаміў, што на даручэньне ўраду Беларусі «ў мінулым годзе „Белдзіпразем“ завяршыў устанаўленьне межаў Менскай вобласьці і яе раёнаў. Вынікі гэтай працы прайшлі грамадзкае абмеркаваньне. Нармалізавана было 28% працягласьці межаў Менскай вобласьці і 35% — яе раёнаў. Плошча сталічнага рэгіёну зьменшылася ўсяго на 0,04%. У бягучым годзе працы праводзяцца ў Берасьцейскай і Гарадзенскай абласцях, у 2018-м на чарзе Віцебская, Магілёўская і Гомельская». Паводле Гаева, існыя межы адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Беларусі вызначылі да 1966 году. Пасьля ўсталяваньне межаў ажыцьцяўлялі дзяржаўнік улік раёнаў і вобласьцяў у рэестры адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак і тэрытарыяльных адзінак. Пры патрэбе зьмяненьні ўносілі ў Адзіны дзяржаўны рэестар нерухомай маёмасьці, правоў на яе і зьдзелак зь ёю. Землеўпарадкавальныя ўстановы ўносілі папраўкі ў зямельна-інфармацыйную сыстэму. Тапографа-геадэзічныя ўстановы — на дзяжурную даведкавую мапу Беларусі[11]. 14 лістапада 2017 году старшыня Дзяржкамітэту Андрэй Гаеў прапанаваў пашырыць улік пустых і старых дамоў, які вёўся з 2006 году, на буйныя гарады і ўвесьці электронны ўлік такіх дамоў замест папяровага. Паводле Ўказу ад 24 лютага 2012 г. № 100 «Аб захадах па ўдасканаленьні ўліку і скарачэньні колькасьці пустых і старых дамоў у сельскай мясцовасьці», улік дзейнічаў толькі ў сельскай мясцовасьці і гарадах раённага падпарадкаваньня. Андрэй Гаеў падкрэсьліў, што за 2012—2017 гады ў Беларусі зьнесьлі звыш 47 000 пустых хатаў і толькі 355 прадалі. Пагатоў большасьць спадкаемцаў пражывала за мяжой. Спадкаемцы ж у Беларусі большасьцю ўнікалі ўступленьня ў спадчыну, каб пазьбегнуць сплаты падаткаў на зямлю і нерухомасьць. Тым часам звыш паловы крадзяжоў у сельскай мясцовасьці адбывалася ў пустых дамах. У новым праекце ўказу Гаеў прапанаваў: дазволіць продаж без аўкцыёну па-за абласнымі цэнтрамі, разьмяшчаць абвесткі пра продаж на сайце мясцовага выканкаму, паніжаць цану да 80% пры адсутнасьці пакупніка, перадаваць зямельныя дзялянкі з умовай зносу дома новым землекарыстальнікам замест выканкаму, распаўсюдзіць дзеяньне ўказу на вымарачную спадчыну (пры адсутнасьці спадкаемцы пасьля сьмерці ўласьніка)[12].

21 лютага 2018 году Гаеў паведаміў пра набыцьцё Дзяржкамітэтам па маёмасьці летака для трохузроўневай сыстэмы збору зьвестак пра землі. Ён заявіў: «Цяпер сыстэма складаецца зь беларускага спадарожнікавага касьмічнага апарата (БелКА), аэрафотакамэры, якая ўстанаўліваецца на самалёт, і бесьпілотнага лятальнага апарата, з дапамогай якога ўдакладняюцца дадзеныя». Гаеў дадаў: «У мінулым годзе больш за 9000 паведамленьняў былі перададзеныя ў розныя дзяржорганы, перш за ўсё ў выканкамы, па пытаньнях, зьвязаных са зьмяненьнямі зямельнага пакрыцьця. Гэта і заняцьце зямельных участкаў, зарастаньне іх і іншае. Больш чым па 3,5 тысячы выпадкаў паступіла зваротная сувязь па прыняцьці рашэньняў». Андрэй Гаеў адзначыў, што за 2017 год удакладнілі межы раёнаў Берасьцейскай і Гарадзенскай вобласьцяў. Ён адзначыў, што «праект зьмяненьняў ва Ўказ „Аб парадку распараджэньня дзяржаўнай маёмасьцю“ падрыхтаваны». Паводле праекту, прапаноўвалася дазволіць грамадзянам удзельнічаць у аўкцыёнах продажу дзяржаўнай маёмасьці адначасна зь юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Дагэтуль грамадзянаў дапускалі толькі да 2-га аўкцыёну, калі юрасобы і ІП адмаўляліся набываць маёмасьць на першым аўкцыёне. Таксама прапаноўвалася дазволіць продаж за адну базавую велічыню ў гарадах з насельніцтвам звыш 50 000 жыхароў, а ня толькі ў абласных цэнтрах. Палову грошай за прададзеную дзяржмаёмасьць мелі пакінуць уласьніку невыкарыстоўванай маёмасьці, каб зацікавіць у продажы. Дагэтуль усе грошы ад продажу накіроўвалі ў бюджэт. Таксама прапаноўвалася павялічыць растэрміноўку пры набыцьці з 1 да 3 гадоў на выбар пакупніка. Гаеў вызначыў УП «Інстытут нерухомасьці і ацэнкі» (Менск, вул. Камсамольская, д. 11) ў якасьці адзінай установы, што «будзе будзе выконваць усю перадпродажную падрыхтоўку аб’ектаў, уключаючы, калі трэба, афармленьне прававых дакумэнтаў на нерухомасьць, праводзіць аўкцыёны». Гаеў удакладніў, што спачатку такі парадак адпрацуюць на акцыянэрных таварыствах. Таксама Андрэй Гаеў згадаў, што ў ліпені 2018 году набудуць моц папраўкі ў Закон «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасьці, правоў на яе і зьдзелак зь ёй» датычна закладных дачыненьняў. Ён патлумачыў, што «з 2-га паўгодзьдзя юрыдычным асобам, якія заключаюць крэдытныя дамовы пад заклад нерухомасьці, будзе дадзеная магчымасьць не зьвяртацца ў агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі, усё можа быць зроблена ў банку, які выдае крэдыт» на іпатэку. Гаеў паведаміў, што за 2017 год у Беларусі заключылі звыш 52 000 дамоваў пад заклад нерухомасьці, зь іх 26 000 — пад заклад кватэраў. Пагатоў пятую частку дамоваў па іпатэцы на кватэры заключылі ў Менску. Гаеў таксама прапанаваў цягам 2018 году стварыць заканадаўства на аснове досьведу Азэрбайджану, каб «рэалізаваць працу з выкарыстаньнем блёкчэйна па папярэдняй рэгістрацыі дамоваў долевага ўдзелу ў будаўніцтве». Старшыня Дзяржкамітэту адзначыў, што зьвярнуўся ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь для разьмяшчэньня ў лічбавым выглядзе зьвесак пра асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі. Таксама ён абвясьціў, што да канца 2018 году плянавалася зрабіць адзін зводны матэрыял з 4-х тамоў «Вялікага гістарычнага атляса Беларусі»[13].

5 верасьня 2018 году Андрэй Гаеў паведаміў, што 4 верасьня А. Лукашэнка падпісаў Указ № 357 «Аб пустуючых і старых дамах». Паводле Ўказу, іх продаж без аўкцыёну дапусьцілі ўсюды па-за абласнымі цэнтрамі. Гаеў дадаў, што «вынік праведзенай незалежнай ацэнкі адносна выстаўляных на продаж аб’ектаў будзе дзейнічаць 2 гады», што даўжэй чым у іншых выпадках. Пры безвыніковасьці гандлю Ўказ прадугледжваў зьніжэньне цаны з кожным аўкцыёнам на 20%, 50% і 80%[14]. 20 верасьня 2018 году Гаеў падкрэсьліў, што Ўказ № 357 замяніў Указ № 100, які дзейнічаў 6 гадоў. За час дзеяньня Ўказу № 100 улічылі 14 000 пустых дамоў і каля 39 000 старых. Зьнесьлі 48 000 такіх будынкаў. Паводле новага Ўказу № 357, мясцовы выканкам або сельсавет прызнае дом пустым, калі гаспадары адсутнічалі цягам 3 гадоў запар. Раней дастаткова было пражываць у доме менш за месяц цягам 3 гадоў. Старымі запісвалі не заселеныя цягам году будынкі, што пагражалі абвалам і не рамантаваліся. Камісія зь ліку чыноўнікаў і міліцыянтаў двойчы на год мела высьвятляць на месцы незаселенасьць дамоў. Гаспадарам мелі дасылаць апавяшчэньне пра намер прызнаць дом пустым. Пры адсутнасьці адказу цягам месяцу абвестку пра пусты дом зьмяшчалі на сайце выканкаму раёну. Яшчэ празь месяц пры адсутнасьці ўласьніка камісія мела ўлучыць дом цягам 15 дзён у рэестар пустых дамоў. Праз 2 месяцы на падставе заявы суд меў прызнаць дом і дзялянку ўласнасьцю выканкаму раёну. Цягам 30 дзён пасьля суда выканкам меў выставіць дом на продаж або зьнесьці. Таксама Ўказ тычыўся вымарачнай спадчыны, калі заява спадкаемцы пра свае працы адсутнічала цягам году пасьля скону спадчынадаўцы. Тады выканкам меў зьвярнуцца ў суд дзеля прызнаньня права камунальнай уласнасьці на маёмасьць. За 2013—2018 гады суды Беларусі задаволілі каля 1200 заяваў аб прызнаньні спадчыны вымарачнай[15].

3 лістапада 2018 году Андрэй Гаеў ухваліў тое, што Берасьцейскае агенцтва дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнага кадастру падало ў «Нацыянальнае кадастравае агенцтва» зьвесткі пра крыніцы Берасьцейскай вобласьці. У выніку новы слой пра 68 крыніцаў з пазначэньнем каардынатаў, стану і апісаньня месцазнаходжаньня зьявіўся на публічнай кадастравай мапе. Супрацоўнікі налічылі: 17 крыніцаў у Камянецкім раёне, 15 — у Баранавіцкім, 9 — у Пінскім, 5 — у Берасьцейскім, па 4 — у Ляхавіцкім і Столінскім, 3 — у Пружанскім, па 2 — у Ганцавіцкім, Дарагічынскім і Івацэвіцкім, па 1 — у Бярозаўскім, Кобрынскім, Лунінецкім, Маларыцкім і Янаўскім. Гаеў адзначыў, што «трэба зрабіць наступны крок і правесьці такую ​​працу па астатніх рэгіёнах краіны»[16]. 22 лістапада 2018 году на парлямэнцкіх слуханьнях Андрэй Гаеў адзначыў, што замежныя ўстановы маглі атрымаць у Беларусі зямлю ў арэнду на 99 гадоў. Пагатоў кожны 4-ы ўлік права на нерухомасьць у Беларусі адбываўся цягам адной гадзіны. Паводле паказьніка «ўлік уласнасьці» ў рэйтынгу «Вядзеньне справы» Сусьветнага банку, Беларусь заняла 5-е месца сярод 190 краінаў[17].

  1. ^ Кірунак вызначаны // Зьвязда : газэта. — 29 сьнежня 2014. — № 246 (27856). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь разгледзеў кадравыя пытаньні // Прэс-служба прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, 27 сьнежня 2014 г. Праверана 28 сьнежня 2018 г.
  3. ^ Сяргей Куркач. З участкаў «зрэзалі» забарону // Зьвязда : газэта. — 24 лютага 2013. — № 35 (27893). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Сяргей Куркач. Рэгістрацыя па «электронцы» // Зьвязда. — 20 лютага 2016. — № 33 (28143). — С. 2.
  5. ^ Прызначаны прадстаўнік дзяржавы ў органах кіраваньня Белінвэстбанка // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 29 сакавіка 2016 г. Архіўная копія ад 29 сакавіка 2016 г. Праверана 31 сьнежня 2018 г.
  6. ^ На сувязі - старшыня Дзяржкаммаёмасці // Газэта «Зьвязда», 13 красавіка 2016 г. Праверана 28 сьнежня 2018 г.
  7. ^ Сяргей Куркач. Зямельны падатак і падатак на нерухомасьць аб'яднаюць у адзіны збор // Зьвязда. — 14 красавіка 2016. — № 69 (28179). — С. 1, 2.
  8. ^ Сяргей Куркач. Плюс атляс у падарунак // Зьвязда. — 1 кастрычніка 2016. — № 190 (28300). — С. 3.
  9. ^ Зыходзіць з жыцьцёвых рэалій // Зьвязда. — 10 лютага 2017. — № 28 (28392). — С. 2.
  10. ^ Для атрыманьня прадпрыемства ў давернае кіраваньне замежная кампанія павінна быць рэзыдэнтам Беларусі - Гаеў // БелТА, 13 лютага 2017 г. Архіўная копія ад 13 лютага 2017 г. Праверана 31 сьнежня 2018 г.
  11. ^ Вера Сяргеева. Карэктоўку межаў раёнаў і абласьцей Беларусі завершаць у 2018 годзе // БелТА, 10 кастрычніка 2017 г. Архіўная копія ад 10 кастрычніка 2017 г. Праверана 31 сьнежня 2018 г.
  12. ^ Сяргей Куркач. Пустыя дамы ў асноўным зносяць // Мясцовае самакіраваньне. — 15 лістапада 2017. — № 43 (427). — С. 1, 4.
  13. ^ Сяргей Куркач. Год складаны, але дынамічны // Зьвязда. — 22 лютага 2018. — № 37(28654). — С. 1, 4.
  14. ^ Вера Сяргеева. Пустуючыя і старыя дамы ў Беларусі будуць прадаваць па рынкавай цане // БелТА, 5 верасьня 2018 г. Архіўная копія ад 6 верасьня 2018 г. Праверана 31 сьнежня 2018 г.
  15. ^ Сяргей Куркач. Нічыйных дамоў ня будзе зусім // Мясцовае самакіраваньне. — 21 верасьня 2018. — № 38 (471). — С. 2.
  16. ^ На публічную кадастравую карту нанесьлі крыніцы Берасьцейскай вобласьці // Газэта «Зьвязда», 3 лістапада 2018 г. Праверана 31 сьнежня 2018 г.
  17. ^ Вольга Мядзьведзева. Зямля для бізнэсу // Мясцовае самакіраваньне. — 23 лістапада 2018. — № 47 (480). — С. 13.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць