Юльян Бакшанскі
Юлья́н Бакша́нскі, сустракаецца таксама Юліян Бакштанскі (1824, маёнтак Тупальшчына, Сьвянцанскі павет, цяпер Смаргонскі раён Гарадзенскай вобласьці — 4 красавіка 1863, вёска Сьвечкі, цяпер Маладэчанскі раён) — публіцыст, удзельнік паўстаньня 1863—1864 гадоў і яго кіраўнік на Маладэчаншчыне й Вялейшчыне.
Юльян Бакшанскі Юльян Бакшанскі | |
1824 — 4 красавіка 1863 | |
Месца нараджэньня | маёнтак Тупальшчына, Сьвянцанскі павет, цяпер Смаргонскі раён Гарадзенскай вобласьці |
---|---|
Месца сьмерці | вёска Сьвечкі, цяпер Маладэчанскі раён |
Бітвы/войны | Паўстаньне 1863—1864 гадоў |
БіяграфіяРэдагаваць
Вучыўся ў Віленскай гімназіі. За сувязь з тайнымі студэнцкімі гурткамі й хаваньне забароненых кніг у 1842 року сасланы ў Разанскую губэрню. У 1846 вярнуўся з выгнаньня й у сакавіку 1847 напісаў «Адозву да смаргонскіх сялян», у якой заклікаў аб’яднацца зь мяшчанамі й салдатамі й выступіць супраць памешчыкаў. Выказваў ідэю аб рашаючай ролі народных мас у жыцьці грамадзтва, разглядаў народнае паўстаньне як асноўны сродак вырашэньня сацыяльных і нацыянальных праблем. Арыштаваны й асуджаны на 12 гадоў катаргі, якую адбываў у Нерчынску да 1858 року[1][2].
ПаўстаньнеРэдагаваць
У 1863 вярнуўся на радзіму. Далучыўся да паўстаньня, як і Кастусь Каліноўскі, належаў да шэрагу найбольш пасьлядоўных рэвалюцыянэраў, якіх адрозна ад лібэралаў («белых») звалі «чырвонымі». Гэты кірунак вызвольнага руху прадугледжваў дэмакратычную рэспубліку, перадачу зямлі сялянам, самавызначэньне народаў былой Рэчы Паспалітай. «Белыя» ж бачылі галоўнай мэтай паўстаньня толькі аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах 1772 року.
У хуткім часе Юльян Бакшанскі арганізаваў і ўзначаліў атрад паўстанцаў, які дзейнічаў на тэрыторыі Маладэчаншчыны й Вялейшчыны. Галоўнай мэтай было стварыць баяздольную, магутную арганізацыю, прыцягнуць да барацьбы шмат сялянаў, на якіх разьлічваў Бакшанскі. Жыхары Маладэчна й Маладэчаншчыны падтрымалі Бакшанскага й бралі актыўны ўдзел у паўстаньні, аднак сілы былі ня роўныя. Расейскія ўлады на чале з Мураўёвым жорста выпростваліся з паўстанцамі й прыкладна ў траўні 1863 року паўстаньне было амаль задушана на ўсёй тэрыторыі Беларусі, толькі на Гарадзеншчыне й Заходняй Меншчыне працягвалася барацьба. Бакшанскі працягваў змагацца, але 4 красавіка 1863 року атрад трапіў у засаду да расейцаў, у выніку чаго ў бітве каля вёсак Сьвечкі й Плябань (цяпер Маладэчанскі раён) падчас раптоўнага ар’ергарднага бою з царскімі казакамі загінуў амаль увесь атрад, у тым ліку кіраўнік атраду Юльян Бакшанскі, а таксама Рафал Малішэўскі, Людвік Ямант, Леапольд Банькоўскі й 15-гадовы Ігнацы Сулістроўскі. На месцы гераічнай сьмерці паўстанцаў, у наш час каля вёскі Плябань устаноўлены крыж і помнік[3].
Пасьля паўстаньня на Маладэчаншчыне разгарнулася актыўная палітыка русіфікацыі краю. Дарэчы, менавіта на Маладэчаншчыне, у 1944 року, у 105-гадовым веку, памёр апошні ўдзельнік гэтага паўстаньня, Ігнат Абрамовіч, які пахаваны ў мястэчку Краснае пад Маладэчнам[4].
ЛітаратураРэдагаваць
- Мохнач Н. Н. Идейная борьба в Белоруссии в 30—40е годы XIX в. Мн., 1971. С. 97—102;
- Смирнов А. Ф. Революционные связи народов России и Польши. 30-60 годы XIX века. — М., 1962
- Fajnhauz D. Ruch Konspirocyjny na Litwie i Białorusi, 1846—1848. Warszawa. 1965. S. 213—237.
КрыніцыРэдагаваць
- ^ Спадчына БАКШАНСКІ Юльян.
- ^ Леанід Маракоў БАКШАНСКІ Юльян/Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991.
- ^ ПАМЯЦЬ ГЕРОЯЎ ПАЎСТАНЬНЯ 1863 РОКУ ЎШАНУЮЦЬ У МАЛАДЭЧАНСКІМ РАЁНЕ.
- ^ Арлоў У., Герасімовіч З. КРАІНА БЕЛАРУСЬ. ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ. ІЛЮСТРАВАНАЯ ГІСТОРЫЯ. — Martin, Slovakia, 2012.— 320 с, іл.