Мардовія

рэспубліка Расейскай Фэдэрацыі

Мардовія, Рэспу́бліка Мардовія (па-макшанску: Мордовия Республиксь па-эрзянску: Мордовия Республикась; макш. і эрз. Мордовиясь; па-расейску: Мордовия, Республика Мордовия) — суб’ект Расейскай Фэдэрацыі і рэспубліка ў яе складзе[2], месьціцца ў паўднёва-ўсходняй частцы эўрапейскае часткі краіны, уваходзіць у склад Прыволскай фэдэральнай акругі краіны. Адміністрацыйны цэнтар — места Саранск, знаходзіцца ў цэнтры рэспублікі.

Рэспубліка Мардовія (Мардовія)
макш. , эрз. Мордовия Республикась
рас. Республика Мордовия

Сьцяг
Гімн Гімн Мардовіі
Агульныя зьвесткі
Краіна Расея
Эканамічны раён Волга-Вяцкі
Статус Рэспубліка
Уваходзіць у Прыволскую фэдэральную акругу
Адміністрацыйны цэнтар Саранск
Улучае 22 раёны,
3 месты рэспубліканскага падпарадкаваньня
Найбольшы горад Саранск
Іншыя буйныя гарады Саранск, Рузаеўка, Кавылкіна, Камсамольскі, Зубава Паляна
Дата ўтварэньня 1928 (як Мардоўская акруга)
1930 (як Мардоўская АВ)
20 сьнежня 1934 (як Мардоўская АССР)
1990 (як Мардоўская ССР)
студзень 1994 (як Рэспубліка Мардовія)
Губэрнатар Уладзімер Волкаў
Старшыня
Ўраду
Рэспублікі

Уладзімер Сушкоў
Афіцыйныя мовы расейская,
макшанская, эрзянская
Насельніцтва (2019)
795 504[1] (61-е месца)
Шчыльнасьць 30,45 чал./км²
Нацыянальны склад расейцы, мардва (макшане, эрзяне)
Плошча 26 128 км² (68-е месца)
Месцазнаходжаньне Мардовіі
Рэспубліка Мардовія (Мардовія) на мапе
Мэдыя-зьвесткі
Часавы пас UTC +3
Код ISO 3166-2 RU-MO
Код аўтам. нумароў 13
Афіцыйны сайт
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Мяжуе з чатырма вобласьцямі (Ніжагародзкай — на поўначы, Разанскай — на захадзе, Пензенскай — на поўдні, Ульянаўскай — на паўднёвым усходзе) і адной рэспублікай Расеі — Чувашыяй. Тэрыторыя суб’екту поўнасьцю знаходзіцца ўнутры тэрыторыі Расеі і не выходзіць да мяжы зь іншымі дзяржавамі.

Гаспадарка

рэдагаваць

Аднымі з найбольшых прадпрыемстваў Мардовіі былі электралямпавы завод «Лісма» і «Сарансккабэль».

Гісторыя

рэдагаваць

Старажытнасьць

рэдагаваць

Першыя археалягічныя знаходкі ў Мардовіі прыпадаюць на пэрыяд ад нэаліту. Археалягічныя раскопкі сьведчаць, што старажытныя мардоўцы выконвалі абрад трупапалажэньня[3].

Паводле дацкага гісторыка Вільгельма Томсэна, мардва аддзялілася ад балцкіх фінскіх плямён не пазьней за III стагодзьдзе. Мардва зазнала ўплыў летувіскага племені, бо ў мардоўскіх мовах ёсьць запазычаньні[4][5].

Фіна-вугорскія народы мардвы, да якіх належаць макшане ды эрзяне, упершыню згадваюцца на гэтай тэрыторыі ў сярэдзіне VI ст. гоцкім гісторыкам Ярданам, але надзейныя гістарычныя зьвесткі пра мардву пачынаюцца не раней за IX ст. Пазьней гэтыя тэрыторыі знаходзіліся пад уплывам Кіеўскае Русі або Волскае Булгарыі, тым ня менш, мардоўскія кіраўнікі часам зьдзяйсьнялі свае выправы на Мурам і Волскую Булгарыю. Мардва была апошнім зь фінскіх плямён, пазначаных у Аповесьці мінулых часоў ў ніжнім цячэньні ракі Ака[6]. У 1103 годзе мардва перамагла князя Мурамскага Яраслава Сьвятаславіча[7], потым уступіла зь ім ў хаўрус. У першай палове XIII стагодзьдзя эрзянскі князь Пургас спрабаваў захаваць свой горад Обран Ош ад заваёўных паходаў рускіх княстваў і прасіў падтрымкі булгарскага хана[8]. Макшанскі цар Пурэш быў хаўрусьнікам князя Уладзімерскага Юрыя Усеваладавіча і варагаваў з Пургасам[9]. У працах заходнеэўрапейскіх гісторыкаў XIII ст. сказана пра дваіх мардоўскіх князёў[10].

Сярэднявечча

рэдагаваць

Па заваёве пэўных тэрыторыяў у Азіі ды Эўропе татара-манголамі тэрыторыі сучаснае Мардовіі таксама трапілі ў склад іх уладаньняў, кіраўніцтва Залатой Арды было зацьверджанае ў 1241 годзе. Землі Мардовіі былі падпарадкаваныя ўлусу Мухша. З распадам Залатой Арды ў 1430-х гадох частка тэрыторыі Мардовіі трапіла ў склад Казанскага ханства, астатнія землі трапілі ў склад Маскоўскае дзяржавы.

Расейскае кіраўніцтва

рэдагаваць

Пасьля далучэньня Іванам IV Казані ў 1552 годзе, у склад расейскіх уладаньняў увайшлі і тэрыторыі з мардоўскім насельніцтвам. Мясцовая эліта хутка засвоіла расейскую мову ды звычаі, аднак у сельскай мясцовасьці культура макшанаў і эрзянаў працягвала захоўвацца. У сярэдзіне XVIII стагодзьдзя расейцы сталі зварачаць мардву ў хрысьціянства, аднак часткі мясцовых рэлігійных абрадаў захаваліся як частка мясцовай культуры. З ХІХ стагодзьдзя пачаў ажыцьцяўляцца пераклад некаторых кнігаў на мардоўскія мовы (у прыватнасьці, эрзянскую), аднак яны збольшага мелі толькі рэлігійны характар.

У пэрыяд 1920-х гг. у РСФСР стала ставіцца пытаньне пра ўтварэньне аўтаноміяў народаў Паволжа й Прыўральля. Між тым, у выпадку з мардоўскімі народамі ўзьнікла праблема дакладнага вылучэньня рэгіёнаў зь пераважнай дзеляй фіна-вугорскага насельніцтва. З 1925 па 1928 гады на тэрыторыі Пензенскай, Ніжагародзкай, Саратаўскай і Ўльянаўскай губэрняў было створана больш за трыццаць мардоўскіх воласьцяў.

У 1928 годзе ў складзе новаўтворанае Сярэдне-Волскае вобласьці была створаная Саранская акруга, пазьней пераназваная ў Мардоўскую. У склад акругі, у прыватнасьці, увайшлі тэрыторыі Ніжагародзкай, Пензенскай, Сімбірскай губэрняў з мардоўскім насельніцтвам.

У 1930 годзе статус акругі быў зьменены на аўтаномную вобласьць, яе тэрыторыя пачала зазнаваць зьмены шляхам перадачы з тэрыторыі аўтаномнае вобласьці этнічна расейскіх рэгіёнаў і перадачы ў яе склад рэгіёнаў з мардоўскім насельніцтвам. Першапачаткова адміністрацыйны цэнтар аўтаномнай вобласьці плянаваўся ў горадзе Цемнікаў (паўночны захад Мардовіі), аднак праз адсутнасьць чыгункі гэты статус атрымаў Саранск, які й захоўвае яго нацяпер.

20 сьнежня 1934 году статус аўтаномнае вобласьці быў падвышаны да АССР, праз два гады яна была выведзеная са складу Сярэдне-Волскага краю і стала адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай РСФСР.

Найноўшая гісторыя

рэдагаваць

У 1990 годзе Вярхоўны Савет рэспублікі прыняў Дэклярацыю пра дзяржаўны статус, згодна зь якім Мардоўская АССР ператваралася ў Мардоўскую ССР, у студзені 1994 году ягоным жа рашэньнем зацьверджаная назва «Рэспубліка Мардовія». 30 красавіка 1995 году Дзяржаўным Сходам рэспублікі былі ўсталяваныя новыя герб ды сьцяг[11], 21 верасьня гэтага ж году Канстытуцыйным Сходам была прынятая Канстытуцыя.

Насельніцтва

рэдагаваць

Паводле зьвестак Расстату на 2019 год, насельніцтва рэспублікі склала 795 504 чал.[1] У тым ліку, гарадзкога 504 261. Шчыльнасьць насельніцтва склала 30,45 чал./км². дзеля мескага насельніцтва — 63,74%.

Нацыянальны склад разьмяркоўваецца наступным чынам: расейцы — 53,4%; мардва (макшане і эрзяне разам) — 40,0%; таксама татары — 5,2%.

Расейскае кіраўніцтва гістарычна не адрозьнівала фіна-вугорскае насельніцтва гэтага рэгіёну, падаваючы для іх агульны назоў — «мардва» (па-расейску: мордва). З прычыны працяглага знаходжаньня Мардовіі ў складзе Расеі гэтае найменьне паступова распаўсюдзілася і на ўласна прадстаўнікоў макшанаў ды эрзянаў, у выніку чаго яны нярэдка вызначаюць сваю нацыянальнасьць як мардвін, а свае родныя мовы (макшанская ды эрзянская) як мардоўскую.

Макшане складаюць большасьць у некаторых раёнах усходу рэспублікі (Ацюр'еўскі — 90,27%; Тарбееўскі — 62,55%; Старашайгаўскі — 59,48%; Зубава-Палянскі — 52,14%; Кавылкінскі — 51,72%), эрзяне — у некаторых раёнах на захадзе (Качкураўскі — 92,14%; Дубёнскі — 86,4%; Ацяшаўскі — 84,72%; Большаігнатаўскі — 83,47%; Ардатаўскі — 57,85%; Большабярэзьнікаўскі — 56,84%). У астатніх раёнах, у тым ліку й у Сараску, большасьць складаюць расейцы.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

рэдагаваць
 
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Мардовіі

У склад Мардовіі ўваходзіць 22 раёны, адну гарадзкую акругу Саранск і тры месты рэспубліканскага падпарадкаваньня — Саранск, Рузаеўка, Кавылкіна.

  • Раёны Рэспублікі Мардовія (нумар раёну адпавядае нумару раёну на мапе справа, чырвоным бязь лічбы — меская акруга Саранск):
  1. Ардатаўскі
  2. Ацюр’еўскі
  3. Ацяшаўскі
  4. Вялікабярэзьнікаўскі
  5. Вялікаігнатаўскі
  6. Дубёнскі
  7. Ельнікаўскі
  8. Зубава-Палянскі
  9. Інсарскі
  10. Ічалкаўскі
  11. Кадошкінскі
  12. Кавылкінскі
  13. Качкураўскі
  14. Краснаслабодзкі
  15. Лямбірскі
  16. Рузаеўскі
  17. Рамаданаўскі
  18. Старашайгаўскі
  19. Цемнікаўскі
  20. Ценьгушаўскі
  21. Тарбееўскі
  22. Чамзінскі

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ а б Оценка численности населения на 1 января 2019 г. и в среднем за 2018 г. (рас.). Федеральная служба государственной статистики. Праверана 22 мая 2019 г.
  2. ^ Зьвесткі паводле Канстытуцыі Расейскае Фэдэрацыі (артыкул 5, пункты 1, 2)
  3. ^ Кузнецов 1912. С. 11.
  4. ^ Кузнецов 1912. С. 3.
  5. ^ Thomsen, V. Beröringer Mellem De Finske Og De Baltiske (litauisk-lettiske) Sprog (дацк.). — København: Lunos, 1890. — 308 с.
  6. ^ Кузнецов 1912. С. 2.
  7. ^ Нестор летописец. Повесть временных лет. Киевская летопись (рас.)
  8. ^ Юрченков, В. А. Мордовский народ: вехи истории. — Саранск: Науч.-исслед. ин-т гуманитарных наук при Правительстве Респ. Мордовия, 2007. — С. 97—98.
  9. ^ Костомаров, Н. И. Русская история в жизнеописаниях ее главнейших деятелей (рас.). — Калуга: Золотая аллея.
  10. ^ Очерки истории Мордовской АССР: В 2 т. — Саранск: Мордов. кн. изд-во, 1995. — Т. 1. — С. 42.
  11. ^ Мордовия (рас.)

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць