Аўганска-савецкая вайна

(Перанакіравана з «Савецка-аўганская вайна»)

Аўганска-савецкая вайна — 9-гадовае вайсковае ўварваньне СССР у Аўганістан са сьнежня 1979 году па люты 1989 году. Скончылася вывадам савецкага войска паводле пункту 5 Жэнэўскага пагадненьня аб узаемасувязі для ўладжаньня датычнага Аўганістану становішча ад 14 красавіка 1988 году, якое падпісалі міністры замежных справаў Аўганістану і Пакістану Абдул Вакіль(ru) (1986—1992) і Сахабзада Якуб-Хан(en) (1982—1991) адпаведна. У якасьці паручальнікаў пагадненьне падпісалі міністры замежных справаў ЗША і СССР Джордж Шульц(en) (1982—1989) і Эдуард Шэварнадзэ (1985—1990) адпаведна.

Аўганска-савецкая вайна
Паштовая марка Беларусі (2009)
Дата: 24 сьнежня 1979 — 15 лютага 1989
Месца: Аўганістан
Прычына: Правал савецкага замаху на старшыню ўраду Аўганістану
Вынік: Вывад савецкага войска з Аўганістану
Супернікі
Ісламскі саюз змагароў Аўганістану(en)СССР
Камандуючыя
Ахмад Шах МасудМіхаіл Гарбачоў
Колькасьць
140 тыс. чалавек115 тыс. чалавек
Страты
75 тыс. забітых15 052 забітых, 53 753 параненых
Агульныя страты
670 тыс. забітых цывільных

Уварваньне (1979—1984)

рэдагаваць

24 сьнежня 1979 году міністар абароны СССР Зьміцер Усьцінаў Дырэктывай № 312/12/001 зацьвердзіў уварваньне ў Аўганістан. 25 сьнежня за 36 км ад Кабула аб скалу разьбіўся(ru) савецкі вайскова-транспартны самалёт Іл-76, у выніку чаго загінулі 47 вайскоўцаў 350-га парашутна-дэсантнага палка(ru) (пасёлак Баравуха, Полацкі раён, Віцебская вобласьць, Беларуская ССР) 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі(ru) (Віцебск). А 19:30 654 савецкія вайскоўцы, апранутыя ў аўганскую форму, пачалі ў Кабуле штурм Вялікага каралеўскага палаца(en), дзе застрэлілі старшыню ўрада Аўганістану Хафізулу Аміна[1], яго 2 малалетных сыноў і каля 200 аўганскіх вайскоўцаў. Страты савецкіх нападнікаў склалі 20 чалавек забітымі і 32 — параненымі.

Цягам 9—11 студзеня 1980 году савецкія вайскоўцы 186-га палка 108-й мотастралковай дывізіі(ru) (Цярмез(uz), Сурхандар'інская вобласьць, Узбэцкая ССР) захапілі кішлак Нахрын(en) (правінцыя Баглан), дзе забілі каля 100 вайскоўцаў 4-га аўганскага артылерыйскага палка. Савецкія страты склалі 2 чалавекі забітымі і 2 — параненымі. 10—11 студзеня ў Кабуле савецкія войскі забілі каля 100 вайскоўцаў 20-й аўганскай дывізіі, страціўшы 2 савецкіх вайцоўцаў забітымі і 2 — параненымі. 20—24 лютага ў Кабуле адбылося паўстаньне, у ходзе якога 22 лютага абстралялі савецкую амбасаду. 23 лютага ў сярэдзіне тунэля на перавале Саланг(en) (правінцыя Парван) ад выхлапных газаў задыхнуліся 18 савецкіх вайскоўцаў, чыя калёна спынілася ў выніку дарожна-транспартнага здарэньня. 29 лютага ў баі пад кішлаком Шыгал(ru) (правінцыя Кунар) 317-ы парашутна-дэсантны полк (Віцебск) страціў 37 чалавек забітымі і 26 — параненымі. У акружэньні паранены беларус Мікалай Чэпік (нар. 16 красавіка 1960; вёска Першы Май, Пухавіцкі раён, Менская вобласьць) падарваў на найбліжэйшым дрэве міну МОН-100(en), чым забіў 32 аўганскіх вайскоўцаў. Да 2 сакавіка Кунарскі наступ на 30-ы горны пяхотны полк аўганскага войска прывёў да гібелі 52 савецкіх дэсатнікаў і раненьня яшчэ 43-ох. 11 траўня ў баі пад кішлаком Хара(ru) (правінцыя Кунар) 150 аўганскіх вайскоўцаў забілі 46 і паранілі 65 савецкіх вайскоўцаў 1-га батальёна 66-й мотастралковай брыгады(ru) (Алматы, Казаская ССР). Аўганскія страты склалі 36 чалавек забітымі і 84 — параненымі.

3 жніўня 1980 году ў баі пад кішлаком Шаеста(ru) (Кішымскі павет(en), правінцыя Бадахшан) аўганскія вайскоўцы 24-га пяхотнага палка (Файзабад(en), правінцыя Бадахшан) забілі 49 і паранілі 48 савецкіх вайскоўцаў 201-й мотастралковай дывізіі(ru) (Душанбэ, Таджыцкая ССР). Цягам 15 лістапада — 5 сьнежня ў правінцыях Баміян, Кабул і Парван савецкія войскі забілі больш за 500 і паланілі 736 аўганскіх паўстанцаў. Цягам 1980 г. аўганскія вайскоўцы забілі 1484 (незваротныя страты(ru)) і паранілі (звольненыя з войска) 725 савецкіх інтэрвэнтаў, зьнішчылі 18 савецкіх танкаў, 173 адзінак бронетэхнікі, 40 верталётаў і самалётаў.

5 верасьня 1981 году ў гарах Луркох за 40 км на паўночны ўсход ад Фараха(en) (правінцыя Фарах) аўганскія паўстанцы паразілі з буйнакалібэрнага кулямёта Дзегцярова-Шпагіна (ДШК) савецкі верталёт Мі-8Т(ru). У выніку выбуху пры сутыкненьні верталёта са скалой экіпаж загінуў разам з генэрал-маёрам Вадзімам Ха́халавым(ru) на борце, які быў намесьнікам камандзіра Ваенна-паветраных сілаў (ВПС) Туркестанскай вайсковай акругі СССР. 6 верасьня ў Панджшэрскай цясьніне(en) (Панджшэрскі павет, правінцыя Парван; цяпер правінцыя Панджшэр) аўганскія паўстанцы паранілі каля 100 савецкіх вайскоўцаў. Цягам 1981 г. аўганскія паўстанцы забілі 1298 савецкіх акупантаў, 28 савецкіх танкаў, 128 адзінак бронетэхнікі, 17 гарматаў і мінамётаў, 26 верталётаў і самалётаў.

Цягам 16—30 траўня 1982 г. у Панджшэрскай цясьніне 5 тыс. аўганскіх паўстанцаў забілі 93 і паранілі 343 савецкіх вайскоўцаў. 3 лістапада ў выніку дарожнага затору на перавале Саланг у тунэлі задыхнуліся 64 савецкія вайскоўцы і 112 цывільных аўганцаў. Агулам цягам году аўганскія паўстанцы забілі 1948 і паранілі 894 савецкіх акупантаў, зьнішчылі 17 савецкіх танкаў, 107 адзінак бронетэхнікі, 14 гарматаў і мінамётаў, 40 верталётаў і самалётаў.

У красавіку 1983 году ў Ніджрабскай(en) цясьніне (правінцыя Капіса) аўганскія паўстанцы забілі 14 і паранілі 63 савецкіх вайскоўцаў. 16 траўня ў Ганджагальскай цясьніне (Сірканайскі павет(en), правінцыя Кунар) аўганскія паўстанцы забілі 16 савецкіх вайскоўцаў 3-га батальёна 66-й мотастралковай брыгады. 10 ліпеня ў цясьніне Куран-Мунджанскага павета(en) (правінцыя Бадахшан) загінулі 12 савецкіх вайскоўцаў 1-га батальёна 860-га мотастралковага палка(ru) (Ош, Оская вобласьць, Кіргіская ССР). У ліпені 1983 г. аўганскія паўстанцы пачалі аблогу Хоста(en) (правінцы Хост), якую працягвалі да канца лістапада 1987 году. У жніўні пачалася аблога Ўргуна(en) (правінцыя Пактыка) 800 аўганскімі паўстанцамі, што доўжылася да 16 студзеня 1984 году. Цягам 1983 г. аўганскія паўстанцы забілі 1446 і паранілі 945 савецкіх акупантаў, зьнішчылі 186 адзінак савецкай бронетэхнікі, 13 танкаў і 37 верталётаў і самалётаў.

16 студзеня 1984 году над Ургунам аўганскія паўстанцы ўпершыню зьбілі зь перанаснога зэнітна-ракетнага комплекса(en) (ПЗРК) «Страла-2М»(ru) савецкі штурмавік Су-25. 11 красавіка ў Суробскім павеце(en) (правінцыя Кабул) аўганскія паўстанцы забілі 15 савецкіх вайскоўцаў 3-га батальёна 66-й мотастралковай брыгады. Цягам 19 красавіка — 4 траўня ў Панджшэрскай цясьніне аўганскія паўстанцы забілі больш за 100 і паранілі 72 савецкіх вайскоўцаў 40-й арміі(ru) (Ташкент, Узбэцкая ССР). Цягам найбольш кровапралітнага ў вайне 1984 г. савецкія акупанты забілі каля 18 тыс. аўганскіх паўстанцаў. Аўганскія паўстанцы забілі 2343 і паранілі 1388 савецкіх акупантаў, зьнішчылі 88 адзінак савецкай бронетэхнікі, 8 танкаў, 66 верталётаў і самалётаў.

Паўстаньне (1985—1987)

рэдагаваць
 
Паўстанцы пад Асмарам (правінцыя Кунар, жнівень 1985 г.)

21 красавіка 1985 году ў Мараварскай цясьніне (правінцыя Кунар) аўганскія паўстанцы забілі 29 савецкіх вайскоўцаў 5-га батальёна 15-й брыгады спэцыяльнага прызначэньня ГРУ(ru) (пасёлак Азадбаш, Ташкенцкая вобласьць, Узбэцкая ССР). Цягам 19 траўня — 12 чэрвеня ў ходзе Кунарскай апэрацыі(ru) савецкія войскі 40-й арміі забілі каля 4200 аўганскіх паўстанцаў. У ноч на 12 чэрвеня на авіябазе ў Шындандзе(en) (правінцыя Герат) аўганскія паўстанцы зьнішчылі 19 і пашкодзілі 13 самалётаў. Цягам 13 ліпеня — 29 жніўня ў правінцыі Хост аўганскія паўстанцы страцілі 2,4 тыс. чалавек забітымі. 17 кастрычніка каля ледавіка ў Шутульскай цясьніне (Панджшэрскі павет) 17 савецкіх вайскоўцаў 682-га палка 108-й мотастралковай дывізіі памерлі ад пераахаладжэньня. 22 сьнежня ў баі пад кішлаком Афрыдж(ru) (Бахарацкі павет(en), правінцыя Бадахшан) аўганскія паўстанцы забілі 19 памежнікаў савецкай заставы. Цягам 1985 г. савецкія акупанты забілі каля 17 тыс. аўганскіх паўстанцаў. Аўганскія паўстанцы забілі 1886 і паранілі 1751 савецкага акупанта, зьнішчылі 185 адзінак савецкай бронетэхнікі, 18 танкаў, 66 верталётаў і самалётаў.

20 красавіка 1986 году савецкія войскі часова захапілі паўстанцкую базу Джавара(ru) (правінцыя Хост), забіўшы цягам месяцовай аблогі 281 і параніўшы 363 аўганскіх паўстанцаў. 17—18 чэрвеня ў баі пад гарой Яфсадж(ru) (Чальскі павет(en), правінцыя Тахар) аўганскія паўстанцы забілі 21 і паранілі 40 савецкіх вайскоўцаў 783-га батальёна 201-й мотастралковай дывізіі. 25 верасьня пад Джэлалабадам(en) (правінцыя Нангархар) аўганскія паўстанцы ўпершыню зьбілі з ПЗРК «Стынгер» 2 савецкія верталёты Мі-8 і Мі-24. Цягам 1986 г. аўганскія паўстанцы забілі 1333 і паранілі 1311 савецкіх акупантаў, зьнішчылі 126 адзінак савецкай бронетэхнікі, 14 танкаў, 61 верталёт і самалёт.

У ноч на 9 красавіка 1987 году ў баі пад кішлаком Івалк (Маскоўскі раён(en), Кулябская вобласьць, Таджыцкая ССР) 22 савецкія памежнікі забілі 14 і паранілі 1 аўганскага паўстанца. Цягам 17 красавіка — 13 чэрвеня 1987 году ў баі пад Джаджы(en) (Джаджыйскі павет(en), правінцыя Пактыя) 200 савецкіх вайскоўцаў забілі каля 120 аўганскіх паўстанцаў. 31 кастрычніка ў баі пад кішлаком Дуры(ru) (правінцыя Забуль) савецкія вайскоўцы 7-га батальёна 22-й брыгады спэцыяльнага прызначэньня(ru) забілі 63 аўганскіх паўстанцаў, страціўшы 12 чалавек забітымі. Цягам 1987 г. аўганскія паўстанцы забілі 1215 і паранілі 1472 савецкіх акупантаў, зьнішчылі 128 адзінак савецкай бронетэхнікі, 7 танкаў, 68 верталётаў і самалётаў.

Вывад савецкага войска (1988—1989)

рэдагаваць
 
Камандзір 40-й арміі Барыс Громаў абвяшчае вывад савецкага войска з Аўганістану (Кабул, 1 траўня 1988 г.)

14 красавіка 1988 году ў Жэнэве (Швайцарыя) міністры замежных справаў Аўганістану і Пакістану Абдул Вакіль і Сахабзада Якуб-Хан адпаведна падпісалі Пагадненьне аб узаемасувязі для ўладжаньня датычнага Аўганістану становішча, якое набыло моц 15 траўня 1988 году. У якасьці паручальнікаў Пагадненьне падпісалі міністры замежных справаў ЗША і СССР Джордж Шульц і Эдуард Шэварнадзэ адпаведна. Пункт 5 Пагадненьня прадугледжваў: «У адпаведнасьці з тэрмінамі, ўзгодненымі між Саюзам Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і Рэспублікай Аўганістан адбудзецца паступовы вывад замежных войскаў, што пачнецца ў згаданы вышэй дзень набыцьця Пагадненьнем моцы. Першую палову войскаў выведуць да 15 жніўня 1988 г., а вывад усіх войскаў скончыцца на працягу 9 месяцаў»[2].

24 чэрвеня 1988 году аўганскія паўстанцы вызвалілі Майданшахр(en) (цэнтар правінцыі Вардак). 4 жніўня ў памежнай мясцовасьці правінцыі Хост пакістанскі самалёт-зьнішчальнік F-16 зьбіў савецкі штурмавік Су-25 з намесьнікам камандзіра ВПС 40-й арміі Аляксандрам Руцкім, які ў выніку 9 жніўня трапіў у палон да аўганскіх паўстанцаў. 7 жніўня аўганскія паўстанцы вызвалілі Кундуз (цэнтар аднайменнай правінцыі). 8 жніўня — Талукан (цэнтар правінцыі Тахар). 10 жніўня ў Пулі-Хумры(en) (цэнтар правінцыі Баглан) аўганскія паўстанцы падарвалі(ru) артылерыйскі склад, што прывяло да гібелі 6 савецкіх грамадзянаў, зьнішчэньня 75% будынкаў гарадка 395-га мотастралковага палка (штаб, 6 складоў, 19 жылых дамоў), усіх боепрыпасаў аб’ёмам да 1000 вагонаў і больш за 100 аўтамабіляў.

На 15 жніўня СССР вывеў з Аўганістана 50,2 тыс. вайскоўцаў, пакінуўшы 50,1 тыс. жаўнераў у 6 з 27 правінцыяў (Баглан, Балх, Герат, Кабул, Парван і Саманган). У лістападзе аўганскія паўстанцы цалкам вызвалілі 3 правінцыі (Баміян, Кунар і Пактыка). Да канца лістапада пад уладай паўстанцаў знаходзіліся больш за 21,7 тыс. (78%) кішлакоў з 30 191, 199 (69%) з 290 павятовых цэнтраў і 5 з 27 цэнтраў правінцыяў.

23—26 студзеня 1989 году ў правінцыях Баглан, Кундуз і Парван савецкія войскі 40-й арміі гарматнымі абстрэламі і паветранымі бамбаваньнямі забілі(ru) 377 аўганскіх паўстанцаў і больш за 1000 цывільных асобаў. 4 лютага савецкія войскі пакінулі Кабул. 15 лютага скончыўся вывад савецкіх войскаў з Аўганістану.

Беларусь

рэдагаваць

У савецкім вайсковым уварваньні ў Аўганістан узялі ўдзел больш за 30 тыс. ураджэнцаў Беларусі (5% ад 620 тыс. з СССР агулам), зь якіх каля 800 (3%) загінулі на вайне. На 2014 г. у Беларусі засталося пражываць каля 27 тыс. удзельнікаў вайны ў складзе савецкага войска[3].