Выкапнёвае паліва

паліва, сфармаванае прыродай

Выкапнёвае паліва, гаручыя карысныя выкапні — нафта, вугаль, гаручы лупняк, прыродны газ і ягоныя гідраты, торф і іншыя гаручыя мінэралы й рэчывы, якія здабываюцца пад зямлёй ці адкрытым мэтадам. Вугаль і торф зьяўляюцца палівам, якое ўтвараецца па меры назапашваньня й раскладаньня рэшткаў жывёлаў і расьлінаў. Датычна паходжаньня нафты й прыроднага газу ёсьць некалькі супярэчлівых гіпотэзаў. Выкапнёвыя тыпы паліва зьяўляюцца неўзнаўляльным прыродным рэсурсам, бо яны назапашваліся мільёны гадоў. Здабыча й выкарыстаньне выкапнёвых відаў паліва стварае экалягічныя праблемы. Глябальны рух за стварэньне аднаўляльнай энэргетыкі, зьяўляецца, такім чынам, рухам за задавальненьне попыту на энэргію.

Вугаль, тып выкапнёвага паліва

Адміністрацыяй энэргетычнай інфармацыі ЗША было падлічана, што ў 2007 годзе першасныя крыніцы энэргіі складаліся з выкарыстаньня нафты (36,0%), вугалю (27,4%), прыроднага газу (23,0%), склаўшы 86,4% ад агульнай долі спажываньня першаснай крыніцы энэргіі ў сьвеце. Першаснымі крыніцамі энэргіі зь ліку невыкапнёвага паліва ў 2006 годзе былі гідраэлектрастанцыі (6,3%), ядзерная энэргетыка (8,5%) і іншыя, як то геатэрмальныя рэсурсы, а таксама выкарыстаньне энэргіі Сонца, прыліваў, ветру, дроваў і адходаў, на долю якіх прыпаў паказчык у 0,9%.

Спальваньне гаручых карысных выкапняў вырабляе каля 21,3 гігатонаў двухвокісу вугляроду (CO2) у год, але лічыцца, што прыродныя працэсы могуць паглынуць толькі каля паловы гэтай колькасьці, такім чынам чыстае павелічэньне складае больш чым на 10 млрд тон атмасфэрнага дыяксіду вугляроду ў год, пры тым, што тона вугляроду у атмасфэры эквівалентна 44/12 або 3,7 тонам вуглякіслага газу[1]. Вуглякіслы газ зьяўляецца адным з парніковых газаў, што павышае радыяцыйнае ўзьдзеяньне й спрыяе глябальнаму пацяпленьню, у выніку чаго сярэдняя тэмпэратура Зямлі ўзрастае, што, на думку пераважнай большасьці навукоўцаў-кліматолягаў выклікае сур’ёзныя пабочныя эфэкты.

Паходжаньне рэдагаваць

 
Паколькі нафтавыя радовішчы знаходзяцца толькі ў пэўных месцах на Зямлі, толькі абраная група краінаў зьяўляецца нафтанезалежнай ад іншых краінаў, іншыя краіны маюць залежнасьць ад патэнцыялу здабычы нафты ў нафтанезалежных краінах

Нафта і прыродны газ утвараюцца ў выніку анаэробнага раскладаньня рэшткаў арганізмаў, уключаючы фіта- і зааплянктону, якія жылі ў моры ці возеры, якія апынуліся на дне ў вялікіх колькасьцях у бескіслародных умовах мільёны гадоў таму. За геалягічны час, гэтая арганічныя рэчывы, зьмешаныя з брудам, атрымалі пахаваньне пад плястамі цяжкага асадку. У выніку высокага ўзроўню цяпла і ціску, выкліканага хімічнымі зьменамі, арганічныя рэчывы ператварыліся спачатку ў воскападобны матэрыял, вядомы як кераген, які знаходзіцца ў гаручых лупняках, а затым, пры большым паказчыку цяпла, у вадкія і газападобныя вуглевадароды ў выніку працэса, вядомага як катагенэз.

Існуе шырокі спэктар арганічных або вуглевадародных злучэньняў у любой паліўнай сумесі. Канкрэтныя сумесь вуглевадародаў дае палівам свае характэрныя ўласьцівасьці, як то тэмпэратура кіпеньня, тэмпэратура плаўленьня, шчыльнасьць, глейкасьць і іншыя. Некаторыя віды паліва, як то прыродны газ, напрыклад, утрымоўваць толькі газападобныя кампанэнты.

Здабыча выкапнёвага паліва ў Беларусі рэдагаваць

Пошук нафты на тэрыторыі Беларусі ажыцьцяўляецца з 1952 года, а распрацоўка пачалася з 1965 года. За пэрыяд з 1965 па 1975 гады было здабыта 35 млн тон нафты, дасягнуўшы гадавога максымуму 8 млн тон у 1975 годзе. Затым гадавая здабыча пачала зьмяншацца, з-за памяншэньня здабычы на самых буйных радовішчах. У наш час у Беларусі здабываецца прыклада 2 млн тон гэтага карыснага выкапня.[2]

Торф зьяўляецца іншым выкапнёвым палівам, што здаўна здабываецца ў Беларусі. Самыя буйныя тарфяныя запасы маюцца ў Гомельскай, Берасьцейскай і Менскай абласьцях. Агульная плошча тарфяных масіваў складае каля 2,5 млн га, а агульная вага — каля 3 млрд тот. Штогод здабываецца 14 млн тон торфу.

Гаручыя лупнякі ўпершыню былі выяўлены ў Беларусі ў 1963 годзе. У межах заходняй часткі Прыпяцкага прагіну лупнякованосныя адклады залягаюць на глыбінях, даступных для распрацоўкі шахтавым мэтадам. Гаручыя лупнякі ўяўляюць сабою ападкавыя ўтварэньні буравата-шэрага колеру з высокім (больш 15%) утрыманьнем цьвёрдага нерастваральнага арганічнага рэчыва — керагену. Прагнозныя рэсурсы гаручых лупнякоў у гэтым басэйне да глыбіні 600 мэтраў складаюць 11 млрд тон. Карысны выкапень характарызуецца высокай попельнасьцю (75%). Адмыслоўцы лічаць, што прамысловае засваеньне ў Прыпяцкім лупнякованосным басэйне будзе эканамічна апраўданым толькі пры ўмове поўнай утылізацыі ўсіх прадуктаў лупнякаперапрацоўкі, у тым ліку попелу.

У Прыпяцкім прагіне, у паўднёвай частцы Беларусі, сустракаюцца таксама бурыя вуглі, якія залягаюць на глыбінях 290—900 мэтраў. Прагнозныя рэсурсы вуглёў у адкладах карбону да глыбіні 600 мэтраў ацэньваюцца ў 410 млн тон. У юрскай вугляноснай тоўшчы прагнозныя рэсурсы вуглёў перавышаюць 520 млн тон. Лепш за ўсё вывучаны паклады бурых вуглёў у міяцэнавых адкладах. У сувязі зь невялікімі глыбінямі заляганьня (20—80 мэтраў) яны даступныя для распрацоўкі кар’ерамі. У заходняй частцы Прыпяцкага прагіну выяўлена тры радовішчы: Жыткавіцкае, Брынёўскае й Тонескае. У найболей буйным — Жыткавіцкім, запасы складаюць каля 70 млн тон. Вуглі Жыткавіцкага радовішча гумусавыя, нізкай ступені мэтамарфізму. Нягледзячы на складаныя гідрагеалягічныя ўмовы, на базе гэтага радовішча магчыма будаўніцтва буравугальнага кар’ера прадукцыйнасьцю 2 млн тон у год.

Уплыў на навакольнае асяродзьдзе рэдагаваць

Спальваньне выкапнёвых тыпаў паліва стварае выкіды двухвокісу вугляроду (CO2) — парніковага газу, які дае найвялікі ўнёсак у глябальнае пацяпленьне. Прыродны газ, асноўную частку якога складае мэтан, таксама зьяўляецца парніковым газам. Парніковы эфэкт ад адной малекулы мэтану прыкладна ў 20 раз большы, чым ад малекулы CO2, таму з кліматычнага пункта гледжаньня спальваньне прыроднага газу пераважней ягонага трапленьню ў атмасфэру.

Крыніцы рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць