Торт
Торт (ад італ. torta, раней ад лац. tōrta, круглы хлеб) — дэсэрт, разнавіднасьць пірага, які складаецца з аднаго або некалькіх каржоў, прасякнутых крэмам або джэмам. Зьверху торт звычайна ўпрыгожваецца крэмам, глазурай і/або садавінай.
Існуюць таксама несалодкія разнавіднасьці тартоў (напрыклад, пячоначны торт, сьмёргасторта), пры гэтым назва «торт» указвае хутчэй на афармленьне стравы: укладваньне інгрэдыентаў пластамі з магчымым наступным упрыгожваньнем верхняга пласта. У прыкладзе зь пячоначным тартом: падсмажаныя ляпёшкі зь пячоначнага фаршу з праслойкай з маянэзу, упрыгожаныя зьверху зелянінай.
Прыгатаваньне
рэдагавацьКаржы для большасьці тартоў вырабляюцца зь бісквітнага або пясочнага цеста, клясычныя тарты ўяўляюць сабой камбінацыю з тонкага пясочнага каржа (для болей стабільнае падставы) й аднаго альбо некалькіх бісквітных каржоў. Таксама для тартоў часам выкарыстоўваюць пластовае цеста або вафлевыя каржы. Для змазваньня каржоў звычайна выкарыстоўваюць павідла, крэм з масла або вяршкоў з цукрам, згушчанае малако. Таксама паміж каржамі можна ўкласьці пласт фруктаў, ягадаў, арэхаў, змачыць каржы невялікай колькасьцю алькаголю (ром, лікёр). Як у цеста, так і ў крэм можна дадаць розныя смакавыя й араматычныя дабаўкі: парашок какавы, ваніль; харчовыя фарбавальнікі.
Традыцыйна тарты маюць круглявую форму, аднак некаторыя разнавіднасьці, а таксама тарты прамысловае вытворчасьці, выпякаюцца ў прастакутных формах. Такія тарты часта разразаюць на кавалачкі й прадаюць у выглядзе пірожных (напрыклад, торт «Напалеон» і аднайменнае пірожнае). У Італіі папулярныя тарты ў выглядзе паўсфэры. У апошні час сталі папулярныя незвычайныя формы тартоў, напрыклад, у выглядзе зоркі або сэрца — гэтыя тарты найчасьцей робяць да асаблівых выпадкаў.
Выпечкай і афармленьнем тартоў займаецца навучаны кухар-кандытар.
Афармленьне тартоў
рэдагавацьДля дэкору тартоў звычайна выкарыстоўваюць крэм (галоўным чынам, той жа самы, што выкарыстоўваецца для праслойкі каржоў), выціскаючы яго пры дапамозе кандытарскага шпрыца на верхні пласт торта й ягоныя бакавіны. Таксама торт можна пакрыць глазурай альбо ганашам. Шырокае распаўсюджваньне атрымала элястычная цукровая масьціка маршмэлаў, якую можна выкарыстоўваць ня толькі ў якасьці пакрыцьця торта, але й для лепкі дэкаратыўных фігуркаў для ўпрыгожваньня кандытарскіх вырабаў. Акрамя гэтага ў якасьці ўпрыгожваньняў для тартоў выкарыстоўваюць фрукты, ягады, арэхі, фігуркі з марцыпану, шакалядную й какосавую габлюшку, узьбітую сьмятанку.
Торт у культуры
рэдагавацьТорт зьяўляецца традыцыйнай сьвяточнай стравай на вясельлях, днях народзінаў і іншых урачыстых падзеях. Вясельны торт звычайна выконваецца ў некалькі ярусаў і ўпрыгожваецца зьверху фігуркамі маладых. На дзень народзінаў імянінны торт могуць упрыгожваць сьвечкамі ў колькасьці, роўнам узросту імяніньніка.
Тарты часта выкарыстоўваюць у якасьці кідальнае зброі для дэманстрацыі грамадзкага недаверу або пагарды да вядомых людзей. Традыцыю кідаць у вядомых асобаў тартамі заснаваў бэльгіец Ныэль Гадэн — лідэр руху «Міжнародныя пірожныя брыгады», ад актывістоў якога пацярпелі такія людзі, як Біл Гейтс, Мішэль Камдэсю, Жан-Люк Годар і іншыя.
Бессэнсоўнае кіданьне тартоў дзеля забаўкі зьяўляецца складовай часткай шэрагу кінакамэдыяў.
Глядзіце таксама
рэдагавацьУ гэтым артыкуле няма спасылак на якія-небудзь крыніцы.
|