Мсьціж
Мсьціж[3] — вёска ў Беларусі, каля ракі Мраю. Цэнтар сельсавету Барысаўскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 277 чалавек. Знаходзіцца за 50 км на паўночны захад ад места і за 55 км ад чыгуначнай станцыі Барысава, на аўтамабільнай дарозе Р3.
Мсьціж лац. Mściž | |
Царква ў Мсціжы (фатаграфія каля 1990 году) | |
Былая назва: | Мсьціжы[1] |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Барысаўскі |
Сельсавет: | Мсьціскі |
Насельніцтва: | 277 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 177 |
Паштовы індэкс: | 222137[2] |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°33′43.99″ пн. ш. 28°11′40.99″ у. д. / 54.5622194° пн. ш. 28.1947194° у. д.Каардынаты: 54°33′43.99″ пн. ш. 28°11′40.99″ у. д. / 54.5622194° пн. ш. 28.1947194° у. д. |
± Мсьціж | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Мсьціж — даўняе места гістарычнай Меншчыны. У XVI ст. у тутэйшай царкве захоўвалася Мсьціскае Эвангельле. Да нашага часу тут захавалася сядзіба Сьлізьняў, помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVIII—XIX стагодзьдзяў, часткова зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Гісторыя
рэдагавацьРаньнія часы
рэдагавацьЗемлі ў навакольлі Мсьціжу былі заселены людзьмі з даўніх часоў. Менавіта ў гэтых мясьцінах знаходзіцца адно з найбольш адметных месцаў, зьвязаных з паганскімі часамі, — так званыя Турыя Горы. У самой іх назьве да нашага часу дайшло імя бога ўрадлівасьці і сонечнага культу — Тура. Там жа знаходзяцца вядомыя камяні-быкі і князь-камень, зь якімі зьвязаны паданьні. Князь-камень акрамя таго ўтрымлівае знакі, сэнс якіх ужо даўно згублены. Вядомы яны яшчэ з канца ХІХ ст. З тых жа часоў ува ўрочышчы Турых Горах вядомы і рэшткі старажытнага ўмацаванага пасяленьня — гарадзішча, век якога каля дзьвюх тысячаў гадоў. Дасьледаваньні яго не праводзіліся. Там жа ёсьць каля 70-і старажытных пахаваньняў — курганоў, утвораных у канцы І — пачатку ІІ стагодзьдзяў нашай эры.
Сьведчаньнем разьвітасьці мясьцін у навакольлі Мсьціжу на пачатку нашай эры зьяўляюцца і манэты, знойдзеныя тут у першай палове ХХ ст. Так у сярэдзіне 30-х гадоў у Мсьціжы знайшлі бронзавую старажытнарымскую манэту II-а ст. н. э. Пазьней каля вёскі Каменкі, што недалёка ад Мсьціжу, знайшлі скарб, які налічваў каля 1000 срэбраных рымскіх манэтаў і рэчаў. Знаходзілі скарбы і больш позьніх манэтаў у навакольлях Мсьціжу.
Вялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУ ХІV ст. тут знаходзілася царква, якая атрымала вядомасьць дзякуючы так званаму «Мсьціскаму Эвангельлю». Яго падараваў менскі бурмістар Васіль Лах (дарэчы, гэта найстарэшы пісьмовы ўпамін пра Мсьціж). Эвангельле вызначаецца высокай мастацкай адметнасьцю сваіх мініятураў і лічыцца адным з найбольш старых і каштоўных падобных помнікаў беларускага мастацтва, што захаваліся да нашага часу.
Больш шматлікія дакумэнтальныя пісьмовыя крыніцы пра Мсьціж сустракаюцца толькі з ХVІ ст. У той час тут ужо быў немалы маёнтак. На пачатку ХVІ ст. ім валодалі Радзівілы. У 1536 годзе Мсьціж упамінаецца ў зьвязку з падзелам Літоўскіх маёнткаў паміж ваяводам віленскім і яго сынамі. У першай палове таго ж стагодзьдзя паселішча набыў Васіль Тышкевіч.
Да ХVІІІ ст. Мсьціж падзяляўся паміж двума маёнткамі. Іх гаспадары ня раз мяняліся. Пэўны час тут уладарылі езуіты. У 1709 годзе адзін з маёнткаў набыў у Падбярэскіх Брунаноў Сьлізень. Другой часткай у сярэдзіне ХVІІІ ст. валодаў падканцлер Яўхім Храптовіч. У 1760 годзе ён заснаваў і распачаў будаваньне касьцёла. Я. Храптовіч у 1776 годзе прадаў сваю частку Мсьціжу маршалку барысаўскаму Мікалаю Сьлізьню. Дзякуючы апошняму і яго сыну Юзэфу маёнтак празь некалькі дзясяткаў гадоў ня толькі дасягнуў свайго росквіту, але і праз навуковую і дасьледчую дзейнасьць атрымаў вядомасьць далёка за межамі краю.
У 1786 годзе Мікалай Сьлізень збудаваў у Мсьціжы Крыжаўзьвіжанскую царкву, а ў канцы ХVІІІ — пачатку ХІХ стагодзьдзя тут узьвялі новыя будынкі маёнтку. Яго аснову складаў мураваны двухпавярховы палац. Ён быў трохвосевы, атынкаваны і пафарбаваны ў белы колер. Меў двухсхільны дах. На ўваходзе быў ганак зь дзьвюма калёнамі і накрыты трохскатным дахам. Паміж ім і галоўнай уязной брамай быў велізарны падворак у некалькі гектараў. Брама складалася з двух вялікіх цагляных слупоў, якія зьверху аб’ядноўваліся ў адно цэлае з дапамогаю аркады. З бакоў былі зроблены меншыя брамкі для людзей. Увесь двор абкружала досыць высокая агароджа, зробленая з камянёў, што былі счэплены растворам. Зьверху мураванай агароджы былі мэталічныя краты. Акрамя галоўнай уязной брамы, у маёнтку было яшчэ чатыры. Дзьве зь іх былі трошкі меншага памеру, знаходзіліся з супрацьлеглага боку палаца і вялі да парка. Трэцяя брама знаходзілася зьлева ад палаца і вяла да гаспадарчых пабудоваў. Насупраць яе мусіла знаходзіцца пятая брама. Усе яны і агароджа таксама была атынкаванымі і пафарбаванымі ў белы колер. Па баках ля галоўнай уязной брамы знаходзіліся два мураваныя флігелі. На рэчцы ў тыя часы ўжо быў млын і сажалка.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Мсьціж апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Барысаўскім павеце Менскай губэрні. У першай палове ХІХ стагодзьдзя, калі маёнткам кіраваў маршалак барысаўскі Юзэф Сьлізень, Мсьціж стаў сапраўдным культурным цэнтрам навакольля. Тут утварылася бібліятэка, якая ўтрымлівала каля 7 тыс. тамоў і ўвесь час папаўнялася. У ёй былі ня толькі сучасныя на той момант кнігі, але і выданьні ХVІ—ХVІІІ стагодзьдзяў. Прычым яе кнігі не ляжалі на паліцах мёртвым грузам. Ёй свабодна карысталіся суседзі Сьлізьня. Яна ж зрабіла вялікі ўплыў на цягу да ведаў у рэгіёне і іх практычнае застасаваньне. Былі ў Мсьціжы цікавыя калекцыі манэтаў, мэдалёў розных часоў і народаў. Мэдалёў і манэтаў было каля 2 тыс. адзінак[4]. Ня меншым быў збор ракавін і мінэралаў. Было нямала і розных твораў мастацтва. У маёнтку быў вельмі багаты збор расьлінаў. Як тутэйшых, так і экзатычных. Агулам каля 3,5 тысячаў відаў. Для экзатычных расьлінаў былі збудаваны вялікія цяпліцы і аранжарэі, якія абаграваліся. Ля вялікага і добраўпарадкаванага парка разьмяшчаўся зьвярынец для птушак і зьвяроў, якіх таксама была ня малая колькасьць. Тут сярод іншых жылі рознакаляровыя папугаі, вялікае мноства канарэек, кольчатыя горліцы, паўліны, лебедзі, буслы і журавы, незьлічоная стая галубоў. Жылі тут і розныя чарапахі. У зьвярынцы былі зьвераняты аленяў.
Вялікія беды Мсьціжу нанесла вайна 1812 году. Тады ж згарэла царква, адноўленая ў 1816 годзе. На 1847 год да Мсьціскага маёнтку належала 1314 прыгонных сялянаў.
Зь сьмерцю Юзэфа Сьлізьня Мсьціж паступова пераўтварыўся зь неардынарнага асяродку культуры ў звычайны цэнтар буйнога землеўладаньня. За выняткам асобных твораў мастацтва, ён паступова пазбавіўся ўсяго астатняга: бібліятэкі, навуковых збораў, аранжарэі, цяпліцы і зьвярынца. Па Юзэфе Сьлізьні маёнтак перайшоў у валоданьне маршалка бабруйскага Ігнація Булгака, які пачаргова быў мужам дачок Сьлізьня Ізабэлы і Тэрэзы. 28 студзеня 1858 году маёнтак атрымала паводле падзельнага акту дачка Ізабэлы Соф’я. Аднак яна ў Мсьціжы ня жыла, а гаспадаркай кіраваў арандатар. На 1876 год маёнтак Мсьціж меў 11240 дзесяцін зямлі. Яму належылі тры вадзяных млыны, якія давалі даход па 500 рублёў штогод, і тры карчмы, якія ў год прыносілі 650 рублёў прыбытку. Соф’я была замужам за Генрыкам Валовічам. Па сьмерці яна падзяліла Мсьціскае землеўладаньне паміж сваімі дзяцьмі — сынамі Ўладзіславам, Юзэфам, Міхалам і дочкамі Марыяй і Леанціяй. Беспасярэдне сядзібу атрымаў Міхал. Ён жыў у Менску, а ў Мсьціж прыязджаў з родзічамі толькі на лета. Міхал Валовіч заставаўся гаспадаром маёнтку да нацыяналізацыі зямлі і памёр у 1919 годзе. Апошнім арандатарам у Мсьціжы быў Браніслаў Славінскі.
У 1869 годзе ў Мсьціжы адкрылася расейская народная вучэльня. У 1880 годзе тутэйшы касьцёл перарабілі пад капліцу, якая існавала да першых гадоў усталяваньня савецкай улады. Будынак царквы праіснаваў да другой сусьветнай вайны. На 1890 год у Мсьціжы было 11 сялянскіх гаспадарак. Мястэка было цэнтрам воласьці, тут разьмяшчалася валасная ўправа. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 24 двары, у 1908 годзе — 14 двароў.
Каля 1890 году ў маёнтку адбыўся моцны пажар, у выніку чаго двухпавярховы палац згарэў дашчэнту. Яго рэшткі былі разабраны да падмурку. На зьмену яму збудавалі новы аднапавярховы сядзібны дом з ганкам і калёнамі. Сваім выглядам ён нагадваў большасьць тагачасных сядзібных дамоў. Узьведзены ён быў на месцы былой пятай брамы старога маёнтка, што, відаць, і было прычынай яе разборкі яшчэ ў ХІХ ст. У пажары старога будынка, магчыма, загінулі рэшткі старых рэчаў з збораў Сьлізьня. Тыя нешматлікія творы мастацтва, што нейкім чынам удалося выратаваць, Міхал Валовіч перавёз да месца свайго сталага жыхарства — у Менск.
У 1911 годзе выйшла пастанова аб брукаваньні на працягу 22 вёрст шляху з Мсьціжу на Барысаў. Паляпшэньне шляху да вёскі, безумоўна, станоўча паўплывала на яе. У тым жа годзе ў народнай вучэльні за кошт земства адкрыўся другі камплект. Аднак ён існаваў ня доўга. Ужо ў 1917 годзе вучэльня зноў узгадваецца як аднакамплектная.
Да Першай сусьветнай вайны ад старога маёнтку ў Мсьціжы ў першапачатковым выглядзе захоўваўся толькі парк. У канцы сярэдняй ліпавай алеі знаходзілася сажалка, да якой вёў перакінуты праз канал мосьцік. Да таго часу захоўваліся і два мураваныя флігелі, чатыры брамы і мураваная агароджа. На рацэ, як і ў старыя часы, стаяў млын, які працаваў да Другой сусьветнай вайны. Да сёньняшняга часу ад былога старога маёнтку Сьлізьняў захавалася галоўная ўязная брама, нязначныя рэшткі мураванай агароджы, падмуркі і склепы былых флігеляў. Прычым рэшткі аднаго зь іх цяпер цалкам засыпаны зямлёй. Тры брамы і мураваная агароджа былі разабраны калгасам на будаўнічыя матэрыялы ў 30-х гадах савецкай улады. Захаваўся адзін з гаспадарчых будынкаў — былы бровар, які зроблены з часаных камянёў, і падмуркі іншых. Добра прасочваецца старая сажалка. Ад старога парка, які быў амаль цалкам зьнішчаны ў Першую сусьветную вайну, зьберагліся старыя ліпы. Дарэчы, іх яшчэ на пачатку ХХ стагодзьдзя называлі ня інакш як старымі.
У лютым 1918 году Мсьціж занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мсьціж абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, у Барысаўскі раён.
На 1999 год у Мсьціжы было 120 двароў, на 2008 год — 116. У 2000-я гады Мсьціж атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку».
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XIX стагодзьдзе: 1897 год — 139 чал.
- XX стагодзьдзе: 1908 год — 166 чал.; 1999 год — 357 чал.[5]
- XXI стагодзьдзе: 2008 год — 315 чал.[1]; 2010 год — 277 чал.
Інфраструктура
рэдагавацьУ Мсьціжы працуюць сярэдняя школа, амбуляторыя, бібліятэка, дом культуры, пошта.
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьСлавутасьці
рэдагаваць- Сядзібна-паркавы комплекс Сьлізьняў (XVIII ст.)
Страчаная спадчына
рэдагаваць- Касьцёл (1760)
- Палац Сьлізьняў (XIX ст.)
- Царква Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа (1760, Сьвяты Пасад)
Асобы
рэдагаваць- Браніслаў Фірага (нар. 1935) — доктар тэхнічных навук, прафэсар, які працуе цяпер у Беларускім нацыянальным тэхнічным унівэрсытэце.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. C. 157.
- ^ Справочник адресов. Белпошта. Праверана 13 кастрычніка 2019 г.
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 79.
- ^ Jelski A., Łopaciński A. Mściż // Słownik geograficzny... T. VI. — Warszawa, 1885. S. 778.
- ^ БЭ. — Мн.: 2000 Т. 10. С. 535.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 10: Малайзія — Мугаджары. — 544 с. — ISBN 985-11-0169-9
- Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 8. Мінская вобласць. Кн. 1 / рэдкал.: Т.У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2010. — 736 с.: іл. ISBN 978-985-11-0520-1.
- Мяцельскі М. Мсьціж — вёска, культурным здабыткам якой могуць пазайздросьціць гарады // Гоман Барысаўшчыны. — 2004. — № 10 (67).
- Мацельскі М. Барысаўшчына, якую мы страцілі: горад Мсціж // Гоман Барысаўшчыны. — 2009. — № 9 (126).
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885.