Прыпяцкія балоты (апэрацыя)

«Пры́пяцкія бало́ты», «Прыпяцкі марш» (па-нямецку: Pripiatsee) — умоўная назва карнай апэрацыі нямецкіх войскаў 19 ліпеня — 31 жніўня 1941 року па масавым зьнішчэньні жыдоўскага насельніцтва[a] на тэрыторыі 9 раёнаў[b] БССР і 3 раёнаў УССР у раёне прыпяцкіх балотаў і ракі Прыпяць.

Апэрацыя праводзілася ў два этапы; датай яе пачатку лічыцца 19 ліпеня 941, датай пачатку другога этапу — 14 жніўня 1941, датай сканчэньня — 29 жніўня 1941[1] (або 31 жніўня 1941[2]). Апэрацыя праводзілася па наўпростым загадзе Гімлера сіламі кавалерыйскай брыгады СС, а таксама[2] 162-й і 252-й пяхотных дывізій пад агульным камандаваньнем галоўнага начальніка СС і паліцыі (HSS PF) пры камандуючым групы армій «Цэнтар» фон дэм Баха.

За час апэрацыі былі зьнішчаныя ня менш як 13 788 чалавек; гэты лік называецца ў справаздачы кавалерыйскай брыгады СС «Аб правядзеньні пацыфікацыйнай прыпяцкай апэрацыі…» ад 13 жніўня. Былі цалкам спаленыя вёскі Дварэц, Хачэнь, Азяраны, Старажоўцы, Крамно, Тураў (часткова) й іншыя. Асноўным сродкам масавага зьнішчэньня былі расстрэлы папярэдне сабраных разам людзей, але выпрабоўваліся й іншыя спосабы, напрыклад, загнаньне і патапленьне людзей у балотах. Зьвесткі пра страты войскаў СС у выніковай справаздачы адсутнічаюць, згадваюцца толькі «189 палонных»[1].

Апэрацыя лічыцца першай з заплянаваных масавых зьнішчальных апэрацыяў і першай з апэрацыяў, дзе выпрацоўваліся мэтады масавага зьнішчэньня жыдоўскага насельніцтва[1]. Дакумэнтальныя зьвесткі пра яе трапілі ў Маскву ў студзені 1942, пасьля разгрому пад Таропцам кавалерыйскай брыгады СС і захопу штабавай дакумэнтацыі, і былі агучаныя 27 красавіка 1942 у ноце народнага камісара замежных справаў СССР да ўсіх краінаў, з кім СССР меў дыпляматычныя зносіны. Мяркуецца, што міжнародны розгалас і шок, які выклікалі гэтыя зьвесткі, прымусілі нацыстаў схаваць або зьнішчыць іншыя матэрыялы, што датычылі гэтай апэрацыі[1].

Датай пачатку апэрацыі лічыцца 19 ліпеня 1941, калі загадам Гімлера 1-ы і 2-і кавалерыйскія палкі (кп) СС былі перададзеныя з 21 ліпеня ў распараджэньне фон дэм Баха ды скіраваныя ў Баранавічы для «сыстэматычнага прачэсваньня прыпяцкіх балот».

Загадам Гімлера (Баранавічы, 27 ліпеня) з 1 кп (кам. штурмбанфюрэр Шляйфэнбаўм) і 2 кп была сфармаваная кавалерыйская брыгада СС (кам. Фэгеляйн). Тады ж Гімлер загадаў фон дэм Баху прадставіць добра прадуманы з вайсковага боку плян зьнішчальнай апэрацыі[c]. «Асобы загад» Гімлера (28 ліпеня) патрабаваў ад фон дэм Баха жорстка вынішчаць у раёне прыпяцкіх балот насельніцтва, «непрыхільнае немцам»[3] — расстрэльваць мужчын, вывозіць (дэпартаваць) жанчын і дзяцей, канфіскаваць жывёлу і харчовыя запасы, паліць вёскі. У той самы час насельніцтва, прыхільнае да немцаў, належала «ашчаджаць» і нават часткова ўзбройваць[3].

Першы этап

рэдагаваць

Сілы 1 кп рухаліся з Баранавічаў у кірунку Ляхавічы — Ганцавічы, Баранавічы — Івацэвічы — Бяроза — Пружаны і прачэсвалі тэрыторыю на поўдзень, паўднёвы ўсход і паўднёвы захад да ракі Прыпяць.

Сілы 2 кп рухаліся з Луцку ў кірунках Камень-Кашырскі — Дарагічын — Янаў і Сарны — Лунінец — Пінск і прачэсвалі тэрыторыю на поўдзень і поўнач ад ракі Прыпяць да ўваходжаньня ў кантакт з 1 кп.

Адначасна зь дзеяньнямі 2 кп праходзілі дзеяньні айнзацгрупы Б па зьнішчэньні жыдоўскага насельніцтва ў Пінску.

Апроч таго, са складу 1 кп і 2 кп быў выдзелены перадавы аддзел[1] дзеля блякаваньня савецкіх войскаў, якія вырваліся з акружэньня ў раёне аўтастрады Слуцк — Бабруйск 27 ліпеня.

Такім чынам, дзеяньні 1 кп і 2 кп СС ахоплівалі Баранавіцкі, Ганцавіцкі, Дарагічынскі, Івацэвіцкі, Косаўскі, Ляхавіцкі, Пінскі, Пружанскі і Янаўскі раёны БССР і Дубровіцкі, Камень-Кашырскі і Любешаўскі раёны УССР.

Другі этап

рэдагаваць

Сілы кавалерыйскай брыгады СС вырушылі зь лініі па чыгунцы Баранавічы — Лунінец на ўсход і чынілі «чыстку» правага і левага берагоў Прыпяці на поўдзень ад шашы Р-1 (Берасьце — Слуцак — Бабруйск).

У час другога этапу апэрацыі 2 кп каля Тураву сутыкнуўся і вёў баі з савецкімі войскамі і паўвайсковымі злучэньнямі лікам да 1—2 батальёнаў (21 жніўня). Паводле справаздачы кавалерыйскай брыгады СС ад 29 жніўня, страты брыгады склалі 23 ч. забітымі і параненымі, страты савецкіх сіл 600—700 ч. забітымі, 10 ч. палоннымі.

У наступныя дні 1 кп прачэсваў раён Старобін — Любань — Пціч, а 2 кп наступаў на ўсход ад лініі Кольна — Ляхавічы (Князь-Возера) да ракі Пціч.

Крыніцы і заўвагі

рэдагаваць
  1. ^ а б в г д Литвин. Убийцы.
  2. ^ а б Лазебнікаў, Пасэ. Прыпяцкія балоты.
  3. ^ а б Туронак, С.101.
  1. ^ Паводле вызначэньня А. Літвіна, які мяркуе, што ранейшае вызначэньне В. Лазебнікава і У. Пасэ «апэрацыя… супраць акружаных частак Чырвонай Арміі, партызан і мірнага насельніцтва» занадта агульнае, а таму і недакладнае.
  2. ^ У складзе Берасьцейскай, Пінскай, Палескай і Менскай абласьцей.
  3. ^ Такі плян дасюль ня быў знойдзены, таму зьвесткі пра ягоны зьмест ёсьць рэканструкцыяй. Літвін…

Літаратура

рэдагаваць