Самалёт-зьнішчальнік
Зьнішчальнік — вайсковы самалёт, прызначаны ў першую чаргу для зьнішчэньня паветраных мэт.
Ужываецца для заваёвы перавагі ў небе над супернікам, а таксама для суправаджэньня бамбавікоў, транспартных самалётаў, самалётаў грамадзянскай авіяцыі, абароны наземных аб’ектаў ад авіяцыі суперніка. Радзей зьнішчальнікі выкарыстоўваюцца для нападу на наземныя і марскія мэты.
Клясыфікацыя зьнішчальнікаў
рэдагаваць- Франтавыя зьнішчальнікі — прызначаныя для заваёвы панаваньня ў паветры шляхам зьнішчэньня авіяцыі суперніка ў манэўраным паветраным баю. Таксама выкарыстоўваюцца для агнявой падтрымкі наземных сіл.
- Зьнішчальнікі-перахопнікі — прызначаныя для абароны наземных аб’ектаў ад сродкаў паветранага нападу (самалётаў, крылатых ракет) шляхам іх зьнішчэньня ракетным узбраеньнем на вялікіх адлегласьцях ад абараняемых аб’ектаў.
- начныя зьнішчальнікі — адмыслова абсталяваныя для супрацьстаяньня з авіяцыяй суперніка ў начных умовах.
- Штурмавікі — прызначаныя для выкананьня задачаў агнявой падтрымкі сваіх войскаў і штурмоўкі наземных аб’ектаў суперніка (як стацыянарных, так і рухомых), выкарыстаючы адмысловую тактыку і ўзбраеньні.
- Шматмэтавыя зьнішчальнікі (зьнішчальнікі-бамбавікі і да т. п.).
- Палубныя зьнішчальнікі — зьнішчальнікі якія базіруюцца на авіяносцах (ці буйных караблях).
Нягледзячы на агрэсіўную назву, зьнішчальнік належаць да абарончых тыпаў узбраеньняў, асобнага наступальнага значэньня зьнішчальная авіяцыя ня мае. Таму ў сучасным сьвеце, ва ўмовах лакальных канфліктаў, зьнішчальнікі паступова становяцца больш унівэрсальнымі, і атрымліваюць магчымасьці нападу на наземныя аб’екты, гэта значыць з чыстых зьнішчальнікаў ператвараюцца ў зьнішчальнікі-бамбавікі. Разьвіцьцё жа сродкаў СПА прывяло да зьмяншэньня колькасьці зьнішчальнікаў-перахопнікаў.