Аляксандар Македонскі

кароль Македоніі
(Перанакіравана з «Аляксандр Македонскі»)

Алякса́ндар Македо́нскі (356 да н. э., Пэльля, Старажытная Македонія — 323 да н. э., Бабілён), таксама вядомы як Аляксандар ІІІ Вялікі (па-старажытнагрэцку: Μέγας Ἀλέξανδρος, Mégas Aléxandros) — старажытнамакедонскі цар дзяржавы ў паўночнай частцы Старажытнай Грэцыі. Нарадзіўся ў Пэльле ў 356 годзе да н. э. Да шаснаццаці гадоў Аляксандар навучаўся ў Арыстотэля. Ва ўзросьце трыццаці гадоў ён стварыў адну з найбуйнейшых імпэрыяў старажытнага сьвету, якая прасьціралася ад Іянічнага мора да Гімалаяў. Ён быў непераможным у баі і лічыцца адным з самых пасьпяховых вайскаводаў у гісторыі[3].

Аляксандар Македонскі
Μέγας Ἀλέξανδρος
Македонскі цар
Македонскі цар
Папярэднік Філіп II Македонскі
Наступнік Аляксандар IV Македонскі, Філіп III Македонскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 20 або 21 ліпеня 356 да н. э., Пэльля, Старажытная Македонія
Памёр 10 або 11 чэрвеня 323 да н. э., Бабілён
Нашчадкі Аляксандар IV Македонскі
Дынастыя Аргеады
Жонкі Раксана
Статэрыя II
Парысатыда II
Бацька Філіп II Македонскі
Маці Алімпіяда Эпірская

Аляксандар стаў пераемнікам свайго бацькі, Філіпа II Македонскага, заняўшы ягоную пасаду ў 336 годзе да н. э. пасьля таго, як Філіп быў забіты. Пасьля сьмерці Філіпа Аляксандар атрымаў у спадчыну моцнае царства й дасьведчанае войска. Ён быў узнагароджаны чынам генэрала Грэцыі й выкарыстоўваў гэты тытул, каб пачаць вайсковыя пляны бацькі да пашырэньня. У 334 годзе да н. э. ён уварваўся ў пэрсыдзка-кіраваную Малую Азію й пачаў сэрыю кампаніяў, якая доўжылася 10 гадоў. Аляксандар разьбіў уладара Пэрсіі ў шэрагу вырашальных баёў, у першую чаргу ў бітве пры Ісе й Гаўгамэлах. Пасьля ён зрынуў пэрсыдзкага цара Дарыя III і цалкам захапіў Пэрсыдзкую імпэрыю. У гэты момант ягоная імпэрыя распасьціралася ад Адрыятычнага мора да ракі Інд.

Імкнучыся дасягнуць «канца сьвету й Вялікага касьмічнага мора», ён уварваўся ў Індыю ў 326 годзе да н. э., але быў вымушаны павярнуць назад па патрабаваньні сваіх войскаў. Аляксандар памёр у Бабілёне ў 323 годзе да н. э., без выкананьня шэрагу заплянаваных кампаніяў, якія пачаліся з уварваньня ў Арабію. У першыя гады пасьля ягонай сьмерці сэрыя грамадзянскіх войнаў разарвала ягоную імпэрыю на часткі, у выніку чаго ў некалькіх рэгіёнах пачалі кіраваць ягоныя дыядохі, аляксандравы генэралы й нашчадкі.

Спадчына Аляксандра ўключае ў сябе культурную дыфузію, якая была спароджаная ягонымі заваёвамі. Ён стварыў каля дваццаці гарадоў, якія насілі ягонае імя, асабліва добра вядомы горад Александрыя ў Эгіпце. Грэцкія паселішчы й распаўсюд грэцкай культуры на ўсходзе прывялі да стварэньня новай эліністычнай цывілізацыі, аспэкты якіх праяўляліся ў традыцыях Бізантыйскай імпэрыі ў сярэдзіне XV стагодзьдзя. Аляксандар стаў легендарным, як клясычны герой Ахіл, і ён займае бачнае месца ў гісторыі й мітах аб грэцкай і нягрэцкай культурах. Ён стаў мерай, паводле якой вайсковыя кіраўнікі параўноўвалі сябе ва ўсім сьвеце.

Біяграфія

рэдагаваць

Паходжаньне й дзяцінства

рэдагаваць
 
Статуя Аляксандра ў Тэсалёніках, Грэцыя.

Аляксандар нарадзіўся ў 6-ы дзень старажытнагрэцкага месяцу Гэкатамбаён, які, верагодна, адпавядае 20 ліпеню 356 да н. э., хоць дакладная дата невядомая[4], у Пэльлі, сталіцы старажытнагрэцкага Каралеўства Македонскага[5]. Ён быў сынам цара Македонскага, Філіпа II і ягонай чацьвёртай жонкі, Алімпіяды, дачкі Нэапталема I, караля Эпіру[6]. Нягледзячы на тое, што ў Філіпа было сем ці восем жонак, Алімпіяда была ягонай галоўнай жонкай на працягу некаторага часу, верагодна, у выніку нараджэньня Аляксандра[7].

У дзень, калі нарадзіўся Аляксандар, Філіп рыхтаваўся да аблогі ў горадзе Патыдэя на паўвостраве Халькідыкі. У той жа дзень Філіп атрымаў вестку, што ягоны генэрал Пармэніён разьбіў аб’яднанае ілірыйскае й пэонійскае войска, і што ягоныя коні перамаглі на Алімпійскіх гульнях. Было таксама адзначана, што ў гэты дзень храм Артэміды ў Эфэсе, які быў адным з цудаў сьвету, згарэў. Гэта прывяло да чуткі, што ён згарэў, таму што Артэміда была далёка, бо наведвала нараджэньне Аляксандра[8]. Такія легенды, магчыма, узьніклі ў часы, калі Аляксандар быў каралём, і, магчыма, дзеля таго, каб узвысіць яго, што ён быў надзвычайным і велічным з моманту засьнітку.

У раньнія гады Аляксандра выхоўвала Ляніке, сястра будучага генэрала аляксандравага войска Кліта Чорнага. Пазьней у дзяцінстве Аляксандар выхоўваўся строгім Леанідам, сваяком ягонай маці, і Лізымахам Акарнанійскім[9]. Яго выхоўвалі як высакароднага македонскага маладзёна, навучаючы чытаць, гуляць на ліры, езьдзіць конна, біцца й паляваць[10].

Калі Аляксандру было дзесяць гадоў, гандляр з Тэсаліі прывёз Філіпу каня, якога ён прапанаваў купіць за трынаццаць талентаў. Конь не даваўся вершнікам, і Філіп даў загад забраць каня назад. Аляксандар, аднак, выявіўшы, што конь напалохаўся ўласнага ценю, папрасіўся ўласна абрахманіць каня, што яму пасьпяхова й удалося зрабіць[11]. Плютарх сьцьвярджаў, што Філіп, узрадаваны гэтай праяве мужнасьці й славалюбства, сьлёзна пацалаваў сына, абвесьціўшы, што хлопчык мусіць знайсьці сабе большае каралеўства, каб спраўдзіць свае амбіцыі, а Македонія занадта маленькая для яго. У выніку Філіп падараваў сыну каня. Аляксандар назваў яго Буцэфалам, што азначае «бык-галава».

Атрыманьне адукацыі

рэдагаваць
 
Арыстотэль навучае Аляксандра, карціна працы Жана Леона Жэрома Фэрыса.

Калі Аляксандру было трынаццаць гадоў, Філіп пачаў шукаць рэпэтытара, сярод прэтэндэнтаў былі Ісакрат і Спэўсып, апошняму прапаноўвалася сысьці з пасады кіраўніка акадэміі. Аднак, у рэшце рэшт, Філіп абраў Арыстотэля й прадставіў Храм німфаў у Міезе, дзе мелі праходзіць заняткі. Наўзамен Філіп пагадзіўся аднавіць родны горад Арыстотэля Стагіра, які Філіп разбурыў, а былых жыхароў перасяліць назадкі, выкупляючы й вызваляючы з рабства, альбо памілаваўшы тых, хто знаходзіўся ў эміграцыі[12][13][14].

Міеза была падобная на інтэрнат для Аляксандра й дзяцей македонскай шляхты, як то Пталямэя, Гэфастыёна й Касандра. Многія з гэтых студэнтаў сталі Аляксандру сябрамі й будучымі генэраламі, і іх часта называюць «паплечнікамі». Арыстотэль вучыў малога Аляксандра й ягоных сяброў мэдыцыне, філязофіі, маралі, рэлігіі, лёгіцы й мастацтву. Пад апекай Арыстотэля Аляксандар захапіўся творамі Гамэра і, у прыватнасьці, «Іліядай». Арыстотэль падараваў яму анатаваную копію, якую Аляксандар пазьней браў з сабой у свае паходы[15][13][16].

У маладосьці Аляксандар меў стасункі з пэрсыдзкімі мігрантамі пры македонскім двары. Яны атрымалі абарону ад Філіпа II, бо выступалі супраць Артаксэркса III[17][18][19]. Сярод іх былі Артабаз II і ягоная дачка Барсына, якая пазьней была палюбоўніцай Аляксандра. Яна пражывала пры македонскім двары з 352 па 342 гады да н. э. Акрамя таго, пры двары мешкаў Амінап, будучы сатрап Аляксандра, а таксама пэрсыдзкі шляхціч па імені Архэляюс Сызын[17][20][21][22]. Праз гэта македонскія кіраўнікі добра ведалі пэрсыдзкае ўладкаваньне і, магчыма, нават перанесьлі некаторыя пэрсыдзкія традыцыі дзяржаўнага кіраваньня ў сваё каралеўства[20].

Рэгенства й высылка

рэдагаваць
 
Статуя Аляксандра ў Стамбульскім археалягічным музэі.

У шаснаццаць гадоў адукацыя Аляксандра скончылася. Філіп вёў вайну супраць Бізантыюма, пакінуўшы Аляксандра рэгентам і спадчыньнікам пад наглядам дасьведчаных васкаводаў[11]. За часам адсутнасьці Філіпа супраць Македоніі паўстала тракійскае племя маэдаў. Аляксандар хутка адрэагаваў, здушыўшы паўстаньне й выгнаўшы іх зь іхняй жа тэрыторыі. Тамака Аляксандар заснаваў горад, назваўшы яго ў свой гонар Александропалем[23][24][25].

Па вяртаньні бацька накіраваў Аляксандра зь невялікімі сіламі на здушэньне паўстаньня ў паўднёвай Тракіі. Ваюючы супраць грэцкага гораду Пэрынт, Аляксандар, як паведамляецца, выратаваў бацькава жыцьцё. Між тым урад гораду Амфіса пачаў апрацоўваць землі раўніны Кіры каля Дэльфаў, якія лічыліся сьвятымі землямі Апалёна. Гэта было інтэрпрэтавана як блюзьнерства, што дало магчымасьць Філіпу ўмяшацца ў справы паўднёвай Грэцыі. Усё яшчэ заняты ў Тракіі, ён загадаў Аляксандру сабраць войска для паходу на поўдзень Грэцыі. Занепакоены тым, што ў вайну могуць умяшацца й іншыя грэцкія дзяржавы, Аляксандар выглядаў так, быццам ён рыхтуецца да нападу на Ілірыю. Падчас гэтага гармідару ілірыйцы ўсё ж ўварваліся ў Македонію, але іхні напад быў адбіты Аляксандрам[26].

Філіп і ягонае войска далучыліся да Аляксандра ў 338 годзе да н. э., і яны рушылі на поўдзень праз Тэрмопілы, захапіўшы горад пасьля ўпартага супраціву з боку мясцовага гарнізону. Далей яны занялі горад Элятэа, а празь некалькі дзён маршам рушылі да Атэнаў і Тэбаў. Атэнцы на чале з Дэмастэнам вырашылі скласьці альянс з Тэбамі, выступаючы супраць Македоніі. І Атэны, і Філіп адпраўлялі пасланцаў, каб дамагчыся прыхільнасьці Тэбаў, якую ў выніку атрымалі Атэны[27][28][29]. Філіп рушыў на Амфісу, нібыта дзейнічаючы на просьбу Амфіктыёнскай лігі, захапіўшы наймітаў, адпраўленых туды Дэмастэнам, і прыняўшы капітуляцыю гораду. Затым Філіп вярнуўся ў Элятэю, адправіўшы апошнюю мірную прапанову Атэнам і Тэбам, якая была адхіленая[30][31][32].

Калі Філіп рушыў на поўдзень, ягоныя праціўнікі блякавалі яго каля Хэронэі. Падчас наступнай бітвы пры Хэронэі Філіп камандаваў правым крылом, а Аляксандар — левым у суправаджэньні групы давераных генэралаў Філіпа. Паводле старажытных крыніцаў, абодва бакі нейкі час люта змагаліся. Філіп наўмысна загадаў сваім войскам адступіць, разьлічваючы, што непадрыхтаваныя атэнскія гапліты пойдуць у наступ, тым самым парушыўшы шыхты. Аляксандар быў першым, хто парушыў тэбаўскія шыхты, за ім рушылі генэралы Філіпа. Зруйнаваўшы згуртаванасьць праціўніка, Філіп загадаў сваім войскам націснуць на ворага й хутка разьбіў іх. Калі атэнцы атрымалі паразу, македонцы абступілі тэбаўцаў, якія без падтрымкі атрымалі паразу.

Пасьля перамогі ў Хэронэі Філіп і Аляксандар без супраціву рушылі на Пэляпанэс, дзе іх віталі ўсе гарады. Аднак, калі яны дасягнулі Спарты, ім адмовілі ў пашане, але абышлося без вайны[33]. У Карынце Філіп стварыў «Грэцкі зьвяз» на ўзор старога антыпэрсыдзкага альянсу былых грэцка-пэрсыдзкіх войнаў, куды ўваходзіла большасьць грэцкіх гарадоў-дзяржаваў, акрамя Спарты. Тады Філіп быў названы Гэгемонам, то бок вярхоўным вайскаводам, гэтае лігі й абвесьціў аб сваіх плянах напасьці на Пэрсыдзкую імпэрыю[34][35].

Калі Філіп вярнуўся ў Пэльлю, ён закахаўся й ажаніўся з Клеапатрай Эўрыдыкай у 338 годзе да н. э.[36], пляменьніцай генэрала Атала[37]. Гэты шлюб пахіснуў становішча Аляксандра, бо любы сын, які мог нарадзіцца, быў бы сапраўдным македонцам, у той час як Аляксандар быў толькі напалову македонцам праз бацьку[38]. Падчас вясельля п’яны Атал публічна маліўся багам, каб гэты шлюб прынёс законнага спадчыньніка[37], што вельмі раззлавала Аляксандра. Ён пасварыўся з Аталам, а бацька стаў не на бок сына. У 337 годзе да н. э. Аляксандар уцёк з Македоніі разам са сваёй маці да караля Эпіру Аляксандра I, які прыходзіўся Аляксандру дзядзькам, то бок братам ягонай маці[39]. Сам Аляксандар працягнуў свой шлях да Ілірыі[39], дзе знайшоў прытулак у аднаго ці некалькіх ілірыйскіх каралёў, магчыма, і ў Гляўкіяса, які прыняў маладзёна як госьця, не зважаючы на тое, што той перамог яго ў бітве некалькі гадоў да гэтага. Аднак падобна, што Філіп ніколі не зьбіраўся адмаўляцца ад свайго сына[39]. Ужо праз шэсьць месяцаў Аляксандар вярнуўся ў Македонію[40][41].

У наступным годзе пэрсыдзкі сатрап (губэрнатар) Карыі Піксадар прапанаваў Філіпу сваю старэйшую дачку, якая мусіла абрацца шлюбам з браценікам Аляксандра Філіпам Арыдэем[39]. Алімпіяда й некалькі сяброў Аляксандра выказалі здагадку, што Філіп мае намер зрабіць Арыдэя сваім спадчыньнікам[39]. Аляксандар адправіў свайго сябра Тэсала да Піксадара, каб той перадаў, што ён ня мусіць аддаваць сваю дачку незаконнаму сыну, а замест ён мусіць прапанаваць шлюб Аляксандру. Калі Філіп даведаўся пра гэты ўчынак, ён спыніў перамовы й аблаяў Аляксандра, растлумачыўшы, што ён хоча для сына лепшай нявесты[39]. Філіп выгнаў чатырох сяброў Аляксандра, Гарпала, Нэарха, Пталямэя й Эрыгіюса, а Тэсал быў скаваны ланцугамі[42][43][38].

Кароль Македоніі

рэдагаваць
 
Каралеўства Македонія прыблізна каля 336 году да н. э.
 
Македонская фалянга ў бітве супраць тракійцаў у 335 годзе да н. э.

Улетку 336 году да н. э. у Эгеях на вясельлі сястры Аляксандра Клеапатры й Аляксандра I Эпірскага, які прыходзіўся Аляксандру Македонскаму дзядзькам, Філіпа забіў капітан каралеўскай аховы, Паўсаніяс Арэстыскі. Паўсаніяс спрабаваў зьбегчы, аднак быў забіты двума паплечнікамі Аляксандра, Пэрдыкам і Леонатам. Аляксандар адразу ж на месцы забойства быў абвешчаны каралём шляхтай і войскам, на той момант яму было дваццаць гадоў[44][45][46].

Аляксандар пачаў сваё кіраваньне, ліквідаваўшы патэнцыйных супернікаў на пасад. Быў забіты ягоны стрыечны брат Амінт IV[47]. Таксама былі забітыя два македонскія князі з рэгіёну Лінкестыда, але трэці князь Аляксандар Лінкест застаўся жывы. Атал моцна абразіў Аляксандра, і пасьля забойства Клеапатры Аляксандар, магчыма, палічыў яго занадта небясьпечным, каб пакінуць у жывых[48]. Атал быў пакараны сьмерцю паводле абвінавачваньняў у здрадзе, і ягоны лёс напаткаў ўсіх бліжэйшых сваякоў мужчынскае плоці. Аляксандар пашкадаваў Філіпа Арыдэя, які па ўсім меркаваньні, быў псыхічным інвалідам, магчыма, у выніку атручваньня з боку Алімпіі[44][46][49]. Нарэшце Алімпіяда вымусіла Клеапатру, апошнюю з жонак Філіпа, пайсьці на самагубства, а ейную дачку-немаўля загадала забіць. У выніку ў Аляксандра не засталося патэнцыйных ворагаў унутры Македоніі. Шляхту й народ новы кароль прыцягнуў на свой бок скасаваньнем падаткаў, не зважаючы на тое, што дзяржаўны скарб меў толькі запазычанасьці.

Вестка пра сьмерць Філіпа выклікала паўстаньне супраць Македоніі многіх дзяржаваў, як то Тэбаў, Атэнаў, Тэсаліі й тракійскіх плямёнаў на поўнач ад Македоніі. Калі навіны пра бунты дайшлі да Аляксандра, ён хутка адрэагаваў. Не зважаючы на тое, што яму раілі выкарыстаць дыпляматыю, Аляксандар сабраў 3 тысячы македонскіх вершнікаў і паехаў на поўдзень да Тэсаліі. Ён выявіў, што тэсалійскае войска займае праход паміж гарамі Алімп і Оса, і загадаў сваім людзям абмінуць іх, аб’ехаўшы гару Оса. Калі на наступны дзень тэсалійцы прачнуліся, то выявілі Аляксандра ў тыле й імгненна здаліся, дадаўшы сваю кавалерыю да аляксандравага войска. Затым ён працягнуў рухацца на поўдзень да Пэляпанэсу[50][51][52][53].

Аляксандар спыніўся ў Тэрмапілах, дзе яго прызналі лідэрам Амфіктыёнскай лігі, перш чым вайскавод накіраваўся на поўдзень у Карынт. Атэны запрасілі мір, і Аляксандар памілаваў паўстанцаў. Знакамітая сустрэча Аляксандра й Дыягена адбылася падчас знаходжаньня Аляксандра ў Карынце. Калі Аляксандар спытаў Дыягена, што ён можа зрабіць для яго, філёзаф грэбліва папрасіў Аляксандра крыху адыйсьці ўбок, бо той перакрываў яму сонечнае сьвятло[54]. Гэты адказ, відавочна, разьвесяліў Аляксандра, які, як паведамляецца, сказаў, што калі б ён ня быў Аляксандрам, ён пэўна жадаў бы быць Дыягенам[55]. У Карынце Аляксандар прыняў тытул Гэгемона й, падобна бацьку Філіпу, быў прызначаны камандзірам грэцкага войска для будучай вайны супраць Пэрсіі. У гэты час Аляксандар атрымаў весткі пра тракійскае паўстаньне[51][56].

Перад паходам у Азію Аляксандар жадаў умацаваць свае паўночныя межы. Увесну 335 году да н. э. ён здушыў некалькі паўстаньняў. Пачынаючы з Амфіпаліса, ён зьдзейсьніў паход на ўсход у краіну «незалежных тракійцаў». На гары Гэм македонскае войска напала й разграміла тракійскія войскі, якія займалі вышыні[57]. Македонцы рушылі у краіну трыбалаў і разграмілі іхнае войска каля ракі Лігін, якая зьяўляецца прытокам Дунаю[58]. Затым Аляксандар тры дні войскам ішоў да Дунаю, сустрэўшы на супрацьлеглым беразе племя гетаў. Перайшоўшы раку ноччу, ён агаломшыў гетаў і прымусіў іхнае войска адступіць пасьля першай сутычкі зь вершнікамі[59]. Затым да Аляксандра дайшла вестка, што Клейт, кароль Ілірыі, і кароль таўлянтыйскі Гляўкіяс зарганізавалі паўстаньне супраць аляксандравай улады. Адпраўляючыся на захад у Ілірыю, Аляксандар па чарзе перамог кожнага зь іх, прымусіўшы абодвух уцячы са сваімі войскамі. Гэтымі перамогамі ён забясьпечыў спакой на паўночнай мяжы[60][61].

Пакуль Аляксандар удзельнічаў у кампаніі на поўначы, Тэбы й Атэны паўсталі ізноў. Аляксандар адразу накіраваўся на поўдзень[62]. Пакуль іншыя гарады зноўку вагаліся, Тэбы вырашылі змагацца, аднак іхны супраціў аказаўся малаэфэктыўным, і Аляксандар зьнішчыў горад, падзяліўшы ягоную тэрыторыю паміж іншымі бэатыйскімі гарадамі. Лёс Тэбаў напалохаў улады Атэнаў, што забясьпечыла часовы мір у Грэцыі[62]. Аляксандар пачаў рыхтавацца да азіяцкай кампаніі, пакінуўшы Антыпатра рэгентам у Грэцыі[63].

Заваёва Пэрсыдзкае імпэрыі

рэдагаваць
 
Мапа імпэрыі Аляксандра й шляхі ягоных паходаў.
 
Аляксандар расьсякае Гордыевы вузел. Карціна працы Жана-Сымона Бартэлемі (1767).

У 336 годзе да н. э. Філіп II ужо накіраваў Пармэніёна, Амінта, Андрамэна і Атала разам з войскам у 10 тысяч чалавек у Анатолію, каб падрыхтавацца да ўварваньня. Мэтай было вызваленьне грэкаў, якія жылі на заходнім узьбярэжжы й на астравах, якія кантраляваліся Ахемэнідамі[64][65]. Спачатку ўсё прайшло добра. Грэцкія гарады на заходнім узьбярэжжы Анатоліі паўсталі, але калі прыйшла вестка, што Філіп быў забіты й яго замяніў ягоны малады сын Аляксандар, настрой зьмяніўся. Македонцы былі дэмаралізаваны сьмерцю Філіпа і ў далейшым былі разгромленыя Ахемэнідамі каля Магнэсіі войскамі пэрсаў, якія былі ачоленыя грэкам-наймітам Мэмнонам Родаскім[64][65].

Кіруючыся яшчэ бацьковымі плянамі, войска Аляксандра перасякло Дарданэлы ў 334 годзе да н. э. Колькасьць войска складала каля 48 тысяч жаўнераў, 6 тысяч вершнікаў і флёт з 120 караблёў[62]. У асноўным войскі складаліся з жаўнераў з Македоніі, розных грэцкіх гарадох-дзяржаваў, наймітаў і жаўнераў з Тракіі, Паёніі й Ілірыі[66]. Аляксандар прадэманстраваў намер заваяваць усю Пэрсыдзкую імпэрыю, кінуўшы дзіду ў азіяцкую зямлю й сказаўшы, што прымае Азію як дар ад багоў. Гэта таксама праявіла гатоўнасьць Аляксандра да ўзброенай барацьбы, у адрозьненьне ад бацькі, які абапіраўся на дыпляматыю[62].

Пасьля першапачатковай перамогі ў бітве пры Граніцы супраць пэрсыдзкіх сілаў Аляксандар прыняў капітуляцыю Сардаў, якая была цэнтрам адной з пэрсыдзкіх правінцыяў. Аляксандар рушыў далей уздоўж узьбярэжжа Іянічнага мора, даруючы захопленым гарадам аўтаномію й дэмакратыю. Мілет быў захоплены аблогай, якую ўчыніў Аляксандар, пры гэтым пэрсыдзкі флёт, які падступіў на дапамогу абложанаму гораду, быў вымушаны адступіць. Рухаючыся далей на поўдзень, Аляксандар пасьпяхова аблажыў Галікарнас, прымусіўшы сваіх праціўнікаў, як то найміта-капітана Мэмнона Родаскага й пэрсыдзкага сатрапа Карыі, Арантабата, бегчы з гораду марскім шляхам[67]. На загад Аляксандра правінцыю ўзначаліла Ада з дынастыі Гэкатамнідаў, якая перайшла на бок грэцкага караля Македоніі[68].

Ад Галікарнасу Аляксандар рушыў да Лікіі й Памфіліі, узяўшы кантроль над усімі прыбярэжнымі гарадамі, каб пазбавіць пэрсаў іхных вайскова-марскіх базаў. Ад Памфіліі да ўзьбярэжжа ўжо не было буйных партоў, таму Аляксандар накіраваўся ўглыб краіны. У Тэрмэсасе Аляксандар спыніўся й не штурмаваў горад Пісыдыя[69]. Замест гэтага Аляксандар наведаў старажытную фрыгійскую сталіцу Гордыён, дзе раскруціў Гордыевы вузел, які, паводле легенды, мог раскруціць толькі будучы валадар Азіі[70]. Згодна зь легендай, Аляксандар абвесьціў, што ня важна, як вузел мусіць быць раскручаны, і таму расьсек яго сваім мячом[71].

Увесну 333 году да н. э. Аляксандар пераправіўся праз Таўр у Кілікію. Аляксандар даволі сур’ёзна захварэў на застуду, калі ў сьпякотнае надвор’е кінуўся ў ледзяную раку. Пасьля паўзы, выкліканай хваробай, ён рушыў у бок Сырыі, але потым павярнуў назад у Кілікію, дзе сустрэў войска Дарыя. Не зважаючы на тое, што пэрсыдзкае войска значна пераўзыходзіла грэцкае, Аляксандар уступіў у бітву, ачоліўшы правы флянг сваёй атакі. Падчас бітвы разграміўшы пэрсаў з флянгу, Аляксандар накіраваўся зь вершнікамі ў цэнтар, каб счапіцца з Дарыем, які напалохаўся й уцёк, не зважаючы на тое, што зыход бітвы яшчэ ня быў вырашаны. У выніку войска грэкаў атрымала перамогу, захапіўшы жонку, маці й дзьвюх дачок Дарыя, а таксама вялікі скарб[72]. Дарый прапанаваў Аляксандру скласьці мірную дамову, якая б уключала перадачу грэкам страчаных пэрсамі земляў і выкуп у суме 10 тысяч талентаў за сям’ю Дарыя. Аляксандар адказаў, што, паколькі ён наканаваны каралём Азіі, толькі ён мае права вырашаць тэрытарыяльныя падзелы ў гэтым рэгіёне. Аляксандар працягнуў заваёву Сырыі й вялікай часткі ўзьбярэжжа Леванту[68]. У наступным 332 годзе да н. э. Аляксандар дасягнуў Тыру, які прыйшлося браць у складаную аблогу, на якую грэкі страцілі шмат сілаў[73][74]. Аднак горад усё ж такі быў захоплены, а каб пакараць ягоных абаронцаў, Аляксандар загадаў забіць мужчынаў вайсковага ўзросту, а жанчын і дзяцей прадаць у рабства[75].

 
Імя Аляксандра Македонскага, запісанае эгіпецкімі герогліфамі (чытаць справа налева).

Пасьля таго, як Аляксандар зьнішчыў Тыр, большасьць гарадоў на шляху да Эгіпту хутка капітулявалі, бо былі значна дэмаралізаваныя. Аднак ля Газы Аляксандар сустрэў значны супраціў. Крэпасьць была моцна ўмацаваная й пабудаваная на ўзгорку, таму з грэцкага боку патрабавалася складаная аблога. Пасьля трох няўдалых нападаў Газа здалася, а Аляксандар падчас нападу атрымаў сур’ёзнае раненьне пляча. Як і ў Тыры, мужчынаў вайсковага ўзросту забілі, а жанчын і дзяцей прадалі ў рабства[76]. Аляксандар дасягнуў Эгіпту ў канцы 332 году да н. э., дзе яго сустрэлі як вызваліцеля[77]. У Лібійскай пустэльні ён быў абвешчаны боскім сынам і фараонам[78]. Ад гэтага часу Аляксандар часта называў сваім сапраўдным бацькам Зэўса. Падчас знаходжаньня ў Эгіпце македонскі ўладар заснаваў горад Александрыя, які пасьля ягонай сьмерці стаў квітнеючай сталіцай Пталямэйскага каралеўства[57].

Пакінуўшы Эгіпет у 331 годзе да н. э., Аляксандар рушыў на ўсход у Мэсапатамію, на тэрыторыю сучаснага Іраку, дзе зноўку атрымаў перамогу над Дарыем у бітве пры Гаўгамэлах[79]. Дарый яшчэ раз уцёк з поля бойкі ажно да Арбэлі. Гэтая бітва сталася апошняй і вырашальнай бойкай паміж імі. Дарый уцёк праз горы да Экбатаны (сучасны Гамадан), а Аляксандар захапіў Бабілён[80].

 
Аляксандар ля магілы Кіра Вялікага. Карціна працы П’ера-Анры дэ Валянсьена (1796).

З Бабілёну Аляксандар накіраваўся да Сузаў, адной з сталіц Ахемэнідаў, і захапіў ейную скарбніцу[80]. Далей вялікую частку свайго войска ён накіраваў у пэрсыдзкую цырыманіяльную сталіцу Пэрсэполь праз Пэрсыдзкую каралеўскую дарогу. Сам Аляксандар узяў адабраныя войскі на прамы шлях у горад, але пры пераходзе празь перацяг Пэрсыдзкае брамы сустрэўся ў бітве з пэрсыдзкім войскам, ачоленым Арыябарзанам. Перамогшы пэрсаў, ён пасьпяшаўся ў Пэрсэполь, перш чым ягоны гарнізон мог разрабаваць скарбніцу гораду[81]. Увайшоўшы ў горад, Аляксандар дазволіў сваім войскам некалькі дзён рабаваць горад[82]. Разам з войскам ён застаўся ў горадзе на пяць месяцаў[83]. Падчас знаходжаньня ва ўсходнім палацы Ксэркса I разгарэўся пажар, які распаўсюдзіўся на астатнюю частку гораду. Да магчымых чыньнікаў звычайна адносяць нейкі інцыдэнт, які адбыўся падчас піру, альбо наўмысную помсту за спаленьне Ксэрксам Атэнскага акропалю падчас Другой пэрсыдзкай вайны[84]. Плютарх і Дыядор сьцьвярджаюць, што спадарожніца Аляксандра, гетэра Таіса, ініцыявала й распачала пажар у горадзе, падбухторыўшы на гэта Аляксандра. Яшчэ калі ён назіраў, як горад гарыць, Аляксандар адразу ж пачаў шкадаваць аб сваім рашэньні[85][86][87]. Плютарх сьцьвярджаў, што ўладар загадаў сваім людзям гасіць пажары[85], але полымя ўжо распаўсюдзілася на вялікую частку гораду[85]. Квінт Курцыюс Руф, аднак, сьцьвярджаў, што Аляксандар не пашкадаваў аб сваім рашэньні да наступнай раніцы[85]. Плютарх успамінаў, што Аляксандар размаўляў з паваленай статуяй Ксэркса, як быццам гэта жывы чалавек.

Затым Аляксандар вырашыў дагнаць Дарыя, спачатку ў Мэдыі, а потым у Партыі[88]. Аднак пэрсыдзкі ўладар больш не кантраляваў уласны лёс і трапіў у палон да Бэса, бактрыйскага сатрапа й дарыевага сваяка[89]. Калі Аляксандар наблізіўся да Бактрыі, Бэс нанёс сьмяротны ўдар Дарыю, а потым абвесьціў сябе ягоным пераемнікам пад імём Артаксэркс V, перш чым адступіць у Цэнтральную Азію, каб пачаць партызанскую вайну супраць Аляксандра[89][90]. Аляксандар пахаваў парэшткі Дарыя побач з папярэднікамі Ахемэнідаў[91]. Ён сьцьвярджаў, што, паміраючы, Дарый назваў яго сваім пераемнікам на троне Ахемэніда[92]. Звычайна лічыцца, што імпэрыя Ахемэнідаў загінула разам з Дарыем[93].

Аляксандар разглядаў Бэса як узурпатара й зьбіраўся перамагчы яго. Гэтая кампанія, ініцыяваная супраць Бэса, ператварылася ў грандыёзны паход па Цэнтральнай Азіі. Аляксандар заснаваў на сваім шляху шэраг новых гарадоў, якія называліся Александрыя, у тым ліку сучасны Кандагар у Аўганістане, і Александрыя-Эшат у сучасным Таджыкістане. Кампанія Аляксандра праходзіла праз Мэдыю, Партыю, Арыю (Заходні Аўганістан), Дрангіяну, Арахазію (Паўднёвы й Цэнтральны Аўганістан), Бактрыю (Паўночны й Цэнтральны Аўганістан) й Скітыю[94][95].

У 329 годзе да н. э. Сьпітамэн з сатрапіі Сагдыяна здрадзіў Бэсу, захапіўшы яго й перадаўшы Пталямэю, аднаму з давераных паплечнікаў Аляксандра. Бэс быў пакараны сьмерцю[96]. Аднак, калі Аляксандар перайшоў Яксарт, змагаючыся з нашэсьцем войскаў качэўнікаў, Сьпітамэн узьняў супраць яго паўстаньне ў Сагдыяне. Аляксандар асабіста перамог скітаў у бітве пры Яксарце й адразу вярнуўся ў Сагдыян, дзе разграміў Сьпітамэна ў бітве пры Габаі. Пасьля паразы Сьпітамэн быў забіты ўласнымі людзьмі, якія потым запрасілі ў Аляксандра літасьць і мір[60][97].

За гэты час Аляксандар запазычыў некаторыя прыдворныя элемэнты пэрсыдзкага адзеньня й звычаяў, у прыватнасьці звычай праскінэза, як то сымбалічны пацалунак рукі й нізкі паклон да зямлі, якую пэрсы выказвалі сваім кіраўнікам[66]. Грэкі лічылі гэты жэст праяўленьнем боскасьці й лічылі, што Аляксандар меў жаданьне зрабіць сябе богам такім чынам, патрабуючы такога звычая. Грэкі лічылі такі жэст зьняважлівым, таму Аляксандру праскінэза каштавала сымпатыяў многіх землякоў, і ён у выніку адмовіўся ад яе[98].

Індыйская кампанія

рэдагаваць
 
Напад фалянгі ў бітве пры Гідасьпе. Карціна працы Андрэ Кастэня (1898—1899).
 
Мапа ўварваньня Аляксандра на індыйскі субкантынэнт.

Пасьля сьмерці Сьпітамэна й шлюбу з Раксанай, каб замацаваць адносіны са сваімі новымі сатрапіямі, Аляксандар зьвярнуў увагу на індыйскі субкантынэнт. Ён запрасіў правадыроў былой сатрапіі Гандгара, якая цяпер ёсьць часткай усходняга Аўганістану й паўночнага Пакістану, каб тыя прыйшлі да яго й падпарадкаваліся ягонай уладзе. Раджа Таксыл, чыё каралеўства месьцілася ад Інда да Джэламу, скарыўся перад Аляксандрам, але іншыя раджы, у тым ліку народаў ашвака, адмовіліся падпарадкавацца[99]. Таксыл сустрэў Аляксандра з каштоўнымі падарункамі, прадставіўшы свае паслугі й аддаўшы ўсё сваё войска ў распараджэньне Аляксандра. Аляксандар ня толькі пакінуў Таксылу ягоны тытул і падарункі, але й уручыў яму пэрсыдзкія халаты, залатыя й срэбныя ўпрыгажэньні, 30 коней і тысячу талентаў золатам. Таксыл дапамог Гэфастыёну й Пэрдыцы ў будаўніцтве моста праз Інд, а таксама прыняў Аляксандра й ягонае войска ў сваёй сталіцы, забясьпечыўшы іх жыльлём і ежай. Такім чынам, Таксыл прадэманстраваў уладару Азіі сапраўднае сяброўства й шчырую гасьціннасьць. Пасьля выступу македонскага караля далей Таксыл суправаджаў яго з уласным войскам у 5 тысяч чалавек. Таксыл рупліва дапамог Аляксандру ў стварэньні флёту на Гідасьпе, у падзяку Аляксандар дараваў раджы ўсю тэрыторыю паміж гэтай ракой і Індам.

Узімку 327 і 326 гадоў да н. э. Аляксандар асабіста зладзіў паход супраць шэрагу індыйскіх народаў[100]. У жорсткай бітве супраць ашвакаў Аляксандар быў паранены ў плячо стрэлам, але ён застаўся ў жывых, а індыйскія войскі трывалі паразу. Затым Аляксандар сутыкнуўся з асакеноямі, якія мелі ўмацаваныя крэпасьці, як то Масага, Ора й Аорнас[99]. Масага была абложана й пасьпяхова захоплена толькі празь некалькі дзён крывавых баёў, у якіх Аляксандар быў цяжка паранены ў шчыкалатку. Паводле словаў Квінта Курцыюса Руфа, Аляксандар ня толькі забіў у пакараньне ўсё насельніцтва Масагі, але й зруйнаваў сам горад[101]. Пасьля Масагі й Оры шматлікія плямены ўцяклі ў крэпасьць Аорнас, якая была захоплена цягам чатырох крывавых дзён[99].

Пасьля Аорнасу Аляксандар перайшоў Інд і змагаўся ў эпічнай бітве супраць караля Пора, які кіраваў рэгіёнам, які ляжыць паміж Гідаспам і Чынабам, у цяперашнім Пэнджабе, у бітве пры Гідасьпе ў 326 годзе да н. э.[102] У гэтай бітве браў удзел і Таксыл, а грэкі ўпершыню сутыкнуліся з баявымі сланамі. Аляксандар быў уражаны адвагай Пора й зрабіў яго сваім хаўрусьнікам. Ён прызначыў Пора сатрапам і дадаў да ягонага былога каралеўства тэрыторыю, якой ён раней не валодаў, на паўднёвы ўсход, ажно да Біясу. Не зважаючы на складаныя адносіны паміж Таксылам і Порам, Аляксандар, аднак, здолеў іх прымірыць, а тэрыторыі, дараваныя Пору, магчыма, ставілі за мэту прадухіленьне ўзвышэньня Таксыла. Выбар мясцовага кіраўніка дапамог Аляксандру ў кантролі над гэтымі занадта аддаленымі ад Грэцыі землямі[103]. Аляксандар заснаваў два гарады з процілеглых бакоў ракі Гідасп, назваўшы аднаго Буцэфала ў гонар свайго каня, які памёр прыблізна ў гэты час[104]. Другі — Нікея, як мяркуецца, месьціўся на месцы сучаснага гораду Монг[105]. Філястрат Старэйшы ў творы «Жыцьцё Апалёнія Тыянскага» пісаў, што ў войску Пора быў слон, які адважна змагаўся супраць войска Аляксандра, і таму Аляксандар назваў яго Аяксам, бо лічыў, што гэтая вялікая жывёла заслужыла выдатнае імя. Таксыл рупліва дапамог Аляксандру ў стварэньні флёту на Гідасьпе, у падзяку Аляксандар дараваў сатрапу ўсю тэрыторыю паміж рэкамі Гідасп і Індам.

На ўсход ад каралеўства Пора, каля ракі Ганг, знаходзілася імпэрыя Нанда, а яшчэ далей імпэрыя Гангарыдаяў, якая займала бэнгальскі рэгіён Індыйскага субкантынэнту. Баючыся пэрспэктывы сутыкнуцца з іншымі вялікімі войскамі й зьнясіленае шматгадовымі ваеннымі кампаніямі, войска Аляксандра паўстала ля ракі Бэас, адмаўляючыся ісьці далей на ўсход[106]. Такім чынам, гэтая рака адзначае самы ўсходні пункт заваёваў Аляксандра[107]. Як вядома, бітва супраць Пора зьнясіліла грэкаў і спыніла іхнае далейшае прасоўваньне ў Індыю. Перад грэкамі знаходзіўся Ганг, шырыня якога была вельмі вялікай, а глыбіня складала сотні сажняў. На іншым беразе месьціліся вялікія войскі, якія ўлучалі як коньнікаў, гэтак і сланоў.

Аляксандар спрабаваў намовіць сваіх жаўнераў рушыць далей, але ягоны генэрал Коін здолеў зьмяніць меркаваньне Аляксандра й дамовіўся зь ім вярнуцца. Паводле словаў Коіна мужчыны прагнулі зноў пабачыць сваіх бацькоў, жанок і дзяцей, а таксама сваю Радзіму. Аляксандар у рэшце рэшт пагадзіўся й павярнуў на поўдзень, крочыўшы па Індзе. На шляху ягонага войска быў скараны Малгі, вядомы на сёньня як Мултан, і іншыя індыйскія плямёны, але Аляксандар атрымаў траўму падчас адной з аблогаў[108].

Вялікую частку свайго войска Аляксандар накіраваў у Керманію, якая месьціцца на тэрыторыі сучаснага паўднёвага Ірану, разам з генэралам Кратэрам. Іншая частка адправілася морам дасьледаваць берагі Пэрсыдзкага заліву, ачоленыя адміралам Нэархам. Астатнія ж жаўнеры, ачоленыя самім Аляксандрам, рушылі назад у Пэрсію па самым складаным паўднёвым маршруце праз пустэльні Гедрозія й Мэкран[109]. Аляксандар дасягнуў Сузаў у 324 годзе да н. э., але страціў шмат людзей у суворай пустэльні[110].

Апошнія гады й сьмерць

рэдагаваць
 
Бабілёнскі астранамічны дзёньнік, у якім зафіксаванае паведамленьне пра сьмерць Аляксандра.
 
Малюнак XIX стагодзьдзя, які адлюстроўвае пахавальную працэсію Аляксандра, базуючыся на нататках Дыядора.

За час адсутнасьці Аляксандра ў Пэрсіі высьветлілася, што многія сатрапы злаўжывалі сваёй уладай, таму Аляксандар пакараў сьмерцю некаторых зь іх[111][112]. У якасьці падзякі ён адарыў золатам сваіх жаўнераў і абвесьціў, што адпраўляе вэтэранаў сталага ўзросту й інвалідаў назад у Македонію, а іхную групу ачоліць Кратэр. Аднак войска не зразумела ягонага намеру й паўстала ў мястэчку Упі. Яны адмовіліся ад адпраўкі іх дахаты й крытыкавалі прыняцьцё Аляксандрам пэрсыдзкіх звычаяў і адзеньня, і тое, што Аляксандар рэкрутаваў пэрсыдзкіх афіцэраў і жаўнераў у македонскія часткі[113].

Праз тры дні, не ўгаварыўшы сваіх людзей адступіць, Аляксандар аддаў пэрсам некаторыя пасады ў войску й прыняў пэрсыдзкія войскі ў свае шэрагі. Македонцы хутка запрасілі прабачэньня, якое Аляксандар прыняў, і правёў вялікі пір для некалькіх тысячаў сваіх людзей, дзе ён разам зь імі разам падсілкаваліся[114]. У спробе стварыць трывалую гармонію паміж сваімі македонскімі й пэрсыдзкімі падданымі Аляксандар правёў масавае вясельле сваіх галоўных генэралаў, дзе яны ажаніліся з пэрсыдзкімі шляхетнымі жанчынамі ў Сузах, але мала якія з гэтых адносінаў доўжыўся значна больш за год[112]. Між тым, вярнуўшыся ў Пэрсію, Аляксандар даведаўся, што ахоўнікі магілы Кіра Вялікага ў Пасаргадах апаганілі яе, таму ўладар Азіі пакараў іх сьмерцю[115]. Аляксандар захапляўся Кірам Вялікім, з раньняга ўзросту чытаючы працу Ксэнафонта «Кірапэдыя», у якой апісваў гераізм Кіра ў бітвах і кіраваньні як здатнага караля й заканадаўца[116]. Падчас візыту да магілы Аляксандар загадаў архітэктару Арыстобулу ўпрыгожыць інтэр’ер магільнае камэры магілы Кіра[116].

Пасьля гэтага Аляксандар накіраваўся ў Экбатану па вялікі пэрсыдзкі скарб. Там ягоны найбліжэйшы сябар і, ймаверна, палюбоўнік Гэфастыён памёр ад хваробы ці атручваньня[117][118]. Сьмерць Гэфастыёна спустошыла Аляксандра, і ён загадаў падрыхтаваць дарагі пахавальны пір у Бабілёне, а таксама падпісаў загад аб грамадзкай жалобе з нагоды сьмерці генэрала[117]. Вярнуўшыся ў Бабілён, Аляксандар заплянаваў шэраг новых паходаў, пачынаючы з нашэсьця на Арабію, але рэалізаваць іх ён ужо ня здолеў, бо памёр неўзабаве пасьля Гэфастыёна[119].

Аляксандар памёр 10 або 11 чэрвеня 323 году да н. э. у палацы Навухаданосара II у Бабілёне, ва ўзросьце 32 гадоў. Існуе дзьве розныя вэрсіі сьмерці Аляксандра, і падрабязнасьці сьмерці ў кожнай зь іх некалькі адрозьніваюцца. Паводле зьвестак Плютарха вядома, што прыблізна за 14 дзён да сьмерці Аляксандар забаўляўся з адміралам Нэархам, а ноч і наступны дзень бавіў з алькаголем разам з Мэдыюсам Лярыскім. У яго зьявілася ліхаманка, а агульны стан пачаў пагаршацца, пакуль Аляксандар ня быў здольны размаўляць. Паводле паведамленьню Дыядора, Аляксандар быў зьдзіўлены болем пасьля таго, як спустошыў вялікі кубак віна ў гонар Гэракла, пасьля чаго 11 дзён меў агульную слабасьць арганізму. У яго назіралася падвышаная тэмпэратура, а пасьля ён памёр, пакутуючы ад болю. Арыян таксама згадаў пра такі варыянт сьмерці, аднак Плютарх абверг такое разьвіцьцё падзеяў.

 
Дэталь Аляксандравага саркафагу.

Улічваючы тое, што македонская арыстакратыя магла мець пэўныя чыньнікі да замаху[120], патэнцыйная замова была адзначана ў некалькіх апісаньнях ягонай сьмерці. Дыядор, Арыян і Марк Юніян Юстын згадвалі тэорыю, што Аляксандар быў атручаны. Юстын заявіў, што Аляксандар стаў ахвярай змовы з атручваньнем, але Плютарх адхіліў гэта як выдумку, у той час як і Дыядор і Арыян адзначылі, што яны згадваюць такую тэорыю толькі дзеля суцэльнасьці[111]. У змове падазравалі Антыпатра, якога за нейкі час за сьмерці Аляксандар зьняў з пасады віцэ-караля Македоніі. Магчыма, прыняўшы позву ў Бабілён і засьцерагаючыся, што яго чакае сьмяротны прысуд[121], а таксама ўлічваючы напатканы лёс Пармэніёна й Філёта, Антыпатр нібыта арганізаваў забойства, дамовіўшыся з сваім сынам Ёлясам, які працаваў вінаградарам у Аляксандра[111]. Акрамя таго, згадвалася, што ў змове, магчыма, удзельнічаў Арыстотэль[111]. Аднак, галоўным аргумэнтам супраць тэорыі з атрутай ёсьць той факт, што паміж пачаткам хваробы й сьмерцю прайшло дванаццаць дзён. То бок такое труцьце, якое дзейнічала даволі працяглы час, былі, верагодна, недаступнымі на той час. Аднак пазьней было прапанавана, што дзеля атручваньня Аляксандра магла быць выкарыстана белая чамярыца, якая была вядома яшчэ ў старажытнасьці[122][123][124].

Акрамя таго, былі прапанаваныя й некалькі натуральных захворваньняў, якія сталіся чыньнікамі сьмерці македонскага караля, як то малярыя й брушны тыф, якія маглі быць ускладненыя пэрфарацыяй кішачніка й узыходзячым паралюшам[125]. Да іншых хваробаў, якія адпавядаюць сымптомам, можна аднесьці гостры панкрэатыт і вірус Заходняга Нілу[126][127]. Тэорыі аб натуральных наступстваў сьмерці часта імкнуцца падкрэсьліць, што здароўе Аляксандра, магчыма, у цэлым пагоршылася праз шматгадовае п’янства й моцныя раны, якія Аляксандар атрымаў у сваіх бітвах і аблогах. Туга, якую адчуў Аляксандар пасьля сьмерці Гэфастыёну, таксама магла паспрыяць пагаршэньню ягонага здароўя[125].

Спадчына

рэдагаваць
 
Мапа старажытнагрэцкага навукоўца Эратастэна, якая адлюстроўвае геаграфічныя веды грэкаў, якія яны атрымалі ў значнай ступені за кошт паходаў Аляксандра Македонскага.

Спадчына Аляксандра выйшла за межы ягоных ваенных заваёваў. Ягоная ваенная кампанія значна павялічылі кантакты й гандаль паміж Усходам і Захадам, а велізарныя раёны на ўсходзе зьведалі ўплыў грэцкай цывілізацыі[10]. Некаторыя гарады, якія заснаваў вялікі вайскавод, сталі галоўнымі культурнымі цэнтрамі, многія зь якіх захаваліся да сёньня. Ягоныя летапісцы атрымалі й зафіксавалі каштоўную інфармацыю пра раёны, праз якія маршам прайшоўся Аляксандар, у той час як самі грэкі пачалі адчуваць прыналежнасьць да сьвету па-за межамі Міжземнага мора[10].

Самай непасрэднай спадчынай Аляксандра стала ўвядзеньне македонскага панаваньня ў вялікіх частках Азіі. На момант сьмерці Аляксандра ягоная імпэрыя складала 5,2 млн км²[128] і стала самай буйной дзяржавай свайго часу. Многія з гэтых тэрыторыяў заставаліся ў руках Македоніі альбо пад уплывам Грэцыі на працягу наступных 200—300 гадоў. Дзяржавы-пераемніцы, якія ўзьніклі на адломках, былі, прынамсі першапачаткова, дамінуючымі сіламі, і гэтыя 300 гадоў часта называюць эліністычным пэрыядам гісторыі[129].

Аднак, на ўсходніх межах імпэрыі ўлада грэкаў пачала слабець яшчэ пры жыцьці Аляксандра[130]. Аднак вакуўм улады, які зьявіўся на паўночным захадзе індыйскага субкантынэнту, наўпрост спарадзіў адну з самых магутных індыйскіх дынастый у гісторыі, імпэрыі Маурыяў. Скарыстаўшыся гэтым вакуўмам, Чандрагупта Мауры, згаданы ў грэцкіх крыніцах як Сандракот, адносна сьціплага паходжаньня, узяў пад свой кантроль Пэнджаб, а пасьля скарыў сваёй уладзе імпэрыю Нанда[131].

Аляксандар спрыяў элінізацыі, то бок распаўсюджваньню грэцкай мовы, культуры й насельніцтва на тэрыторыі былой Пэрсыдзкай імпэрыі пасьля ейнага падзеньня ў выніку заваёваў Аляксандра. Гэты тэрмін быў вынайшаны нямецкім гісторыкам Ёганам Густавам Дройзэнам[129]. Тое, што гэты працэс адбываўся, несумненна, можна ўбачыць у вялікіх эліністычных гарадох, напрыклад, Александрыі, Антыёхіі[132] й Сэлеўкіі (на поўдзень ад сучаснага Багдаду)[133]. Аляксандар імкнуўся інкарпараваць грэцкія элемэнты ў пэрсыдзкую культуру, спрабуючы гібрыдызаваць іх паміж сабой. У выніку Аляксандар жадаў бачыць у пэўнай ступені зьмяшэньне паміж сабой насельніцтва Азіі й Эўропы. Аднак ягоныя пераемнікі відавочна адхілілі такую палітыку. Тым ня менш элінізацыя адбывалася па ўсім рэгіёне, суправаджаючыся выразнай і супрацьлеглай да аляксандравай палітыцы арыенталізацыяй дзяржаваў-пераемніц[134][132].

Ядром эліністычнай культуры Аляксандра былі па сутнасьці атэнцы[132][135]. Шчыльнае яднаньне жаўнераў, якія паходзілі з розных рэгіёнаў Грэцыі, у войску Аляксандра непасрэдна прывяло да зьяўленьня ў значнай ступені на агульнага грэцкага дыялекту, вядомага як кайнэ[136]. Кайнэ распаўсюдзіўся па ўсяму эліністычнаму сьвету, стаўшы лінгва-франка эліністычных земляў і ў рэшце рэшт продкам сучаснай грэцкай мовы[136]. Акрамя таго, такія сфэры чалавечай дзейнасьці, як то горадабудаўніцтва, адукацыя, мясцовае кіраваньне й мастацтва ў эпоху элінізму грунтаваліся на клясычных грэцкіх ідэалах, якія перарасталі ў новыя формы[132]. Аспэкты эліністычнай культуры ўсё яшчэ былі відавочныя ў традыцыях Бізантыйскае імпэрыі ў сярэдзіне XV стагодзьдзя.

  1. ^ а б Πλούταρχος 3.5 // Life of Alexander the Great (стар.-грэц.) // Βίοι Παράλληλοι
  2. ^ а б Alexander of Macedon, 356–323 B.C.: a historical biography
  3. ^ Yenne 2010. С. 159.
  4. ^ «The birth of Alexander the Great». livius.org.
  5. ^ Peter Green (1970), «Alexander of Macedon, 356—323 B.C.: a historical biography». University of California Press. — С. xxxiii. — ISBN 978-0-520-07165-0.
  6. ^ Durant, Will (1966). «The Story of Civilization: The Life of Greece». Simon & Schuster. — ISBN 0-671-41800-9.
  7. ^ Roisman, Worthington 2010. С. 171.
  8. ^ Bose 2003. С. 21.
  9. ^ Renault 2001. С. 33—34.
  10. ^ а б в Roisman, Worthington 2010. С. 186.
  11. ^ а б Roisman, Worthington 2010. С. 188.
  12. ^ Renault 2001. С. 44.
  13. ^ а б Lane Fox 1980. С. 65—66.
  14. ^ McCarty 2004. С. 15.
  15. ^ Renault 2001. С. 45—47.
  16. ^ McCarty 2004. С. 16.
  17. ^ а б Cawthorne, Nigel (2004). «Alexander the Great». Haus Publishing. — С. 42—43. — ISBN 978-1-904341-56-7.
  18. ^ Howe, Timothy; Brice, Lee L. (2015). «Brill’s Companion to Insurgency and Terrorism in the Ancient Mediterranean». Brill. — С. 170. — ISBN 978-90-04-28473-9.
  19. ^ Carney, Elizabeth Donnelly (2000). «Women and Monarchy in Macedonia». University of Oklahoma Press. — С. 101. — ISBN 978-0-8061-3212-9.
  20. ^ а б Morgan, Janett (2016). «Greek Perspectives on the Achaemenid Empire: Persia Through the Looking Glass». Edinburgh University Press. — С. 271—272. — ISBN 978-0-7486-4724-8.
  21. ^ Briant 2012. С. 114.
  22. ^ Jensen, Erik (2018). «Barbarians in the Greek and Roman World». Hackett Publishing. — С. 92. — ISBN 978-1-62466-714-5.
  23. ^ Renault 2001. С. 47.
  24. ^ Lane Fox 1980. С. 68.
  25. ^ Bose 2003. С. 43.
  26. ^ Renault 2001. С. 47—49.
  27. ^ Renault 2001. С. 50—51.
  28. ^ McCarty 2004. С. 23.
  29. ^ Bose 2003. С. 44—45.
  30. ^ Renault 2001. С. 51.
  31. ^ McCarty 2004. С. 24.
  32. ^ Bose 2003. С. 47.
  33. ^ «History of Ancient Sparta». Sikyon.
  34. ^ Renault 2001. С. 54.
  35. ^ McCarty 2004. С. 26.
  36. ^ Green, Peter (1991). «Alexander to Actium: The Historical Evolution of the Hellenistic Age (Hellenistic Culture and Society)». The American Historical Review. Berkeley & Los Angeles: University of California Press. — С. 1. — DOI:10.1086/ahr/96.5.1515.
  37. ^ а б Roisman, Worthington 2010. С. 179.
  38. ^ а б McCarty 2004. С. 27.
  39. ^ а б в г д е Roisman, Worthington 2010. С. 180.
  40. ^ Bose 2003. С. 75.
  41. ^ Renault 2001. С. 56.
  42. ^ Renault 2001. С. 59.
  43. ^ Lane Fox 1980. С. 71.
  44. ^ а б McCarty 2004. С. 30—31.
  45. ^ Renault 2001. С. 61—62.
  46. ^ а б Lane Fox 1980. С. 72.
  47. ^ Roisman, Worthington 2010. С. 190.
  48. ^ Green 2007. С. 5—6.
  49. ^ Renault 2001. С. 70—71.
  50. ^ McCarty 2004. С. 31.
  51. ^ а б Renault 2001. С. 72.
  52. ^ Lane Fox 1980. С. 104.
  53. ^ Bose 2003. С. 95.
  54. ^ Stoneman 2004. С. 21.
  55. ^ Dillon 2004. С. 187—188.
  56. ^ Bose 2003. С. 96.
  57. ^ а б Arrian 1976. С. 1.
  58. ^ Arrian 1976. С. 2.
  59. ^ Arrian 1976. С. 3—4.
  60. ^ а б Arrian 1976. С. 5—6.
  61. ^ Renault 2001. С. 77.
  62. ^ а б в г Roisman, Worthington 2010. С. 192.
  63. ^ Roisman, Worthington 2010. С. 199.
  64. ^ а б Briant, Pierre (2002). «From Cyrus to Alexander: A History of the Persian Empire». Eisenbrauns. — С. 817. — ISBN 978-1-57506-120-7.
  65. ^ а б Heckel, Waldemar (2008). «Who’s Who in the Age of Alexander the Great: Prosopography of Alexander’s Empire». John Wiley & Sons. — С. 205. — ISBN 978-1-4051-5469-7.
  66. ^ а б Arrian 1976. С. 11.
  67. ^ Arrian 1976. С. 20—23.
  68. ^ а б Arrian 1976. С. 23.
  69. ^ Arrian 1976. С. 27—28.
  70. ^ Arrian 1976. С. 3.
  71. ^ Green 2007. С. 351.
  72. ^ Arrian 1976. С. 11—12.
  73. ^ Arrian 1976. С. 16—24.
  74. ^ Gunther, John (2007). «Alexander the Great». Sterling. — С. 84. — ISBN 978-1-4027-4519-5.
  75. ^ Sabin, P; van Wees, H; Whitby, M (2007). «The Cambridge History of Greek and Roman Warfare: Greece, the Hellenistic World and the Rise of Rome». Cambridge University Press. — С. 396. — ISBN 978-0-521-78273-9.
  76. ^ Arrian 1976. С. 26—27.
  77. ^ Ring, Trudy; Salkin, Robert M; Berney, KA; Schellinger, Paul E, eds. (1994). «International dictionary of historic places». Chicago. Fitzroy Dearborn. — С. 49, 320. — ISBN 978-1-884964-04-6.
  78. ^ Bosworth, A. B. (1988). «Conquest and Empire: The Reign of Alexander the Great». New York. Cambridge University Press. — С. 71—74.
  79. ^ Arrian 1976. С. 7—15.
  80. ^ а б Arrian 1976. С. 16.
  81. ^ Arrian 1976. С. 18.
  82. ^ Foreman, Laura (2004). «Alexander the conqueror: the epic story of the warrior king». Da Capo Press. — С. 152. — ISBN 978-0-306-81293-4
  83. ^ Morkot 1996. С. 121.
  84. ^ Hammond, NGL (1983). «Sources for Alexander the Great». Cambridge University Press. — С. 72—73. — ISBN 978-0-521-71471-6.
  85. ^ а б в г Yenne 2010. С. 99.
  86. ^ Freeman, Philip (2011). «Alexander the Great». New York City: Simon & Schuster Paperbacks. — С. 213. — ISBN 978-1-4391-9328-0.
  87. ^ Briant 2012. С. 109.
  88. ^ Arrian 1976. С. 19—20.
  89. ^ а б Arrian 1976. С. 21.
  90. ^ Arrian 1976. С. 25.
  91. ^ Arrian 1976. С. 22.
  92. ^ Gergel 2004. С. 81.
  93. ^ «The end of Persia». Livius.
  94. ^ Arrian 1976. С. 23—25.
  95. ^ Arrian 1976. С. 27—30.
  96. ^ Arrian 1976. С. 30.
  97. ^ Arrian 1976. С. 16—17.
  98. ^ Morkot 1996. С. 111.
  99. ^ а б в Tripathi 1999. С. 118—121.
  100. ^ Narain, A. K. (1965). «Alexander the Great: Greece and Rome-12». — С. 155—165.
  101. ^ McCrindle, J. W. (1997). «Curtius». In Singh, Fauja; Joshi, L. M. (eds.). History of Punjab. I. Patiala. Punjabi University. — С. 229.
  102. ^ Tripathi 1999. С. 124—125.
  103. ^ Tripathi 1999. С. 126—127.
  104. ^ Gergel 2004. С. 120.
  105. ^ Worthington 2003. С. 175.
  106. ^ Kosmin, Paul J. (2014). «The Land of the Elephant Kings: Space, Territory, and Ideology in Seleucid Empire». Harvard University Press. — С. 34. — ISBN 978-0-674-72882-0.
  107. ^ Tripathi 1999. С. 129—130.
  108. ^ Tripathi 1999. С. 137—138.
  109. ^ Tripathi 1999. С. 141.
  110. ^ Morkot 1996. С. 9.
  111. ^ а б в г Arrian 1976. С. 27.
  112. ^ а б Arrian 1976. С. 4.
  113. ^ Worthington 2003. С. 307—308.
  114. ^ Roisman, Worthington 2010. С. 194.
  115. ^ Arrian 1976. С. 29.
  116. ^ а б Wilcken, Ulrich (1967). «Alexander the Great». W. W. Norton & Company. — С. 146. — ISBN 978-0-393-00381-9.
  117. ^ а б Arrian 1976. С. 14.
  118. ^ Berkley, Grant (2006). «Moses in the Hieroglyphs». Trafford. — С. 101. — ISBN 978-1-4120-5600-7.
  119. ^ Arrian 1976. С. 19.
  120. ^ Green 2007. С. 1—2.
  121. ^ Green 2007. С. 23—24.
  122. ^ «NZ scientist’s detective work may reveal how Alexander died». The Royal Society of New Zealand.
  123. ^ «Dead Men Talking». Harvard Medical Alumni Bulletin
  124. ^ Cawthorne, Nigel (2004). «Alexander the Great». Haus. — С. 138. — ISBN 978-1-904341-56-7.
  125. ^ а б Oldach, DW; Richard, RE; Borza, EN; Benitez, RM (June 1998). «A mysterious death». N. Engl. J. Med. 338 (24). — С. 1764—1769. DOI:10.1056/NEJM199806113382411. PMID 9625631.
  126. ^ Marr, John S; Calisher, Charles H (2003). «Alexander the Great and West Nile Virus Encephalitis». Emerging Infectious Diseases. 9 (12). — С. 1599—1603. — DOI:10.3201/eid0912.030288. PMID 14725285.
  127. ^ Sbarounis, CN (2007). «Did Alexander the Great die of acute pancreatitis?». J Clin Gastroenterol. 24 (4). — С. 294—296. — DOI:10.1097/00004836-199706000-00031. PMID 9252868.
  128. ^ Peter Turchin, Thomas D. Hall and Jonathan M. Adams (2006). «East-West Orientation of Historical Empires». Journal of World-Systems Research Vol. 12 (no. 2). — С. 219—229.
  129. ^ а б Green 2007. С. 12—19.
  130. ^ Green 2007. С. 24—26.
  131. ^ Keay 2001. С. 82—85.
  132. ^ а б в г Green 2007. С. 56—59.
  133. ^ «Seleucia on the Tigris, Iraq». The Kelsey Online.
  134. ^ Green 2007. С. 21.
  135. ^ McCarty 2004. С. 17.
  136. ^ а б Harrison 1971. С. 51.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць