Эрнэст Гэмінгўэй

амэрыканскі пісьменьнік
(Перанакіравана з «Эрнэст Хэмінгуэй»)

Эрнэст Мілер Гэмінгўэй (па-ангельску: Ernest Miller Hemingway; 21 ліпеня 1899 — 2 ліпеня 1961) — амэрыканскі пісьменьнік. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры (1954). Шырокае прызнаньне Гэмінгўэй атрымаў дзякуючы сваім раманам і шматлікім апавяданьням і дзякуючы свайму жыцьцю, поўнаму прыгодаў і нечаканасьцяў. Ягоны стыль, кароткі й насычаны, значна паўплываў на літаратуру XX стагодзьдзя. Большую частку сваіх твораў Гэмінгўэй стварыў у пэрыяд зь сярэдзіны 1920-х гадоў да сярэдзіны 1950-х гадоў, і атрымаў Нобэлеўскую прэмію па літаратуры ў 1954 годзе. Ён апублікаваў сем раманаў, шэсьць зборнікаў аповядаў і два навукова-папулярныя творы. Дадатковыя працы, у тым ліку тры раманы, чатыры зборнікі аповядаў і тры навукова-папулярныя творы былі апублікаваныя пасьмяротна. Многія зь ягоных працаў лічацца клясыкай амэрыканскай літаратуры.

Эрнэст Гэмінгўэй
анг. Ernest Hemingway
Пісьменьнік на борце ўласнай яхты. Прыблізна 1950 год.
Пісьменьнік на борце ўласнай яхты. Прыблізна 1950 год.
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Эрнэст Мілер Гэмінгўэй
Нарадзіўся 21 ліпеня 1899(1899-07-21)[1][2][3][…]
Памёр 2 ліпеня 1961(1961-07-02)[1][2][3][…] (61 год)
Пахаваны
Бацькі Кларэнс Гэмінгўэй[d]
Грэйс Гол Гэмінгўэй[d]
Сужэнец Гадлі Рычардсан[d], Паўліна Пфайфэр[d], Марта Гелгарн[d] і Мэры Ўэлш Гэмінгўэй[d]
Дзеці Джэк Гэмінгўэй[d][7], Патрык Гэмінгўэй[d] і Грэгары Гэмінгўэй[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, публіцыст
Гады творчасьці 1917—1961
Кірунак мадэрнізм
Жанр проза, публіцыстыка і мэмуары[d]
Мова ангельская мова[8], француская мова і гішпанская мова
Дэбют Стары чалавек і мора
Прэміі Пуліцэраўская прэмія (1953), Нобэлеўская прэмія па літаратуры (1954)
Узнагароды
Подпіс Выява аўтографу
Творы на сайце Knihi.com

Творы Гэмэнгўэя перакладзеныя больш як на 50 моў[9].

Біяграфія

рэдагаваць

Маладыя гады

рэдагаваць
 
Сям’я Гэмінгўэяў, Эрнэст стаіць з правага боку

Эрнэст Гэмінгўэй нарадзіўся 21 ліпеня 1899 году ў прывілегіяваным прадмесьці Чыкага — мястэчку Оўк-Парк, штат Іліной, ЗША. Ягоны бацька Кларэнс Эдмант Гэмінгўэй быў лекарам, а маці Грэйс Гол прысьвяціла жыцьцё выхаваньню дзяцей. Бацька з раньняга дзяцінства спрабаваў прышчапіць да Эрнэста любоў да прыроды, марачы аб тым, што той пойдзе па ягоных сьлядох ды зоймецца мэдыцынай і прыродазнаўствам. Калі Эрні было 3 гады, Кларэнс Гэмінгўэй падараваў яму першую вуду й узяў з сабой на рыбалку. Да 8 гадоў будучы пісьменьнік ужо ведаў на памяць назвы ўсіх дрэваў, кветак, птушак, рыбаў і зьвяроў, якія насялялі Сярэдні Захад. Іншым улюбёным заняткам для Эрнэста стала літаратура. Хлопчык гадзінамі сядзеў за кнігамі, якія мог знайсьці ў хатняй бібліятэцы, асабліва яму падабаліся працы Дарвіна й гістарычная літаратура.

Місіс Гэмінгўэй марыла аб іншай будучыні для свайго сына. Яна прымушала яго сьпяваць у царкоўным хоры й граць на віялянчэлі. Праз шмат гадоў, будучы пажылым чалавекам, Эрнэст скажа:

  Мая маці цэлы год не пускала мяне ў школу, каб я вучыўся музыцы. Яна думала, што ў мяне ёсьць здольнасьці, але ў мяне не было аніякага таленту.  

Тым ня менш, супраціў гэтаму быў задушаны маці — Гэмінгўэй мусіў быў штодня займацца музыкай. У сям’і акрамя зімовага дому ў Оўк-Парку быў яшчэ катэдж «Ўіндмір» на возеры Валун. Штолета Гэмінгўэй з бацькамі, братамі й сёстрамі адпраўляўся ў гэтыя ціхія мясьціны. Для хлопчыка паездкі ў «Ўіндмір» азначалі поўную волю. Яго ніхто не прымушаў граць на віялянчэлі, і ён мог займацца сваімі справамі — сядзець на беразе з вудай, блукаць па лесе, гуляць зь дзецьмі зь індзейскага пасяленьня. У 1911 годзе, калі Эрнэсту споўнілася 12 гадоў, дзядуля падараваў яму адназарадную стрэльбу 20-га калібру. Гэты падарунак умацаваў сяброўства дзеда й унука. Хлопчык любіў слухаць апавяданьні старога й на ўсё жыцьцё захаваў пра яго добрыя ўспаміны, пазьней часта пераносячы іх у свае творы.

Паляваньне стала для Эрнэста галоўным запалам. Кларэнс навучыў сына ладзіць са зброяй і высочваць зьвера. Аднаму зь першых сваіх апавяданьняў аб Ніцы Адамз, сваім альтэр эга, Гэмінгўэй прысьвеціць менавіта паляваньні й постаці бацькі. Ягоную асобу, жыцьцё й трагічны канец — Кларэнс скончыць жыцьцё самагубствам — будуць заўсёды хваляваць пісьменьніка. Будучы ад прыроды здаровым і моцным хлопцам, Гэмінгўэй актыўна займаўся боксам ды футболам. Эрнэст пазьней казаў:

  Бокс навучыў мяне ніколі не заставацца ляжаць, заўсёды быць гатовым ізноў атакаваць… хутка і жорстка, падобна быку.  

У школьныя гады Гэмінгўэй дэбютаваў у якасьці пісьменьніка ў невялікім школьным часопісе «Скрыжаль». Спачатку быў надрукаваны «Суд Маніту» — сачыненьне з паўночнай экзотыкай, крывёю й індзейскім фальклёрам. А ў наступным нумары новае апавяданьне «Уся справа ў колеры скуры» — пра закулісны й брудны камэрцыйны бок боксу. У гэты час Гэмінгўэй ужо цьвёрда для сябе вырашыў, што будзе пісьменьнікам.

Пасьля выпуску са школы ён вырашыў не паступаць ва ўнівэрсытэт, як гэтага патрабавалі бацькі, а пераехаў у Канзас-Сіці, дзе ва ўзросьце 17 гадоў уладкаваўся працаваць у мясцовую газэту «Star». Тут ён адказваў за невялікі раён гораду, у які ўваходзілі галоўная лякарня, вакзал і паліцэйскі ўчастак. Малады рэпартэр выяжджаў на ўсе здарэньні, знаёміўся з прытонамі, сутыкаўся з прастытуткамі, наёмнымі забойцамі й ашуканцамі, бываў на пажарах і ў вязьніцах. Эрнэст назіраў, запамінаў, стараўся зразумець матывы чалавечых учынкаў, улаўліваў манэру гутарак, жэсты й пахі. Усё гэта адкладалася ў ягонай памяці, каб потым стаць сюжэтамі, дэталямі й дыялёгамі ягоных будучых апавяданьняў. Тут сфармаваўся ягоны літаратурны стыль і звычка быць заўсёды ў цэнтры падзеяў. Рэдактары газэты навучылі яго дакладнасьці й яснасьці мовы й імкнуліся спыніць любое шматслоўе і стылістычныя нядбайнасьці.

Першая сусьветная вайна

рэдагаваць
 
Мілян, 1918, Гэмінгўэй у вайсковай форме.

Пасьля таго, як ЗША ўступілі ў Першую сусьветную вайну, напачатку 1918 году Гэмінгўэй адгукнуўся на заклік Чырвонага Крыжа ў Канзас-Сіці ды паехаў у Італію кіроўцам машыны хуткай дапамогі[10]. У траўні ён пакінуў Нью-Ёрк, і калі прыехаў у Парыж, яго бамбавала нямецкая артылерыя[11]. У чэрвені яго накіравалі на Італьянскі фронт. Верагодна, менавіта ў гэты час ён сустрэў Джона Дос Пасаса.

8 ліпеня 1918 году на вайне Гэмінгўэй, ратуючы параненага італьянскага снайпэра, патрапіў пад агонь аўстрыйскіх кулямётаў і мінамётаў, але застаўся жывы. У шпіталі зь яго вынялі 26 аскепкаў, пры гэтым на целе Эрнэста было больш за дзьвесьце ранаў. Неўзабаве яго перавезьлі ў Мілян, дзе прастрэленае калена лекары замянілі алюмініевым пратэзам. 21 студзеня 1919 году Эрнэст вярнуўся ў ЗША героем — аб ім пісалі ўсе цэнтральныя газэты як аб першым амэрыканцы, параненым на італьянскім фронце. А кароль Італіі ўзнагародзіў яго срэбным мэдалём «За доблесьць» і «Ваенным крыжам». Пасьля вяртаньня з Эўропы Гэмінгўэй працаваў рэпартэрам канадзкіх і амэрыканскіх газэт[12].

Сталыя гады

рэдагаваць
 
Эрнэст Гэмінгўэй у 1923 годзе падчас жыцьця ў Парыжы

Першы сапраўдны пісьменьніцкі посьпех прыйшоў да Эрнэста Гэмінгўэя ў 1926 годзе пасьля выхаду ў сьвет «І ўзыходзіць сонца» (па-ангельску: The Sun Also Rises) — пэсымістычнага, але ў той жа час бліскучага раману пра «страчанае пакаленьне» маладых людзей, якія жылі ў Францыі і Гішпаніі ў 1920-х гадох. У 1927 годзе выйшаў зборнік апавяданьняў Эрнэста Гэмінгўэя «Мужчыны без кабетаў», а ў 1933 годзе — «Пераможца не атрымлівае нічога». Яны канчаткова зацьвердзілі Гэмінгўэя ў вачах чытачоў як унікальнага аўтара кароткіх апавяданьняў. Сярод іх асабліва вядомыя «Забойцы», «Нядоўгае шчасьце Фрэнсіса Макомбэра» і «Сьнягі Кіліманджара». І ўсё ж большасьці Гэмінгўэй памятны раманам «Бывай, зброя!» (1929) — гісторыяй няшчаснага каханьня амэрыканскага добраахвотніка і ангельскай мэдсястры, якая разьвівалася на фоне бітваў Першае сусьветнае вайны. Кніга мела ў Амэрыцы небывалы посьпех — продажам не перашкодзіў нават эканамічны крызіс. За пэрыяд, які доўжыўся больш за дзесяць гадоў, Гэмінгўэй наведаў Флорыду, Афрыку, пабываў на Другой сусьветнай вайне.

 
Дом Гэмінгўэя ў Флорыдзе

У 1949 годзе пісьменьнік пераехаў на Кубу, дзе аднавіў літаратурную дзейнасьць. Там была напісаная аповесьць «Стары чалавек і мора» (1952). Кніга сьведчыць аб гераічным і асуджаным супрацьстаяньні сілам прыроды, пра чалавека, які самотны ў сьвеце, дзе яму застаецца разьлічваць толькі на ўласную ўпартасьць, сутыкаючыся з адвечнай несправядлівасьцю лёсу. У 1953 годзе Эрнэст Гэмінгўэй атрымаў Пуліцэраўскую прэмію за аповесьць «Стары чалавек і мора». Гэты твор паўплываў гэтаксама на прысуджэньне Гэмінгўэю Нобэлеўскае прэміі па літаратуры ў 1954 годзе. У 1956 годзе Гэмінгўэй пачынае працу над аўтабіяграфічнай кнігай аб Парыжы 1920-х гадоў — «Сьвята, якое заўсёды з табой», якая выйдзе толькі пасьля сьмерці пісьменьніка. Ён працягваў падарожнічаць і ў 1953 годзе ў Афрыцы трапіў у сур’ёзную авіякатастрофу. У 1960 годзе Гэмінгўэй пакінуў востраў і вярнуўся ў ЗША.

Старасьць

рэдагаваць

Гэмінгўэй пакутаваў ад шэрагу сур’ёзных фізычных захворваньняў, у тым ліку ад гіпэртаніі і дыябэту, аднак для «лекаваньня» быў зьмешчаны ў псыхіятрычную клініку Маё, дзе псыхіятар ігнараваў гэтыя відавочныя фактары і займаўся толькі «псыхічнымі засмучэньнямі». Ён пагрузіўся ў глыбокую дэпрэсію і параною з нагоды сачэньня. Яму здавалася што за ім усюды ідуць агенты ФБР, і што паўсюль расстаўленыя жучкі, тэлефоны праслухоўваюцца, пошта прачытваецца, банкаўскі рахунак стала правяраецца. Ён мог прыняць выпадковых людзей за агентаў.

Гэмінгўэя спрабавалі лячыць па законах псыхіятрыі таго часу. У якасьці лячэньня ўжывалася электрасутаргная тэрапія. Пасьля 20 сэансаў Эрнэст Гэмінгўэй страціў памяць і здольнасьць фармуляваць думкі пісьмова: калі спатрэбілася, ён ня змог напісаць нават некалькіх словаў афіцыйнага прывітаньня. Падчас лячэньня ён тэлефанаваў свайму сябру з тэлефона ў калідоры клінікі, каб паведаміць, што жучкі расстаўленыя і ў клініцы. Спробы лячыць яго аналягічным чынам былі паўтораныя й пазьней. Аднак гэта не давала аніякіх вынікаў. Ён ня мог працаваць, знаходзіўся ў дэпрэсіі й параноі, і ўсё часьцей пагаворваў пра самагубства. Былі й спробы (напрыклад, нечаканы рывок у бок прапелера летака і г. д.), ад якіх атрымоўвалася яго зьберагчы.

2 ліпеня 1961 году ў сваім доме ў Кетчуме, празь некалькі дзён пасьля выпіскі з псыхіятрычнае клінікі Маё, Гэмінгўэй застрэліўся зь любімае стрэльбы, не пакінуўшы перадсьмяротнае запіскі. Некалькі дзесяцігодзьдзяў пасьля ў ФБР быў зроблены афіцыйны запыт аб справе пісьменьніка, на што прыйшоў адказ: сачэньне і праслухоўваньне мелі месца, у тым ліку ў той псыхалякарні, бо ўладам падалася падазронай ягоная актыўнасьць на Кубе.

  • Тры апавяданьні і дзесяць паэм (1923)
  • Ды ўсходзіць сонца (The Sun Also Rises, таксама Фіэста, 1926)
  • Узгоркі нібы белыя сланы (Hills Like White Elephants,1927)
  • Бывай, зброя! (A Farewell to Arms, 1929)
  • Сьмерць апоўдні (Death in the Afternoon, 1932)
  • Зялёныя ўзгоркі Афрыкі (The Green Hills of Africa, 1935)
  • Сьнягі Кіліманджара (The Snows of Kilimanjaro, 1936)
  • Мець і ня мець (To Have and To Have Not, 1937)
  • Першыя 49 апавяданьняў (The First Fourty-Nine Stories,1938)
  • Па кім званіць звон (For Whom the Bell Tolls, 1940)
  • Пятая калёна (The Fifth Column, 1938) — апавяданьні
  • За ракою, сярод дрэваў (Across the River and Into the Trees, 1950)
  • Стары чалавек і мора (The Old Man and the sea., 1952)
  • Рухомае сьвята або Сьвята, якое заўсёды з табою (A Moveable Feast, 1964)
  • Подпіс: Эрнэст Гэмігўэй. Артыкулы і рэпартажы 1920—1956 (By-line Ernest Hemingway — selected articles and dispathes of four decades,1967)
  • Выспы на Гальфстрыме (Islands in the Stream, 1970)
  • Апавяданьні Ніка Адамза (1972)
  • Небясьпечнае лета (The Dangerous Summer, 1985)
  • Райскі сад (The Garden of Eden, 1986)
  • Праўда досьвіткам (True at First Light, 1999)

Беларускія пераклады

рэдагаваць

На беларускую мову творы Гэмінгуэя пераклалі Аляксей Арцёмаў, Алесь Асташонак, Анатоль Бутэвіч (Максім Валошка), Віталь Воранаў, Віктар Гардзей, Юрка Гаўрук, Алесь Квіткевіч, Павал Марціновіч, Яўген Міклашэўскі і Вадзім Небышынец.

  • Бывай, зброя / Пер. з англ. А. Бутэвіча. — Мн., 1996;
  • Вельмі кароткае апавяданне / Пер. з англ. В. Воранава // «Далягляды», 3 мая 2010;
  • Забойцы: Апавяданне / Пер. з англ. А. Асташонка // Крыніца № 11-12, 1992. — С. 46-49;
  • Індзейскі пасёлак: Апавяданне / Пер. з англ. А. Асташонка // Крыніца № 9 (3), 1994. — С. 97-98;
  • І ўзыходзіць сонца (Фэст): Раман / Пер. з англ. Ю. Гаўрука. — Мн.: Маст. літ., 1976;
  • Па кім звоніць звон: Раман / Пер. з англ. В. Небышынца. — Мн.: Маст. літ., 1991;
  • Стары і мора / Пер. з англ. В. Небышынца;
  • Стары чалавек і мора / Пер. з англ. П. Марціновіча.
  • Віно Ваямінгу (пераклад Алеся Квіткевіча)
  • Дзесяць індзейцаў (пераклад Аляксея Арцёмава)
  1. ^ а б Young P. Ernest Hemingway // Encyclopædia Britannica (анг.)
  2. ^ а б Ernest Hemingway // Internet Broadway Database (анг.) — 2000.
  3. ^ а б Ernest Hemingway // Nationalencyklopedin (шв.) — 1999.
  4. ^ https://www.hemingwaybirthplace.com/
  5. ^ https://www.ocregister.com/2015/08/12/ernest-hemingways-idaho-house-listed-on-national-register-of-historic-places/
  6. ^ https://www.forbes.com/sites/jimclash/2016/09/02/homage-visit-to-ernest-hemingways-idaho-grave-unsettles/
  7. ^ Record #97006051 // Virtual International Authority File (мн.)[Dublin, Ohio]: OCLC, 2003.
  8. ^ Hemingway, Ernest, 1899-1961 // CONOR.SI
  9. ^ How many languages was Hemingway's book translated? (анг.) Answers
  10. ^ Mellow, James. (1992). Hemingway: A Life Without Consequences. Boston: Houghton Mifflin. ISBN 978-0-395-37777-2, сс. 48-49
  11. ^ Meyers, Jeffrey. (1985). Hemingway: A Biography. New York: Macmillan. ISBN 978-0-333-42126-0, сс. 27—31
  12. ^ Ernest Hamingway - Biographical Nobelprize.org. Nobel Medi AB 2014. Праверана 6 Dec 2015 г.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць