Палац Чапскіх

сядзіба Інстытуту аховы расьлінаў, заснаваная ў 1600-я гады ў вёсцы Прылукі ў якасьці манастыра
палац
Палац Чапскіх
2013 год
2013 год
Краіна Беларусь
Аграгарадок Прылукі
Адрас вул. Міру, д. 2
Каардынаты 53°47′26″ пн. ш. 27°27′2″ у. д. / 53.79056° пн. ш. 27.45056° у. д. / 53.79056; 27.45056Каардынаты: 53°47′26″ пн. ш. 27°27′2″ у. д. / 53.79056° пн. ш. 27.45056° у. д. / 53.79056; 27.45056
Тып будынка палац
Архітэктурны стыль готыка
Заснавальнік Ганна Агінская
Першае згадваньне 1600-я
Дата заснаваньня 1600-я
Будаваньне 1600-я1957
Асноўныя даты:
1735закрыцьцё праваслаўнага манастыра
1851перабудова ў гатычны палац
1872прыбудова 3-павярховай вежы
1886прыбудова аранжарэі
Будынкі:
палац • сьвіран • карэтная • дом аканома
Прыбудоўкі 3-павярховы корпус
Вядомыя насельнікі Эмэрык Чапскі, Юры Чапскі, Вільгельм Кубэ
Статус помнік архітэктуры
Стан дзейны
Сайт Афіцыйны сайт
Палац Чапскіх на мапе Менскай вобласьці
Палац Чапскіх
Палац Чапскіх
Палац Чапскіх
Палац Чапскіх на Вікісховішчы

Пала́ц Ча́пскіх — сядзіба Інстытуту аховы расьлінаў НАНБ, заснаваная ў 1600-я гады ў вёсцы Прылукі (цяпер Менскі раён) ў якасьці праваслаўнага манастыра Ганнай Агінскай.

На 1993 год галоўны фасад быў вылучаны 3-павярховым рызалітам з гранёным эркерам па паркавым фасадзе і 4 шматграннымі кутнімі вежамі з зубцамі. Таксама на галоўным фасадзе знаходзілася лёджыя на 2 узроўнях у рызаліце са сьпічастымі і хвалепадобнымі аркамі. Рызаліт меў атык зь нішай пасярод. Да паўднёвага тарцовага фасаду далучаны 3-павярховы вежападобны корпус зь нізкім шатровым дахам. Перад паркавым фасадам палаца месьціліся 4 тэрасы італьянскага саду, што спускаліся да поймы Пцічы. Перад галоўным фасадам месьцілая пэйзажная частка парку, абмежаваная пад’язнымі дарогамі[1]. У дрэвастоі парка пераважалі мясцовыя пароды дрэваў і расло 7 замежных відаў: белая акацыя, горкі звычайны каштан, канадзкая таполя, лістоўніца Сукачова, манчжурскі арэх, сыбірская піхта і эўрапейская лістоўніца[2].

Мінуўшчына

рэдагаваць
 
Напалеон Орда. Палац Чапскіх (10 ліпеня 1876 г.)

У 1600-я гады Ганна Агінская, якая была малодшай дачкой троцкага падкаморыя Багдана Агінскага, заснавала ў Прылуках праваслаўны манастыр. У 1735 годзе манастыр зачынілі і на яго месцы сталі жыць Іваноўскія, што даводзіліся родзічамі Ганьне Агінскай. Надалей маёнтак перадавалі па кудзелі ў якасьці пасагу дочкам пры выхадзе замуж. Таму ім валодалі Ашторпы і Горваты[3]. У 2-й палове XVIII стагодзьдзя пры палацы заклалі пэйзажны парк з 2-х частак агульнай плошчай 4,5 га. У парку стаялі мураваная капліца і аформлены аркадай сьвіран. Тамсама месьцілася 2 сажалкі, на адной зь якім быў вадзяны млын. Цягам 1-й паловы XIX стагодзьдзя 2-павярховы палац зрабілі мураваным зь нізкім цокальным паверхам. Перад галоўным фасадам палаца ўзьвялі 3-ярусную васьмерыковую вежу з гадзіньнікам і высокім шатром са шпілем і флюгерам. Вежа стаяла на прастакутным падмурку з 4-ма вежачкамі па кутах. Сярэдні ярус вежы быў абкружаны кантальна-бэлечнай галерэяй. Уваходы і вокны былі сьпічастымі. У 1851 годзе Атон Горват перабудаваў палац у гатычным стылі і заклаў сад з аранжарэяй і вежавым гадзіньнікам[1]. Цягам 1850—1870 гадоў палац дапоўнілі некалькімі вежамі. У 1871 годзе граф Эмэрык Чапскі набыў палац у рамках скупкі земляў ад Станькава да Менску, што ўтварылі Станькаўскі ключ. У 1872 годзе Эмэрык Чапскі зьменшыў лік вежаў палаца да 4 і прыбудаваў справа 4-кутную 3-павярховую вежу зь вінтавой лесьвіцай[3]. У 1886 годзе да паўднёвага тарцовага фасаду прыбудавалі 1-павярховы корпус са сталовай і аранжарэяй, які пазьней стаў 2-павярховым і Г-падобным[1].

 
Уязная брама ў палац (2013 год)

У 1897 годзе гаспадаром палаца стаў яго малодшы сын Юры Чапскі, які гадаваў у ім 7 дзяцей. Сярод іх пісьменьнікамі сталі Юзэф Чапскі і Марыя Чапская. У красавіку 1921 году ў былым палацы Чапскіх адчынілі навуковую фэрму Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, якую пераўтварылі ў Інстытут сельскай гаспадаркі, які пазьней перавялі ў Горкі (Магілёўская вобласьць). Затым палац сталі выкарыстоўваць як нацыяналізаваны маёнтак, а пазьней як сядзібу калгасу. У 1938 годзе ў палацы адчынілі дом адпачынку НКУС, які сталі наведваць чыноўнікі і пісьменьнікі. У чэрвені 1941 году з пачаткам Нямецка-савецкай вайны ў палацы разьмясьцілі нямецкую камэндатуру. Пазьней палац стаў месцам адпачынку генэральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ. У ліпені 1944 году пры адступленьні нямецкія вайскоўцы падпалілі палац, каб зьнішчыць збор сваіх дакумэнтаў. У выніку той гарэў 3 дні. У 1957 годзе Савет міністраў Беларускай ССР накіраваў сродкі на аднаўленьне палаца для досьледаў Менскай навуковай лябараторыі абароны бульбы ад калярадзкага жука, якую ўзначальвала Цыля Гандэльман. У ім разьмясьцілі станцыю абароны ад каларадзкага жука. 17 лютага 1971 году на аснове станцыі і некалькіх працоўняў стварылі Беларускі навукова-дасьледчы інстытут аховы расьлінаў[3].

  1. ^ а б в Васіль Анціпаў, Юры Якімовіч. Прылуцкі палацава-паркавы ансамбль // Архітэктура Беларусі: энцыкл. даведнік / рэдкал.: Анатоль Воінаў і інш.. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1993. — С. 406-407. — 620 с. — 10 000 ас. — ISBN 5-85700-078-5
  2. ^ Прылуцкі парк // Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі ў 5 тамах / гал.рэд. Іван Шамякін. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1985. — Т. 4. Недалька — Стаўраліт. — С. 269. — 599+38 с. — 10 000 ас.
  3. ^ а б в Ніна Шчарбачэвіч. Сілай малітвы трымаюцца сьцены // Ігуменскі тракт. — 22 кастрычніка 2013. — № 35 (50). — С. 3.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  612Г000370