Агатон Гілер
Агатон Гілер (па-польску: Agaton Giller; 9 студзеня 1831, мястэчка Апатоў, Калішскае ваяводзтва, Царства Польскае — 17 жніўня 1887, Станіславаў) — польскі палітычны дзяяч, журналіст, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863—1864 гадоў, гісторык паўстаньня, мэмуарыст.
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў сям’і бурмістра мястэчка Апатоўка (Jana Kantego Gillera) ды Францішкі з Спадкоўскіх (Franciszki ze Szpadkowskich). Сярэднюю адукацыю атрымаў у школах Каліша, Варшавы ды Ломжы. Самавукам спасьцігаў польскую літаратуру і гісторыю. Падчас рэвалюцыйных падзей у Эўропе («Вясна народаў» 1848) спрабаваў выехаць у Вугоршчыну. Быў арыштаваны прусакамі ў Раціборы. Летам 1850 вызвалены з турмы, працаваў хатнім настаўнікам ў сем’ях багатых землеўласьнікаў Вялікай Польшчы. З 1852 у якасьці вольнага слухача наведваў заняткі ў Ягелонскім ўнівэрсытэце. Пасьля таго, як аўстрыйская паліцыя выкрыла той факт, што ён рэвалюцыянэр, які прыехаў у Аўстра-Вугоршчыну нелегальна, 10 красавіка 1853 быў выдадзены расейскай ваеннай паліцыі. Быў зьняволены ў Варшаўскай цытадэлі за «анты-расейскую дзейнасьць». Прысуджаны да катаргі ў штрафным батальёне ва Ўсходняй Сыбіры. У кайданах, пешшу 16 месяцаў дабіраўся да месца адбыцьця пакараньня. У 1858 быў вызвалены з катаргі па амністыі і быў прымушаны пасяліцца ў Іркуцку. Там заснаваў польскую школку, дзе сам выкладаў.
Падрыхтоўка паўстаньня
рэдагавацьУ кастрычніку 1860 вярнуўся ў Варшаву і ўключыўся ў палітычную барацьбу. Удзельнічаў у патрыятычных маніфэстацыях. Пасьля расправы над маніфэстантамі 8 красавіка 1861 выдаў адозву «Пасланьне да ўсіх суайчыньнікаў на землях Польшчы» (Posłanie do wszystkich rodaków na ziemi polskiej), у якой заклікаў палякаў усіх станаў да яднаньня і ўзброенага супраціву Расеі. 16 кастрычніка быў паранены падчас разьні ў катэдральным саборы Варшавы. З 1862 працуе карэспандэнтам кракаўскай газэты «Czas» у Царстве Польскім. Увайшоў у склад Цэнтральнага Нацыянальнага камітэту. У складзе камітэту займаў узважаную, цэнтрысцкую пазыцыю паміж «чырвонымі» і «белымі». Быў прыхільнікам добра падрыхтаваных і спрагназаваных шанцаў на посьпех, ваенных дзеяньняў. Заклікаў «белых» адмовіцца ад ілюзіі мірнага сканчэньня беспарадкаў, а «чырвоных» — не сьпяшацца з пачаткам паўстаньня. Быў аўтарам канцэпцыі стварэньня патаемнага польскага грамадзянства (tajnego państwa polskiego). У верасьні 1862 разам з Падлеўскім наведваў Лёндан, дзе знайшоў паразуменьне і заключыў дамову з рэдактарам газэты «Колокол» Аляксандрам Герцэнам.
Падчас паўстанньня
рэдагавацьПасьля выбуху паўстаньня 1863—1864 гадоў выйшаў са складу Цэнтральнага Нацыянальнага Камітэту, палічыўшы выбух паўстаньня заўчасным і справакаваным расейцамі. Падтрымліваў «белых», у выніку чаго ўлучыўся ў шэрагі паўстанцаў, увайшоў у склад Часовага Нацыянальнага ўраду, падтрымаў дыктатуру Мар’яна Лангевіча. Пасьля трагічнай сьмерці Стэфана Баброўскага быў самым уплывовым сябрам Нацыянальнага ўрада. Быў рэдактарам паўстанскіх пэрыядычных выданьняў Strażnica, Ruch i Wiadomości pola bitwy. З-пад ягонага пяра выйшлі Адозвы да жыхароў аўстрыйскай і прускай частак былой Рэчы Паспалітай, агентуры Часовага Нацыянальга ўраду за мяжой. Пасьля атрыманьня ананімнага сьмяротнага прысуда адышоў ад працы ў Часовым Нацыянальным урадзе.
Пасьля паўстаньня
рэдагавацьПасьля паўстаньня жыў у Саксоніі і Швэйцарыі. У 1864 быў завочна прысуджаны ў Ляйпцыгу да 4 гадоў у турме за друкаваньне падпольнай польскай газэты Ojczyzna. З 1867 пасяліўся ў Парыжы. Сузаснавальнік польскага легіёну ў Турэччыне. Ён стаў адным з заснавальнікаў Польскага Нацыянальнага музэю ў Рапэрсьвілі (Rapperswil) ў кантоне Сант-Гален. У 1880 годзе ён быў адным з заснавальнікаў Польскага Нацыянальнага Альянсу ў Злучаных Штатах Амэрыкі.
Захварэўшы ў 1887 на запаленьне лёгкіх, памёр у Станіслававе (цяпер Івана-Франкоўск). Быў пахаваны на Сапежынскіх могілках. Пасьля зьнішчэньня могілак за часамі УССР у 1981 яго прах быў перавезены ў Варшаву і перапахаваны на Старых Павонзках.
Творчая спадчына
рэдагаваць- Giller Agaton. Podróż więźnia etapami do Syberyi w roku 1854. T. 1 Lipsk 1866(недаступная спасылка) он-лайн (пол.)
- Giller Agaton. Podróż więźnia etapami do Syberyi w roku 1854. T. 2 Lipsk 1866(недаступная спасылка) он-лайн (пол.)
- Opisanie zabajkalskiej krainy. T. 1-3. Lipsk, 1867 (пол.)
- Groby polskie w Irkucku, Kraków 1864 (пол.)
- Giller Agaton. Z wygnania. T. 1 Lwów 1870(недаступная спасылка) он-лайн (пол.)
- Giller Agaton. Z wygnania. T. 2 Lwów 1870(недаступная спасылка) он-лайн (пол.)
- Historia powstania narodu polskiego. — Т.1-4 Paryż, 1867-1871 (пол.)
- Aleksander hrabia Wielopolski margrabia Gonzaga Myszkowski, Lwów 1878 (пол.)
Літаратура
рэдагаваць- Шалькевіч В. Ф. Гілер Агатон. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0 с. 529—530
- Герцен А. И. Собрание сочинений. — М,1957. — Т.11. — с.368-372
- Florkowska-Francic H. Emigracyjna działalność Agatona Gillera po powstaniu styczniowym. Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1985—227 p. (пол.)
- Stefan Kieniewicz Powstanie styczniowe,Wydanie: trzecie. — Warszawa Wydawnictwo Naukowe PWN, 2009. — 816 s. (пол.)
- Giller Agaton. In: Österreichisches Biographisches Lexikon 1815—1950 (ÖBL). Band 1. Verlag der Österreichischen Akademie der Wissenschaften, Wien 1957, S. 440.
- Halina Florkowska-Frančić: Giller, Agaton // Historischen Lexikon der Schweiz