Каардынаты: 50°44′4″ пн. ш. 4°28′43″ у. д. / 50.73444° пн. ш. 4.47861° у. д. / 50.73444; 4.47861

Тава́рыства сусьве́тнай міжба́нкаўскай фіна́нсавай су́вязі[7] (ТСМФС; анг. Society for Worldwide Interbank Financial Telecommunications, SWIFT) — прадпрыемства Бэльгіі, якое з 1973 году пастаўляе апраграмаваньне для міжнародных плацяжоў між банкамі і іншымі фінансавымі ўстановамі.

«Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі»
Выява лягатыпу
Тып каапэратыўнае таварыства з абмежаванай адказнасьцю
Заснаваная 3 траўня 1973 (51 год таму)
Заснавальнікі 239 банкаў з 15 краінаў
Краіна
Разьмяшчэньне Ля-Юльп (правінцыя Валёнскі Брабант, рэгіён Валёнія, Бэльгія)[1]
Ключавыя фігуры Готфрыд Ляйбрант[2], Явар Шах[3]
Галіна сувязь
Прадукцыя фінансавыя тэлекамунікацыі
Абарачэньне 745,136 млн эўра (2016 г.; $785,448 млн)
Апэрацыйны прыбытак 53,643 млн эўра (2016 г.; $56,545 млн)
Чысты прыбытак 26,219 млн эўра[4] (2016 г.; $27,638 млн)[5]
Лік супрацоўнікаў > 2000
Аўдытар «Эрнст і Янг» (Ангельшчына), «Прайс, Ўотэрхаўс і Купэры» (Ангельшчына)[6]

Праз сваю міжнародную «Сетку ТСМФС» (анг. SWIFTNet) надае банкам ідэнтыфікацыйныя коды ISO 9362 (SWIFT-коды) для зьдзяйсьненьня плацяжу на Міжнародны нумар банкаўскага рахунку атрымальніка. Прадпрыемства выстаўляе патрабаваньні на аплату, якія банкі пагашаюць праз карэспандэнцкія рахункі, якія маюць паміж сабой. Галаўное прадпрыемства месьціцца ў Бэльгіі (Ля-Юльп). На 2017 год аддзяленьні прадпрыемства працавалі ў 25 краінах сьвету.

На 2017 год «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі» (ТСМФС; анг. SWIFT) прадавала банкам доступ да абмену паведамленьнямі праз «Сетку ТСМФС» (анг. SWIFTNet). Перасылка паведамленьняў ажыцьцяўлялася праз службу «Фін» (анг. FIN), якая дазваляла капіяваць розныя віды паведамленьняў ТСМФС, стасавацца ў суполках і аднаўляць дасланыя праз Сеціва паведамленьні. Доступ да сеткі зьдзяйсьняўся праз воблачны сэрвэр «Лайт 2» (Lite2). Для абмену паведамленьнямі на пашыральнай мове разьметкі (ПМР; анг. XML) выкарыстоўвалі праграму «ІнтэрАкт» (анг. InterAct). Праграма дазваляла рынкаўтваральнікам і іх кліентам імгненна абменьвацца зваротамі і адказамі. Праграму «ФайлАкт» (анг. FileAct) выкарыстоўвалі для дасылкі кампутарных файлаў, якія зьмяшчалі справаздачы, зьвесткі пра дзейнасьць і аплату, зборы перапіскі. Таксама прапаноўваўся ўласны браўзэр «ВэбАксэс» (анг. WebAccess — Вэб-доступ)[8].

За 2016 год звыш 11 000 банкаў з больш як 200 краінаў, якія карысталіся «Сеткай ТСМФС», перадалі звыш 6,5 млрд паведамленьняў праз службу «Фін» (+69%), звыш 4,2 млрд файлаў праз праграму «ФайлАкт» (+29%) і звыш 1 млрд паведамленьняў праз праграму «ІнтэрАкт» (+71%)[9].

Кіраваньне

рэдагаваць
  • Агульны сход. Склікаецца штогод у 2-і чацьвер чэрвеня а 11:00. Правамоцны пры ўдзеле ўласьнікаў прынамсі паловы акцыяў. Зацьвярджае пастановы большасьцю пададзеных галасоў (1 акцыя = 1 голас). Прызначае склад Рады кіраўнікоў на 3 гады. Пагатоў «усе акцыянэры ад кожнай з першых 6 дзяржаваў паводле ліку акцыяў … могуць разам прапанаваць … па 2 кіраўнікі» (12 кіраўнікоў ад 6 дзяржаваў). «Усе акцыянэры ад кожнай з наступных 10 дзяржаваў паводле ліку акцыяў … могуць разам прапанаваць … па 1 кіраўніку» (10 кіраўнікоў ад 10 дзяржаваў). Усе акцыянэры з 2-х і больш дзяржаваў зь меншым лікам акцыяў могуць разам прапанаваць па 1 кіраўніку, але ня больш за 3 агулам. Таксама прызначае на 3 гады статутных аўдытараў зь ліку сябраў Каралеўскай установы рэвізораў прадпрыемстваў Бэльгіі (Брусэль). Можа зьмяняць Статут 75% пададзеных галасоў пры ўмове прысутнасьці ўласьнікаў 75% акцыяў.
  • Рада кіраўнікоў. Складаецца зь ня больш як 25 кіраўнікоў. Склікаецца прынамсі 4 разы на год. Кожны кіраўнік мае быць супрацоўнікам акцыянэра Таварыства. Правамоцная пры ўдзеле ў пасяджэньні прынамсі 60% кіраўнікоў, зь іх 50% маюць прысутнічаць асабіста. Прымае рашэньні простай большасьцю галасоў. Выконвае пастановы Агульнага сходу. Кіруе ўласнасьцю Таварыства і зацьвярджае штогадовы каштарыс. Прызначае ўласнага старшыню і аўдытарскі камітэт. Прымае новых акцыянэраў[1].

Разьмяшчэньне

рэдагаваць

На 2017 год КТАА «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі» мела 28 сядзібаў у 25 дзяржавах:

Удзельнікі

рэдагаваць

Паводле 5-га артыкула Статута КТАА «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі» ад 13 чэрвеня 2013 году, «пастаянная частка статутнага капіталу Таварыства складае 625 000 эўра». Акцыі маюць «намінальную вартасьць у 125 эўра кожная». Згодна з 10-м артыкулам Статута, «Кожная ўстанова, прынятая ў якасьці акцыянэра, мае спачатку атрымаць адну акцыю»[1]. З 8 чэрвеня 2017 году цану акцыі «ТСМФС» устанавілі ў памеры 4665 эўра[11]. Да ўдзелу ў Таварыстве дапускаліся 10 відаў установаў: банк, аплатная сыстэма, брокер, дэпазытарый, інвэстыцыйны кіраўнік, удзельнік фонду, карпарацыя, біржа, служба супастаўленьня і клірынгавы дом[12].

Мінуўшчына

рэдагаваць

У траўні 1973 году 239 банкаў з 15 краінаў заснавалі ў Брусэлі (Бэльгія) КТАА «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі» («ТСМФС»; анг. SWIFT) з мэтай усталяваньня агульных стандартаў для фінансавых транзакцыяў, стварэньня сыстэмы апрацоўкі супольнадаступных дадзеных і сусьветнай інфармацыйнай сеткі. У 1975 годзе ўсталявалі фундамэнтальныя апэрацыйныя інструкцыі і нормы адказнасьці. У 1977 годзе адаслалі першае паведамленьне. Пасьля тэрарыстычных нападаў 11 верасьня 2001 ЦРУ і Міністэрства фінансаў ЗША атрымалі доступ да фінансавае інфармацыі сеткі SWIFT з мэтай адсочваньня магчымых фінансавых транзакцыяў тэрарыстаў. На лістапад 2008 году прадпрыемства належала 8740 банкам з 209 краінаў. У 2008 годзе праз SWIFT штодзень праходзіла больш за мільён транзакцыяў пра грашовыя пераказы, міжбанкаўскія плацяжы, каштоўныя паперы. За год — 2,5 млрд плацёжных даручэньняў.

  1. ^ а б в Статут КТАА «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі» ад 13 чэрвеня 2013 году (анг.) // «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі», 2017 г. Праверана 14 лістапада 2017 г.
  2. ^ Кіраўніцтва «ТСМФС» (анг.) // «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі», 2017 г. Праверана 14 лістапада 2017 г.
  3. ^ Рада кіраўнікоў «ТСМФС» (анг.) // «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі», 2017 г. Праверана 14 лістапада 2017 г.
  4. ^ Агляд «ТСМФС» за 2016 год (анг.) // «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі», травень 2017 г. Праверана 14 лістапада 2017 г.
  5. ^ Абменны рынкавы курс эўра да замежных валютаў на 30 сьнежня 2016 г. (1,0541 даляра ЗША) (анг.) // Эўрапейскі цэнтральны банк, 30 сьнежня 2016 г. Праверана 14 лістапада 2017 г.
  6. ^ Кіраваньне (аўдыт) (анг.) // «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі», 2017 г. Праверана 14 лістапада 2017 г.
  7. ^ Асноўныя паслугі Разьліковага цэнтра Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2017 г. Праверана 14 лістапада 2017 г.
  8. ^ Паведамленьні і стандарты (анг.) // «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі», 2017 г. Праверана 14 лістапада 2017 г.
  9. ^ Галоўныя факты 2016 году (анг.) // «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі», 2017 г. Праверана 14 лістапада 2017 г.
  10. ^ Сядзібы «ТСМФС» (Кантакты) (анг.) // «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі», 2017 г. Праверана 14 лістапада 2017 г.
  11. ^ Становішча акцыянэра (анг.) // «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі», 2017 г. Праверана 14 лістапада 2017 г.
  12. ^ Хто можа ўступіць (анг.) // «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі», 2017 г. Праверана 14 лістапада 2017 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць