Сакотра

востраў у Індыйскім акіяне

Сако́тра (па-сакатрыйску: ساقطري — трансьліт. Сакатры; араб. سُقُطْرَىٰ‎ — трансьліт. Сукутра) — емэнскі востраў на паўночным захадзе Індыйскага акіяну за 240 км на ўсход ад самалійскага мыса Гвардафуй у Афрыцы.

Сакотра
Спадарожнікавы здымак (2005 год)
Спадарожнікавы здымак (2005 год)
Месца Арабскае мора (Гвардафуйскі праліў)
Плошча 3796 км²
Найвышэйшы пункт 1503 м
Краіна Емэн
Вобласьць Сакотра
Насельніцтва (2024) 40 000
Каардынаты 12°30′36″ пн. ш. 53°55′12″ у. д. / 12.51° пн. ш. 53.92° у. д. / 12.51; 53.92Каардынаты: 12°30′36″ пн. ш. 53°55′12″ у. д. / 12.51° пн. ш. 53.92° у. д. / 12.51; 53.92
Сакотра на мапе Емэну
Сакотра
Сакотра
Сакотра

Вышыня дасягае 1503 м. Складаецца пераважна з крышталічных пародаў. Мае сухі, трапічны клімат. Сярэдняя тэмпэратура студзеня +21 °C, а ліпеня — +28 °C. Ападкаў 250—300 мм за год. Пераважае паўпустынная расьліннасьць. У гарах і на ўсходзе сустракаецца ксэрафітная дрэвава-хмызьняковая расьліннасьць. Мясцовая гаспадарка ў асноўным складалася з вырошчваньня фінікавай пальмы і рыбалоўства. Найбольшы горад Хадыбу на поўначы быў сталіцай паўднёваемэнскай вобласьці Сакотра[1]. У красавіку 2023 году войскі Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў захапілі Сакотру[2].

Гаспадарка

рэдагаваць

Замежным падарожнікам паслугі аказвалі гасьцініцы і адмысловыя стаянкі, асобныя ад паселішчаў, дзе працавалі кухары, кіроўцы і гіды. Асноўнымі заняткамі былі рыбалоўства, коза- і авечкагадоўля, а таксама земляробства. Значная частка жытла была без вадаправода і электрычнасьці. Рыбакі лавілі васьміногаў, шар-рыбу, марскіх вожыкаў, лобстараў, крабаў, вялікіх чарапахаў і вустрыцаў, якіх было асабліва шмат. Таму значную частку харчаваньня складалі рыба і морапрадукты з прыправамі[3].

Перавозкі

рэдагаваць

На Сакотры дзейнічала лётнішча. На 2024 год аднойчы на тыдзень палёты ажыцьцяўлялі з Дубая і Абу Дабі ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, адкуль пасажыраў дастаўляла авіякампанія «Паветра Арабіі». Зь Беларусі падарожжы ладзіла прадпрыемства «360Трэвэл». Пры гэтым замежныя падарожнікі, хоць і маглі прыязджаць групамі бязь візы, але мелі права перамяшчацца па востраве толькі з гідам[3].

Насельніцтва

рэдагаваць
 
Рыбацкія лодкі пад пальмамі ў Хадыбу (2011 год)

На 2024 год насельніцтва Сакотры складала 40 000 чалавек, зь якіх 8000 жыло ў сталіцы вобласьці Хадыбу. Сакатрыйцы мелі ўласную сакатрыйскую мову і ведалі таксама арабскую. У 2014 годзе мовазнаўцы распрацавалі пісьмовую азбуку для сакатрыйскай мовы. Сярод мясцовых жыхароў быў пашыраны спосаб вітаньня праз датыканьне насамі адно да аднаго. Пры гэтым на людзях так віталіся толькі мужчыны з мужчынамі і жанчыны з жанчынамі. Таксама носам датыкаліся да рукі старэйшых на знак павагі. Праз пашыранасьць раньніх шлюбаў на востраве была высокая нараджальнасьць, ад якой у семʼях налічвалася да 10 дзяцей. Разам з тым, у 2015 годзе ўзрост уступленьня ў шлюб абмежавалі дасягненьнем 18-годзьдзя. Аснову мясцовай кухні складала прыпраўленая рыба і морапрадукты. Іх лавілі ў мясцовых водах. Да іх часта гатавалі аладкі, а таксама завазны рыс і макарону[3].

Востраў Сакотра плошчай каля 3800 кв.км мае кантынэнтальнае паходжаньне. Траціна відаў расьлінаў на Сакотры мела непаўторнае мясцовае паходжаньне. Сярод адпаведных відаў было драконавае дрэва, якое мае чырвоную смалу. Расло некалькі лясоў такога дрэва, дзе сустракаліся асобнікі векам па некалькі стагодзьдзяў. Яго сок выкарыстоўвалі для фарбаваньня валасоў у барвовы колер, а таксама для гаеньня ранаў. Гэтыя дрэвы квітнеюць аднойчы на 15 гадоў зь лютага па сакавік. Агурочнае або бутэлькавае дрэва назапашвала багата вільгаці і квітнела ў сакавіку бледна-ружовымі кветкамі. Праз рэдкія віды расьлінаў востраў быў біясфэрным запаведнікам, які абвясьціла Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў па пытаньнях адукацыі, навукі і культуры. У формах рэльефу сустракаецца багата каньёнаў з горнымі крыніцамі. У пару мусонаў утвараецца шмат працяглых пясчаных выдмаў. Улетку адзначаюцца моцныя вятры і штормы, праз якія востраў часта становіцца адрэзаным ад вонкавага сьвету празь складанасьці зь перавозкамі[3].

Мінуўшчына

рэдагаваць

Ад 1971 году Вайскова-марскі флёт СССР меў замежную базу на Сакотры, якая з 1967 году ўваходзіла ў Паўднёвы Емэн.

  1. ^ Сакотра // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 89. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0238-5
  2. ^ Марк Крутаў, Аляксандар Госьцеў і Андрэй Шараградзкі. Што трэба ведаць пра хусітаў, атакі кааліцыі ЗША на іх цэлі ў Емэне і праблему суднаходзтва ў Чырвоным моры // Беларуская служба Радыё «Свабода», 13 студзеня 2024 г. Праверана 14 студзеня 2024 г.
  3. ^ а б в г Дар'я Каско, партал «Анлайнэр». «Пры сустрэчы яны датыкаюцца адно да аднаго насамі». Беларусы патрапілі на выспу, пра якую мала хто чуў // Партал «Наша ніва», 11 студзеня 2024 г. Праверана 14 студзеня 2023 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць