Долевае будаўніцтва

Прыцягненьне забудоўнікам грошай дольнікаў на будаўніцтва нерухомасьці з наступнай яе перадачай дольнікам пасьля ўзьвядзеньня.

Долевае будаўніцтва — прыцягненьне забудоўнікам грошай дольнікаў на будаўніцтва нерухомасьці з наступнай яе перадачай дольнікам пасьля ўзьвядзеньня.

Каштуе таньней за набыцьцё гатовай нерухомасьці[1].

Беларусь

рэдагаваць

У выніку 3-разовага зьняцэньваньня беларускага рубля ў ходзе фінансавага крызісу ў Беларусі 2011 году частка дольнікаў страціла ўкладзеныя ў будаўніцтва грошы праз падаражэньне замежных будаўнічых матэрыялаў[1].

6 чэрвеня 2013 году А.Лукашэнка падпісаў Указ № 263 «Аб долевым будаўніцтве аб’ектаў у Рэспубліцы Беларусь», паводле якога зацьвердзіў адпаведнае Палажэньне. Паводле 3-га артыкула Палажэньня, «Забудоўнік мае права прыцягваць грашовыя сродкі дольнікаў для забесьпячэньня долевага будаўніцтва ... толькі пры адсутнасьці ў яго запазычанасьці па падатках, зборах (мытах), іншых абавязковых плацяжах у рэспубліканскі і мясцовы бюджэты, у дзяржаўныя пазабюджэтныя фонды і пры наяўнасьці дакумэнтаў, якія сьведчаць яго права на зямельную дзялянку... пацьвярджаюць апублікаваньне праектнай дэклярацыі... і дамоваў, зарэгістраваных... мясцовымі і распарадчымі органамі». Пагатоў пры будаўніцтве жылых памяшканьняў у шматкватэрных жылых дамах дадаткова патрабуецца: 1) праектная дакумэнтацыя, якая прайшла дзяржаўную экспэртызу; 2) дазвол на выкананьне будаўніча-мантажнай працы. Згодна з 4-м артыкулам «Забудоўнік абавязаны не пазьней за 7 каляндарных дзён да пачатку заключэньня дамоваў апублікаваць праектную дэклярацыю са зьвесткамі пра сябе і аб’ект будаўніцтва прынамсі ў адным дзяржаўным друкаваным выданьні, якое распаўсюджваецца ў межах адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, на тэрыторыі якой будзе знаходзіцца аб’ект будаўніцтва,... і адначасна накіраваць пазначаную дэклярацыю ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, якія выдалі забудоўніку дазвольную дакумэнтацыю». Пагатоў «У 3-дзённы тэрмін пасьля атрыманьня месцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі праектнай дэклярацыі ад забудоўніка яна разьмяшчаецца на сайце такіх органаў»[2].

Паводле 5-га артыкула Палажэньня, «сродкі, пералічаныя дольнікамі на спэцыяльныя рахункі, выкарыстоўваюцца забудоўнікамі толькі па мэтавым прызначэньні на будаўніцтва аб’екта долевага будаўніцтва і накіроўваюцца на фінансаваньне працы і выдаткаў, улучаных у зводны каштарысны разьлік кошту будаўніцтва». Пагатоў «Уласныя сродкі, накіраваныя забудоўнікам са свайго бягучага рахунку на будаўніцтва аб’ектаў долевага будаўніцтва да або падчас прыцягненьня сродкаў дольнікаў, кампэнсуюцца са спэцыяльнага рахунку забудоўніка ў суме, роўнай кошту фактычна аплачаных выдаткаў, з улікам індэксацыі. Названыя сродкі індэксуюцца шляхам множаньня на каэфіцыент, вызначаны адносінамі дзейнага на фактычную дату вяртаньня са спэцыяльнага рахунку забудоўніка сродкаў індэкса зьмяненьня кошту будаўніча-мантажных працаў, які зацьвярджаецца Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва па кожнай вобласьці і г. Менску, да аналягічнага індэксу, які дзейнічаў на дату пералічэньня сродкаў зь бягучага рахунку забудоўніка на будаўніцтва аб’ектаў долевага будаўніцтва». Таксама «Забудоўнік адзін раз у год за свой кошт арганізуе правядзеньне аўдыту мэтавага выкарыстання прыцягнутых на будаўніцтва аб’ектаў долевага будаўніцтва сродкаў і ў 3-дзённы тэрмін пасьля атрыманьня аўдытарскай высновы падае копію аўдытарскай высновы ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, якія выдалі дазвольную дакумэнтацыю на долевае будаўніцтва аб’екта будаўніцтва, а таксама разьмяшчае інфармацыю аб выніках аўдыту ў месцы, даступным для азнаямлення, па сваім месцы знаходжання. Дольнік мае права азнаёміцца ​​з аўдытарскай высновай у поўным аб’ёме». Згодна з 7-м артыкулам «Забудоўнік мае права зьмяніць цану аб’екта долевага будаўніцтва (цану дамовы) у выпадках зьмяненьня статыстычных індэксаў кошту будаўніча-мантажных працаў у ... тэрмін выкананьня забудоўнікам абавязкаў па дамове і ... дадатковы тэрмін будаўніцтва, а таксама ў выпадках зьмяненьня заканадаўства аб выплаце ўскосных падаткаў у названыя тэрміны, калі яны аказалі ўплыў на кошт аб’екта долевага будаўніцтва (цану дамовы)»[2].

Згодна з 10-м артыкулам Палажэньня «Дамова падлягае абавязковай рэгістрацыі ў мясцовых выканаўчых і распарадчых органах, якія выдалі забудоўніку дазвольную дакумэнтацыю на долевае будаўніцтва аб’екта будаўніцтва. Дамова лічыцца заключанай з даты яе рэгістрацыі. Забудоўнік цягам 3 працоўных дзён з даты падпісаньня бакамі дамовы прадстаўляе 2 асобнікі дамовы ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган для рэгістрацыі і цягам 3 працоўных дзён з даты рэгістрацыі дамовы высылае заказным лістом адзін асобнік зарэгістраванай дамовы дольніку або ўручае яе дольніку асабіста пад подпіс. Мясцовы выканаўчы і распарадчы орган ... ажыцьцяўляе рэгістрацыю дамоваў бясплатна цягам 3 працоўных дзён пасьля прадстаўленьня іх забудоўнікам шляхам прастаўленьня адзнакі аб рэгістрацыі на кожным асобніку дамовы. Рашэньне аб адмове ў рэгістрацыі дамовы можа быць прынята ў выпадках адсутнасьці ў дамове істотных умоваў..., а таксама пры наяўнасьці рэгістрацыі дзейнай дамовы на гэты ж аб’ект долевага будаўніцтва». Паводле 12-га артыкула «Цана аб’екта долевага будаўніцтва (цана дамовы), усталяваная ў дамове ў прывязцы да замежнай валюты, мае быць нязьменнай да заканчэньня будаўніцтва». Згодна з 13-ым арт. «У выпадку наяўнасьці віны забудоўніка ў невыкананьні тэрміну выкананьня забудоўнікам абавязкаў па дамове забудоўнік абавязаны: ... выплаціць у тэрмін не пазьней за 2 месяцы пасьля перадачы аб’екта дольніку няўстойку (пеню) дольнікам, якія выканалі ў поўным аб’ёме свае дамоўныя абавязкі па аплаце цаны аб’екта долевага будаўніцтва (цаны дамовы), у памеры 0,01 % (пры перавышэньні нарматыўных тэрмінаў працягласьці будаўніцтва да 3 месяцаў), 0,02 % (...ад 3 да 6 месяцаў), 0,03 % (...звыш 6 месяцаў) ад сумы ўнесеных дольнікам плацяжоў за кожны дзень пратэрміноўкі». У сваю чаргу «У выпадку парушэньня ўсталяванага дамовай тэрміну ўнясеньня плацяжоў дольнік выплачвае забудоўніку няўстойку (пеню) у памеры 0,02 % (пры патрэбе ўнясеньня дольнікам плацяжоў у адпаведнасьці з графікам плацяжоў або па даведках забудоўніка) або 0,002 % (калі плацяжы маюць уносіцца дольнікам аднойчы) ад сумы пратэрмінаванага плацяжу за кожны дзень пратэрміноўкі да дня пагашэньня запазычанасьці або прыняцьця рашэньня аб скасаваньні дамовы»[2].

Паводле 14-га артыкула Палажэньня, «Пасьля прыёмкі ў эксплёатацыю шматкватэрнага, блёчнага, аднакватэрнага жылога дома і іншых аб’ектаў нерухомасьці забудоўнік цягам 1 месяца абавязаны перадаць дольніку канчатковы разьлік кошту аб’екта долевага будаўніцтва. Пры ўмове поўнай выплаты цаны аб’екта долевага будаўніцтва (цаны дамовы) забудоўнік у 3-дзённы тэрмін зь дня звароту дольніка абавязаны перадаць яму дакумэнты, патрэбныя для дзяржаўнай рэгістрацыі права дольніка на аб’ект долевага будаўніцтва». «Перадача дольніку ў валоданьне і карыстаньне аб’екта долевага будаўніцтва, ключоў і дакумэнтаў на ўсталяванае абсталяваньне ажыцьцяўляецца забудоўнікам пасьля дзяржаўнай рэгістрацыі права дольніка». Пагатоў «Акт прыёмкі-перадачы аб’екта долевага будаўніцтва падпісваецца дольнікам пры перадачы яму ключоў і дакумэнтаў на ўсталяванае абсталяваньне. З моманту падпісаньня бакамі акта прыёмкі-перадачы аб’екта долевага будаўніцтва абавязак забудоўніка па перадачы аб’екта дольніку лічыцца выкананым, а дольнік прыступае да карыстаньня гэтым аб’ектам і нясе ўсе выдаткі па далейшай яго эксплёатацыі і рызыку выпадковай згубы. Абавязкі дольніка па дамове лічацца выкананымі зь дня выплаты ў поўным аб’ёме грашовых сродкаў у адпаведнасьці з дамовай». Таксама «Пры ўзьнікненні ў дольніка права на аб’ект долевага будаўніцтва ў яго адначасна ўзьнікае права на долю ў праве агульнай уласнасьці на агульную маёмасьць у шматкватэрным жылым доме, якая ня можа быць адчужана або перададзена асобна ад права на аб’ект долевага будаўніцтва»[2].

  1. ^ а б Валяр’ян Шкленьнік Падводныя рыфы долевага будаўніцтва // Зьвязда : газэта. — 23 жніўня 2013. — № 157 (27522). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ а б в г Палажэньне «Аб долевым будаўніцтве аб’ектаў у Рэспубліцы Беларусь» (рас.) // Прэс-служба прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, 6 чэрвеня 2013 г. Праверана 27 верасьня 2018 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць