Яўген Міклашэўскі (нарадзіўся 9 жніўня 1936, в. Лыскі, цяпер Беластоцкі павет Падляскага ваяводзтва, Польшча; псэўданім Яўген Верабей) — беларускі паэт і перакладнік.

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1946 годзе пераехаў з бацькамі ў в. Кміты (цяпер Нясьвіскі раён). У 1953 г. паступіў у Нясьвіскую пэдагагічную вучэльню імя Якуба Коласа, дзе правучыўся 3 гады. Апошні курс заканчваў у Пінскай пэдагагічнай вучэльні (1957).

Працаваў загаднікам Вяліка-Вулькаўскай і Чарнеевіцкай пачатковых школаў Пінскага раёну. Вучыўся ў Менскім пэдагагічным інстытуце замежных моваў (1962—1965). Працаваў загаднікам аддзелу часопісу «Родная прырода» (1972—1978), старшым рэдактарам аддзелу прозы часопісу «Маладосьць» (1978—1981), літкансультантам СП БССР (1981—1988).

Сябра СП СССР (з 1980). Жыве ў Менску.

Творчасьць рэдагаваць

Дэбютаваў у друку ў 1959 г. (часопіс «Полымя»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Сьвежасьць» (1968), «Ганна з Пухавіч» (гумар, 1976), «Сьвітальны водбліск» (1981, усе тры пад псэўданімам Яўген Верабей), «У спрадвечным руху» (1985), «Зара-заранка, зара-вячэрніца» (1989). У часопісе «Маладосьць» апублікаваў аповесьці «Чатыры дарогі» (1979) і «Мёртвая крыніца» (1989). У выдавецтве «Мастацкая літаратура» выдаў раман-дасьледаваньне «Каханьне і сьмерць, або Лёс Максіма Багдановіча» (1994).

Перакладае паэзію і прозу з ангельскай і славянскіх моваў. Пераклаў творы Д. Уолеса, Э. Гэмінгўэя, М. Пехаля, М. Лермантава, С. Ясеніна, А. Кальцова, Р. Кіплінга, Э. Колдўэла, А. Наваі, Машраба, лібрэта У. Вольскага опэры С. Манюшкі «Галька».

Ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа.

Літаратура рэдагаваць

  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
  • Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.
  • Чыгрын С. У спрадвечным руху літаратуры // Ніва № 37. 2006, 10 верасьня С. 8.