Пячатка з раскопак у Лаўрышаве
Пячатка з раскопак у Лаўрышаве — прыкладна́я каменная пячатка-матрыца, выяўлена ў 2015 годзе пры археалягічных раскопках на селішчы Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра (вёска Лаўрышава, Шчорсаўскі сельсавет, Наваградзкі раён, Гарадзенская вобласьць). Формай падобная да бруска, на адной з тарцовых граняў выразаны надпіс у 2 радкі. Адметнасьць знаходкі ў захаванасьці менавіта матрыцы, бо звычайна сярэднявечныя пячаткі знаходзяць у выглядзе адбіткаў. Аналягаў у Беларусі няма.
Паводле Галіцка-Валынскага летапісу, манастыр «на рацэ на Нёмане, паміж Літвой і Наваградкам»[1] заснаваў каля 1260 году сын вялікага князя Вялікага княства Літоўскага Міндоўга — Войшалк (вялікі князь літоўскі ў 1264—1267 гадах). Згодна царкоўнаму паданьню, манастыр быў заснаваны ў сярэдзіне XIII ст. прападобным ігуменам Елісеем.
Археалягічныя дасьледаваньні ў Лаўрышаве
рэдагавацьМесцазнаходжаньне Лаўрышаўскага манастыра з XVI ст. вядома па дакумэнтах. Археалягічныя абсьледаваньні ў Лаўрышаве пачаў у 1990 годзе Аляксандар Краўцэвіч, які зрабіў выснову: «На падставе здабытага падчас раскопак археалягічнага матэрыялу можна сьцвярджаць, што мы знайшлі культурны слой Лаўрышаўскага манастыра[2]». У 2011—2015 гадох раскопкі ў гэтым месцы праводзілі Лаўрышаўскія археалягічныя экспэдыцыі, якія складаліся з добраахвотнікаў, навуковы кіраўнік — С. Я. Рассадзін, доктар гістарычных навук, прафэсар гісторыі, прафэсар катэдры гісторыі Беларусі і паліталёгіі факультэту інфармацыйных тэхналёгіяў Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту. Па выніках дасьледаваньняў ім была зроблена выснова, што манастыр існаваў на гэтым месцы з часу заснаваньня ў XIII ст.[3]
Выяўленьне пячаткі
рэдагавацьУ экспэдыцыі вялася палявая апрацоўка археалягічных матэрыялаў, знаходка была папярэдне вызначана як каменны брусок і вылучана для далейшага навуковага дасьледаваньня[4]. Ёй быў нададзены шыфр «Л15 37/5».
Пры абсьледаваньні знаходкі ў Менску С. Рассадзін выявіў на тарцы бруска надпіс. На меркаваньне С. Рассадзіна, знаходка выраблена са сланцавага каменя, які здабывалі і апрацоўвалі ў Сярэднявеччы да XIII ст.[5] (сланцавыя вырабы зьяўляюцца ў археалёгіі датавызначальнымі прадметамі, паколькі ў 1240 г. камнездабыўныя майстэрні былі разбураны падчас мангола-татарскага нашэсьця і пазней не аднаўляліся[6]). Для прачытаньня надпісу знаходка была перададзена сьпэцыялісту па эпіграфіцы, кандыдату гістарычных навук І. Л. Калечыц (дацэнт катэдры дапаможных гістарычных дысцыплін і мэтодыкі выкладаньня гісторыі гістарычнага факультэту БДПУ імя Максіма Танка, г. Менск).
Прачытаньне і вызначэньне
рэдагавацьПрачытаньне надпісу ў лябараторных умовах і вызначэньне тыпу знаходкі прапанавала Іна Калечыц. Паводле яе высновы, артэфакт зьяўляецца пячаткай, а надпіс чытаецца як Сьвятая пу́стынь, пры гэтым першае слова напісана скарочана на грэцкай мове[7], што было характэрна для XII—XIV стагодзьдзяў: Ά(για) Пꙋ[С]ТІN[8]. (Літару «н» ва ўсходнеславянскай кірыліцы да XIV ст. пісалі ў грэц. форме Ν.) У такім разе, знаходка папаўняе шэраг раньніх пячатак часоў Вялікага Княства Літоўскага.
Іншае меркаваньне, па апублікаваных фатаздымках матрыцы і адбітку, выказаў журналіст Сяргей Шупа. На яго думку, на здымках «можна… безь вялікіх намаганьняў» прачытаць напісанае яўрэйскім шрыфтам імя Іцхак Айзік (יצחק אייזיק)[9]. Пры такім прачытаньні крайняя правая літара ў першым радку і крайняя левая літара ў другім радку на пячатцы адсутнічаюць.
Прадстаўленьне
рэдагавацьУ Лаўрышаве 1 лістапада 2015 года[10] адбылося прадстаўленьне пячаткі грамадзкасьці[11], а 5 лістапада, у дзень прастольнага сьвята Лаўрышаўскага манастыра, пячатка разам з археалягічнай экспазыцыяй была паказана мітрапаліту Менскаму і Заслаўскаму, Патрыяршаму экзарху ўсяе Беларусі Паўлу, духавенству і гасьцям[12].
Паведамленьне С. Я. Рассадзіна і І. Л. Калечыц «Каменная матрыца пячаткі з Лаўрышаўскага манастыра» было ўключана ў праграму міжнароднай навуковай канфэрэнцыі «Вялікае Княства Літоўскае: палітыка, эканоміка, культура», у сэкцыі «Духоўная і матэрыяльная культура» (5—6.11.2015, Менск)[13].
Навуковая публікацыя
рэдагаваць- Рассадин, С.Е. Каменная матрица печати из Лавришевского монастыря / С.Е. Рассадин (рас.) // Вялікае Княства Літоўскае: палітыка, эканоміка, культура: зб. нав. арт. У 2 ч. Ч. 2 / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі; уклад.: А. А. Скеп'ян; рэдкал.: У. Р. Гусакоў [і інш.]. — Мінск: Беларуская навука, 2017. — 498 с.: іл. — С. 210—216. — ISBN 978-985-08-2138-6.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Пераклад са старажытнарускай мовы паводле артыкула: Краўцэвіч, А. К. Войшалк (1264—1267). Інтэлігент на троне // pawet.net [Электронны рэсурс] — 2008. — 27 чэрвеня. — Дата доступу: 13 лістапада 2015.
- ^ Краўцэвіч, А. К. Археалагічныя даследаванні Лаўрышаўскага манастыра на Панямонні / А. К. Краўцэвіч // З глыбі вякоў. Наш край. — Мінск: Навука і тэхніка, 1996. — В. 1. — С. 227—234.
- ^ Пракопчык, Б. Загадкі лаўрышаўскага манастыра // Звязда. — 2015. — 4 жніўня. — Дата доступу праз інтэрнэт: 19 лістапада 2015.
- ^ Маслюкоў, Т. В. Ад каменнага нажа да шахматнай фігуры: новыя раскопкі ў Лаўрышаве // gomelcivil.org [Электронны рэсурс] — 2015. — 15 жніўня. — Дата доступу: 19.11.2015.
- ^ Гл., напр.: Рыбаков, Б. А. Ремесло древней Руси(недаступная спасылка). — Москва, 1947. — С. 195—196. — Дата доступу праз інтэрнэт: 19.11.2015. (рас.)
- ^ Гл., напр.: Векслер, А. Г. Раскопки в Москве на Арбате / А. Г. Векслер, Ю. Ю. Васильев // Наука и жизнь. 1996. № 11. — Дата доступу праз інтэрнэт: 19.11.2015. (рас.)
- ^ Археологи говорят о второй за год сенсации // tvr.by [Электронный ресурс] — Минск. — 2015. — 11 сентября. — Дата доступу: 24 лістапада 2015. (рас.)
- ^ Галоўка, С. Тайны Лаўрышаўскага манастыра: шлях да разгадак / С. Галоўка // Беларуская думка. — 2015. — № 11. — С. 50—57. ISSN 0023-3102.
- ^ Шупа, С. Які Іцхак-Айзік згубіў пячатку ХІІІ стагодзьдзя ў Лаўрышаўскім манастыры? // Радыё Свабода [Электронны рэсурс]. — 2015. — 22 кастрычніка. — Дата доступу: 22.10.2015.
- ^ Петрова, А. Печать XIII века представили на подворье Свята-Елисеевского мужского монастыря / А. Петрова // novgazeta.by [Электронны рэсурс] — Навагародак. — 2015. — 1 ноября. — Дата доступу: 19.11.2015. (рас.)
- ^ Пячатку XIII стагоддзя прэзентавалі на падвор'і Свята-Елісееўскага мужчынскага манастыра // tvr.by [Электронны рэсурс] — Мінск. — 2015. — 2 лістапада. — Дата доступу: 19.11.2015.
- ^ Митрополит Павел посетил Елисеевский Лавришевский мужской монастырь / Фото: А. Мизей // Официальный портал Белорусской православной церкви [Электронный ресурс] — Минск. — 2015. — 5 ноября. — Дата доступу: 19.11.2015. (рас.)
- ^ Праграма міжнароднай навуковай канферэнцыі «Вялікае Княства Літоўскае: палітыка, эканоміка, культура» // Інстытут гісторыі НАНБ [Электронны рэсурс] — Дата доступу: 19.11.2015
Вонкавыя
рэдагаваць- Пятрова, А. Унікальная знаходка / А. Пятрова // Новае жыццё. — 2015. — 4 лістапада. — Дата доступу: 19.11.2015.
- https://web.archive.org/web/20170101164933/http://www.tvr.by/video/informatsionno-analiticheskie/panorama/panorama-07-11-2015/ [Відэа з 29 хвіліны 55 секунды] // tvr.by [Электронны рэсурс] — Мінск. — 2015. — 8 лістапада. — Дата доступу: 19.11.2015.
- На раскопках Лавришевского монастыря нашли уникальную матрицу-печать XIII века [Фотоснимки 1.11.2015] // lavra.by [Электронный ресурс] — Лавришево. — 2015. — 10 ноября. — Дата доступу: 19.11.2015. (рас.)