Аляксандар Здановіч
Алякса́ндар Здано́віч (26 лютага 1805, засьценак Белькавічы Ігуменскага павету Менскай губэрні, цяпер у Пухавіцкім раёне Менскай вобласьці — 29 траўня 1868, Вільня) — беларускі і польскі гісторык, мовазнаўца, пэдагог. Бацька Ігната Здановіча.
Аляксандар Здановіч | |
Сям’я Здановічаў. Аляксандар сядзіць | |
Род дзейнасьці | гісторык, пэдагог |
---|---|
Дата нараджэньня | 26 лютага 1805 |
Месца нараджэньня | Белькавічы, Ігуменскі павет Менскай губэрні |
Дата сьмерці | 29 траўня 1868 |
Месца сьмерці | Вільня |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | пісьменьнік, гісторык, школьны настаўнік, філёляг, перакладнік |
Месца працы | |
Сябра ў | Віленская археалягічная камісія |
Дзеці | Ігнат Здановіч |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Здановіч.
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў засьценку Белькавічы Ігуменскага павету ў небагатай шляхецкай сям’і. Вучыўся ў Антопальскай парафіяльнай школе, пасьля ў базыльянскай школе пры Дабравешчанскім манастыры ў Лядах. Па сканчэньні (1825) два гады настаўнічаў прыватна, пасьля паступіў у Віленскі ўнівэрсытэт, які скончыў са званьнем кандыдата філязофіі (1831).
Выкладаў лацінскую мову і гісторыю, пасьля ўзначальваў катэдру агульнай гісторыі ў Віленскім шляхецкім інстытуце (1834—1863). Чытаў прыватныя лекцыі, а таксама выкладаў расейскую гісторыю ў Віленскай духоўнай сэмінарыі, каталіцкай сэмінарыі, у рэдакцыі газэты «Віленскі весьнік».
Дзейнасьць
рэдагавацьМаючы багаты досьвед выкладаньня розных прадметаў, падрыхтаваў падручнікі і навучальныя дапаможнікі: «Храналягічна-гістарычны нарыс сучасных дзяржаваў ад V стагодзьдзя да нашых дзён» (Вільня, 1844), «Нарыс польскай гісторыі для дзяцей» (Вільня, 1857), «Усеагульная гісторыя для школьнай моладзі» (Вільня, 1861). Пераклаў з расейскай на польскую мову падручнікі «Гісторыя сярэдніх вякоў» (Вільня, 1845), «Гісторыя Новага часу» (Вільня, 1846). Таксама падрыхтаваў і выдаў падручнікі па францускай мове, браў удзел у стварэньні слоўніку польскай мовы.
Быў сябрам Віленскай археалягічнай камісіі, уваходзіў у склад рэдакцыі газэты «Kurier Wileński». У 1863 у сувязі з удзелам у паўстаньні сына затрымліваўся і падвяргаўся допытам. 3-е выданьне ягонай кнігі «Нарыс польскай гісторыі для дзяцей», якая мела вялікі ўплыў на грамадзкую думку, было канфіскаванае і зьнішчанае.
Бібліяграфія
рэдагаваць- Rys dziejów literatury polskiej podług notat Aleksandra Zdanowicza oraz innych źródeł / opracował i do ostatnich czasów doprowadził Leonard Sowiński. — Wilno: Nakładem i drukiem Józefa Zawadzkiego, 1874—1878. — Т. 1—5.
Літаратура
рэдагаваць- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.