Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь
Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь (ДМК Беларусі) — ведамства ўраду Беларусі, упаўнаважанае ажыцьцяўляць размытненьне. Старшыня ДМК ды ягоныя намесьнікі прызначаюцца й здымаюцца з пасады прэзыдэнтам. Зь лістапада 2014 году пасаду старшыні камітэту займае Юры Сянько[2].
Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь | |
Абрэвіятура | ДМК РБ |
---|---|
Дата ўтварэньня | 20 верасьня 1991 (33 гады таму) |
Штаб-кватэра | Менск, вул. Магілёўская, д. 45/1 |
Старшыня | Уладзімер Арлоўскі |
Намесьнікі | Сяргей Полудзень, Аляксандар Багдзевіч, Мікалай Сьвірыд[1] |
Зьвязаныя кампаніі | «Белмытнясэрвіс» |
Бюджэт | 186 млрд рублёў[2] (2009 год; 66 млн $[3]) |
Сайт | customs.gov.by |
Прэзыдэнтам таксама ўхваляецца склад калегіі ДМК з удзелам старшыні камітэту ды ягоных 4 намесьнікаў[4]. Пасяджэньні калегіі праводзяцца прынамсі раз у тры месяцы ды зьяўляюцца правамоцнымі пры наяўнасьці больш як паловы чальцоў. Рашэньні ўхваляюцца простаю большасьцю галасоў прысутных ды ажыцьцяўляюцца загадамі й пастановамі ДМК пры згодзе старшыні камітэту.
Па ўзгадненьні зь дзяржаўным сакратаром Савету бясьпекі Рэспублікі Беларусь ды чальцамі калегіі ДМК старшыня камітэту прызначае й звальняе начальніка ўправы арганізацыі барацьбы з кантрабандай і адміністрацыйнымі мытнымі правапарушэньнямі, начальнікаў мытняў ды іх намесьнікаў па праваахоўнай працы.
Гісторыя
рэдагаваць20 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет ухваліў Пастанову № 1101 «Аб мытнай службе Рэспублікі Беларусь», паводле якой быў заснаваны Дзяржаўны мытны камітэт[5]. 13 сакавіка 1992 году ВС ухваліў Закон «Аб асновах арганізацыі мытнае службы Рэспублікі Беларусь», паводле якога старшыня ДМК прызначаўся ды здымаўся з пасады Вярхоўным Саветам на прапанову старшыні ўраду, а мытнікі надзяляліся правам ужываць пальную зброю ды мелі наймацца выключна зь ліку беларускіх грамадзянаў[6]. У 1992 годзе ўрад ухваліў першую ўставу ДМК. 3 лютага 1993 году ВС ухваліў Мытны кодэкс[7] ды Закон «Аб мытным тарыфе»[8]. У ходзе распачатага ў 1995 годзе прыпадабненьня мытнага заканадаўства Беларусі да расейскага 2 лютага 2000 году ДМК атрымаў новую ўставу[9]. 24 верасьня 2001 году на пасаду старшыні камітэту прызначаны Аляксандар Шпілеўскі[10]. Ён быў на гэтай пасадзе да лістапада 2014 году.
Склад
рэдагаваць- Цэнтральны апарат — 12 управаў, 1 самастойны аддзел і адна група[11];
- 10 мытняў — Ашмянская, Берасьцейская, Віцебская, Гарадзенская рэгіянальная, Гомельская, Магілёўская, Менск-2, Менская рэгіянальная, Менская цэнтральная ды апэратыўная[11];
- Дзяржаўны інстытут павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў мытных органаў;
- Прадпрыемства «Белмытнясэрвіс».
Задачы
рэдагаваць- парадкаваньне мытнае справы;
- абарона гаспадарчых зацікаўленасьцяў дзяржавы;
- распрацоўка ды ўжыцьцё мытнага заканадаўства;
- мытны нагляд;
- папярэджаньне й спыненьне кантрабанды;
- забесьпячэньне выкананьня міжнародных мытных абавязкаў дзяржавы.
Паўнамоцтвы
рэдагаваць- падача прэзыдэнту прапановаў аб парадкаваньні мытнай справы;
- апавяшчэньне прэзыдэнта, ураду й Дзяржаўнага сакратарыяту Савету бясьпекі Рэспублікі Беларусь аб пагрозах гаспадарцы дзяржавы;
- выкананьне ўхваленых прэзыдэнтам ды ўрадам пастановаў аб мытнай справе;
- удзел у распрацоўцы мытнага заканадаўства;
- ухваленьне ведамасных пастановаў;
- кіраваньне мытнямі й падпарадкаванымі ўстановамі;
- спагнаньне й наладжаньне збору мытаў, а таксама нагляд за правільнасьцю іх вылічэньня, своечасовасьцю й паўнатою выплаты;
- нагляд за правільнасьцю вызначэньня мытнага кошту й краіны паходжаньня тавараў;
- падача прапановаў аб парадкаваньні вонкаваэканамічнае дзейнасьці;
- вядзеньне й тлумачэньне таварнай намэнклятуры вонкаваэканамічнай дзейнасьці (ТН ВЭД);
- улік мытных прадстаўнікоў, перавозчыкаў ды складоў, а таксама прадметаў інтэлектуальнае ўласнасьці ды заручальнікаў выплаты мытных плацяжоў;
- вызначэньне парадку паказу на мытні пасьведчаньняў аб уласьцівасьцях тавара ды яго загрузцы ў транспартны сродак;
- стварэньне месцаў размытненьня для пэўных відаў тавараў;
- вызначэньне парадку дэкляраваньня перамяшчаных тавараў;
- вызначэньне выгляду, парадку ды тэрміну падачы, як і парадку ўжыцьця мытных дакумэнтаў;
- вызначэньне ўласьцівасьцяў сродкаў ідэнтыфікацыі тавараў ды дакумэнтаў на іх;
- парадкаваньне пацьвярджэньня вывазу тавараў;
- недапушчэньне перавозчыка да размытненьня пры неаднаразовым парушэньні парадку размытненьня;
- вызначэньне сьпісу мытнікаў, упаўнаважаных ажыцьцяўляць мытны надгляд ды агляд памяшканьняў, а таксама ўхваленьне формаў актаў агляду;
- наладжаньне збору ды апрацоўкі зьвестак аб перамяшчэньні тавараў ды транспартных сродкаў праз мытную мяжу ды аб іх размытненьні;
- публікаваньне ў ведамасным пэрыядычным друку ды выдача дзяржаўным установам, а таксама міжнародным арганізацыям дадзеных мытнай статыстыкі;
- вызначэньне парадку ўліку ды справаздачнасьці аб таварах, што знаходзяцца пад мытным наглядам;
- папярэджаньне, выяўленьне ды спыненьне ў супрацы з праваахоўнымі органамі правапарушэньняў з боку мытнікаў;
- вышук, дазнаньне ды прыцягненьне да адказнасьці за адміністрацыйнае правапарушэньне;
- правядзеньне мытных праверак;
- заключэньне міжведамасных міжнародных дамоваў з адпаведнымі ўстановамі іншых дзяржаваў ды міжнароднымі арганізацыямі;
- забесьпячэньне аднастайнага ўжыцьця мытнага заканадаўства падпарадкаванымі ўстановамі;
- наладжаньне правядзеньня мытнямі нагляду за перамяшчэньнем валюты;
- нагляд за вывазам стратэгічных рэчываў ды мастацкіх каштоўнасьцяў;
- абарона правоў інтэлектуальнае ўласнасьці;
- запыт зьвестак ва ўстановах ды ў фізычных асобаў;
- выдача дазволаў на мытную дзейнасьць, а таксама вызначэньне парадку выдачы й касаваньня пасьведчаньня мытніка;
- разгляд зваротаў;
- стварэньне мытнай інфраструктуры;
- выдаткоўваньне на забесьпячэньне мытняў;
- распараджэньне маёмасьцю падпарадкаваных установаў;
- наладжаньне мытных дасьледаваньняў;
- распрацоўка ды ўкараненьне на мытнях сродкаў і прыбораў сувязі ды мытнага й радыяцыйнага нагляду;
- вызначэньне парадку стварэньня й выкарыстаньня збораў дадзеных ведамаснымі ўстановамі;
- наладжаньне бухгальтарскага ўліку й справаздачнасьці ў падпарадкаваных установах;
- наладжаньне падбору й падрыхтоўкі мытнікаў;
- ідэалягічнае ўзьдзеяньне ў падпарадкаваных установах;
- прававая абарона і падтрымка мытнікаў ды іх сем’яў;
- заснаваньне пэрыядычных друкаваных выданьняў;
- улік, захоўваньне ды выкарыстаньне архіўных дакумэнтаў.
Служба
рэдагавацьНа мытную службу наймаюцца поўнагадовыя (з 18 год) грамадзяне, якія валодаюць беларускай і расейскай мовамі ды прайшлі іспыт паводле вызначанага прэзыдэнтам парадку. На службу не прымаюцца грамадзяне, якія:
- зьдзейсьнілі злачынства;
- зьяўляюцца абмежавана дзеяздольнымі паводле набыўшай сілу пастановы суда;
- адмаўляюцца ад праходжаньня афармленьня допуску да дзяржаўных таямніцаў;
- адмаўляюцца падаваць заявы аб даходах і маёмасьці сваёй сям’і ды пасьведчаньне аб адукацыі;
- маюць пацьверджаныя ў мэдычных установах хваробы, што замінаюць выкананьню службовых абавязкаў[12].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кіраўніцтва Мытны камітэт. Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь. Праверана 20 лістапада 2020 г.
- ^ а б Закон Рэспублікі Беларусь аб рэспубліканскім каштарысе на 2009 год (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (13 лістапада 2008). Праверана 18 верасьня 2010 г.
- ^ Зьвесткі аб сярэднеўзважаным курсе беларускага рубля да замежных валютаў на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2009 год. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. — Паводле сярэдняе за 2009 год цаны (2803,27) набыцьця даляра за рублі на валютным рынку. Праверана 18 верасьня 2010 г.
- ^ Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 кастрычніка 2006 г. № 630 (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Праверана 18 верасьня 2010 г.
- ^ Пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 20 верасьня 1991 г. №1101-XII «Аб мытнай службе Рэспублікі Беларусь» (рас.) Сайт Валерыя Леванеўскага Праверана 18 верасьня 2010 г.
- ^ Закон Рэспублікі Беларусь ад 13 сакавіка 1992 г. №1520-XII «Аб асновах арганізацыі мытнае службы Рэспублікі Беларусь» (рас.) Сайт Валерыя Леванеўскага Праверана 18 верасьня 2010 г.
- ^ Рэфэрат: Мытны кодэкс Рэспублікі Беларусь (рас.) Бібліяфонд Праверана 18 верасьня 2010 г.
- ^ Закон Рэспублікі Беларусь «Аб мытным тарыфе». 3 лютага 1993 г. (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Праверана 18 верасьня 2010 г.
- ^ Гісторыя мытных органаў Рэспублікі Беларусь (рас.). Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь. Праверана 18 верасьня 2010 г.
- ^ Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 верасьня 2001 г. № 541 «Аб назначэнні А.Ф.Шпілеўскага Старшынёй Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь». «Звязда» (25 верасьня 2001). Праверана 18 верасьня 2010 г.
- ^ а б Цэнтральны апарат (рас.). Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь. Праверана 14 сакавіка 2016 г.
- ^ Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 красавіка 2008 г. № 228 (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Праверана 18 верасьня 2010 г.