Мікалай Матукоўскі
Мікала́й Матуко́ўскі (12 верасьня 1929, в. Калюціна, Расонскі раён — 21 верасьня 2001) — беларускі драматург.
Мікалай Матукоўскі | |
Дата нараджэньня | 12 верасьня 1929 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 28 верасьня 2001 (72 гады) |
Месца сьмерці | |
Месца вучобы | |
Занятак | драматург, журналіст, сцэнарыст |
Месца працы | |
Сябра ў | Саюз пісьменьнікаў СССР |
Узнагароды |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Матукоўскі (неадназначнасьць).
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся 12 верасьня 1929 году ў сялянскай сям’і, якая пражывала ў вёсцы Калюціна Расонскага раёну Віцебскай вобласьці. Рос бяз бацькі: у 1933 годзе яго бацьку Ягора Мікалаевіча, намесьніка старшыні калгасу, асуджанага па лжываму даносу, выслалі ў Мурманскую вобласьць, адкуль ён не вярнуўся. У 1936 годзе сям’я пераехала ў вёску Лабова, дзе сустрэла вайну, акупацыю, перажыла суровыя дні існаваньня ў партызанскай зоне. У лістападзе 1943 году праз славутыя Віцебскія вароты Матукоўскія былі эвакуяваныя за лінію фронту ў горад Заходняя Дзьвіна. Тут чатырнаццацігадовы юнак пачаў працаваць стажорам шафёра мясцовай МТС. Пасьля вызваленьня родных мясьцін ад акупантаў вярнуўся ў вёску Лабова, каб неўзабаве пераехаць да брата ў горад Кішынёў, дзе вучыўся ў сямігодцы. Праўда, завяршыў сярэднюю адукацыю на радзіме, атрымаўшы ў 1950 годзе атэстат сталасьці ў Тродавіцкай СШ Расонскага раёну. Паступіўшы ў 1950 годзе на завочнае аддзяленьне журналістыкі філялягічнага факультэту (скончыў у 1956 годзе) БДУ, перайшоў на сталую працу ў расонскую раённую газэту «Камуністычны шлях». У 1952 годзе пераехаў у Менск, дзе на працягу васьмі гадоў быў літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела навукі і школ, а потым — літаратуры і мастацтва ў газэце «Звязда». З 1960 году таксама на пасадзе галоўнага рэдактара літаратурна-драматычнага вяшчаньня Беларускага радыё. З 1964 году заняў пасаду галоўнага рэдактара рэпэртуарна-рэдакцыйнай калегіі Міністэрства культуры БССР. З 1966 году — уласны карэспандэнт, у 1970—1993 гадах — загадчык Беларускага аддзяленьня рэдакцыі газэты «Известия». У 1993—1995 гадах працаваў у газэце «Рэспубліка». У 1995—1998 гадах — кіраўнік літаратурнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы.
Творчасьць
рэдагавацьЛітаратурную працу распачаў у 1952 годзе, аўтар зборнікаў «П’есы» (1979) і «Мудрамер» (1989). Пісаў на расейскай і беларускай мовах. Аўтар п’ес «Мужчына, будзь мужчынам!» (пастаўлена ў 1966), «Тры дні і тры ночы» (пастаўлена ў 1967), «Амністыя» (1971, пастаўлена ў 1970, асобнае выданьне ў 1972, аднайменны кінафільм у 1982), «Апошняя інстанцыя» (1976, пастаўлена ў 1974), «Насьледны прынц» (1976, пад назвай «Насьледнік» пастаўлена ў 1976), «Мошенник поневоле» (паводле раману М. Ларні «Чацьверты пазванок», пастаўлена ў 1978), «Паядынак» (1985, пастаўлена ў 1985), «Мудрамер» (апублікавана і пастаўлена ў 1987). Напісаў сцэнар мастацкага кінафільму «Сын старшыні» (пастаўлены ў 1976), тэлефільмаў «Траянскі конь» (пастаўлены ў 1980), «Мудрамер» (пастаўлены ў 1989), а таксама некалькіх сцэнарыяў дакумэнтальных тэле- і кінафільмаў. Выдаў дакумэнтальную аповесьць пра менскае падпольле 1941—1944 гадоў «Мінск» (1982), кнігу публіцыстыкі, эсэ «Чужая беда» (1987).
Узнагароды
рэдагавацьУзнагароджаны мэдалямі. Заслужаны работнік культуры БССР (1977). Ляўрэат прэміі Саюзу журналістаў СССР (1984) і Дзяржаўнай прэміі БССР (1988) за п’есу «Мудрамер».
Крыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Матукоўскі Мікалай // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995.
- Матукоўскі Мікалай // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Мікалай Матукоўскі (1929—2001)(недаступная спасылка)