Барсына (па-грэцку: Βαρσινη, па-лацінску: Barsine) (каля 363 да н. э.309 да н. э.) — дачка пэрсыдзкага сатрапа Артабаза ІІ і палюбоўніца Аляксандра Вялікага, ад якога нарадзіла сына Геракла. З роду Фарнакідаў, адгалінаваньня каралеўскага роду Ахемэнідаў

Яе бацька Артабаз кіраваў Фрыгіяй на Гелеспонце (Малая Азія) і паўстаў у 358 да н. э. супраць новага пэрсыдзкага цара Артаксэркса III Оха. Яму прыйшлося наняць грэкаў-братоў з Родаса, Мэнтара і Мэмнана, зь якімі парадніўся, ажаніўшыся зь іх сястрой у 355 да н. э.. Мэнтару ж Артабаз засватаў сваю дачку Барсыну, занадта маленькую, каб стаць сапраўднай жонкай. У 354 да н. э. Артабаз зь дзецьмі, жонкамі і Мэмнанам зьбег у Македонію пад заступніцтва Піліпа II. Тамака Барсына атрымала грэцкае выхаваньне. Мэнтар зьбег у Эгіпет, які стаў незалежным на час смут у Пэрсіі.

У 343 да н. э. Мэнтар дапамог Артаксэрксу ІІІ ізноў заваяваць Эгіпет. Ён здолеў атрымаць вярхоўнае камандаваньне ўсімі сіламі пэрсаў на Захадзе, найвышэйшую пасаду, якую займаў чужынец у Пэрсыдзкай імпэрыі за ўсю яе гісторыю. Карыстаючыся здабытым уплывам, Мэнтар папытаў дазволу вярнуцца Артабазу з Мэмнанам. Атрымаўшы поўнае прабачэньне, Артабаз вярнуўся ў Малую Азію, такім чынам Барсына стала сапраўднай жонкай Мэнтара ў 342 да н. э. і пасьпела нарадзіць яму сына і дачку, перш чым ён памёр праз 2 гады. Адразу ж Барсына выйшла замуж за Мэмнана, якія мелі значныя зямельныя ўгодзьдзі ў Траадзе (на Эгейскім узьбярэжжы Малой Азіі).

Аляксандар Вялікі ўварваўся ў Азію ў 334 да н. э.. Пасьля першых параз цар Дарый III зрабіў Мэмнана вайскаводам пэрсыдзкіх сілаў на Захадзе, а каб быць упэўненым у яго пэўнасьці, Барсыну пакінулі пры двары Дарыя. Мэмнан вёў даволі пасьпяховыя дзеяньні ў тыле Аляксандра, пагражаў адрэзаць яго ад Македоніі і ўзбуджаў бунт у Грэцыі. Аднак у 333 да н. э. ён памёр, у той самы год адбылася бітва пры Ісе, дзе Дарый патрываў поўную паразу і зьбег. Увесь яго двор, уключаючы Барсыну, быў захоплены ў Дамаску як баявы трафэй. Барсыне было прыкладна каля 30, яна была старэйшая за Аляксандра на 7 гадоў, але прыгажосьць яе не пацьмянела. Плютарх піша:

«Аляксандар пагадзіўся з парадай Пармэніёна, які прапанаваў яму зблізіцца з гэтай прыгожай і высакароднай жанчынай. Гледзячы на іншых прыгожых і станістых палоненак, Аляксандар казаў жартам, што выгляд пэрсак пакутлівы для вачэй.»

У наступным Барсына суправаджала Аляксандра. Пасьля забойства Дарыя ў 330 да н. э. Артабаз перайшоў служыць македонскаму цару, і смог пабачыць сваю дачку. У 327 да н. э. Барсына нарадзіла Геракла, першае дзіця Аляксандра. У той жа час Аляксандар узяў у жонкі бактрыйскую князёўну Раксану. Геракл не разглядаўся як спадчыньнік Аляксандра Вялікага, бо Барсына ў вачох падданак была ўсяго толькі наложніцай. Пасьля зьяўленьня афіцыйнай жонкі, якую кахаў Аляксандар, Барсына з сынам выдалілася ў Пэргам, дзе ціха пражывала аж да пачаткі эпохі дыядохаў. Яе дачка ад Мэнтара была аддадзеная ў 324 да н. э. у жонкі Нэарху, сябру і адміралу Аляксандра.

Падчас войнаў дыядохаў Антыгон выслаў Барсыну з сынам з Пэргаму пад апеку Паліспэрхона, каб узмацніць ціск на Касандра, які кіраваў у то час у Македоніі. У 309 да н. э. Паліспэрхон вырашыў выкарыстаць адзінага пакінутага ў жывых сына Аляксандра Вялікага для ўмацаваньня ўплыву ў Македоніі. Да няшчасьця для Геракла яго абвясьцілі спадчыньнікам трона, як толькі яму споўнілася 18 гадоў. Аднак Касандр пераканаў Паліспэрхона адмовіцца ад задумы, абяцаўшы наўзамен саступкі. Барсына і Геракл былі забітыя па загадзе Паліспэрхона ў 309 да н. э.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  • Barsine from Charles Smith, Dictionary of Greek and Roman Biography and Mythology (1867)
  • Barsine from Livius on ancient history by Jona Lendering