Абвадненьне
Абвадненьне ці ірыгацыя (па-ангельску: Irrigation) — падвядзеньне вады на палі, якія адчуваюць нястачу вільгаці, і павялічэньне ейных запасаў у пласьце грунту, дзе знаходзяцца карані расьлінаў, з мэтай павелічэньня ўрадлівасьці грунту. Ірыгацыя зьяўляецца адным зь відаў мэліярацыі. Абвадненьне паляпшае сілкаваньне каранёў расьлінаў вільгацьцю і пажыўнымі рэчывамі, зьніжае тэмпэратуру прызямнога пласту паветра і павялічвае ягоную вільготнасьць. Абвадненьне ёсьць неад’емнай часткай вырошчваньня бавоўны і рыса[1]. Сыстэмы паліву таксама выкарыстоўваюцца для астуджэньня свойскіх жывёлаў, пылападаўленьня, выдаленьня сьцёкавых водаў, а таксама ў горназдабыўной прамысловасьці. Абвадненьне часта вывучаюцца разам з дрэнажам, то бок выдаленьнем паверхневых водаў з дадзенай вобласьці.
Абвадненьне шырока выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы на працягу больш за 5 тысяч гадоў, пры гэтым ягонае выкарыстаньне прыйшло да розных народаў сьвету асобна адзін ад аднаго. Гістарычна склалася, што менавіта абвадненьне сталася асновай для будаўніцтва эканомікі і разьвіцьця грамадзтва па ўсім сьвеце.
Гісторыя
рэдагавацьУжо ў найстаражытныя часы абвадненьне дасягнула ступені мастацтва, на якім быў заснаваны дабрабыт цэлых дзяржаваў. Пра правядзеньне вады для ўвільгатненьня палёў згадваецца ў многіх месцах Бібліі. Мясцовасьць паміж Эўфратам і Тыграм славілася ўжо ў глыбокай старажытнасьці сельскагаспадарчым прагрэсам, дасягнутым пры дапамозе сыстэматычнага абвадненьня. З спрадвечных часоў існуюць ўзоры абвадняльных збудаваньняў у краінах старажытнай культуры: у Кітаі, Індыі і Эгіпце, а ў Новым Сьвеце — у абласьцях зьніклага царства ацтэкаў. Эгіпцяне не здавольваліся пэрыядычнымі разьлівамі Ніла для апладненьня сваіх палёў, а правялі ягоныя воды, з дапамогай разгалінаванай сыстэмы каналаў, па ўсёй сваёй урадлівай вобласьці да краю пустэльні. Пасьля перайшлі тут да водавычэрпальных колаў, падымалі ваду на вышыню.
У Эўропе найстаражытнымі майстрамі ў частцы абвадненьня гэта этрускі. Велічэзныя рэшткі каналаў паміж Адыджэм і Па сьведчаць яшчэ ў цяперашні час аб велічэзных збудаваньнях, выкананых гэтым народам выключна для абвадненьня палёў. Сваё мастацтва яны перадалі рымлянам. Апошнія высока шанавалі ваду, і яшчэ ў цяперашні час дзівяць сваімі гідратэхнічнымі збудаваньнямі: узьнёслыя басэйны, вадаправодныя каналы, штучныя сажалкі і азёры, пышнае аздабленьне крыніц і іншыя дасканалыя прылады для дастаўленьня добрай вады.
Самым шырокім чынам абвадняльныя збудаваньні разьвіліся ў Лямбардыі. Сетка абвадняльных каналаў у гэтай галіне, якая разьвівалася і ўдасканальвалась з часоў рымлян, ахоплівала да пачатку XX стагодзьдзя плошчу да 450 тысячаў гектараў. Галоўныя каналы гэтай сеткі, у склад якіх увайшлі і старажытныя штучныя вадацёкі, пабудаваныя былі ў пачатку Сярэднявеччы часткова манахамі, часткова гарадамі Мілянам, Крэмонай і іншымі пад валадарствам Вісконці, Сфорцы, Палявічына, а ў вобласьці Мантуі дынастыяй Ганцага. Найстаражытны канал Вэталія быў пабудаваны ў 1057 годзе. Ужо ў 1216 годзе ў Міляне зьявіўся звод пастановаў пра карыстаньне вадой, які пасьля быў удасканалены і паслужыў падставай заканадаўства пра абвадненьні 1747 году. У XI стагодзьдзі манахі Абацтва К’яравальле валодалі больш чым 8000 гектарамі абвадняльных лугоў і прадавалі лішак сваёй вады. Для вызначэньня ейнай колькасьці карысталіся адмысловымі вадамерамі, у якіх ваду прапускалі праз пэўную адтуліну шырынёй 0,029 м², пры сталым напоры 0,10 м. У хвіліну праз такую адтуліну працякае 2,1835 м³ вады, што называецца мілянскай унцыяй. Пасьля замест вадзяной унцыі сталі карыстацца для вымярэньня выдатку іншымі прыладамі і прыборамі, званымі з часоў Саўдаці, першага вынаходніка такога прыбора ў XVI стагодзьдзі, модулямі.
Зь Лямбардыі нямецкія жаўнеры ў XVIII стагодзьдзі прынесьлі з сабой мастацтва абвадненьня ў вобласьць ніжняга Райна, дзе абвадняльныя прылады асабліва разьвіліся і ўмацаваліся ў навакольлях гораду Зігена, дзякуючы намаганьням бургамістра гэтага гораду каля 1750 году. У Гішпаніі абвадненьне ўведзена было маўрамі, працамі якіх бязводныя навакольлі Валенсіі ператварыліся ў вобласьць добрай урадлівасьці. Разваліны гідратэхнічных збудаваньняў маўраў у Гішпаніі дагэтуль уражваюць сваёй веліччу. Маўрытанскія абвадняльныя прылады паслужылі ўзорам ня толькі ў тэхнічных адносінах, але і ў дачыненьні да заканадаўства і арганізацыі, бо тут зьявілася самая старажытная форма грамадзкага карыстаньня абвадненьнем. Падведамныя маўрам правінцыі падзяляліся на абвадняльныя пляцы, для якіх неабходная колькасьць вады забясьпечвалася загародай горных раўчукоў і рэчак ў летні час. Для гэтага будаваліся вялікія плаціны. З створаных такім парадкам вадасховішчаў вада праводзілася магістральнымі каналамі, а ад іх адгаліноўваліся бакавыя каналы, зь якіх вада для абвадненьня асобных пляцоў вычэрпвалі норыямі. Для кожнага з абвадняльных пляцоў разьлічана было дакладна патрэбная колькасьць вады. Карыстаньне ёю было строга рэглямэнтавана, і за выпуск залішняй вады ўсталяваныя былі штрафы. Для кантролю расходу вады карысталіся стрэлкавым вадамерам. У некаторых мясцовасьцях Гішпаніі прылады гэтыя захаваліся яшчэ ў цяперашні час. У Францыі вялікія арашальныя сыстэмы знаходзяцца ў далінах Люары і Гароны, а таксама ў дэпартамэнтах Савоя, Верхняя Савоя, Буш-дзю-Рон, Эро, Гар і іншых. Ангельшчына, па ўласьцівасьцях клімату, патрабуе мала абвадненьня, але месцамі і тут сустракаюцца шырокія мясцовасьці, якія карыстаюцца штучным абвадненьнем, напрыклад самыя старажытныя абвадняльныя прылады знаходзяцца ў Ўілтшыры, створаныя ў 1690-х—1700-х гадох, займаюць плошчу каля 20 тысячаў гектараў.
Спосабы абвадненьня
рэдагавацьДа асноўных спосабаў абвадненьня ставіцца:
- Традыцыйнае абвадненьне — паліў па разорах вадой, падаецца помпай ці з абвадняльнага канала;
- Дажджаваньне — распырскваньнем вады з адмыслова пракладзеных трубаў;
- Аэразольнае абвадненьне — абвадненьне драбнюткімі кроплямі вады для рэгуляваньня тэмпэратуры й вільготнасьці прыземнага пласта атмасфэры;
- Падглебавае абвадненьне — абвадненьне зямель спосабам падаваньня вады беспасярэдна ў зону глебы, дзе знаходзяцца карані расьлінаў;
- Ліманае абвадненьне — глыбокае аднаразовае вясновае ўвільгатненьне глебы водамі мясцовага сьцёку.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагавацьВонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Арашэньне. Вялікая савецкая энцыкляпэдыя (рас.)
- Тэхніка арашэньня. USGS. (анг.)
- Каралеўскі інжынэрны музэй (анг.)
- Міжнародны камітэт арашэньню і дрэнажу. ICID. (анг.)