Уладзімер Дубоўка
Уладзі́мер Мікала́евіч Дубо́ўка (15 ліпеня 1901, в. Агароднікі, Вілейскі павет, Віленская губэрня (цяпер Пастаўскі раён, Віцебская вобласьць) — 20 сакавіка 1976, Масква) — беларускі паэт, празаік, мовазнавец, перакладнік, літаратурны крытык.
Уладзімер Дубоўка лац. Uładzimier Duboŭka | |
Уладзімер Дубоўка, 1920-я | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Псэўданімы | Ганна Аршыца; У.Гайдукевіч; У.Гайдуковіч; Ул.Гайдуковіч; Уладзімір Гайдуковіч; Б-сь Дубоўка; Бладысь Дубоўка; Уладзік Павадыр; Тупяец; В.Туянец; У.Д-ка; У.Д-на |
Нарадзіўся | 2 (15) ліпеня 1901 в. Агароднікі, Вілейскі павет, Віленская губэрня (цяпер Пастаўскі раён, Віцебская вобласьць) |
Памёр | 20 сакавіка 1976 (74 гады) Масква |
Пахаваны | |
Жонка | Марыя Пятроўна Кляўс |
Дзеці | Альгерд Дубоўка (1928—1941) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, празаік, мовазнавец, перакладнік, крытык |
Гады творчасьці | 1) 1921—1930; 2) 1958—1976 |
Мова | беларуская мова |
Дэбют | «Сонца Беларусі» // Савецкая Беларусь, 28 траўня 1921 |
Прэміі | Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы (1962) |
Подпіс | |
Творы на сайце Knihi.com | |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Дубоўка.
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў сям’і рабочага. У 1905—1912 вучыўся ў Манькавіцкай пачатковай школе. У 1912 паступіў у Мядзельскую вучэльню. У кастрычніку 1914 паступіў у Нова-Вялейскую настаўніцкую сэмінарыю, якая ў сувязі з вайной была пераведзеная ў Невель. У лютым 1918 завяршыў сэмінарскую вучобу і пераехаў у Маскву, куды яшчэ ў 1915 перабралася яго сям’я. Па заканчэньні ў 1918 годзе Нова-Вялейскай настаўніцкай сэмінарыі У. Дубоўка быў прыняты студэнтам гісторыка-філялягічнага факультэта Маскоўскага ўнівэрсытэту, але пасьля двух месяцаў вучобы быў вымушаны, каб дапамагчы бацькам, паехаць працаваць настаўнікам на Тульшчыну.
У 1920 праходзіў службу ў асобнай тэлеграфна-будаўнічай роце Чырвонай Арміі. У 1921 па дэмабілізацыі працуе ў Народным камісарыяце асьветы РСФСР мэтадыстам і інструктарам беларускіх школ і вучыцца ў Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце імя В. Брусава. У 1920-я г. — адзін зь вядучых беларускіх паэтаў незалежніцкай арыентацыі. У 1922—1925 рэдактар беларускага выданьня «Весьніка ЦВК, СНК і СПА Саюза ССР», адначасова адказны сакратар прадстаўніцтва БССР пры Ўрадзе СССР. Быў асабіста знаёмы з У. Маякоўскім і С. Ясеніным, сумесна ўдзельнічаў зь імі на асобных літаратурных сустрэчах і прыёмах[1].
У 1924 упершыню наведвае Менск, затым едзе ў Харкаў, дзе знаёміцца з украінскім паэтам Ул. Сасюрам і інш. Таксама працуе рэдактарам літаратурнай старонкі на беларускай мове ў газэце «Гудок». У 1926—1930 рэдактар «Збору законаў і загадаў Рабоча-Сялянскага ўраду Саюза ССР». Нягледзячы на тое, што пастаянна жыў у Маскве, браў актыўны ўдзел у беларускім літаратурным руху — сябар літаратурных аб’яднаньняў «Маладняк», «Узвышша». Першы рэдактар часопіса «Беларускі піянэр». Каб пазьбегнуць цэнзуры, некаторыя вершы друкаваў у заходнебеларускім часопісе «Беларуская культура»
У 1927 ажаніўся з Марыяй Пятроўнай Кляўс. У наступным годзе нарадзіўся сын Альгерд.
За верш «За ўсе краі, за ўсе народы сьвету» 20 ліпеня 1930 арыштаваны АДПУ СССР у Крамлі па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». У 1931 знаходзіцца ў зьняволеньні ў менскай турме; 10 красавіка асуджаны на пяць гадоў высылкі ў Яранск, куды прыяжджае з малалетнім Альгердам і Марыя Пятроўна. Працуе ў Яранскім раённым спажывецкім саюзе на пасадзе сакратара. Прымусова пераяжджае ў вёску Шэшурга, а пазьней — у Чабаксары.
У ліпені 1935 тэрмін высылкі падоўжаны на 2 гады. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Уладзімера Дубоўкі прадугледжвалася «спальваць»[2]. У 1937 годзе паўторна арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі, пасьля чаго жонка з сынам вяртаецца ў Маскву, а потым — у Талдом, дзе працуе рахункаводам. Тут у 1941 гіне транаццацігадовы сын Альгерд. Пакараньне адбываў у Кіраўскай вобласьці, Чувашыі, на Далёкім Усходзе. У зьняволеньні літаратурнай працай не займаўся.
У 1947 па заканчэньні тэрміну зьняволеньня паэт апынаецца ў г. Зугдзідзі (Грузія), дзе працуе рахункаводам у канторы чайнага саўгаса Наразені. Туды ж пераяжджае і Марыя Пятроўна. 16 лютага 1949 арыштоўваецца ў трэці раз. Асобай нарадай МДБ СССР у красавіку 1949 асуджаны на 25 гадоў зьняволеньня. Адбывае пакараньне спачатку ў тбіліскай турме, потым этапаваны ў Краснаярскі край. Працуе сталяром у Почэце Абанскага раёну.
Канчаткова рэабілітаваны 15 лістапада 1957. Сябар Саюзу пісьменьнікаў БССР з 1958. У 1959 наведаў Кіеў і падарожнічае па Палесьсі. Ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962) за кнігу паэзіі «Палеская рапсодыя».
Памёр 20 сакавіка 1976 у Маскве.
Творчасьць
рэдагавацьПаэзія
рэдагавацьПаэтычная творчасьць Уладзімера Дубоўкі падзяляецца на два пэрыяды: 1921—1930 гг. і 1958—1976 гг., зь якіх першы быў асабліва плённым[3]. На фармаваньне напрамкаў мастацкага пошуку У. Дубоўкі моцна паўплывалі клясыкі беларускай літаратуры Янка Купала, Якуб Колас і Максім Багдановіч.
Творчасьць паэта 1920-х гг. вылучаецца навізной і арыгінальнасьцю выкарыстаньня паэтычных сродкаў выразнасьці і прыёмаў вэрсыфікацыі[4]. Пачаткам літаратурнай творчасьці лічыцца 1921 год, калі ў газэце «Савецкая Беларусь» быў надрукаваны яго верш «Сонца Беларусі». У хуткім часе выходзяць зборнікі «Строма» (1923), «Там, дзе кіпарысы» (1925), «Трысьцё» (1925), «Credo» (1926) і «Наля» (1927), галоўнаю тэмаю якіх становіцца ідэя адраджэньня краіны, заклік да высакароднай чыннасьці дзеля краю і народа[4].
У пэрыяд знаходжаньня паэта ў Маскве быў напісаны паэмавы трыпціх — «Кругі» (1927), «І пурпуровых ветразей узьвівы…» (1929) і «Штурмуйце будучыні аванпосты!» (1929, выйшла ў 1965). У паэмах ставіцца праблема захаваньня духоўнай спадчыны народа — скарбу, назапашанага на працягу доўгіх стагодзьдзяў. У апошняй паэме У. Дубоўка выступіў супраць гвалотоўнай калектывізацы, адстойваў права свабоднага выбару пры арганізацыі новых формаў гаспадараньня[4].
У 1930 Уладзімер Дубоўка быў арыштаваны і абвінавачаны па справе «Саюза вызваленьня Беларусі». Непасрэднай прычынай арышту стала публікацыя верша «За ўсе краі, за ўсе народы сьвету…», надрукаванага ў часопісе «Беларуская культура» (№ 1, 1927, Вільня) пад псэўданімам Янка Крывічанін. Гэтым псэўданімам паэт больш не карыстаўся[5]. На гэтым этапе жыцьця закачваецца першы пэрыяд у творчасьці Ўладзімера Дубоўкі.
У сваіх паэтычных творах, як прадстаўнік маладой плеяды творцаў, Уладзімер Дубоўка імкнуўся спасьцігнуць духоўны сэнс рэвалюцыі і зьменаў, якія адбываліся ў жыцці. Як адзначае В. Максімовіч, мастацкая канва твораў паэта, якая трымаецца на ўмоўна-асацыятыўнай вобразнасьці моцна заземленая, урэчаісьненая і служыць выяўленьню канкрэтна-гістарычнай праблематыкі[6].
Мовазнаўства і моўны ўнёсак
рэдагавацьУладзімер Дубоўка зрабіў значны ўнёсак у разьвіцьцё лексычнага строю беларускай літаратурнай мовы, папаўненьне яе слоўнікавага складу абстрактнай і навуковай лексыкай[3]. Як сьведчыць А. Каўрус, дасьледнік мовы У. Дубоўкі, паасобныя словы і фразэалягізмы, ужытыя пісьменьнікам, перадаюць калярыт родных яму гаворак Пастаўшчыны і Мядзельшчыны: «адляйцаць», «ажыргаць», «астрыжонак», «брыж», «буталь», «водзыўкі», «зблоціць», «калюжа», «лактаць», «нажутка», «пагурачак», «разыгранка» і інш[7]. Паэту належыць вялікая роля ў замацаваньні наступных словаў у літаратурным ужытку: «агораць», «апантаны», «ашчаперыць», «водар», «дойлід», «збочыць», «зьнічка», «імклівасьць», «наканаваны», «нелюдзь», «непрыдатны», «талака», «удубальт» і інш[3]. У прыватнасьці, Уладзімер Дубоўка прапанаваў замяніць іншамоўнае слова «дыфтонг» беларускім «згук»[8].
Творы паэта зьвяртаюць на сябе ўвагу выкарыстаньнем новых словаў, нязвычных зваротаў, якія сустракаюцца амаль у кожным паэтычным творы 1920-х: «дэсань», «кунежыць», «сэймаваць», «сэймікаваць», «сквіл», «многакраць», «замета», «чмары», «гэрцы», «скелз», «валотны», «соўкаць», «стацьцё», «сухазлоты», «памжа», «вілаводны», «віратлівы», «цьвятлівіць», «заістужыць», «распарасонся», «бесхацінцы», «дзеньдзівер», «скогат», «сукрыстасць» і інш[9].
У канцы 1920-х—1930-х гадох Уладзімер Дубоўка ў часопісе «Узвышша» і іншых выданьнях надрукаваў шэраг артыкулаў па пытаньнях разьвіцьця беларускай мовы. У сваіх мовазнаўчых артыкулах ён прапаноўваў свой праект вырашэньня асноўных пытаньняў графікі і правапісу, пастаўленых на Акадэмічнай канфэрэнцыі 1926 году, у працы якой ён удзельнічаў[10]. У артыкулах Уладзімер Дубоўка глыбока разважаў пра ўжываньне альфабэту ў розных краінах і культурных асяродках. Прасачыў і гісторыю выкарыстаньня розных графічных сыстэмаў у беларускім кнігапісаньні — глаголіцы, кірыліцы, грамадзянкі — ён прыйшоў да высновы, што «Сучасная наша кірыліца непапраўна лепш прыстасавана да нашае фонэтыкі, чымся польска-чэскі альфабэт»[11].
У 1928 годзе У. Дубоўка ў часопісе «Узвышша» апублікаваў уласны праект для літараў «дз» і «дж», які з № 5 пачаў друкаваць зь імі асобныя матэрыялы, а з № 2 за 1929 год згодна з пастановаю агульнага сходу ад 14 лютага 1929 году, ужо ўвесь часопіс друкаваўся з новымі літарамі[12]. Зрэшты, гэтае новаўвядзеньне пазьней не атрымала заканадаўчага афармленьня.
Таксама У. Дубоўка прапаноўваў замяніць створанае М. Карамзіным «ё» на «ö» (öн, лöн, Лöндан);[13] увесьці на ўзор украінскае графікі «ї» для перадачы спалучэньня «йі» (їкаўка, їм, паїла)[14].
Ацэнкі
рэдагавацьТворчы патэнцыял Уладзімера Дубоўка атрымаў шырокі розгалас сярод ягоных сучасьнікаў яшчэ ў 1920-я гады. Максім Гарэцкі адзначаў: «Першае месца ў беларускай паэзіі пасьлякастрычніцкага пэрыяду заняў Дубоўка — па сіле пачуцьця, глыбіні думкі і мастацкай дасканаласьці формы ў лірычных вершах і невялікіх паэмах»[15]. Язэп Пушча сьцьвярджаў, што творы Дубоўкі «гэта ўзвышша сучаснага беларускага мастацкага слова і паэзіі», яго вершы захапляюць «клясычнасьцю свайго мастацкага ўбору, што мала ў каго знаходзім з сучасных паэтаў ня толькі Беларусі, але і Расеі і Ўкраіны»[15]. Уладзімер Жылка зьвяртаў увагу на вобразны талент паэта: «Ён умее, як з мармуру, высячы свой непаўторны вобраз».
У 1960-я гады ўкраінскі празаік Іван Сенчанка называў паэта «геніем беларускай зямлі». У сваю чаргу, украінскі паэт Уладзімер Сасюра казаў, што Дубоўка «вялікі паэт Беларусі і ня толькі Беларусі»[16].
Бібліяграфія
рэдагаваць- Зборнікі вершаў
- «Строма» (Вільня, 1923)
- Ант. Навіна. Бібліяграфія. «Строма» — Уладзімер Дубоўка. / рэдактар-выдавец А. Амельяновіч, рэдактар Л. Родзевіч // Наша будучына : газэта. — Вільня : «Друк», 14 лютага 1923. — № 5. — С. 5.
- «Там, дзе кіпарысы» (1925)
- «Трысьцё» (1925)
- «Сгеdо» (1926)
- «Наля» (Масква, 1927)
- «Палеская рапсодыя» (1961)
- «Вершы» (1970)
- Паэмы
- «На чужыне», «Лятуценьні», «Адраджэнцам» / рэдактар-выдавец А. Амельяновіч, рэдактар Л. Родзевіч // Наша будучына : газэта. — Вільня : «Друк», 16 сьнежня 1922. — № 2. — С. 2, 3.
- У. Дубоўка. Дзяўчына. Лягенда. // Новае жыцьцё : газэта. — 1923, 14 траўня. — № 12. — С. 2.
- «Кругі» (1927)
- «І пурпуровых ветразей узьвівы» (1929)
- «Штурмуйце будучыні аванпосты!» (1929)
- Казкі
- «Цудоўная знаходка» (1960)
- «Кветкі — сонцавы дзеткі» (1963)
- «Казкі» (1968)
- «Залатыя зярняты» (1975)
- «Як сінячок да сонца лётаў» (1961)
- «Дзівосныя прыгоды» (1963)
- «Мілавіца» (1964)
- Анталёгіі
- «Выбраныя творы» ў 2 тамах (1959, 1965).
- Аповесьці для дзяцей
- «Жоўтая акацыя» (1967)
- «Ганна Алелька» (1969)
- «Як Алік у тайзе заблудзіўся» (1974)
- Драматызаваныя апавяданьні
- Sálus pópuli… Драматызаванае апавяданьне (Пра сустрэчы Т. Г. Шаўчэнкі зь беларусамі). Падрыхтоўка да друку і публікацыя Г. Юрчанкі. Пасьляслоўе В. Рагойша. / Сяргей Законьнікаў // Полымя : часопіс. — Менск: 1994. — № 5. — С. 96—130.
- Апавяданьні-ўспаміны
- «Пялёсткі» (1973)
- Пераклады
- Ўільям Шэксьпір («Санэты», 1964)
- Джордж Байран (паэмы «Шыльёнскі вязень», «Бронзавы век», містэрыя «Каін» у зборніку «Выбранае», 1963)
- вершы В. Брусава, А. Пракоф’ева, П. Тычыны, Ю. Яноніса, С. Шырвані, М. Ардубады, К. Каладзе, Е. Чарэнца, У. Бранеўскага, Ю. Славацкага, У. Сыракомлі, Ду Фу і інш.
- Зборы твораў
- Збор твораў: у 2 т. / укладаньне Дзьмітра Давідоўскага, прадмова Ірыны Багдановіч. — Менск: Лімарыус, 2017. — Т. 1. Вершы. Паэмы. Пераклады.(Вершы (1922―1975) ; Паэмы (1925―1964): Там, дзе кiпарысы ; Кругi ; I пурпуровых ветразяў узвiвы ; Бранiслава ; Штурмуйце будучынi аванпосты! ; Свiнцовы век ; Пераклады). — 482 с. — (Галасы Айчыны). — 200 ас. — ISBN 978-985-6968-59-7
- Збор твораў: у 2 т. / укладаньне, прадмова Дзьмітра Давідоўскага, камэнтары Віктара Жыбуля. — Менск: Лімарыус, 2017. — Т. 2. Драматызаванае апавяданне. Артыкулы. Дакументы. Лісты. — 476 с. — (Галасы Айчыны). — 200 ас. — ISBN 978-985-6968-60-3
- Уладзімір Дубоўка: ён і пра яго / укладаньне, прадмова, камэнтары Ганны Севярынец. — Менск: Лімарыюс, 2017. — 537,8 с. — 300 ас. — ISBN 978-985-6968-61-0[17]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4т. Т. 2 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. — 2-е выд. Мн.: Беларуская навука, 2002. — С. 479. — 903 с.
- ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.
- ^ а б в Бубновіч, І. Роля Уладзіміра Дубоўкі ў фармаванні беларускай літаратурнай мовы // Роднае слова. — Мн.: 2000. — № 7. — С. 6.
- ^ а б в Максімовіч, В. Лірыка Уладзіміра Дубоўкі 1920-х гг. // Роднае слова. — 2009. — № 9. — С. 4.
- ^ Давідоўскі 3. За верш — тэрмінова арыштаваць… // Шыпшына. — Паставы: 2011. — № 6. — С. 4—5.
- ^ Максімовіч, В. Лірыка Уладзіміра Дубоўкі 1920-х гг. // Роднае слова. — 2009. — № 9. — С. 5.
- ^ Каўрус, А. Дубоўка Уладзімір Мікалаевіч // Беларуская мова: Энцыклапедыя. — Мн.: 1994. — С. 183.
- ^ Дубоўка, У. Проэкт літар для згукаў «Дз» і «Дж» // Узвышша. — 1928. — № 4. — С. 170.
- ^ Бубновіч, І. Роля Уладзіміра Дубоўкі ў фармаванні беларускай літаратурнай мовы // Роднае слова. — Мн.: 2000. — № 7. — С. 7.
- ^ Бубновіч, І. Роля Уладзіміра Дубоўкі ў фармаванні беларускай літаратурнай мовы // Роднае слова. — Мн.: 2000. — № 7. — С. 8.
- ^ Дубоўка, У. Лацінка ці кірыліца // Узвышша. — 1929. — № 1. — С. 7.
- ^ Куліковіч, У. Праект Уладзіміра Дубоўкі. Да пытання аб удасканаленні моўнай сістэмы. // Роднае слова. — С. 27—29.
- ^ Узвышша(недаступная спасылка). 1929. №1. — С. 111
- ^ Дубоўка, У. Некаторыя прыватныя выпадкі мілагучнасці нашае мовы // Узвышша. — 1927. — № 4. — С. 91.
- ^ а б Бугаёў, Дз. Трагедыя паэта (Уладзімір Дубоўка) // Спавядальнае слова: Літаратурная крытыка, успаміны. — Мн.: Маст. літ., 2001. — С. 231. — 327 с.
- ^ Бугаёў, Дз. Трагедыя паэта (Уладзімір Дубоўка) // Спавядальнае слова: Літаратурная крытыка, успаміны. — Мн.: Маст. літ., 2001. — С. 232. — 327 с.
- ^ Ганна Кісліцына. Жыццё як антычная трагедыя. // Літаратура і мастацтва : газэта. — 27 кастрычніка 2017. — № 43 (4946). — С. 7. — ISSN 0024-4686.
Літаратура
рэдагаваць- Ганчарова-Цынкевіч, Тацьцяна; Мельнікава, Тацьцяна. Уладзімір Дубоўка як літаратурны крытык і навуковы дзеяч. // Роднае слова : штомесячны навуковы і метадычны часопіс. — 2010. — № 5 (269). — С. 7, 8.
- Уладзімір Дубоўка. Хроніка жыцця на сайце гораду Паставы
- Дубоўка Уладзімір Мікалаевіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Дубоўка Уладзімір // Беларускія пісьменнікі: 1917—1990. Менск: Мастацкая літаратура, 1994. ISBN 5-340-00709-X