Рана
пашкоджаньне на скуры
Рана (па-лацінску: vulnus, eris n.) — парушэньне анатамічнай цэласнасьці покрыўных ці ўнутраных тканак на ўсю іх таўшчыню, а часам таксама й унутраных органаў, выкліканае мэханічным узьдзеяньнем. Адметныя прыкметы: боль, крывацёк, зеўра.
У залежнасьці ад умоў ўзьнікненьня раны падзяляюць на:
- рэзаныя — нанесеныя сьлізгальным рухам тонкага вострага прадмету;
- колатыя — нанесеныя прадметам з невялікім папярочным перасекам;
- колата-рэзаныя — нанесеныя вострымі прадметамі з рэжучымі бакамі;
- ірваныя — з прычыны моцнае расьцягваньня тканак;
- укушаныя — нанесеныя зубамі жывёл або чалавека;
- сечаныя — нанесеныя цяжкім вострым прадметам;
- разьбітыя — характарызуюцца расплюшчваньнем і разрывам тканак;
- выцятыя — ад удару тупым прадметам з адначасовым ударам навакольных тканак;
- агнястрэльныя — ад агнястрэльнай зброі або аскепкаў боепрыпасаў выбухнога дзеяньня;
- скальпіраваныя — з поўным або амаль поўным аддзяленьнем акраўка скуры;
- апэрацыйныя, або хірургічныя — падчас хірургічнай апэрацыі.