Сара Бэрнар
Са́ра Бэрна́р (па-француску: Sarah Bernhardt, народжаная Henriette Rosine Bernard; 22 кастрычніка 1844, Парыж — 26 сакавіка 1923, Парыж) — француская акторка габрэйскага паходжаньня. Яна зарабіла сабе славу на сцэнах Францыі ў 1870 годзе, і неўзабаве была запатрабаваная ў Эўропе й Амэрыцы. Бэрнар атрымала рэпутацыю сур’ёзнай драматычнай акторкі, зарабіўшы мянушку «Боская Сара». Акрамя таго, яна выконвала мужчынскія ролі, у тым ліку «Гамлета» Шэксьпіра. Эдмон Растан называў яе «каралевай паставы і прынцэсай жэсту», а Віктор Юго хваліў ейны «залаты голас». Яна зьдзейсьніла некалькі тэатральных гастроляў па ўсім сьвеце і была адной зь першых вядомых акторах, якія запісвалі гукі і здымаліся ў кінафільмах.
Сара Бэрнар | |
Sarah Bernhardt | |
![]() Фота 1864 году | |
Імя пры нараджэньні | Henriette Rosine Bernard |
---|---|
Дата нараджэньня | 22 кастрычніка 1844 |
Месца нараджэньня | Парыж, Францыя |
Дата сьмерці | 26 сакавіка 1923 (78 гадоў) |
Месца сьмерці | Парыж, Францыя |
Прычына сьмерці | Урэмія і ныркавая недастатковасьць[d] |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | акторка, сцэнарыстка |
Бацька | Эдуар Бэрнар[d][1] |
Маці | Жудыт-Жулі Бэрнар[d] |
Дзеці | Марыс Бэрнар[d] |
Узнагароды | |
IMDb | ID nm0076800 |
Подпіс | ![]() |
БіяграфіяРэдагаваць
Нарадзілася ў Парыжы ў Лацінскім квартале 22 ці 23 кастрычніка 1844 году ў сям’і нідэрляндзка-габрэйскай куртызанкі з заможнай кліентурай, то бок кліентурай з найвышэйшага саслоўя[2][3][4][5]. Бацька будучай зоркі быў невядомы. Паводле некаторых зьвестак, верагодна, ён быў сынам заможнага купца з Гаўра[6]. Пазьней Бэрнар успамінала, што сям’я ейнае бацькі аплочвала ейную адукацыю, настойвала, каб яна была ахрышчаная як каталічка, і пакінула вялікую суму грошай, якую Сара атрымала ў сваё паўналецьце[6]. Ейная маці часта наведвала малую, якая спачатку жыла ў Брэтані, а потым пасялілася ў парыскім прадмесьці Нёі-сюр-Сэн.
Калі Бэрнар споўнілася сем гадоў, маці аддала яе ў школу-інтэрнат дзеля дзяўчат у прыгарадзе Парыжу Отэй, аплачваючы адукацыю грашымі сям’і Саранага бацькі. Там малая упершыню ўзяла ўдзел у пастаноўцы, выканаўшы ролю ў п’есе «Клятыльда», дзе Бэрнар была ў ролі Каралевы фэяў, выконваючы сваю першую з шматлікіх драматычных сцэнаў. У той час як яна навучалася ў школе-інтэрнаце, ейная маці дасягнула найвышэйшых парыскіх колаў, абслугоўваючы палітыкаў, банкіраў, генэралаў і пісьменьнікаў. Ейнымі заступнікамі і сябрамі сталі Шарль дэ Марні, герцаг Марні, браценік імпэратара Напалеона III і прэзыдэнт заканадаўчай улады Францыі[7]. Ва ўзросьце 10 гадоў, пры падтрымцы Марні, Бэрнар была прынятая ў Граншам (франц. Grandchamp), эксклюзіўную аўгустынскую каталіцкую школу ля Вэрсалю.
ТворчасьцьРэдагаваць
Скончыла драматычную клясу Парыскай кансэрваторыі (1862). Працавала ў тэатрах «Камэдзі Франсэз», «Жымназ», «Порт-Сэн-Мартэн», «Адэон». У 1893 годзе набыла тэатар «Рэнэсанс», у 1898 годзе — тэатар на плошчы Шатле, які атрымаў назву «Тэатар Сары Бэрнар» (цяпер вядомы як Гарадзкі тэатар па-француску: Théâtre de la Ville). Шматлікія выбітныя дзеячы тэатру, напрыклад Кастанцін Станіслаўскі, лічылі мастацтва Бэрнар узорам тэхнічнай дасканаласьці. Аднак віртуознае майстэрства, выкшталцоная тэхніка, мастацкі густ спалучаліся ў Бэрнар з знарочыстай эфэктнасьцю, некаторай штучнасьцю гульні.
Сярод лепшых роляў варта вылучыць доньню Соль («Эрнані» Віктор Юго), Маргарыту Гат’е («Дама з камэліямі» Дзюма-сына), Тэадору (аднайменнай п’есы Сарду), прынцэсы Мара, герцага Рэйхштацкага (у аднайменнай п’есе і «Арляню» Растана), Гамлет (аднайменнай трагедыі Шэксьпіра), Ларэнзача (аднайменная п’еса Мюсэ). З 1880-х гадоў Бэрнар гастралявала ў шматлікіх краінах Эўропы і Амэрыкі, выступала ў Расеі (1881, 1892, 1908—1909). У 1922 годзе пакінула сцэнічную дзейнасьць.
Асабістае жыцьцёРэдагаваць
Сара Бэрнар мела раман з бэльгійскім шляхцічам Шарлем-Жасэфам Эжэнам Жоржам Лямаралем дэ Лінам, сынам Эжэна, 8-га прынца Ліна, зь якім у яе было адзінае дзіцяці, сын Марыс Бэрнар, які нарадзіўся ў 1864 годзе. Пазьней Шарль-Жасэф ажаніўся з польскай прынцэсай Марыяй Ябланоўскай.
Сярод блізкіх сяброў Сары былі некалькі мастакоў, у прыватнасьці Гюстаў Дарэ й Жорж Кляйра, акторы Мунэ-Сюлі й Лю Тэлег і знакаміты францускі пісьменьнік Віктор Юго. Мастак Альфонс Муха зрабіў некалькі вядомых сваіх працаў у стылі мадэрну, выкарыстоўваючы Сару Бэрнар як мадэль. Сяброўства з францускай мастачкай-імпрэсіяністам Люізай Абэма, якая была маладзей за яе прыкладна на дзевяць гадоў, было такім блізкім і такім прагным, што па чуткам яны былі палюбоўніцамі адна адной. У 1990 годзе Абэма намалявала карціну, на якой былі выяўлены два чалавекі на лодцы на возеры ў Булёнскім лесе. Гэтая карціна была падаравана «Comédie-Française». У суправаджальным лісьце было напісана, што карціна была «намалявана Люізай Абэма ў гадавіну іхняга раману»[8].
Бэрнар таксама рашуча праяўляла інтарэс да вынаходніка Нікола Тэсла, які зьневажаў ейныя пачуцьці, бо быў адданы сваёй працы.
Яна пазьней выйшла замуж за актора грэцкага паходжаньня Арыстыдаса Дамала, вядомым у Францыі сцэнічным псэўданімам Жак Дамала, у Лёндане ў 1882 годзе, але шлюб хутка скасаваўся з-за сьмерці Дамалы ў 1889 годзе ва ўзросьце 34 гадоў, бо ён меў залежнасьць ад марфіну. Пазьней Бэрнар гаварыла што мела рамантычныя адносіны з прынцам Ўэйлзкім, які пазьней стаў каралём Эдўардам VII[9].
Бэрнар аднойчы сказала, «Каб я малілася? Ніколі! Я атэіст»[10]. Тым ня менш, яна была хрышчоная ў Рымска-каталіцкай царкве й прыняла сабораваньне неўзабаве перад сьмерцю[11].
Нямое кіноРэдагаваць
Бэрнар была адной зь акторак-піянэраў нямога кіно, дэбютаваўшы ў ролі Гамлета ў дзьвюххвілінным фільме «Le Duel d'Hamlet» у 1900 годзе. Тэхнічна, гэта не было нямым кіно, і на самай справе, гэта ёсьць адно зь першых прыкладаў выкарыстаньня сынхранізаванай сыстэмы гука й малюнкаў, якія рухаюцца, створаныя новай фона-кіно-тэатральнай сыстэмы[12]. Акрамя таго, яна зьнялася яшчэ ў васьмікадравым фільме й дзьвюх біяграфічных стужках. Апошні зь якіх ёсьць фільм «Sarah Bernhardt à Belle-Isle», зьняты ў 1912 годзе, які распавядаў пра ейнае паўсядзённае жыцьцё дома.
СкладаньніРэдагаваць
- Ма double vie. Mémoires de Sarah Bernhardt, P., 1907;
- L’art au théâtre, P., 1923
- В расейс. пер.- Мэмуары Сары Бэрнар, СПБ, 1908.
Выява ў мастацтвеРэдагаваць
Партрэты Сары Бэрнар пісалі Баст’ен-Лепаж, Балдыні, Гандара і іншыя мастакі, яе шматкроць фатаграфаваў Надар.
ФільмаграфіяРэдагаваць
- 1912 — Каралева Элізабэта / Les Amours de la reine Élisabeth
- 1912 — Дама з камэліямі / La Dame aux camélias (рэж. Кальмэт)
Дадатковыя зьвесткіРэдагаваць
Імём Сары Бэрнар названы бэзэ-падобны шакалядны торт[13]. У гонар Сары Бэрнар названы адзін з гатункаў гібрыдных півоняў[14].
КрыніцыРэдагаваць
- ^ Pas L. v. Genealogics (анг.) — 2003.
- ^ «Sarah Bernhardt and the Divine Lie». The New York Times.
- ^ «Sarah Bernhardt: Was she the first 'A-list' actress?». BBC
- ^ «Sarah Bernhardt: Goddess with a golden voice». The Independent.
- ^ «Sarah: The Life of Sarah Bernhardt by Robert Gottlieb». The Guardian.
- ^ а б Tierchant 2009. С. 13—14.
- ^ Tierchant 2009. С. 29.
- ^ Guibert et. al., «Portrait(s) de Sarah Bernhardt», 2000
- ^ «Edward VII Biography». geocities
- ^ «Positive Atheism’s Big List of Quotations: Sarah Bernhardt». positiveatheism.org
- ^ «Sarah Bernhardt in the Theatre of Films and Sound Recordings», by David W. Menefee, McFarland & Company, Inc, 2003
- ^ «Filming Shakespeare With And Without Words In Settings Familiar And Unfamiliar». isntlifeterrible.com
- ^ The great Scandinavian baking book By Beatrice A. Ojakangas
- ^ Sarah Bernhardt Peony listed at Kelways nursery Архіўная копія
ЛітаратураРэдагаваць
- Tierchant, Hélène Sarah Bernhardt: Madame "quand même".. — Paris: Éditions Télémaque, 2009. — ISBN 9782753300927
- Seller G., Sarah Bernhardt, P., [s. a.];
- Кугель А., Тэатральныя партрэты, М., 1929.
Вонкавыя спасылкіРэдагаваць
- Сайт прысьвечаны Сары Бэрнар
- Працы Сары Бэрнар. Праект Гутэнбэрг
- Біяграфія Сары Бэрнар
- Сара Бэрнар(анг.) на сайце IMDb