Юры Сянько

дзяржаўны дзяяч Рэспублікі Беларусь
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Сянько.

Ю́ры Аляксе́евіч Сянько́ (нар. у 1967 годзе, в. Даўгінава, Карэліцкі раён, Гарадзенская вобласьць, цяпер Беларусь) — дзяржаўны дзяяч Рэспублікі Беларусь.

Юры Сянько
Старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі
красавік 2024 — цяперашні час
Папярэднік: Міхаіл Орда
Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы
19 лістапада 2020 — 20 лістапада 2023
Папярэднік: Мікалай Снапкоў
Наступнік: Аляксандар Чарвякоў
5-ы старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Рэспублікі Беларусь
6 лістапада 2014 — 19 лістапада 2020
Прэзыдэнт: Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар: Міхаіл Мясьніковіч, Андрэй Кабякоў, Сяргей Румас
Папярэднік: Аляксандар Шпілеўскі
Наступнік: Уладзімер Арлоўскі
Начальнік Менскай рэгіянальнай мытні
красавік 2011 — 6 лістапада 2014
Начальнік Гарадзенскай рэгіянальнай мытні
2002 — 2011
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 1967(1967)
вёска Даўгінава, Карэліцкі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларуская ССР, СССР
Бацька: Аляксей Сянько
Адукацыя: Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1992), Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь (2006)
Узнагароды:
мэдаль „65 гадоў вызваленьня Рэспублікі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў“ юбілейны мэдаль «60 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—19145 гг.» мэдаль «За бездакорную службу» I ступені юбілейны мэдаль „90 гадоў Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусі“ юбілейны мэдаль „90 гадоў на варце граніцы“

Пяты старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Рэспублікі Беларусь (2014—2020), амбасадар Беларусі ў Кітаі (2020—2023), старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ад 2024 году). Дзяржаўны дарадца мытнай службы 3-га рангу[1].

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Пры канцы 1980-х гадоў служыў у Савецкім войску ў Берасьці (Беларуская ССР). У чэрвені 1991 году стаў інспэктарам Гарадзенскай рэгіянальнай мытні. Улетку 1992 году скончыў Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт[1]. Пачынаў кар’еру мытніка на пункце пропуску «Брузгі» ў Гарадзенскім раёне, што тады дзейнічаў пад адкрытым небам і са сродкаў сувязі аснашчаўся толькі таксафонам[2]. Да 2002 году працаваў на Гарадзенскай рэгіянальнай мытні на пасадах старэйшага інспэктара, галоўнага інспэктара, начальніка аддзелу і намесьніка начальніка. У 2002—2011 гадах быў начальнікам Гарадзенскай рэгіянальнай мытні. У 2006 годзе скончыў Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь. З красавіка 2011 году да 6 лістапада 2014 году — начальнік Менскай рэгіянальнай мытні[3].

5 лістапада 2013 году Юры Сянько паведаміў пра рост міжнародных паштовых адпраўленьняў празь Менскую рэгіянальную мытню з больш як 3 млн у 2012 годзе да звыш 6 млн за няпоўны 2013 год. Сянько зьвязаў павелічэньне з ростам пакупак празь Сеціва. Ён адзначыў: «У сувязі з гэтым цяпер у некаторыя дні мы працуем да 21:00. Таксама не спыняецца праца па суботах і нядзелях. У пэрспэктыве — пераход да кругласодневага рэжыму працы. Яшчэ ў будучым мы плянуем адкрыць як мінімум 2 дадатковыя пункты міжнароднага паштовага абмену»[4]. 16 сьнежня 2013 году Юры Сянько згадаў, што афармленьне дэклярацыяў на Менскай рэгіянальнай мытні вырасла ў 1,5 разы з 800 за дзень у 2011 годзе да 1200 ў 2013-м. За 11 месяцаў 2013 году празь яе прайшло 18 млн тонаў грузаў. У выніку штодня ў дзяржаўны бюджэт Беларусі сталі зьбіраць мытаў амаль на 100 млрд рублёў ($12,262 млн). Гэтаму паспрыяла адкрыцьцё новага пункту мытнага кантролю ў вёсцы Шчытомірычы на поўдні Менскага раёну некалькімі месяцамі раней. Пры новай мытні разьмясьцілі 2 склады, гасьцініцу на 20 нумароў з 2 ложкамі ў кожным, кавярню, мыйню для грузавікоў, стаянку на 140 месцаў, пажарнае дэпо і 2 кантрольна-прапускныя пункты. Грузы непасрэдна да складоў дастаўлялі і па чыгунцы. На пляцоўцы ставала месца для 156 кантэйнэраў. Кампутарная сыстэма кантролю дастаўкі апавяшчала, якія грузавікі і зь якіх памежных пераходаў прыедуць на мытню. Іх накіроўвалі з транзытнай дэклярацыяй для дагляду, відэазапіс якога захоўвалі звыш 3 месяцаў. Ступеню размытненьня грузаў адлюстроўваў вэб-сайт «Белмытнасэрвісу»[5]. 21 лютага 2014 году начальнік Менскай рэгіянальнай мытні заявіў: «У сувязі з ростам гандлёвых зносінаў празь інтэрнэт-крамы з выкарыстаньнем пошты рэзка ўзрасла загружанасьць мытных службаў па кантролі міжнародных адпраўленьняў. … Хоць інтэрнэт-гандаль толькі за апошні год узрос на 25-30%, наша служба пасьпяхова спраўляецца з аб’ёмамі, хоць працуе ў ёй толькі 19 чалавек». Пагатоў нагрузка на «Менскую пошту», куды дастаўлялі ўсю міжнародную карэспандэнцыю, узрасла з 4,5 млн пасылак у 2012 годзе да 6,8 млн у 2013-м. Зьмест усіх паштовых адпраўленьняў зьвяралі праз рэнтген-апарат. Празь яго штодня праходзіла да 2500 пасылак агульнай вагой звыш 13 тонаў. За 2013 год выявілі 20 выпадкаў перасылкі наркотыкаў і зброі[6].

Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту

рэдагаваць

6 лістапада 2014 году А. Лукашэнка прызначыў Юрыя Сянька 5-м старшынём Дзяржаўнага мытнага камітэту Рэспублікі Беларусь[7]. 25 лютага 2016 году Сянько адкрыў у Магілёве па вуліцы Крупскай першы ў вобласьці транспартна-лягістычны цэнтар «Магілёў-Белмытнясэрвіс» для размытненьня грузаў. Цэнтар прапаноўваў халадзільныя камэры для захоўваньня грузаў, паслугі пагрузачна-разгрузачнай тэхнікі і ўпаковачнага абсталяваньня. Таксама цэнтар меў уласныя чыгуначныя пад’язныя шляхі[8]. 29 красавіка 2016 году Юры Сянько прадставіў Андрэя Кавальчука ў якасьці новага начальніка Гарадзенскай рэгіянальнай мытні. Сянько дадаў, што цягам 2 месяцаў «Гарадзенскай рэгіянальнай мытні трэба будзе вырашыць пытаньне аб далучэнні да яе некалькіх падразьдзяленьняў Ашмянскай мытні. Лідзкі і Вярэнаўскі мытныя пасты будуць кіравацца з Горадні»[9]. 30 траўня 2016 году Сянько параўнаў умовы зьнешняга гандлю ў краінах Мытнага зьвязу ЭАЭЗ пры ўзгадненьні Мытнага кодэксу: «максымальны давер суб’ектам гаспадараньня і, як сьледзтва, — пашырэньне прымяненьня інстытуту ўпаўнаважанага эканамічнага апэратара. У Беларусі сёньня іх 325, у Расеі — 130, у Казахстане — 3»[10]. 14 ліпеня 2016 году на аўтадарожным пункце пропуску «Прывалка» (Гарадзенскі раён) Юры Сянько сустрэўся з кіраўніком мытнага дэпартамэнту Мінфіну Летувы Арунасам Адамэнасам. Бакі дамовіліся, што ў пункце пропуску «Лоша — Шумск» (Віленскі раён) транспартныя сродкі ўпаўнаважаных эканамічных апэратараў будуць праходзіць толькі памежны дагляд[11].

19 верасьня 2016 году Юры Сянько паведаміў, што «ў наступныя паўтара месяца на пункце пропуску „Брузгі“ мы правядзём экспэрымэнт. Плянуем, што некаторыя дэклярацыі будуць падавацца грузавымі транспартнымі сродкамі ў электронным выглядзе. Супрацоўнік мытні ня будзе да іх нават дакранацца рукамі. Прымаць рашэньне і выдаваць дазвол на транзыт будзе кампутар. Астатнія фармальнасьці, зьвязаныя з далейшай апрацоўкай гэтай электроннай дэклярацыі, будуць праводзіць падразьдзяленьні аналізу рызык». Пастаўленую задачу аблягчаў бокс паглыбленага надгляду, што ўлучаў: 1) мэталадэтэктар, 2) камэры на гнуткіх ручках для разгляду дна з патаемнымі пустотамі, 3) лазэрны дальнамер для вызначэньня схаваных нішаў у аўтамабілі, 4) сканэр схаваных пустотаў «Ватсан». У дадатак 18 сьнежня 2015 году ў «Брузгах» запрацаваў інсцэкцыйна-надглядальны рэнтген коштам 2,5 млн эўра, які прасьвечваў грузавік за 15 хвілінаў без разгрузкі. Дагэтуль падобны надгляд займаў ад гадзіны да дня. «Брузгі» былі найбольшым пунктам пропуску ў Гарадзенскай вобласьці, які быў здольны прапусьціць за дзень звыш 1000 грузавікоў, 4000 легкавікоў і звыш 400 аўтобусаў[2]. 26 верасьня 2016 году старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту прапанаваў А. Лукашэнку зьменшыць спагненьні з прадпрыемстваў за парушэньні Мытнага кодэксу[12]. 17 кастрычніка 2016 году Юры Сянько прыняў удзел у адкрыцьці лягістычнага цэнтру «Белпошты» ў Нацыянальным аэрапорце «Менск». Агульная плошча новага будынка амаль 5-кратна пераўзыходзіла ранейшую ўстанову міжнароднага паштовага абмену, што дзейнічала ў аэрапорце з чэрвеня 2016 году. Сянько заўважыў, што гэта дазволіць наглядаць на месцы ўсе паштовыя адпраўленьні, якія паступаюць у Беларусь паветрам. Раней даводзілася адвозіць іх у сталіцу, што запавольвала дастаўку. У 2014 годзе ва ўмовах усплёску інтэрнэт-пакупак з замежных сайтаў надгляд партыі пасылак займаў да тыдня. Увядзеньне цэнтру скараціла гэты тэрмін да 2 дзён, бо той мог прымаць каля 100 000 паштовых адпраўленьняў за дзень. Пагатоў нагрузка з пачатку году вырасла з 5000 да 10 000 пасылак на дзень. Паветрам прыходзіла каля 30% міжнародных паштовых адпраўленьняў, зь якіх каля 60% складалі тавары з замежных сайтаў[13].

17 студзеня 2017 году старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту паведаміў, што «па выніках 2016 году 70% партыяў тавараў у працэдуры мытнага транзыту аформлена беларускімі мытнікамі на працягу ня больш як 10 хвілін» дзякуючы пробнаму ўкараненьню аўтаматычнага выпуску[14]. 11 жніўня 2017 году Юры Сянько паведаміў, што 1 кастрычніка Ашмянскую мытню скасуюць і ўлучаць у склад Гарадзенскай рэгіянальнай мытні. Пагатоў кіраўніцтва Ашмянскай мытні мелі перавесьці ў памежныя пункты мытнага афармленьня. У выніку шырэйшых зьмяненьняў скарачалі 20 супрацоўнікаў Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі і 100 супрацоўнікаў мытнай службы. Яшчэ 407 мытнікаў пераводзілі на тэхнічныя пасады[15]. 22 верасьня 2017 году Сянько адзначыў, што «павышэньне транзытнай прывабнасьці Беларусі і стварэньне камфортных умоваў для бізнэсу сёлета ўжо дазволілі павялічыць адлічэньні ў бюджэт амаль на 250 млн даляраў у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году». Пагатоў колькасьць перамешчаных грузаў і людзей вырасла амаль на траціну[16]. 17 лістапада 2017 году ў Менску Юры Сянько сустрэўся з намесьнікам начальніка службы даходаў Мінфіну Грузіі Вахтангам Дашкарадзэ. Бакі падпісалі міжурадавае Пагадненьне «Аб сыстэме садзейнічаньня ўзаемнаму гандлю»[17].

25 студзеня 2018 году Юры Сянько паведаміў, што за 2017 год аўтаматычна выпусьцілі 91 300 імпартных, транзытных і экспартных дэклярацыяў. У выніку ашчадзілі 2 месяцы працы найбольшага пункту пропуску «Казловічы» (Берасьцейскі раён). Таксама ў 2017 годзе на мытню паставілі інспэкцыйны рэнтген коштам звыш 5 млн эўра для надгляду тавараў на чыгунцы. Па словах Сянька, за 2017 год Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі выявіў 613 выпадкаў правозу 9600 тонаў тавараў вартасьцю $9 млн, што падпадалі пад расейскае харчовае эмбарга, якое 6 жніўня 2014 году прэзыдэнт Уладзімер Пуцін увёў Указам № 560(be) супраць дзяржаваў-удзельніцаў Эўразьвязу, АПАД і Ўкраіны. У выніку мытная служба Беларускі распачала 11 крымінальных справаў за падачу несапраўдных фітасанітарных пасьведчаньняў замежных дзяржаваў пры размытненьні гародніны і рыбы, якую везьлі ў Расею. Таксама на мытні ўзбудзілі 41 крымінальную справу за незаконнае перамяшчэньне дурманаў, што было на 17% больш чым у 2016 годзе. У выніку канфіскавалі звыш тоны дурманаў, што больш як 60-кратна перавышала паказьнік 2016 году. Пагатоў 80% наркотыкаў везьлі ў Расею. Агулам у 2017 годзе мытні Беларусі выявілі 32 000 парушэньняў Мытнага кодэксу і ўзбудзілі 209 крымінальных справаў. Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь распачаў па матэрыялах мытні 111 крымінальных справаў. З удзелам мытні выявілі яшчэ 67 злачынстваў[18]. 30 студзеня 2018 году Сянько паведаміў А. Лукашэнку, што збор мытаў у 2017 годзе параўнальна з 2016-м вырас на $412 млн[19]. 6-7 траўня 2018 году ў Абу Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) Юры Сянько прыняў удзел у 4-м паседжаньні Сумеснага камітэту па супрацы між урадамі ААЭ і Беларусі. Па выніках сустрэчы кіраўнікі мытных службаў падпісалі міжурадавае Пагадненьне «Аб супрацы і ўзаемадапамозе ў мытных справах»[20]. 29 траўня 2018 году Сянько паведаміў: «За 4 месяцы гэтага году мы сабралі на $315 млн больш у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. Рост склаў каля 15%. … За студзень — красавік 2018 году праз мытную мяжу краіны прайшлі больш за 2,6 млн аўтамабіляў і каля 40 млн тон тавараў. Сёлета каля 87% партыяў тавараў, што вывозіліся з мытнай тэрыторыі ЭАЭЗ, выпушчаныя беларускімі мытнікамі менш чым за 10 хвілін»[21].

17 ліпеня 2018 году Сянько паведаміў А. Лукашэнку, што мытні Беларусі выдаткавалі звыш 108 000 чалавека-гадзінаў на 4700 надглядаў паводле і ад часу ўвядзеньня расейскага харчовага эмбарга 6 жніўня 2014 году. У выніку ўзбудзілі 2200 адміністрацыйных і 30 крымінальных справаў за правоз 25 000 тонаў тавараў[22] на суму звыш 40,8 млн беларускіх рублёў. За 1-е паўгодзьдзе 2018 году збор мытаў у дзяржаўны скарб вырас на 33,6% да 4,6 млрд рублёў ($2,255 млрд) параўнальна 1-м паўгодзьдзем 2017 году. Юры Сянько таксама паведаміў, што 1 студзеня 2019 году мытня «Менск-2» пры нацыянальным аэрапорце ўвойдзе ў склад Менскай рэгіянальнай мытні. Лік падразьдзяленьняў на ўзроўні аддзелаў мелі скараціць з 56 да 45. У выніку прадугледжваўся перавод 59 супрацоўнікаў ва ўнутраныя пункты мытнага афармленьня і памежныя пункты пропуску для пашпартнага кантролю[23]. У кастрычніку 2018 году Юры Сянько прыняў удзел у адкрыцьці пункту мытнага афармленьня (ПМА) ў індустрыяльным парку «Вялікі камень» (Смалявіцкі раён). Новы ПМА ўлучаў стаянку на 125 грузавікоў, склад часовага захоўваньня і мытны склад, кожны зь якіх меў плошчу па 5000 кв.м. Адкрыцьцю папярэднічала падпісаньне пагадненьня з кіраўніцтвам мытнай службы Кітаю. ПМА мог размытніць прынамсі 20 000 аўтамабіляў за год[24].

2 студзеня 2019 году Юры Сянько паведаміў, што грамадзяне Беларусі «з 1 студзеня могуць бязмытна ўвозіць у ЭАЭЗ тавары для асабістага карыстаньня на суму, ня большую за 500 эўра, вага якіх не перавышае 25 кг. Да гэтага норма бязмытнага ўвозу складала 1500 эўра і 50 кг»[25]. 24 студзеня 2019 году Сянько паведаміў А. Лукашэнку, што збор мытных плацяжоў у 2018 годзе вырас амаль на траціну да 9,46 млрд рублёў ($4,637 млрд) параўнальна з 2017 годам. Пагатоў сабраныя мытнямі плацяжы ўлучалі падатак на дададзеную вартасьць, акцызы і вывазныя мыты, а таксама ўвазныя мыты на $567 млн, якія пералічылі ў бюджэт Эўразійскага эканамічнага зьвязу. Пасьля пераразьмеркаваньня між дзяржавамі ЭАЭЗ на карысьць Армэніі і Кыргыстану ў Беларусь вярнулі $77 млн (14%), што Сянько назваў «не зусім справядлівай» сытуацыяй і адзначыў, што «рашэньне пакуль ня знойдзена». Юры Сянько таксама паведаміў пра выяўленьне мытнай службай Беларусі ў 2018 годзе 130 буйных партыяў дурманаў, усе зь якіх накіроўваліся ў Расею. На загад А. Лукашэнкі 1 студзеня 2019 году Дзяржаўны пагранічны камітэт Рэспублікі Беларусь перадаў Дзяржаўнаму мытнаму камітэту тэхнічныя паўнамоцтвы на буйных пунктах пропуску «Бігосава» (Дрысенскі раён) і «Казловічы». Сянько адзначыў, што ў выніку ў «Казловічах» за першыя 20 дзён аформілі на 1000 грузавікоў больш, чым летась, што павялічыла прапускную здольнасьць на 27%[26].

19 лістапада 2020 году Сянько быў вызвалены ад пасады старшыні ДМК і прызначаны амбасадарам Беларусі ў Кітаі[27].

Пасьля 2020 году

рэдагаваць

Юры Сянько быў вызвалены ад пасады амбасадара 20 лістапада 2023 году[28]. У красавіку 2024 году ён ачоліў Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі[29].

  1. ^ а б Кіраўніцтва // Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь, 2019 г. Праверана 9 траўня 2019 г.
  2. ^ а б Ільля Крыжэвіч. Як там, на мытні // Зьвязда. — 20 верасьня 2016. — № 181 (28291). — С. 1, 4.
  3. ^ Юры Сянько // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2019 г. Праверана 9 траўня 2019 г.
  4. ^ Ганна Гарустовіч. Інтэрнэт-шопінг: чакаць будзем менш // Зьвязда : газэта. — 6 лістапада 2013. — № 210 (27575). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Ганна Гарустовіч. Стой, што вязеш?! А што па дэклярацыі // Зьвязда. — 17 сьнежня 2013. — № 237 (27602). — С. 3.
  6. ^ Анатоль Кляшчук. Пошта толькі ў рамках закону // Зьвязда. — 22 лютага 2014. — № 34 (27644). — С. 3.
  7. ^ Дзяржаўны мытны камітэт узначаліў Юры Сянько // Газэта «Зьвязда», 6 лістапада 2014 г. Праверана 9 траўня 2019 г.
  8. ^ Нэлі Зігуля. Мытня дае дабро // Зьвязда. — 26 лютага 2016. — № 37 (28147). — С. 4.
  9. ^ Сяргей Гаўрыцкі, БелТА. Гарадзенская і Ашмянская мытня будуць аптымізаваныя // Газэта «Зьвязда», 29 красавіка 2016 г. Архіўная копія ад 29 красавіка 2016 г. Праверана 8 траўня 2019 г.
  10. ^ Цытата дня // Зьвязда. — 31 траўня 2016. — № 101 (28211). — С. 1.
  11. ^ Барыс Пракопчык. «Зялёны калідор» для законапаслухмяных перавозчыкаў // Зьвязда. — 15 ліпеня 2016. — № 135 (28245). — С. 24.
  12. ^ Камфорт, хуткасьць і якасьць // Зьвязда. — 27 верасьня 2016. — № 186 (28296). — С. 2.
  13. ^ Дар’я Каско. Вам пасылка // Зьвязда. — 18 кастрычніка 2016. — № 201 (28311). — С. 3.
  14. ^ Цытата дня // Зьвязда. — 18 студзеня 2017. — № 11 (28375). — С. 1.
  15. ^ БелТА. Ашмянская мытня з 1 кастрычніка спыніць сваё існаваньне // Газэта «Зьвязда», 11 жніўня 2017 г. Архіўная копія ад 11 жніўня 2017 г. Праверана 9 траўня 2019 г.
  16. ^ Надзея Юшкевіч. Каб расла транзытная прывабнасьць // Зьвязда. — 23 верасьня 2017. — № 184 (28548). — С. 2.
  17. ^ Беларусь і Грузія падпісалі пагадненьне аб садзейнічаньні ўзаемнаму гандлю // БелТА, 17 лістапада 2017 г. Архіўная копія ад 17 лістапада 2017 г. Праверана 9 траўня 2019 г.
  18. ^ Ільля Крыжэвіч. Адкрыць дарогу для бізнэсу за 10 хвілін // Зьвязда. — 26 студзеня 2017. — № 18 (28634). — С. 4.
  19. ^ Надзея Анісовіч. Мытная служба: санкцыйныя тавары і вынікі 2017 году // Зьвязда. — 31 студзеня 2017. — № 21 (28637). — С. 2.
  20. ^ Беларусь і ААЭ плянуюць разьвіваць супрацоўніцтва ў мытнай сфэры // БелТА, 7 траўня 2018 г. Архіўная копія ад 7 траўня 2018 г. Праверана 9 траўня 2019 г.
  21. ^ Цытата дня // Зьвязда. — 30 траўня 2018. — № 101 (28717). — С. 1.
  22. ^ Уладзімер Мацьвееў. Лукашэнка: у пастаўку «санкцыёнкі» ўцягнутыя буйныя расейскія фірмы і дзялкі зь «цяжкімі пагонамі» // БелТА, 17 ліпеня 2018 г. Архіўная копія ад 17 ліпеня 2018 г. Праверана 9 траўня 2019 г.
  23. ^ Надзея Анісовіч. Як даць рады «санкцыёнцы» // Зьвязда. — 18 ліпеня 2018. — № 135 (28751). — С. 2.
  24. ^ Ільля Крыжэвіч. Паскарэньне руху на Шаўковым шляху // Беларусь : часопіс. — Кастрычнік 2018. — № 10 (1021). — С. 16-17. — ISSN 0320-7544.
  25. ^ Цытата дня // Зьвязда. — 3 студзеня 2019. — № 1 (28868). — С. 1.
  26. ^ Уладзіслаў Лукашэвіч. Мытня дае вынік // Зьвязда. — 25 студзеня 2019. — № 16 (28883). — С. 2.
  27. ^ УКАЗ ПРЕЗИДЕНТА РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ 19 ноября 2020 г. № 422 (рас.) Праверана 2024-04-08 г.
  28. ^ УКАЗ ПРЕЗИДЕНТА РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ 20 ноября 2023 г. № 365 (рас.) Праверана 2024-04-08 г.
  29. ^ Павел Абрамович (2024-04-05) В Беларуси избран новый глава Федерации профсоюзов – что о нем известно (рас.) Точка BY(be)

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць