Ян Пётар Сапега
Ян Пётар Сапега (1569, Быхаў або Магілёў — 15 кастрычніка 1611, Масква) — вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, удзельнік інтэрвэнцыі Рэчы Паспалітай у Маскоўскую дзяржаву.
Ян Пётар Сапега. З Коданскай галерэі, 1709 г. | |
Герб Ліс | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | сьнежань 1569 або 1569[1][2] |
Памёр | 15 кастрычніка 1611[3][2] |
Пахаваны | |
Род | Сапегі |
Бацькі | Павал Сапега Ганна з Хадкевічаў |
Жонка | Соф’яй Вэйгэр |
Дзеці | Андрэй Станіслаў, Ян, Сузанна Соф'я, Флярыян, Павал Ян |
Дзейнасьць | вайсковец, ваенны камандзір, палітык, дыплямат |
Валодаў Вяйсеямі ў Гарадзенскім павеце, быў старостам усьвяцкім (з 1600).
Біяграфія
рэдагавацьЗ чарэйска-ружанскай лініі магнацкага роду Сапегаў гербу Ліс, сын Паўла, кашталяна кіеўскага, і Ганны з Хадкевічаў. Навучаўся ў Віленскай акадэміі, Падуанскім унівэрсытэце.
Браў удзел у баях з крымскімі татарамі. У вайну з Швэцыяй (1600—1629) камандаваў гусарскай і казацкай харугвамі, 7 студзеня 1601 браў удзел у пераможнай бітве пад Вэндэнам, 29 чэрвеня 1601 году пад Кокенгаўзэнам, 5 сакавіка 1603 году пад Раквэрэ, 13 красавіка 1603 году ва ўзяцьці Дэрпта. У Кірхгольмскай бітве (1605 год) камандаваў правым крылом.
У часе рокашу М. Зэбжыдоўскага прывёў да караля перад бітвай пад Гузавам 6 ліпеня 1607 году гусарскую і казацкую харугвы.
У жніўні 1607 году на згоду канцлера Льва Сапегі прапанаваў Дзьмітрыю Самазванцу II сваю дапамогу ў авалоданьні маскоўскім стальцам. У ліпені 1608 году з войскам у 1720 жаўнераў перайшоў маскоўскую мяжу. 25 жніўня 1608 годзе заняў Вязьму, потым спаткаў Марыну Мнішак зь яе бацькам і прывёз іх у Тушына да Дзьмітрыя Самазванца II. 2 кастрычніка 1608 году разьбіў войска І. Шуйскага пад Рахманавам, аблажыў Троіца-Сергіеў манастыр, падпарадкаваў Замаскварэцкі край. У лютым 1610 году заняў Дзьмітраў. 1 сакавіка 1610 году пацярпеў паразу ад М. Скопіна-Шуйскага, у чэрвені 1610 году далучыўся да Дзьмітрыя Самазванца II у Калузе. 25 чэрвеня 1610 году абвяшчаўся ўласнымі жаўнерамі гетманам. У ліпені 1610 годзе рушыў на Маскву.
27 ліпеня 1610 году, калі з стальца скінулі маскоўскага гаспадара Васіля Шуйскага і ўсталявалася сямібаяршчына, прыехаў у Маскву і вёў перамовы пра перадачу ўлады Дзьмітрыю Самазванцу II (у войску Яна Пятра былі настроі абвясьціць царом свайго гетмана)[4]. У ліпені 1611 году заняў Аляксандраву Слабаду, аблажыў Пераяслаў-Залескі, 15 жніўня 1611 году штурмам узяў Белы Горад у Маскве.
У шлюбе з Соф’яй Вэйгэр меў сыноў Андрэя Станіслава, Яна, Флярыяна і Паўла Яна, а таксама дачку Сузанну Соф’ю[5].
Аўтар дыярыюша: «Dzieje Marsa krwawego i sprawy odważne, rycerskie przez Wielmożnego Pana Jego Mości Pana Jana Piotra Sapiehę starostę uświadzkiego w monarchii moskiewskiej od roku 1608 do roku 1612 sławnie odprawowane».
Памёр ад хваробы ў Крамлі. Спачыў у Лепунах (Гарадзенскі павет)[6].
Рознае
рэдагаваць- На карціне Яна Матэйкі «Казаньне Скаргі» Я. П. Сапега сядзіць каля Пятра Скаргі.
- Постаць Яна Пятра Сапегі упамінаецца ў расейскім фільме «1612: Хроники смутного времени» ў эпізодзе, дзе галоўны герой Андрэй (Пётар Кіслоў), наважваецца пайсьці служыць у войска Гетмана (Міхал Жаброўскі), і выдае сябе за гішпанскага наёмніка — Альвара (Рамун Лянга). На што Гетман адказвае: «служыў адзін гішпанец у Сапега».
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Sapieha, Jan Piotr // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ а б в г Гісторыя Сапегаў : жыццяпісы, маёнткі, фундацыі (белар.) — Мінск: Віктар Хурсік, 2017. — С. 53. — 586 с. — ISBN 978-985-7025-75-6
- ^ Jan Piotr Sapieha // Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
- ^ Грыцкевіч А. Сапегі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 548.
- ^ Sapieha E., Saeed-Kałamajska M. Dom Sapieżyński. cz. 2. — Warszawa: Wydawn. Nauk. PWN, 2008. S. 39.
- ^ Грыцкевіч А. Сапегі // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8