Дыярыюш

літаратурны жанр

Дыярыюш (па-лацінску: diarium дзёньнік) — жанр гістарычна-дакумэнтальной прозы, у якім падзеі грамадзка-палітычнага або прыватнага жыцьця пададзены ў форме храналягічнай пасьлядоўнасьці ў форме датаваных запісаў праз суб’ектыўнае ўспрыняцьце пісара.

Гісторыя

рэдагаваць

У ВКЛ дыярыюшы ствараліся з 16 ст. пераважна прадстаўнікамі шляхецкага стану, якія апісвалі падзеі асабістага жыцьця, а таксама важныя палітычныя падзеі. На станаўленьне дыярыюша як жанру дакумэнтальнае літаратуры ўплывалі летапісы і хронікі, у якіх у 16 ст. выявіліся зрухі да "алітаратурваньня" храналягічных запісаў, а таксама дзёньнікі соймаў і пасольстваў. У 2-й палове 16 ст. на зьмену традыцыйнаму летапісаньню прыйшлі разнастайныя творы ў выглядзе аглядаў, хранографаў, успамінаў, сінопсісаў, сямейных дзёньнікаў, у форме дыярыюшаў ствараліся дзелавыя і аўтабіаграфічныя запісы, журналы падарожжаў і ваенных паходаў, мастацкія творы. Яны пісаліся па сьвежых сьлядах падзей і вылучыліся павышанай увагай да асобы чалавека, яго запатрабаваньняў, імкненьняў і сацыяльнага быту. Першым у ВКЛ дыярыюшам аўтабіяграфічнага характару былі так званыя "Гістарычныя запіскі" новагародзкага падсудка Ф. М. Еўлашоўскага (канец 16 — пач. 17 ст.). "Дыярыюш" Афанасія Берасьцейскага (Філіповіча) 1-й пал. 17 — першы твор гісторіка-мэмуарнага жанру на беларускай мове, які мае адпаведны загаловак. Першымі мэмуарнымі дыярыюшамі на польскай мове ў ВКЛ былі дзёньнікі бацькі і сына С. І. Маскевіча і Б. К. Маскевіча. Дыярыюш С. Маскевіча — першы твор, які вылучаецца высокім мастацкім майстэрствам. Дыярыюшы пакінулі Я. А. Храпавіцкі, Я. Цадроўскі, Ю. Будзіла, Я. К. Сапега, С. Я. Незабытоўскі, Я. У. Пачобут-Адляніцкі, П. К. Абуховіч (17 ст.), Ф. Шырма (18 ст.) і іншыя. Штодзённыя запісы нясьвіскага ардыната М. К. Радзівіла (Рыбанькі) займаюць 8 рукапісных тамоў (цалкам не выдадзены). Форму Дыярыюшаў маюць Барклабаўскі летапіс і запіскі Б.Радзівіла ("З дыярыюша горада Слуцка"). Шмат дзёньнікавых запісаў і мэмуараў пакінулі замежныя падарожнікі і паслы, якія праязджалі праз ВКЛ: У. Кокс, І. Бэрнулі, Ж. Э. Жылібер, Г. Форстэр, Г. Гейкінг, П. Кампэнгаўзэн і іншыя. Зь сярэдзіны 18 ст. дыярыюшы ўсё больш выцясьняліся ўспамінамі, заснаванымі на рэтраспэктыўнай рэляцыі (успаміны М. Матушэвіча, С. Тучкова і іншых) У гэтай жанравай разнавіднасьці вылучаліся ўспаміны-дзёньнікі, успаміны-раманы (С.Р.Пільштын), успаміны-аўтабіяграфіі (кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі), успаміны-генэалёгіі (І. І. Ю. Храптовіч) і іншыя. Дзеяньні расейскіх войск у пэрыяд падзелаў Рэчы Паспалітай адлюстраваны ў дзёньніках расейскіх генэралаў П. М. Крачэтнікава (1767-68) і М. М. Крачэтнікава (1792), якія па зьмесьце блізкія да афіцыйных журналаў баявых дзеяньнеў. Дзёньнік капітана Маскоўскага грэнадэрскага палка Гразева паведамляе пра падзеі ў Вільні ў час паўстаньня 1794, а генэрала А. І. Безбародкі — пра знаходжаньне караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Гародні ў 1795-96.

Літаратура

рэдагаваць
  • Помнікі старадаўняй беларускай пісьменнасьці. Мн., 1975;
  • Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст. Мн., 1983.