Міхал Федароўскі

беларускі і польскі фальклярыст, этнограф, археоляг
(Перанакіравана з «Міхась Федароўскі»)

Мі́хал Адо́льфавіч Федаро́ўскі (па-польску: Michał Federowski; 1 верасьня 1853, Варшава — 10 чэрвеня 1923, Варшава) — беларускі і польскі фальклярыст, этнограф, археоляг.

Міхал Федароўскі
Michał Federowski
Чэслаў Макоўскі. Партрэт Міхала Федароўскага
Дата нараджэньня 1 верасьня 1853(1853-09-01)
Месца нараджэньня Варшава
Дата сьмерці 10 чэрвеня 1923(1923-06-10) (69 гадоў)
Месца сьмерці Варшава
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак этнограф, фальклярыст, пісьменьнік, археоляг, садавод, сельскагаспадарнік, дасьледнік
Навуковая сфэра фальклёр, этнаграфія, археалёгія
Сябра ў Варшаўскае навуковае таварыства[d]

Раньнія гады

рэдагаваць

Нарадзіўся Міхал Федароўскі 1 верасьня 1853 году ў Варшаве. Бацька яго — Адольф — браў актыўны ўдзел у паўстаньні 1863—1864 гг. і пасьля мусіў эміграваць: у 1866 годзе пакінуў сям’ю, а ў 1870 годзе ў час франка-прускай вайны як валянтэр францускай арміі загінуў у бітве пад Арлеанам. Маці — Элеанора з роду Гонсавічаў.

У 1870 годзе скончыў чацьвертую клясу мужчынскай прагімназіі з расейскай мовай навучаньня ў Варшаве. Пачынае паглыблена вывучаць філязофію, літаратуру, іншыя навукі пад кіраўніцтвам Ф. Крупінскага, свайго былога настаўніка, аўтара вядомых прац «Будучыня філязофіі» і «Пазытыўная школа».

Праз слабае здароўе (з 13 гадоў хварэў на сухоты[1]) сваякі прадраклі яму прафэсію «гаспадара», працаўніка на зямлі, каб быць бліжэй да вольнага паветра. Таму на працягу 18701874 гг. юнак праходзіць сельскагаспадарчую практыку ў маёнтку Ф. Лютаслаўскага пад Ломжаю, агародную практыку ў Урсынове пад Варшаваю, кароткую вучобу вольнага слухача на агранамічным аддзяленьні Пятроўска-Разумоўскай акадэміі пад Масквой.

Вывучэньне фальклёру ў Польшчы

рэдагаваць

У 1875—1877 гг. Федароўскі працуе ў маёнтках аграрыя і прыродазнаўцы М. Палескага ў Олькускім павеце недалёка ад Кракава. Пачынае зьбіраць этнаграфічныя матэрыялы ў ваколіцах Севежа. За два гады малады дасьледчык назапасіў горы матэрыялу і напісаў двухтомную працу «Люд ваколіц Жарак, Севежа і Піліцы, яго звычаі, спосаб жыцьця, абрады, паданьні, чары, забабоны, песьні, забавы, прыказкі, загадкі і ўласьцівасьці мовы» (выйшла ў 1888—1889 гг.)

Беларусь

рэдагаваць

Пад канец 1877 г. пераехаў у ваколіцы Пружан, у маёнтак Ліноўка В. Швыкоўскага, жонка якога была даўняй сяброўкай маці Федароўскага. На Беларусі ён правядзе 27 гадоў.

У верасьні — кастрычніку 1878 г. скончыў апісаньне вясельнага абраду ў Ваўкавыскім павеце. Гэта цэлая манаграфія на 144 старонках рукапісу, якая паказала вясельле беларусаў ад пачатку да канца з усімі яго дэталямі, рытуальнымі традыцыйнымі падрабязнасьцямі. Апісаньне ілюструюць 208 песень.

Пачаўшы работу на Беларусі, Федароўскі найперш вывучыў мову народа, дасьледаваў асаблівасьці дыялектаў, з сялянамі любіў гаварыць па-іхняму (пасьля нават крытыкаваў сваіх калег-этнографаў М. Дзьмітрыева і П. Шэйна за няўвагу да мовы беларусаў). Ён зьбіраў прадметы матэрыяльнай культуры (купляў у сялян па вёсках, на кірмашах, даставаў праз знаёмых) і рабіў запісы твораў культуры духоўнай — беларускага фальклёру.

У 18841894 гг. Федароўскі арандаваў фальварак Косін у Ваўкавыскім павеце. Гэты пэрыяд быў самым інтэнсіўным часам зьбіральніцкай дзейнасьці этнографа. Задумаўшы стварыць усебаковае дасьледваньне пра беларускі народ, Федароўскі запісваў усё: паданьні і казкі, вераваньні і забабоны, жарты і показкі, прыказкі і загадкі, песьні і прыпеўкі; занатоўваў разнастайныя факты і здарэньні зь мясцовага жыцьця, апісваў абрады, народныя промыслы, прадметы матэрыяльнай культуры. Але першай любоўю Федароўскага-зьбіральніка з поўным правам можна назваць песьню. За першае дзесяцігодзьдзе працы на Беларусі ён запісаў некалькі тысяч тэкстаў народных песень. Увесь гэты час шукаў у памочнікі музыку, каб зьбіраць і мэлёдыі.

Праз Я. Карловіча ў 1889 годзе Федароўскі ўстанавіў кантакт з Акадэміяй навук у Кракаве, якая выказала гатоўнасьць надрукаваць сабраныя ім матэрыялы. Зьбіральнік разьлічваў, што яго праца будзе складацца з 10 вялікіх тамоў. Ужо ў 1886 г. ён меў падрыхтаваныя да друку чатыры сэрыі (шэсьць тамоў), кожная зь якіх на ўзор прац О. Кольбэрга зьмяшчала ўсебаковае апісаньне аднаго павету (Ваўкавыскі, Слонімскі, Лідзкі, Сакольскі) — яго прагісторыю і тапаграфію, характарыстыку фізычных і духоўных рысаў народа, пабудоваў, інвэнтару сялянаў, абрадаў, фальклёру і асаблівасьцяў дыялекту. Але Акадэмія (перапіску вёў прафэсар Ягелонскага ўнівэрсытэту І. Капярніцкі) паставіла ўмову: тамы павінны характарызаваць ня пэўныя рэгіёны, паветы, як у О. Кольберга, а зьмяшчаць канкрэтныя матэрыялы з усёй тэрыторыі Заходняй Беларусі, дасьледаванай этнографам. Напрыклад, том 1: Фізыяграфія, гісторыя, фізычныя і духоўныя рысы беларускага народу; том 2: Вера і вераваньні; том 3: Паданьні і казкі і г. д.; апошні том — асаблівасьці мовы і слоўнік.

Падрыхтаваныя тамы трэба было парарабляць. У 1891 г. рукапіс першага тому быў гатовы. Аўтар назваў яго «Люд беларускі на Русі Літоўскай. Матэрыялы да славянскай этнаграфіі, сабраныя ў 1877—1891 гг. Міхалам Федароўскім. Т. I. Вера, вераваньні і забабоны люду ваколіц Ваўкавыска, Слоніма, Ліды і Саколкі». Выйшаў ён толькі ў 1897 г. Сюды ўвайшло 2835 запісаў пра вераваньні беларусаў, зьвязаныя з Богам і сьвятымі, мітычнымі істотамі, прыродай і чалавекам, адносінамі чалавека да прыроды, духоўнага сьвету, да людзей і сябе самога, з ушанаваньнем прадметаў, матэрыялы пра сямейныя, таварыскія, юрыдычныя звычаі, пра гаспадарчы і прамысловы занятак насельніцтва. Трапіў сюды таксама сьпіс 217 лекавых расьлінаў зь мясцовымі назвамі і назвамі па-латыні. Памагаў арыентавацца ў велізарным матэрыяле альфабэтны прадметны паказальнік.

Першы том «Люду беларускага» атрымаў высокую ацэнку вучоных — расейскіх, польскіх, украінскіх, чэскіх. Дзесяць гадоў Кракаўская Акадэмія шукала сродкі, каб выдаць рукапісы наступных тамоў. Другі том выйшаў у 1902 г. У ім надрукавана 410 казак, паданьні пра мясцовасьці. Трэці том выйшаў у 1903 г. У яго ўвайшлі гістарычныя і мясцовыя паданьні, апавяданьні з паўсядзённага жыцьця і гумарыстычныя. Ёсьць тут казкі і показкі. Федароўскі дадаў сюды і матэрыялы з Слуцкага і Наваградзкага паветаў.

Чацьвёрты том «Люду беларускага» выйшаў з друку ў 1935 г., ужо пасьля сьмерці Федароўскага. З 28 000 картак-запісаў Федароўскага Ч. Пяткевіч — этнограф, дасьледчык рэчыцкага Палесься — адабраў 13 231 нумар. Выданьне стала непераўзыдзеным зборнікам беларускіх прыказак і прымавак, фразэалягізмаў. Зьмешчаныя ў ім тосты і віншаваньні, калямбуры і кленічы, загадкі і мянушкі, просьбы і жарцікі, прозьвішчы і імёны сялянаў з розных паветаў (Слонімскі, Ваўкавыскі, Лідзкі, Гарадзенскі, Сакольскі і інш.) — матэрыялы, якія да Федароўскага амаль не публікаваліся.

Песьні са збораў Федароўскага ўвайшлі ў пяты, шосты і восьмы тамы «Люду беларускага», якія выйшлі ў 1958, 1960 і 1981 гг. (сёмы том зьяўляецца дадаткам да пятага і шостага. У ім зьмешчаны дасьледваньні пра самога Федароўскага і яго зборы). Туды трапілі 5036 песень і прыпевак з ацалелага архіва этнографа.

У 1892 Федароўскі ажаніўся са Стафаніяй Бітнэр, дачкою памешчыка з Келецкага ваяводзтва. Жаніцьба, сямейныя клопаты звузілі размах зьбіральніцкай працы этнографа. «Жонка з цесьцем, — пісала польская дасьледчыца біяграфіі М. Федароўскага Г.Казэрская, — пагадліва і непрыязна адносілася да беларускага народа, ім былі ненавісны навуковыя працы Федароўскага». Да гонару Федароўскага, ён не адступіўся ад улюбёнай справы.

У 1897 г. Федароўскі пераехаў у маёнтак Падоль у Слонімскім павеце. Ён глыбей вывучае мясцовыя і суседнія ваколіцы, апісвае мясцовае ткацтва і ганчарства, народныя музычныя інструмэнты, рыбалоўства, паляваньне, цясьлярства, гадоўлю свойскай жывёлы, кавальства, вясковае будаўніцтва і інш., занатоўвае лексыку мясцовых гаворак, якую намерваецца выдаць у будучым як дапаўненьне да слоўніка І. Насовіча, запісвае некалькі батлеечных спэктакляў, выступае ў друку.

У канцы XIX — пачатку XX ст. Федароўскі выбіраецца сябрам шматлікіх навуковых устаноў і таварыстваў: Этнаграфічнага таварыства ў Львове, Антрапалягічнай камісіі Акадэміі навук у Кракаве, Польскага краязнаўчага таварыства, Нумізматычна-археалягічнага таварыства ў Кракаве, Таварыства прыгожых мастацтваў у Вільні і інш. Шматлікія станоўчыя водгукі на яго тамы «Люду беларускага» робяць імя Федароўскага вядомым у краі і за мяжою.

Інтэнсіўная зьбіральніцкая, навуковая і выдавецкая праца прывяла да таго, што Федароўскі занядбаў гаспадарку і апынуўся перад фактам разарэньня. Гады на пераломе стагодзьдзяў не былі шчасьлівыя ў яго жыцьці. Хутчэй яны былі трагічныя, зусім не спрыялі навуковай рабоце. Акрамя няшчасьцяў у сям’і — ад хвароб паміраюць трое яго дзяцей, на чатыры гады ён разыходзіцца з жонкаю, — на галаву Федароўскага спадаюць яшчэ й гаспадарчыя беды: вада залівае палі і сенажаці маёнтка Падоль. Панёсшы велізарныя страты, у 1904 г. Федароўскі мусіў пакінуць Беларусь.

Вяртаньне на Радзіму

рэдагаваць

Так этнограф апынуўся ў горадзе свайго дзяцінства Варшаве. Ён прывёз з сабою багатыя калекцыі этнаграфічных і археалягічных экспанатаў, сабраныя на Беларусі, некалькі тысячаў навуковых кніг пераважна з XVIII і XIX стагодзьдзяў, больш за 5000 гравюр, велізарную колькасьць гістарычных дакумэнтаў і прыватных пісем XVII і XVIII стагодзьдзяў з архіваў Пацаў, Пацеяў, Храптовічаў, Сапегаў і інш., сабраных ім у шляхецкіх дварах і засьценках. Каб знайсьці сродкі для існаваньня, Федароўскі пачынае прадаваць свае калекцыі, трапляе ў кола варшаўскіх бібліяфілаў, антыквараў, калекцыянэраў кніг і карцін, становіцца пасрэднікам у іх гандлёвых угодах.

У 1909 годзе М. Федароўскі наладзіў кантакт з К. Пшыбыслаўскім з Уніжа ва Ўкраіне — калекцыянэрам старых кніг, твораў мастацтва, нумізматам, зь якім супрацоўнічаў доўгія гады. Ён памог Тышкевічам з Чырвонага Двара каля Коўна папоўніць іх кнігазбор старадрукаў. Вядомая ж калекцыя Д. Вітке-Яжэўскага, у якой былі графіка і жывапіс, абразы і рысункі, рукапісы і кнігі, была сабрана амаль цалкам пры пасрэдніцтве Федароўскага. Пра гэты збор М. Федароўскі нават напісаў кнігу. Калекцыя ўключала карціны зь беларускімі пэйзажамі, партрэты беларускіх народных тыпаў.

У Варшаве Федароўскі не забывае пра Беларусь. Зьбірае пра яе матэрыялы на месцы, каб папоўніць свае этнаграфічныя папкі. Цесны кантакт у яго зь Вільняй, з рэдакцыяй «Нашай нівы», якую ён выпісвае. Праз «Нашу ніву» ён набывае беларускія выданьні, календары. На просьбу газэты дасылае ў рэдакцыю тамы «Люду беларускага». 10 лістапада 1909 г. атрымлівае з рэдакцыі віншаваньне: «Шаноўны пане Федароўскі! Сабраўшыся грамадой і спраўляючы юбілей 3-гадзічны „Нашай нівы“, успомнілі Вашу шматгадовую працу над этнаграфіяй беларушчыны, шчыра вітаем Вас». Вітаньне падпісалі Я. Купала, С. Палуян, А. Уласаў, А. Луцкевіч, А. Бурбіс, М. Шыла, Л. Рагоўскі, Ядвігін Ш., І. Луцкевіч, В. Ластоўскі і інш.

У 1921 г. М. Федароўскі стаў навуковым супрацоўнікам аддзелу этналёгіі Інстытуту антрапалягічных навук. Адразу ж перанёс у свой кабінэт у Інстытуце сабраныя раней матэрыялы, пачаў рыхтаваць выданьне далейшых тамоў «Люду беларускага». У канцы 1921 — пачатку 1922 гг. у Варшаўскім навуковым таварыстве прачытаў шэраг рэфэратаў-успамінаў пра этнаграфічную работу на Беларусі.

Але з паловы 1922 г. стан здароўя Федароўскага пагоршыўся. У траўні 1923 г. ён склаў завяшчаньне. 10 чэрвеня 1923 г. Міхала Федароўскага ня стала. Пахаваны ён на Павонзкаўскіх могілках у Варшаве.

Зьбіраў кнігі, творы жывапісу і графікі, гістарычныя, фальклёрна-этнаграфічныя матэрыялы, вёў археалягічныя раскопкі ў Пружанскім, Ваўкавыскім і іншых паветах Гарадзенскай губэрні. Сабраў каля 1,5 тысячы беларускіх песенных і танцавальных мэлёдыяў, 5 тысячаў беларускіх народных песень, каля 10 тысячаў прыказак, сотні казак, загадак і іншых твораў, выдадзеных у 8-томнай працы «Люд беларускі» (18871981). Значную частку сваіх збораў запісаў на Сакольшчыне, Янаўшчыне, Дуброўшчыне, у ваколіцах Беластоку, Нараўкі. Таксама аўтар этнаграфічнай працы «Пружана і яе ваколіцы».

Акрамя таго, заахвочваў да зьбіраньня фальклёру мясцовых карэспандэнтаў — больш за 1,5 тыс. беларускіх песенных і танцавальных мэлёдыяў для яго запісалі Я. Карловіч, Л. Патул, І. Грачык[2].

Сярод ненадрукаваных рукапісаў Федароўскага, якія зьберагаюцца ў бібліятэцы Варшаўскага ўнівэрсытэту, у Навуковым архіве Польскага этнаграфічнага таварыства ва Ўроцлаве і архіве Польскай акадэміі навук, вялікая колькасьць беларускіх фальклёрных запісаў, апісаньні фізычных і духоўных рысаў народа, рамёстваў, промыслаў, заняткаў насельніцтва і інш[2].

  1. ^ 1 верасьня 1906 году ў Вільні выйшла першая легальная беларуская газэта «Наша доля». Радыё «Свабода» (1 верасьня 2004). Праверана 2 жніўня 2014 г.
  2. ^ а б ФЕДАРОЎСКІ (Federowski) Міхал. Культурна-асьветніцкі клюб «Спадчына». Праверана 2 жніўня 2014 г.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць