Менскае падпольле

савецкае падпольле падчас нямецкай акупацыі Менску ў ходзе Нямецка-савецкай вайны

Менскае падпольле — савецкае падпольле падчас нямецкай акупацыі Менску ў ходзе Нямецка-савецкай вайны.

Менскае падпольле
Дата ўтварэньня 19 ліпеня 1941 (82 гады таму)
Дата спыненьня існаваньня 3 ліпеня 1944 (79 гадоў таму)
Юрыдычны статус падпольле
Месцазнаходжаньне Менск
Сяброўства 90 суполак (1944 г.)
Сакратар (да студзеня 1943 г.) Іван Кавалёў
Сакратар (з 29 верасьня 1943 г.) С.К. Ляшчэня
Асноўныя асобы Уладзімер Амельянюк, Алена Мазанік
Кіроўны орган Менскі падпольны гарадзкі камітэт КПБ
Матчына кампанія Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Беларусі
Зьвязаныя кампаніі Менскі падпольны гаркам камсамолу
Колькасьць валянтэраў 6355 (1944 г.)
Колішняя назва Вайсковая рада партызанскага руху (верасень 1941 г. — сакавік 1942 г.)

Дзейнічала зь ліпеня 1941 году па ліпень 1944-га. Узьнікла і разьвівалася з удзелам камуністаў і камсамольцаў, а таксама беспартыйных работнікаў і студэнтаў, інтэлегенцыі і інжынэраў. Станоўчы ўплыў на стварэньне падпольных суполак аказалі Лявон Адзінцоў, Уладзімер Амельянюк, Ёсіф Будаеў, С.І. Заяц, Іван Кавалёў, Зьміцер Караткевіч, А.Л. Коцікаў, Ф.С. Кузьняцоў, С.В. Сержановіч, І.Г. Сьцяпура, а таксама вайскоўцы Я.К. Горыца і П.П. Суравягін. У ліку першых утварыліся суполкі на чыгуначным вузьле (А.Дз. Балашоў, Ф.К. Жавалёў, І.І. Івашчонак, Ф.С. Кузьняцоў, В.С. Купрыянава, К.А. Паўлечка і І.Г. Сьцяпура), у ваколіцах Камароўкі (С.К. і Ўладзімер Амельянюкі, Васіль Жудро, С.І. Заяц, А.В. Каліноўскі, А.П. Макаранка, І.М. Цімчук і М.А. Шугаеў), у Кастрычніцкім раёне з работнікаў рэспубліканскай канторы Белнафтазбыту (К.Дз. Грыгор’еў, А.Л. Зубкоўскі, І.П. Казінец, В.К. Нікіфараў і Рыгор Сямёнаў), з выкладнікаў і студэнтаў Юрыдычнага інстытуту (Марына Малаковіч, Марыя Восіпава і А.А. Сакалова). Падпольнікі распаўсюджвалі газэты з савецкага тылу і выводзілі з ладу вытворчае абсталяваньне[1].

Зьяўлялася найбольшым гарадзкім падпольлем у Эўропе. Апошніх яго ўдзельнікаў рэабілітавалі ўвесну 1990 году[2].

Стварэньне рэдагаваць

У верасьні 1941 году ўпаўнаважаны Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Беларусі Іван Кавалёў стварыў Вайсковую раду партызанскага руху і Менскі падпольны гарадзкі камітэт КПБ. У склад гарадзкога камітэту ўвайшлі 9 чалавек: Іван Кавалёў (сакратар), К.Дз. Грыгор’еў, Васіль Жудро, С.І. Заяц, Ісая Казінец, А.Л. Коцікаў, В.К. Нікіфараў, І.І. Рогаў і Рыгор Сямёнаў. Гаркам аб’яднаў падпольныя суполкі Менску. У кастрычніку-сьнежні 1941 году гаркам заснаваў першыя ў Менскай вобласьці партызанскія атрады «Дзядзькі Васі», Сяргеева і Пакроўскага. На заданьне гаркаму падпольнікі выведвалі пра разьмяшчэньне ў Менску і ваколіцах вайсковых пастоў, штабоў, складоў і бэнзабазаў нямецкага войска. Наладжваліся сувязі з партызанамі ў Менскай вобласьці. Чырвонаармейцаў працаўладкоўвалі і забясьпечвалі ўтрыманьнем. Выведаныя зьвесткі перапраўлялі ў партызанскія атрады, якія накіроўвалі іх за лінію фронту[1].

На сьнежань 1941 году ў Менску і ваколіцах дзейнічала каля 50 подпольных суполак агульным лікам звыш 2000 удзельнікаў: на Балотнай станцыі, плодаагародіннай базе № 1, цагельным заводзе № 1, станцыі Менск-Таварная, у гаражы Менскай гарадзкой управы, у вёсцы Прылепы, суполка студэнтаў і выкладнікаў Юрыдычнага інстытуту, у паварозным дэпо, на вагонарамонтным заводзе, на Менскай ЦЭЦ-2, Старажоўскай хлебапякарні, цагельных заводах № 2 і 3, на Грушаўскім пасёлку, цьвіковым заводзе, у інфэкцыйнай лякарні, «Вера», на гарбарным і станкабудаўнічым заводах, у мэдпункце і на чыгуначнай станцыі «Менск-Пасажырскі», у Доме друку, Доме ўраду, на Пугачоўскім завулку, у аптэцы № 1, на піўзаводзе, на чыгуначным вузьле, у вёсцы Ліпкі, вайсковым гарадку Сьцяпянка, у раёне вуліцаў Калгаснай, Маладэчанскай, Саўгаснай і Старавіленскай, на хлебзаводзе «Аўтамат», у друкарні Дома друку, на малочным заводзе, на хімфармзаводзе, на дрожджа-патачным заводзе, «Красворд», на мэблевай фабрыцы па вуліцы Апанскага, суполка настаўнікаў, на складзе бухгальтарскіх блянкаў, суполка Лагойскага падпольнага раённага камітэту КПБ, у раёне вуліцаў Розы Люксэмбург і Карла Лібкнэхта, на радыёзаводзе, «Каўказ», мэдработнікаў і «Андруша». У складзе Менскага падпольля дзейнічалі камсамольскія падпольныя суполкі на чале з С.А. Благаразумавым агульным лікам звыш 60 удзельнікаў: на радыёзаводзе, на вагонарамонтным, гарбарным і цьвіковым заводах, на Балотнай станцыі, на чыгуначным вузьле і «Андруша»[1].

Дзейнасьць і перасьлед рэдагаваць

19 ліпеня 1941 году вязьні Менскага гета наладзілі сувязь зь Менскім падпольлем. Вязьні гета дапамагалі падпольлю грашыма, выведкай і матэрыяльна. Падпольнікі перапраўлялі вязьняў гета да савецкіх партызанаў. У сьнежні 1941 году Вайсковая рада партызанскага руху і гаркам стварылі 1-ю падпольную друкарню, дзе па-расейску выдавалі пэрыядычны лісток «Весьнік Радзімы» са зводкамі Саўінфармбюро і лістоўкі. У сьнежні 1941 году менскія падпольнікі падарвалі чыгунку, у выніку чаго рух нямецкіх эшалёнаў на фронт падчас бітвы за Маскву спыніўся на 10 дзён. На Менскай ЦЭЦ-2 зрывалі падачу электраэнэргіі на вайсковыя пасты нямецкага войска: выводзілі з ладу абсталяваньне, зацягвалі яго рамонт і псавалі прылады галоўнага пульта. На пачатку студзеня 1942 году Вайсковая рада партызанскага руху (ВРПР) аб’ядноўвала звыш 300 удзельнікаў і мела сувязі з партызанскім атрадамі ў суседніх 5 раёнах: Заслаўскім, Койданаўскім, Лагойскім, Плешчаніцкім і Рудзенскім. ВРПР стварыў некалькі атрадаў, куды накіроўваў камандзіраў і палітработнікаў. У сакавіку 1942 году Вайсковая рада партызанскага руху спыніла дзейнасьць праз арышт і гібель шматлікіх удзельнікаў, у тым ліку кіраўнікоў Пятра Антохіна і І.І. Рогава. У красавіку 1942 году нямецкія акупанты забілі некалькі ўдзельнікаў суполак Менскага падпольля і вязьняў Менскага гета, якія зь імі супрацоўнічалі. 7 траўня 1942 году пасьля катаваньняў расстралялі 251 менскага падпольніка і прылюдна пакаралі сьмерцю 28 кіраўнікоў суполак, у тым ліку сябраў гаркаму Ісаю Казінца, С.І. Зайца і Рыгор Сямёнава. На пачатку траўня 1942 году на кватэры Мікалая Дразда прайшла нарада Менскага падпольля з удзелам 14 чалавек. У склад гаркаму давыбралі Ўладзімера Амельянюка (пасьля яго гібелі Канстанцін Хмялеўскі) і Зьмітра Караткевіча. Са складу гаркаму выйшаў Грыгор’еў. Стварылі 5 падпольных гарадзкіх раённых камітэтаў КПБ: Варашылаўскі (сакратар Шугаеў), Кастрычніцкі (Канстанцін Хмялеўскі, зь верасьня Мікалай Каржанеўскі), Сталінскі (Назар Герасіменка), Тэльманаўскі (раён гета, М.Л. Гебелеў), Чыгуначны (Коцікаў, зь верасьня Іван Матусевіч). У траўні 1942 г. выйшаў № 1 беларускамоўнай газэты «Зьвязда» (рэд. Уладзімер Амельянюк, № 2-4 Я.М. Савіцкая)[1].

Цягам 1942 году гаркам аднавіў і пашырыў сетку падпольных суполак. Да 1943 году з удзелам падпольнікаў стварылі каля 20 партызанскіх атрадаў і 3 брыгады «Дзядзькі Колі», «Стары» і «Штурмавая». Таксама падпольнікі загітавалі 357 удзельнікаў украінскіх ахоўных батальёнаў і звыш 150 жаўнераў акупацыйнага войска зь ліку бэльгійцаў, немцаў, палякаў, славакаў і сэрбаў перайсьці на бок савецкіх партызанаў. Менскія падпольнікі рэгулярна адпраўлялі савецкім партызанам зброю, выбуховыя прылады, радыёпрыёмнікі, пішучыя машынкі, паперу, соль, вопратку і бінты. У прыватнасьці падпольнікі з Грушаўскага пасёлка і хлебазавода «Аўтамат» адвезьлі брыгадзе Нікіціна машыну з хлебам. Падпольнікі з хімзавода перадалі ў 11 партызанскіх атрадаў лекі і бінты. З гарбарнага завода перадалі 3-м партызанскім атрадам звыш 100 кажухоў, футравых безрукавак, некалькі сотняў аўчынных шапак, рукавіцаў і 13 шавецкіх машынаў. Са станкабудаўнічага завода вывезьлі таемную тэхнічную дакумэнтацыю. На заданьне падпольнага гаркаму ў бюро пропускаў гарадзкога камісарыяту працаваў Захар Гало, які забясьпечваў падпольнікаў блянкамі пропускаў, узорамі нямецкіх пячатак і подпісаў, папярэджваў пра аблавы нямецкіх акупантаў. Прафэсар Яўген Клумаў разам зь іншымі лекарамі лячыў параненых падпольнікаў, забясьпечваў партызанаў лекамі і хірургічным інструмэнтам, цалкам абсталяваў 2 партызанскія шпіталі. Ва ўзаемадзеяньні з савецкімі партызанамі менскія падпольнікі правялі шэраг дывэрсіяў у авіямайстэрняў, на станкабудаўнічым і хіміка-фармацэўтычным заводах, чыгуначным вузьле, прыводзілі ў непрыдатнасьць харчаваньне на складах нямецкага войска і парушалі тэлефонную сувязь. Пад уплывам Менскага гаркаму дзейнічалі Койданаўскае і Тарасава-Ратамскае падпольлі[1].

У сьнежні 1942 году пасьля арышту і пакараньня сьмерцю Благаразумава Менскі падпольны міжраённы камітэт ЛКСМБ стварыў Менскі падпольны гаркам ЛКСМБ, які месьціўся ў Заслаўскім раёне. У сьнежні 1942 — студзені 1943 году ў выніку катаваньняў на допытах загінулі сакратар гаркаму Іван Кавалёў, сябры гаркаму Зьміцер Караткевіч, Канстанцін Хмялеўскі, Нікіфараў, сакратары гарадзкіх раённых камітэтаў Назар Герасіменка, Мікалай Каржанеўскі, Іван Матусевіч і Шугаеў, шмат іншых удзельнікаў падпольля. З часу арышту кіраўнікоў падпольля ў верасьні 1942 году да верасьня 1943 году ў Менскага падпольля адсутнічала адзінае кіраўніцтва. Партызаны зьвязваліся з падпольлем праз сувязных. У красавіку 1943 году нямецкія акупанты правялі карную апэрацыю «Чароўная флейта», у адказ на якую падпольнікі ўчынілі некалькі дывэрсіяў на прадпрыемствах. Падчас Курскай бітвы ўлетку 1943 году чыгуначнікі пашкодзілі і затрымалі 155 нямецкіх паравозаў. 22 верасьня 1943 году падпольніцы Алена Мазанік, Марыя Восіпава і Надзея Траян забілі генэральнага камісара Беларусі Вільгельма Губэ. 29 верасьня 1943 году Цэнтральны камітэт КПБ зацьвердзіў прапанову Менскага падпольнага абласнога камітэту КПБ пра стварэньне Менскага падпольнага гаркаму: сакратары С.К. Ляшчэня, Г.М. Машкоў і І.П. Пархомчык. Гаркам разьмясьцілі ў партызанскай зоне пры атрадзе «Мясцовыя» НКДБ СССР. Гаркам стаў кіраваць дзейнасьцю падпольля праз партызанскіх сувязных. 21 кастрычніка 1943 году нямецкія акупанты зьнішчылі Менскае гета. Да 31 сьнежня 1943 году сетка падпольных суполак узнавіла ахоп усяго Менску: на хлебазаводзе «Аўтамат», у Кастрычніцкім раёне, чыгуначным кіраўніцтве на вуліцы Апанаскага, на Грушаўскай вуліцы, з работнікаў грабянёвай фабрыкі, гаруправы, хлебазавода № 1, Беларускага тэатру, на чыгуначным вузьле, «Першыя», «Суседзі», «Чацьвертыя», «Родныя», «Юры», «Мсьцівец», «Актыўныя», «Артур», «Аўтамат», «Танюша» на радыёзаводзе, Грунтавая вуліца, «Зубілкін», «Галя», «Тамара», «Тацяна», «Робэрт», «Адам», «Крылоў», «Вырві вока», «Віктар» і «Уладзімер». У 1944 годзе падпольнікі ўчынілі звыш 60 дывэрсіяў[1].

За 3 гады нямецкай акупацыі менскія падпольнікі стварылі звыш 90 суполак. Менскае падпольле налічвала 6355 удзельнікаў і выкарыстоўвала звыш 200 таемных кватэраў. Падпольнікі правялі звыш 1500 баявых апэрацыяў. Падчас адступленьня нямецкага войска менскія падпольнікі заміналі ім зьнішчаць прамысловыя і адміністратыўныя будынкі, вывозіць нарабаваную маёмасьць і харчаваньне[1].

Ушанаваньне рэдагаваць

За змаганьне супраць нямецкіх захопнікаў званьне героя Савецкага Саюзу атрымалі 8 менскіх падпольнікаў: Уладзімер Амельянюк, Марыя Восіпава, Ісая Казінец, Яўген Клумаў, Іван Кабушкін, Мікалай Кядышка, Алена Мазанік і Надзея Траян. Яшчэ каля 600 (10%) падпольнікаў узнагародзілі ордэнамі і мэдалямі СССР. Імёнамі 18 падпольнікаў у Менску назвалі вуліцы: Адзінцова, Амельянюка, Галы, Герасіменкі, Дразда, Жудро, Кабушкіна, Кавалёва, Казінца, Караткевіча, Каржанеўскага, Кядышкі, Клумава, Ляўкова, Матусевіча, Сямёнава, Хмялеўскага і Шацько. Мясьціны дзейнасьці і гібелі менскіх падпольнікаў адзначылі помнікамі[1].

У 1962 годзе Іван Новікаў выдаў па-беларуску дакумэнтальную аповесьць «Руіны страляюць ва ўпор» пра менскае падпольле. У верасьні 1971 году кінастудыя «Беларусьфільм» выпусьціла па-расейску 6-сэрыйны фільм «Руіны страляюць» паводле аповесьці Новікава[2]. У 1982 годзе Мікалай Матукоўскі выдаў пра падпольле дакумэнтальную аповесьць «Менск» па-расейску.

Літаратура рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в г д е ё ж Яўген Бараноўскі, Іларыён Ігнаценка. Менскае патрыятычнае падпольле // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 10. — С. 414-415. — 544 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0169-9
  2. ^ а б Вадзім Гігін. Таталітарызм 2.0 // Зьвязда : газэта. — 6 ліпеня 2013. — № 123 (27488). — С. 2. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць