Эўра

валюта Эўразьвязу
(Перанакіравана з «EUR»)

Э́ўра — валюта Эўрапейскага валютнага зьвязу, якая ёсьць другім паводле значнасьці грашовым сродкам у сусьветнай валютнай сыстэме пасьля амэрыканскага даляра.

Эўра
Euro (анг., фр., ням., нід., люксэмб., эст., італ., парт., фін., гішп., ірл., слав., харв.), Ευρώ (грэц.), Ewro (мальт.), Evro (славенск.), Eiro (латыс.), Euras (лет.), Евро (баўг.)
Банкноты эўра (2019 год)
Банкноты эўра (2019 год)
Краіна эўразона
Падзел эўрацэнт
Код ISO-4217 EUR (978)
Скарачэньне э
Сымбаль
Манэты 1, 2, 5, 10, 20, 50 эўрацэнтаў, 1, 2 эўра
Банкноты 5, 10, 20, 50, 100 эўра
Цэнтральны банк Эўрапейскі цэнтральны банк (Нямеччына)
Увядзеньне ва ўжытак 1 студзеня 2002 (22 гады таму)
Папярэдняя валюта эўрапейская грашовая адзінка, мясцовыя валюты 20 краінаў Эўразьвязу (2023 год)
Мынца мытныя двары 20 галоўных банкаў Эўрасыстэмы (2023 год)
Абменны курс:
(1 студзеня 2023 г.)
1,07 даляра ЗША
Галерэя выяваў у Вікісховішчы

Кантроль над эўра ажыцьцяўляецца Эўрапейскім цэнтральным банкам у Франкфурце-на-Майне. На 2023 год эўра ёсьць афіцыйнай валютай у 20 з 27 краінаў-удзельніц Эўразьвязу: Аўстрыі, Бэльгіі, Грэцыі, Гішпаніі, Ірляндыі, Італіі, Кіпры, Латвіі, Летувы, Люксэмбурґу, Мальце, Нідэрляндах, Нямеччыне, Партугаліі, Славаччыне, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Эстоніі й Харватыі. Таксама валюта выкарыстоўваецца яшчэ ў 9 дзяржавах, 7 зь якіх — эўрапейскія.

Эўра ёсьць другой паводле велічыні рэзэрвовай валютай, а таксама другой самай гандляванай валютай у сьвеце пасьля амэрыканскае валюты даляра ЗША[1][2][3]. Па стане на жнівень 2018 году ў абарачэньні знаходзілася больш за 1,2 трлн эўра.

Гісторыя

рэдагаваць
 
Мапа распаўсюду эўра.

Першыя ідэі эканамічнага й валютнага зьвязу ў Эўропе пабачылі сьвет яшчэ задоўга да стварэньня Эўрапейскіх супольнасьцяў. Напрыклад, на раньнім этапе функцыяваньня Лігі народаў, Густаў Штрэзэман у 1929 годзе зрабіў запыт на стварэньне эўрапейскае валюты на тле ўзмацненьня эканамічнага падзелу Эўропы празь зьяўленьне шэрагу новых нацыянальных дзяржаваў у рэгіёне па сканчэньні Першае сусьветнае вайны.

Першая спроба стварэньня эканамічнага й валютнага зьвязу паміж чальцамі Эўрапейскае эканамічнае супольнасьці (ЭЭС) была зробленая зь ініцыятывы Эўрапейскае камісіі ў 1969 годзе, якая выказвала неабходнасьць большае каардынацыі эканамічнае палітыкі й валютнага супрацоўніцтва. Такі вынік быў пасяджэньня Эўрапейскае рады ў Гаазе ў сьнежні 1969 году. Эўрапейская рада даручыла П’еру Вэрнэру, прэм’ер-міністру Люксэмбурґу, знайсьці спосаб паменшыць валатыльнасьць абменнага курсу. Ягонае спавешчаньне было апублікаванае ў кастрычніку 1970 году. Згодна з справаздачай, было рэкамэндавана зрабіць цэнтралізацыю нацыянальнае макраэканамічнае палітыкі, якая прадугледжвала поўнае й незваротнае ўсталяваньне парытэтных ставак і поўнае вызваленьне руху капіталу. Тым ня менш, прапановаў па стварэньні ані адзінае валюты, ані цэнтральнага банку не было[4].

У 1994 годзе ў Франкфурце-на-Майне быў заснаваны Эўрапейскі валютны інстытут, у задачы якога ўваходзіла кіраўніцтва праектам стварэньня адзінае валюты й назіраньне за эканамічнымі працэсамі ў краінах-сябрах ЭЗ. Эканамістамі, якія дапамаглі стварыць альбо зрабілі важкі ўнёсак у эўра, былі Робэрт Мандэл, Вім Дуйзэнбэрг, Робэрт Толісан, Нэйл Даўлінг і Тамаза Падоа-Счыёпа. Афіцыйны сцэнар пераходу да адзінае валюты быў прыняты на саміце ў Мадрыдзе 15—16 сьнежня 1995 году, таксама была ўстаноўленая назва новае валюты «эўра».

 
Дынаміка абменнага курсу эўра да даляру ЗША ад 1999 году.

У 1997—1998 гадох быў праведзены конкурс у некалькі тураў на найлепшы дызайн наяўных эўра, пераможцам якога стаў Робэрт Каліна, галоўны дызайнэр Цэнтральнага банку Аўстрыі. У лютым 1998 году дызайн і спэцыфікацыі банкнотаў былі ўхваленыя Радай Эўрапейскага валютнага зьвязу. У жніўні 1998 году былі праведзены асноўныя выпрабаваньні па друку ўсіх наміналаў банкнотаў для канчатковага вырашэньня праблемаў выпуску. У дызайне банкнотаў выкарыстаныя выявы выбітных помнікаў Эўропы. Вокны й дзьверы, намаляваныя на адным баку, сымбалізуюць дух адкрытасьці й каапэрацыі ўнутры Эўрапейскае супольнасьці. На адваротным баку кожнае з банкнотаў намаляваны мост як мэтафара зносінаў людзей у ЭЗ і за ягонымі межамі. Усе банкноты маюць асаблівую абарону ад падробак. У тэндэры на пастаўку мэталу для біцьця манэтаў эўра перамогу атрымаў Кітай, Лаянскі мэдны завод у цэнтральнай правінцыі Хэнань.

Паводле крытэраў далучэньня да новае валюты 2 траўня 1998 году для ўдзелу ў «зоне эўра» Радай ЭЗ былі дапушчаныя Аўстрыя, Бэльгія, Нямеччына, Ірляндыя, Гішпанія, Італія, Люксэмбурґ, Нідэрлянды, Партугалія, Фінляндыя ды Францыя. Дзьве краіны, як то Вялікабрытанія й Швэцыя, таксама ўкладваліся ў большасьць названых крытэраў, але адмовіліся ад удзелу ў «зоне эўра» як першыя ейныя ўдзельнікі. У Даніі паўсталі канстытуцыйныя праблемы, а ў Грэцыі фінансавыя паказчыкі не адпавядалі неабходным патрабаваньням. Пры гэтым у Швэцыі й Даніі прайшлі рэфэрэндумы, на якіх большасьць выказалася супраць прыняцьця эўра. 1 чэрвеня 1998 году быў заснаваны Эўрапейскі цэнтральны банк (ЭЦБ). Ягоная штаб-кватэра знаходзіцца ў Франкфурце-на-Майне. Задачы банку — падтрыманьне коштавае стабільнасьці й правядзеньне адзінае манэтарнае палітыкі па ўсёй тэрыторыі эўразоны. Эўра для безнаяўных разьлікаў быў уведзены ў 1999 годзе. 1 студзеня 2002 году зьявіліся банкноты й манэты. Наяўны эўра замянілі нацыянальныя валюты 20 з 27 краінаў Эўрапейскага зьвязу.

Пасьля фінансавай крызы ў ЗША 2008 году ўжо ў 2009 годзе сярод інвэстараў зьявіліся засьцярогі наконт зьяўленьня крызісу сувэрэннае запазычанасьці адносна некаторых эўрапейскіх дзяржаваў, прычым сытуацыя стала асабліва напружанай на пачатку 2010 году[5][6]. Найбольш гостра пацярпела Грэцыя, але іншыя сябры эўразоны, як то Кіпр, Ірляндыя, Італія, Партугалія й Гішпанія таксама зьведалі пэўныя негатыўныя наступствы[7][8]. Усе гэтыя краіны выкарыстоўвалі сродкі ЭЗ, акрамя Італіі, якая сама ёсьць асноўны донар Эўрапейскага фонду фінансавае стабільнасьці. Каб быць далучанымі ў зону эўра, краіны павінны былі выканаць пэўныя крытэры канвэргэнцыі, але сэнс такіх крытэраў быў паменшаны тым фактам, што яны не выконваліся з аднолькавым узроўнем строгасьці паміж краінамі[9].

Латвія й Летува плянавалі перайсьці на эўра ў 2009 годзе, але з прычыны эканамічнага крызу гэты пераход патрэбна было адкласьці, аднак у канчатковым выніку ў 2014 годзе Латвія перайшла да выкарыстаньня эўра, Летува перайшла на эўра 1 студзеня 2015 году. 31 сьнежня 2014 году эўра каштаваў 1,21 даляра ЗША. У адрозьненьне ад Летувы й Латвіі, Эстонія адразу здолела споўніць усе крытэры, неабходныя для пераходу на эўра, да 2011 году, і 12 траўня 2010 году Эўракамісія выступіла з афіцыйнай прапановай аб далучэньні гэтае краіны да эўразоны 1 студзеня 2011 году, што Эстонія й зрабіла[10]. Чэхія плянавала ўступіць у эўразону пасьля 2015 году, а магчыма нават у 2019 годзе, але па стане на 2019 год краіна адмовілася вызначыць дакладны тэрмін пераходу на эўра. Аналягічная сытуацыя й у Польшчы й Вугоршчыне. Баўгарыя й Румынія плянуюць перайсьці да агульнаэўрапейскае валюты да пачатку 2022 году. Плянуе пераход на эўра й Харватыя.

5 сакавіка 2021 году Ўправа фінансавых паводзінаў Вялікабрытаніі абвясьціла пра спыненьне пасьля 31 сьнежня 2021 году разьліку й абнародаваньня Лёнданскае міжбанкаўскае стаўкі прапановы (ЛМБСП) у эўра «Міжкантынэнтальнай біржай» (Атланта, штат Джорджыя, ЗША)[11].

1 студзеня 2023 году ў Харватыі ўвялі эўра для наяўных разьлікаў поруч з кунай. За наступныя 2 тыдні куну мелі вывесьці з абарачэньня[12].

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць