Аляксандар Ружанцоў

Алякса́ндар Ружанцо́ў (Ружа́нец-Ружанцо́ў; псэўданім Алесь Смалянец; 12 жніўня 1893, Вязьма Смаленскае губэрні — 23 ліпеня 1966, Дэнвіл, штат Ілінойс, ЗША) — беларускі вайсковы дзяяч, пісьменьнік, бібліёграф.

Аляксандар Ружанцоў
Аляксандар Ружанцоў, 1919
Дата нараджэньня 12 жніўня 1893(1893-08-12)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 23 ліпеня 1966(1966-07-23) (72 гады)
Месца сьмерці
Занятак паэт, пісьменьнік
Месца працы

Адукацыя рэдагаваць

Скончыў вяземскую гімназію, у якой упершыню з геаграфічнага падручніку Мяча даведаўся пра Беларусь. У 1911 паступіў на гісторыка-філязофскі факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту, а ў 1914 — у Маскоўскую Аляксееўскую вайсковую школу.

Вайсковая дзейнасьць рэдагаваць

Удзельнічаў у I сусьветнай вайне, служыў у IV пяхотным палку. Быў паранены каля Бярэзьнікаў (паблізу Сейнаў). У 1918 у Смаленску змабілізаваны ў Чырвоную Армію, прызначаны камандзірам палку, што вёў баявыя дзеяньні ў Беларусі й Летуве. У 1919 перайшоў на летувіскі бок і ўзначаліў ў рангу маёра Першую беларускую роту, што брала ўдзел у змаганьні з польскімі й бальшавіцкімі сіламі. За гераізм у баёх з чырвоналатыскімі войскамі 26—28 чэрвеня 1919 25 жаўнераў роты, у тым ліку А. Ружанцоў, былі ганараваныя летувіскім ордэнам «Крыж Пагоні». У верасьні 1920 узначаліў наваствораны Беларускі асобны батальён. У 1918—1921 заснаваў і рэдагаваў шэраг беларускіх вайсковых часопісаў («Беларус вайсковы»[1],[2] , «Варта Бацькаўшчыны» й інш.), выступаў з артыкуламі па беларускай вайсковай гісторыі. Пэўны час працаваў у беларускай адміністрацыі Гарадзенскага павету. У летувіскім войску служыў да 1940, дзе працаваў пажарным інспэктарам, арганізаваў 32 вайскова-пажарныя брыгады, падрыхтаваў службовыя інструкцыі. Пайшоў у адстаўку ў рангу падпалкоўніка.

Бібліяграфічная праца ў Летуве рэдагаваць

У гісторыю бібліятэк Летувы ўвайшоў як першы летувіскі спэцыяліст па арганізацыі спэцыяльных бібліятэк. У 1921—1940 — дырэктар Цэнтральнае вайсковае бібліятэкі ў Коўні. Разам з супрацоўнікам бібліятэкі П. Пятраўскасам А. Ружанцоў падрыхтаваў і выдаў «Каталёг цэнтральнае вайсковае бібліятэкі 1922—1932 гадоў», які па сваёй структуры, сыстэме клясыфікацыі й дакладнасьці апісаньня быў эталёнам друкаванага бібліятэчнага каталёгу. Усебакова прапагандаваў бібліятэчную справу, публікуючы шмат артыкулаў у пэрыядычным друку Летувы. У 1931 разам з Вацлавасам Біржышкам заснавалі Таварыства бібліятэкараў Летувы, увесь час быў сябрам цэнтральнае ўправы, як правіла, віцэ-старшынём (старшынём быў В. Біржышка). Быў загадчыкам справаў Інстытуту бібліяграфіі, ад 1928 рэдагаваў для друку матэрыялы «Ведамасьцяў бібліяграфіі». У 1940 пачаў працаваць загадчыкам Габінэту бібліяграфіі ў Цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі навук Летувы.

У даваеннай Летуве супрацоўнічаў у «Karo Archyvas» («Вайсковы архіў»), «Mūsų Žinynas» («Наш даведнік»), «Kardas» («Меч»), «Karys» («Ваяр»), «Savivaldybė» («Самаўрад»), «Skautų aidas» («Скаўцкае рэха»), «Trimitas» («Труба»), «Ugniagesys» («Пажарнік»), «Lietuva» («Летува»), «Lietuvos Žinios» («Ведамасьці Летувы») інш. У Летуве ім укладзеныя й выйшлі: "Зьмест «Lietuvos gaisrininkas» («Пажарнік Летувы») (1933), «Пэрыёдыка Летувы 1929—1930 гадоў» (1930), «Абэцэдны паказальнік „Бібліяграфічных ведамасьцяў“ (1931), „Сыстэматычны каталёг „Savivaldybe“ (1931), „Švietimo darbas“ („Асьветніцкая работа“) 1919—1930 гадоў“ (1932), „Mūsų Žinynas“ 1921—1925 гадоў» (1926), «Karo Archivas» 1931—1930 гадоў", «Гісторыя нашых войнаў і войска ў „Karys“ 1919—1934 гадоў» (1934); разам з В. Рузгасам падрыхтаваў каталёг кнігаў Фонду Друку (1930), таксама ўклаў спэцыяльныя паказальнікі часопісаў «Lietuvos Ūkis» («Гаспадарка Летувы»), «Tiesos kelias» («Шлях праўды»), у эміграцыі — сьпіс гістарычных артыкулаў часопіса «Aidas» («Рэха») і інш. Надрукаваў літоўскую вайсковую бібліяграфію 1917—1922 гадоў (1923), «Часьці Летувіскага войска ў XVIII стагодзьдзі (Вайсковы Архіў)» (1926), «Са справаў 1812—1913 гадоў Архіва гарадзкое ўправы Коўна» (1929), «Пажары ў Коўне ў 1812 годзе» (1930), «Са справаў паўстаньня 1831 года» (1931), «Кніжкі агню» (1932), «Разнавіднасьці газэтаў, тыражы й летувіская пэрыёдыка» (з В. Кямежусам) (1933), «Каталёг Цэнтральнае вайсковае бібліятэкі» (1934), «Каталёг вайсковае бібліятэкі (сыстэматычная частка) 1933—1936 гадоў», «Польскія палкі на нашым фронце» (1935), «З паўстаньня 1831 года ў Коўна» (1936), «Коўна ў паўстаньнях 1831 і 1863—1864 гадоў» (1937), «Каталёг вайсковае бібліятэкі (працяг)» (1938).

Другая сусьветная вайна рэдагаваць

У пачатку вайны зьвязаўся з генэралам К. Езавітавым і, паводле ягонай рэкамэндацыі, быў прыняты ў штаб беларускіх войскаў, дзе яму была даручаная супрацьпажарная ахова. Уваходзіў у склад Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні. У летку 1944 адышоў на захад, у 1944—1945 разам з К. Езавітавым працаваў у Бэрліне ў штабе «беларускага вызваленчага войска», пасьля апынуўся ў Мэмінгэне (Баварыя) у лягеры для перамешчаных асобаў.

На эміграцыі рэдагаваць

Супрацоўнічаў у летувіскім і беларускім друку, быў сябрам Летувіскае Энцыкляпэдыі. У 1945 у Нямеччыне зарганізаваў Летувіскую службу бібліяграфіі й пачаў працу па зьбіраньні летувіскіх эміграцкіх выданьняў. Сабраныя А. Ружанцовым, яны да 1950 былі пад апекай у Архіве Летувы ў Швайцарыі, пасьля 1950 — у Архіве летувісаў сьвету ў Чыкага. У 1945 пачаў выдаваць бібліяграфічны часопіс «Knygų lentyna» («Кніжная паліца»). Агулам апісаў 16 тысячаў летувіскіх выданьняў.

Ад 1949 жыў у ЗША. Займаўся праблемамі летувіскае і беларускае бібліяграфічнае справы. Склаў і надрукаваў некалькі паказьнікаў. Гэтаксама надрукаваў аналітычны паказьнік часопісу «Веда», што выдаваўся Беларускім (Крывіцкім) таварыствам імя Францішка Скарыны, і пачаў аналітычны паказьнік друкаў БІНІМу («Запісаў» і «Конадняў»). Шмат спрычыніўся да ўвядзеньня беларускаведнага матэрыялу ў летувіскую энцыкляпэдыю, таксама вёў улік таго, што друкавалася ў летувіскім друку пра Францішка Скарыну й беларускую справу наогул, і прысылаў гэтыя зьвесткі ў БІНІМ.

Літаратурная творчасьць рэдагаваць

Некаторы час у пачатку XX ст. Ружанцоў працаваў у Менску, супрацоўнічай з Таварыствам выяўленчага мастацтва, удзельнічаў у выставе карыкатур, якую таварыства ўладзіла ў Менску. Амаль усе карыкатуры ён прысьвяціў Мікалаю ІІ: «Помнік Мікалаю ІІ», «Мікалай ІІ – цудадзейны», «Цар Мікалай ІІ на бомбе», «Руская статуя свабоды».[3]

Пісаў вершы, якія Максім Гарэцкі ахарактарызаваў як «моцнымі думкаю і арыгінальнымі формаю». Пачаў друкавацца ў 1920-х у газэтах «Беларускі звон» і «Беларускія ведамасьці». Паэзія прасякнутая вайсковай тэматыкай. Яшчэ пры жыцьці падрыхтаваў зборнік сваіх вершаў, але пра лёс зборніка амаль нічога невядома. У постсавецкай Беларусі творы А. Ружанцова ўпершыню зьявіліся ў кнігах «Тутэйшыя: Творчасць сяброў таварыства.» (Менск, 1989) і «Туга па Радзіме. Паэзія беларускай эміграцыі» (Менск, 1992). Рабіў пераклады зь беларускае мовы на летувіскую («Бяздоннае багацьце» В. Ластоўскага, «Францішак Скарына» Ю. Віцьбіча й інш.) і наадварот. Для часопіса «Балтійскій альманах» Аляксандар Ружанцоў пераклаў на расейскую мову творы: Ядвігіна Ш. — «Васількі», «Раны, памяці С. Палуяна», «Чалавек»; Якуба Коласа (Тарас Гушча) — «Балотный агонь», «Даль»; Вацлава Ластоўскага (Власт) — «Сож і Дняпро»[4][5][6][7].

Бібліяграфія рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Б. П. К. Вѣсти изъ Бѣлоруссіи. Новое Бѣлорусское періодическое и изданіе. / Вадим Белов // Свободное слово. Ежедневная демократическая національная газета : газэта. — Ревель(Талін): 19.08.1921. — № 103. — С. 2.
  2. ^ Вѣсти изъ Бѣлоруссіи. Бѣлорусское національное движеніе въ Латгаліи. / Вадим Белов // Свободное слово. Ежедневная демократическая національная газета : газэта. — Ревель(Талін): 26.08.1921. — № 109. — С. 3.
  3. ^ Кацер М. С. . «Изобразительное искусство Белоруссии дооктябрьского периода : очерки» / Вступ. ст. З. Азгур. — Менск: Навука і тэхніка, 1969. — С. 195—197. — 202 с. — 1100 ас.
  4. ^ Тарасъ Гуща(Якуб Колас) Болотный огонь / Г л а в н. р е д а к ц i я: Евгеній Шкляр. И з д а т е л ь с т в о: А. С. Рискин. Б е р л и н с к. редакція : Иван Коноплин. Редактор эконом.отд.: Владимір Назимов. Завѣд, худож. отдѣл.:А.Минчин. Представительства: для Латвіи — И. Зилин; для Эстіи — Алекс. Шульц; для Фінляндіи — Ив. Воутилайнен; для Россіи — Георгій Дешкин. // «Балтійскій альманах» : часопіс. — Коўна, Берлін: M. Matisson, 1923. — № 1. — С. 15.
  5. ^ Ш. Ядвигин (Антон Іванавіч Лявіцкі) Васількі. Раны, памяти С. Полуяна. Человѣк / Г л а в н. р е д а к ц i я: Евгеній Шкляр. И з д а т е л ь с т в о: А. С. Рискин. Б е р л и н с к. редакція : Иван Коноплин. Редактор эконом.отд.: Владимір Назимов. Завѣд, худож. отдѣл.:А.Минчин. Представительства: для Латвіи — И. Зилин; для Эстіи — Алекс. Шульц; для Фінляндіи — Ив. Воутилайнен; для Россіи — Георгій Дешкин. // «Балтійскій альманах» : часопіс. — Коўна, Берлін: M. Matisson, 1923. — № 1. — С. 16.
  6. ^ Тарасъ Гуща (Якуб Колас) Даль / Р е д а к т о р ъ: Евгеній Шкляръ. // «Балтійскій альманах» : часопіс. — Рыга: «Пресса» въ лицѣ Л. Б. Гарфильда, 1924. — № 4. — С. 46.
  7. ^ Властъ (Вацлаў Ластоўскі) Сожъ и Днѣпръ / Р е д а к т о р ъ: Евгеній Шкляръ. // «Балтійскій альманах» : часопіс. — Рыга: «Пресса» въ лицѣ Л. Б. Гарфильда, 1924. — № 4. — С. 48.

Літаратура рэдагаваць

  • Тумаш, Вітаўт. Аляксандра Ружанец-Ружанцоў. Да 60-годдзя жыцця. // Запісы Беларускага інстытута навукі і мастацтва. — Нью-Ёрк: Беларускі інстытут навукі й мастацтва, 1954. — Т. Vol. III.. — № 1 (5). — С. 41—43.
  • P. C. Ružancovas, Aleksandras.  (анг.) / Rita Kapocius, Mykolas Drunga. // Encyclopedia Lituanica : энцыкляпэдыя. — Boston, Massachusets: Juozas Kapocius, 1975. — Т. 4. — С. 567, 568.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць