Тайлянд

краіна ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі
(Перанакіравана з «Сіям»)

Карале́ўства Тайля́нд (па-тайску: ประเทศไทย) — краіна ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі, мяжуе з Лаосам і Камбоджай на ўсходзе, з Малайзіяй на поўдні і М’янмай і Андаманскім морам на захадзе. Афіцыйная назва краіны да 11 траўня 1947 году была «Сіям». Слова тгаі (ไทย) па-тайску азначае «свабода».

Тайлянд
ราชอาณาจักรไทย
Ratcha Anachak Thai
Сьцяг Тайлянду Герб Тайлянду
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: Phleng Chat
Дзяржаўны гімн: «Гімн Тайлянду»
Месцазнаходжаньне Тайлянду
Афіцыйная мова тайская
Сталіца Бангкок
Найбуйнейшы горад Бангкок
Форма кіраваньня канстытуцыйная манархія
Маха Ўачыралонгкон
Сетха Тавісін[1]
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
50-е месца ў сьвеце
513 115 км²
0,4
Насельніцтва
 • агульнае (2013)
 • шчыльнасьць
20-е месца ў сьвеце
66 720 153[2]
132,1/км²
СУП
 • агульны (2020)
 • на душу насельніцтва
22-е месца ў сьвеце
$1,272898 трлн[3]
$9874
Валюта Бат (THB)
Аўтамабільны знак TH
Дамэн верхняга ўзроўню .th
Тэлефонны код +66
Мапа Тайлянду
Мапа Тайлянду

Краіна зьяўляецца канстытуцыйнай манархіяй, на чале з каралём Рамам X, дзясятым каралём з дынастыі Чакры, які валадырыць з 2016 году. Былы кароль Рама IX займаў сталец ад 1946 году па 2016 год, што ёсьць самым працяглы паводле часу валадараньнем манарху ў сьвеце й найдаўжэйшым паводле валадараньня манарха ў гісторыі Тайлянду[4]. Кароль Тайлянду называецца кіраўніком дзяржавы, кіраўніком узброеных сіл, прыхільнікам будыйскай рэлігіі й абаронцам усіх рэлігіяў. Не зважаючы на тое, што сыстэма ўлады прадстаўлена канстытуцыйнай манархіяй і дэмакратычным парлямэнтам, Тайлянд па-сутнасьці кіруецца вайсковай хунтай пасьля дзяржаўнга перавароту 2014 году.

Плошча Тайлянду складае каля 513 тысячаў км², насельніцтва — каля 64 мільёнаў чалавек. Сталіца й найбуйнейшы горад Бангкок зьяўляецца палітычным, камэрцыйным, прамысловым і культурным цэнтрам Тайлянду. Каля 75% насельніцтва складаюць этнічныя тайцы, 14% мае кітайскае паходжаньне, а 3% этнічна зьяўляюцца малайцамі[5], астатнія належаць да меншасьцяў, як то моны, кгмэры й розныя горныя плямёны. Афіцыйнай мовай краіны зьяўляецца тайская. Асноўнай рэлігіяй зьяўляецца будызм, які вызнаюць каля 95% насельніцтва.

У Тайляндзе назіраўся хуткі эканамічны рост у пэрыяд паміж 1985 і 1995 гадамі, і ў цяперашні час краіна зьяўляецца індустрыяльнай і буйным экспартэрам. Турызм таксама робіць значны ўнёсак у эканоміку Тайлянду, у краіне знаходзяцца многія вядомыя турыстычныя курорты. У Тайляндзе знаходзяцца каля 5,2 млн легальных і нелегальных мігрантаў[6], таксама ў краіне пражывае невялікая колькасьць іншаземцаў з разьвітых краінаў[7].

Гісторыя

рэдагаваць

Раньняя гісторыя

рэдагаваць

У II стагодзьдзі тэрыторыя сучаснага Тайлянда, населеная монамі, увайшла ў склад кгмэрскій імпэрыі Фунань, пасьля распаду якой у сярэдзіне VI стагодзьдзя на месцы Тайлянду паўсталі пяць самастойных дзяржаваў, кожная зь якіх кантралявала свой гандлёвы шлях.

Каралеўства Аютая

рэдагаваць

Згодна з найбольш шырока прынятай вэрсіі Аютая паўстала зь невялікага палітычнага ўтварэньня ў даліне Чаопрая.

Мадэрнізацыя й цэнтралізацыя

рэдагаваць
 
Сіямскія тэрыторыі страчаныя на карысьць Францыі й Вялікабрытаніі

За часам панаваньня Рамы I каралеўства Сіям пасьпяхова адбівалася супраць бірманскіх нападаў і паклала канец бірманскаму ўварваньню. Больш таго, Сіям здабыў кантроль на вялікіх вучастках Лаосу й Камбоджы. У 1821 годзе Джон Кроўфард быў камандзіраваны ангельскім кіраўніцтвам для перамоваў новага гандлёвага пагадненьня зь Сіямам. У 1826 годзе Бангкок падпісаў Бэрнійскія пагадненьні зь Вялікабрытаніяй, пасьля перамогі ангельцаў у Першай ангельска-бірманскай вайне. Анувонг, апошні кароль Віент’яну, няправільна зразумеў намер ангельцаў, палічыўшы што Вялікабрытанія зьбіраецца атакаваць Бангкок, пачаў Лаоскае паўстаньне супраць Сіяму ў 1826 годзе, якое было здушана. Віент’ян быў разбураны, а вялікая колькасьць уцекачоў зьбегла на плято Карат. Бангкок таксама вёў шматлікія войны зь Віетнамам, у выніку чаго Бангкок пасьпяхова аднавіў ўплыў на Камбоджу.

У 1855 годзе на дзяржаву пачаўся ціск з боку эўрапейскіх дзяржаваў. Падчас панаваньня Рамы IV, брытанская місія на чале з сэрам Джонам Боўрынгам, губэрнатарам Ганконгу, вымусіла Сіям скласьці дамову Боўрынга, першую з многіх нераўнапраўных дагавораў з заходнімі краінамі. Тым ня менш, Тайлянд зьяўляецца адзінай краінай у Паўднёва-Ўсходняй Азіі, якая ніколі не была калянізавана эўрапейцамі[8], у прыватнасьці таму, што Ангельшчына й Францыя дамовіліся ў 1896 годзе захаваць Сіям, як буфэрную дзяржаву паміж сваімі калёніямі.

Заходні ўплыў усё ж прывёў да прасоўваньня шматлікіх рэформаў у XIX стагодзьдзі. Рама V увёў новую дзяржаўныю сыстэму, паводле якой афіцыйныя імпэртараскія прадстаўнікі былі разьмеркаваны па правінцыях у якасьці назіральнікаў, такім чынам, ліквідаваўшы сыстэму кіраваньня правінцыямі мясцовымі дынастыямі. Ён таксама адмяніў паншчыну й рабства ў Сіяме. Былі таксама зьдзейсьнены буйныя тэрытарыяльныя саступкі на карысьць Францыі й Вялікабрытаніі, у першую чаргу страта на карысьць Францыі вялікіх надзелаў на ўсход ад ракі Мэконг, якія складаюцца тэрыторыі сучасных Лаосу й Камбоджы, і перадача чатырох малайскіх правінцыяў Вялікабрытаніі паводле ангельска-сіямскай дамовы 1909 году. У 1917 годзе Сіям далучыўся да хаўрусьнікаў у Першай сусьветнай вайне й таму лічыцца адным зь пераможцаў у ёй.

Канстытуцыйная манархія

рэдагаваць

У 1932 годзе ў краіне адбылася бяскроўная рэвалюцыя, якую ачоліла група вайскоўцаў і грамадзянскіх чыноўнікаў, якія вымусілі дзейнага караля Раму VII даць згоду на складаньне першай канстытуцыі, тым самым паклаўшы канец стагодзьдзям абсалютнай манархіі. Ягоныя спрэчкі з урадам прывялі да адрачэньня й урад абраў новага караля Раму VIII. Пазьней у тым жа дзесяцігодзьдзі, вайсковае партыі замоўшчыкаў стала дамінаваць у сіямскай палітыцы. З ініцыятывы фэльдмаршалу Плэка Пібунсонграма сіямская палітыка будавалася на прынцыпах фашызму. Менавіта ў гэты час назва краіны бела зьмененая на «Тайлянд», а таксама былі закранутыя многія аспэкты паўсядзённага жыцьця грамадзтва. Пасьля таго, як Францыя была захопленая Нямеччынай у Другой сусьветнай вайне ў чэрвені 1940 году, Тайлянд скарыстаўся магчымасьцю й адваяваў тэрыторыю, якую саступіў у бок Францыі шмат дзесяцігодзьдзяў назад. Канфлікт з французамі скончыўся дзякуючы пасярэдніцтву Японіі.

7 сьнежня 1941 году Японская імпэрыя пачала ўварваньне ў Тайлянд, якое аднак хутка скончылася. Фэльдмаршал Пібунсонграма замовіў перамір’е. Японія атрымала свабодны праход па тэрыторыі Тайлянду, і 21 сьнежня 1941 году Тайлянд і Японія падпісалі ваенны зьвяз з сакрэтным пратаколам, паводле якога Токіё пагадзіўся дапамагчы Тайлянду вярнуць тэрыторыі, якія тайцы страцілі на карысьць ангельцам і французам[9]. Апасьля Тайлянд абвесьціў вайну ЗША й Вялікабрытаніі 25 студзеня 1942 году, а тайскі ўрад абавязаўся аказваць дапамогу Японіі, не зважаючы на тое, што ў краіне разгарнуліся антыяпонскія рухі. Большасьць хаўрусьных дзяржаваў не прызналі тайляндзкую заяву аб вайне.

У чэрвені 1946 году малады кароль Раму VIII быў знойдзены мёртвым пры загадкавых абставінах і новым уладаром краіны стаў ягоны малодшы брат пад імём Раму IX. У 1954 годзе Тайлянд увайшоў у арганізацыю SEATO, стаўшы актыўным хаўрусьнікам ЗША. Фэльдмаршал Сарыт Танарат зьдзейсьніў вайсковы пераварот у 1957 годзе, што зьмяніла палітычную сытуацыю ў краіне. Роля манархіі ў палітыцы была адроджанная. Вайсковая дыктатура была падтрымана ўрадам ЗША, і Тайлянд далучыўся да антыкамуністычнай барацьбы ў рэгіёне, у першую чаргу дапамагаючы Злучаным Штатам у Віетнамскай вайне ў пэрыяд з 1965 па 1971 год. Гэты пэрыяд адзначаецца мадэрнізацыяй і вэстэрнізацыяй краіны. Унутраны канфлікт з нагоды эканамічных цяжкасьцяў, якія пачаліся ў 1968 годзе, прывёў да народнага паўстаньня 1973 году, якое сталася важнай падзеяй у тайскай сучаснай гісторыі. У маі 2014 году адбыўся захоп улады ваеннай хунтай на чале з Праютам Чан-Оча[10]. Функцыі ўраду пачала выконваць Нацыянальная рада міру й парадку[10]. Ад 2014 да 2023 году прэм’ер-міністрам Тайлянду быў Прают Чан-Оча[11] (ад 22 мая 2014 выконваў абавязкі прэм'ер-міністра, 25 жніўня афіцыйна прызначаны на пасаду)[12].

Палітыка

рэдагаваць
 
Прэм’ер-міністар Тайлянду Інглак Чыныват была вымушана скласьці свае паўнамоцтвы пасьля вайсковага перавароту 2014 году.

Да 1932 году ўсе заканадаўчыя паўнамоцтвы былі ўскладзеныя на манарха. Такія правілы мелі месца з XII стагодзьдзя. Сучасная абсалютная манархія была створана Чулалангкорнам, калі ён ператварыў дэцэнтралізаваную сыстэму пратэктаратаў ва ўнітарную дзяржаву. З 24 чэрвеня 1932 году Народная партыя правяла бяскроўную рэвалюцыю, якая скончыла пэрыяд абсалютнай манархіі.

Палітыка Тайлянду праводзіцца ў рамках канстытуцыйнай манархіі, у выніку чаго прэм’ер-міністар зьяўляецца кіраўніком ураду, а спадчынны манарх зьяўляецца кіраўніком дзяржавы. Судовая ўлада зьяўляецца незалежнай ад выканаўчай і заканадаўчай галінаў улады, аднак некаторыя судовыя рашэньні, на аснове палітычных меркаваньняў, падазраюцца ў адыходжаньні ад існага закандаўства[13]. Аднак, пачынаючы з траўня 2014 году, Тайлянд кіруецца ваеннай хунтай, то бок Нацыянальнай радай па пытаньнях міру і парадку.

Тайлянд меў 20 канстытуцыяў і хартыяў пачынаючы з 1932 году, уключаючы апошную дзейную каныстытуцыю 2017 году. На працягу ўсяго гэтага часу, форма панавнаьня вар’іравалася ад ваеннай дыктатуры да электаральнай дэмакратыі, але ўсе ўрады прызнавалі спадчыннага манарха як кіраўніка дзяржавы[14][15]. У Тайляндзе было праведзена найбольшай колькасьць дзяржаўных пераваротаў у сьвеце — чатыры[16]. Паводле канстытуцыі 2007 году заканадаўчую ўладу меў дзьвюхпалатны Нацыянальны сход, які складаўся з Сэнату, 150 чальцоў верхняе палаты, і Палаты прадстаўнікоў, 350 чальцоў ніжняе палаты. Пасьля вайсковага перавароту 2014 году, сход быў заменены на аднапалатавы Нацыянальны заканадаўчы сход.

Цяперашні кароль краіны Рама X кіруе дзяржавай з кастрычніка 2016 году. У адпаведнасьці з канстытуцыяй паўнамоцтвы караля абмежаваныя, і ён у першую чаргу зьяўляецца сымбалем тайскае нацыі. Як кіраўнік дзяржавы, ён атрымлівае некаторыя паўнамоцтвы і мае права ўдзельнічаць ў працы ўраду. Акрамя таго, паводле канстытуцыі кароль зьяўляецца кіраўніком узброеных сілаў. Ён абавязаны быць будыстам, а таксама абаронцам усіх рэлігіяў у краіне. Кароль таксама захаваў некаторыя традыцыйныя паўнамоцтвы, як то права прызначаць свайго спадчыньніка, права памілаваньня і каралеўскай згоды.

Геаграфія

рэдагаваць

Тайлянд — дзяржава разьмешчаная ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі, на паўвыспах Індакітай і Малака, з захаду мае выхад да ўзьбярэжжа Андаманскага мора з усходу да Сіямскай затокі і Паўднёва-Кітайскага мора. Тэрыторыя краіны выцягнутая з поўначы на поўдзень (адлегласьць ад самай паўночнай кропкі да самай паўднёвай — 1860 км). Дзякуючы цэнтральнаму разьмяшчэньню ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі і самай вялікай працягласьці сярод краінаў рэгіёну з поўначы на поўдзень, Тайлянд мае самы разнастайны ў рэгіёне клімат, ураджаі асноўных сельскагаспадарчых культураў зьбіраюцца некалькі разоў на год, а турыстычны сэзон пераходзіць з адной кліматычнай зоны ў другую, робячы Тайлянд краінай прыдатнай для турызму ўвесь год. Лясы займаюць 10% тэрыторыі краіны: на поўначы трапічныя лістападныя, на поўдні — трапічныя вечназялёныя.

 
Востраў Мак

Клімат Тайлянда вільготны трапічны й субэкватарыяльны. Гэта тлумачыцца разьмяшчэньньем большай часткі краіны ў трапічным і субэкватарыяльным паясах і ўплывам паўднёва-заходняга й паўночна-ўсходняга мусонаў. Вялікая працягласьць з поўначы на ​​поўдзень робіць клімат Тайлянда адным з самых разнастайных ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Паўднёва-заходні мусон прыносіць дажджы й адносную прахалоду ў канцы траўня й сярэдзіне ліпеня. Да лістапада дажджы спыняюцца, і надыходзіць «халаднавата-сухі» сэзон, які працягваецца да сярэдзіны лютага. У гэты час адбіваецца й уплыў паўночна-ўсходняга мусона, які не кранае паўночную, паўночна-ўсходнюю й цэнтральную часткі Тайлянда непасрэдна, аднак прыносіць прахалоду. Пасьля паслабленьня мусонаў, у лютым — траўні, надыходзіць моцная сьпякота, прычым вільготнасьць паветра паступова павялічваецца да пачатку новага мусоннага сэзону, а затым цыкль паўтараецца зноўку.

Працягласьць сэзону дажджоў вызначыць вельмі цяжка. Звычайна ён пачынаецца ў траўні—чэрвені й можа працягвацца да лістапада. У цэнтры краіны й на ўсходнім узьбярэжжы моцныя дажджы ідуць у жніўні — верасьні. Кастрычнік зьяўляецца звычайна апошнім месяцам вільготнага сэзону, калі значныя аб’ёмы вады ўжо назапасіліся ў ірыгацыйных і гарадзкіх дрэнажных сыстэмах, у выніку чаго пры нячастых і ня вельмі моцных дажджах адбываюцца даволі моцныя паводкі. У прыватнасьці, калі рака Чаопрая выходзіць зь берагоў, некаторыя кварталы Бангкоку бываюць затопленыя, бо каля траціны гораду знаходзіцца ніжэй за ўзровень мора. Сэзон дажджоў у Тайляндзе непараўнальны з аналягічным часам году ў іншых краінах Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Вядома, грунтавыя дарогі робяцца непраходнымі, а над трапічнымі пляжамі частку дня вісяць хмары, тым ня менш, яны прапускаюць дастатковую колькасьць сонечнага сьвятла, каб прагрэць паветра, мора й пясок пляжаў.

Адміністрацыйны падзел

рэдагаваць

Тайлянд падзелены на 75 правінцыяў (จังหวัด, «чангват») і адну муніцыпальную акругу — сталіцу Бангкоккрунг тхеп маха накхон» — Krung Thep Maha Nakhon). Кожная правінцыя падзеленая на раёны — усяго налічваецца 796 раёнаў (อำเภอ, «ампхе» — amphoe), 81 падраёнаў (กิ่งอำเภอ, «кінгампхе» — king amphoe) і 50 гарадзкіх раёнаў Бангкоку (เขต, кхетkhet). У кожнай правінцыі ёсьць цэнтральны раён (อำเภอเมือง, «ампхемыанг» — amphoe mueang).

У Бангкоку раёны гораду маюць назву кхет (เขต), якія падзяляюцца на квэнгі.

Эканоміка

рэдагаваць
 
Асноўныя пазыцыі тайскага экпарту.

Каля 40% працаздольнага насельніцтва працуе ў сельскай гаспадарцы, вырошчваючы рыс, кукурузу і цукровы трысьнёг. Экспарт Тайлянду кіруецца ў асноўным у Эўропу і Паўночную Амэрыку і складаецца з рысу, волава і электратэхнічнага абсталяваньня. Вялікую ролю ў эканоміцы краіны займае турызм.

Тайлянд меў самыя высокія тэмпы росту эканомікі ў пэрыяд з 1985 па 1996 гады. У сярэднім рост складаў 12,4% у год. У 1997 годзе, аднак, ціск на бат узмацьніўся, а эканоміка скарацілася на 1,9%, што прывяло да крызісу, які раскрыў слабасьці фінансавага сэктару і прымусіў адміністрацыю прэм’ера Чаваліт Ёнгчаюд правесьці дэвальвацыю мясцовай валюты. Прэм’ер-міністар быў вымушаны сысьці ў адстаўку пасьля таго, як ягоны кабінэт трапіў пад агонь крытыкі за ягонага павольнага рэагаваньня на эканамічны крызіс. Бат ​​быў прывязаны да даляру ЗША з 1978 па 1997 гады, аднак ў студзені 1998 году кошт даляра павялічыўся больш чым удвая. Эканоміка краіны скарацілася на 10,8%, выклікаўшы азіяцкі фінансавы крызіс. Эканоміка Тайлянду пачала аднаўляцца ў 1999 годзе, а ў 2000 годзе рост склаў 4,2—4,4%, шмат у чым дзякуючы моцнаму экспарту. У наступных гадох таксама назіраўся рост, але не такі вялікі які быў у пэрыяд росквіту.

У 2005—2007 гады сярэдні рост вагаўся каля адзнакі 4—5%, аднак у наступныя гады рост паскорыўся да 5—7%. У сувязі з палітычнай нестабільнасьцю і пратэстамі 2010 году, рост СУП Тайлянду склаў 4—5%. Палітычная нявызначанасьць была асноўным чыньнікам зьніжэньня даверу інвэстараў і спажыўцоў. Пасьля тайскага вайсковага перавароту 22 траўня 2014 году, глябальнае інфармацыйнае агенцыя AFP апублікавала артыкул, у якой сьцьвярджалася, што краіна апынулася на мяжы рэцэсіі. У артыкуле зьмяшчалася інфармацыя, што амаль 180 тысячаў камбаджыйцаў зьехалі з Тайлянду празь перасьцярогі аб іміграцыйнага прыгнёту, і адзначыла, што тайская эканоміка зьведала скарачэньне на 2,1% квартал да кварталу са студзеня да канца сакавіка 2014 году[17].

 
Пясковы пляж ў Пгукеце.

Турызм складае каля 6% эканомікі краіны. Тайлянд зьяўляецца самай наведвальнай краінай у Паўднёва-Ўсходняй Азіі паводле зьвестак Сусьветнай арганізацыі турызму на 2013 год. Ацэнкі паступленьняў у ад турызму непасрэдна спрыяюць стварэньня ад 9 да 16% тайскага СУП[18]. Пры ўліку ўскоснага ўзьдзеяньня турызму агульны СУП ад гэтага сэктару эканомікі скаладае 20,2%[19]. Упраўленьне па турызьме Тайлянда выкарыстоўвае лёзунг «Дзіўны Тайлянд», дзеля прасоўваньня краіны на міжнародным узроўні.

Азіяцкія турысты ў першую чаргу наведваюць Бангкок і гістарычных, прыродныя і культурныя славутасьці ў ягоных ваколіцах. Заходнія турысты ня толькі наведваюць Бангкок і ваколіцы, але ў дадатак шмат часу праводзяць пляжах на поўдні краіны і на астравах. Поўнач зьяўляецца галоўным месцам для турыстычных экспэдыцыяў пешшу па лясістым гарам. Рэгіён Ісан, які месьціцца на паўночным усходзе краіны, прымае найменшую колькасьць турыстаў сярод усіх тайскіх рэгіёнаў. Дзеля камфортнага разьмяшчэньня замежных гасьцей, тайскі ўрад стварыў асобную турыстычную службу з офісамі ў асноўных турыстычных раёнах і ўласным аварыйным тэлефонавым нумарам[20].

Сярод асноўных турыстыных забаваў Тайлянду вылучаюць дайвінг, пясковыя пляжы, сотні трапічных астравоў, начное жыцьцё, археалягічныя помнікі, музэі, наведваньне горных плямёнаў, флёры і фаўны краіны, палацы, будыйскія храмы і некалькі аб’ектаў сусьветнай спадчыны. Шматлікія турысты, таксама, спрабуюць на смак тайскую кухню і замаўляюць традыцыйны тайскі масаж. Тайская кухня стала вядомай ва ўсім сьвеце дзякуючы выкарыстаньню сьвежых траваў і спэцыяў.

Дэмаграфія

рэдагаваць

Згодна зь перапісам насельніцтва 2000 году, каля 75% насельніцтва складаюць тайцы, 14% — кітайцы. Ёсьць вялікая абшчына малайцаў, якія жывуць у асноўным на поўдні краіны. Тайлянд — краіна даволі аднародная па веравызнаньні: 94,6% насельніцтва — будысты, 4,6% — мусульмане, 0,7% — хрысьціяне. Афіцыйнай мовай краіны зьяўляецца тайская мова.

  1. ^ Helen Regan (23 жніўня 2023) Thailand has a new leader but it’s not the one most people voted for. Here’s why. CNN.
  2. ^ [1]
  3. ^ Report for Selected Countries and Subjects (анг.) World Economic Outlook database. International Monetary Fund (красавік 2021).
  4. ^ «A Royal Occasion speeches». Worldhop.com
  5. ^ Thailand — CIA World Factbook.
  6. ^ «Thailand: Burmese migrant children missing out on education». IRIN Asia.
  7. ^ «Hard lessons in expat paradise». BBC News.
  8. ^ «King, country and the coup». The Indian Express.
  9. ^ Werner Gruhl, «Imperial Japan's World War Two, 1931–1945». Transaction Publishers, 2007. — ISBN 978-0-7658-0352-8.
  10. ^ а б Smith, David Brandon (2018) The Thai Coup Cycle : Why the National Council for Peace and Order's Authoritarian Reforms Are Unlikely to Bring Political Stability to Thailand (анг.) International Immersion Program Papers
  11. ^ У Тайляндзе забаронена зьбірацца больш чым пяцярым // Радыё Свабода. — 2014.
  12. ^ Eldridge, Alison (10 ліпеня 2024) Prayuth Chan-ocha Encyclopedia Britannica Праверана 20 ліпеня 2024 г.
  13. ^ «Thailand's juristocracy». New Mandala.
  14. ^ «A list of previous coups in Thailand». Associated Press.
  15. ^ «Raw Data: List of Recent Coups in Thailand's History». Fox News Channel.
  16. ^ «สถิติที่ไม่น่าภูมิใจเมื่อไทยติดอันดับที่ 4 ประเทศที่มีการรัฐประหารบ่อยที่สุดในโลก». Siam Intelligence.
  17. ^ «Cambodian exodus from Thailand jumps to nearly 180,000». Agence France-Presse.
  18. ^ «Government moves to head off tourist fears». Bangkok Post.
  19. ^ «Travel and Tourism, Economic Impact 2014: Thailand (2014 ed.)». London: World Travel & Tourism Council.
  20. ^ «Tourist Police in Thailand». Amazing-Thailand.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць