Мазырскія малочныя прадукты

прамысловае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў 1944 годзе ў Мазыры

Каардынаты: 52°2′48″ пн. ш. 29°14′6″ у. д. / 52.04667° пн. ш. 29.235° у. д. / 52.04667; 29.235

«Мазы́рскія мало́чныя праду́кты» («ММП») — прамысловае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў 1944 годзе ў Мазыры (Гомельская вобласьць).

«Мазырскія малочныя прадукты»
Тып унітарнае прадпрыемства
Дэвіз Здароўе людзей — наш клопат
Заснаваная 1944
Краіна Сьцяг Беларусі Беларусь
Разьмяшчэньне Сьцяг Гомельскае вобласьці Гомельская вобласьць
Адрас Сьцяг Мазыру Мазыр, Пралетарская вул., д. 114
Ключавыя фігуры Алена Касуха, Аляксандар Патапаў[1]
Галіна харчовая прамысловасьць
Прадукцыя біфітат, ёгурт, кефір, малако, масла, пражанка, сьмятана, тварог
Матчына кампанія «Гомельская мяса-малочная кампанія»

На 2022 год выпускала пад уласнымі таварнымі знакамі «Вясёлка смаку» і «Моц здароўя» такія малочныя вырабы, як вяршкі і ёгурты, кісламалочныя напоі, малако і масла, сьмятану і тварог. У Беларусі пастаўкі ажыцьцяўлялі пераважна ў межах Гомельскай вобласьці. Замежныя пастаўкі ў асноўным накіроўвалі ў суседнія Маскоўшчыну й Ўкраіну, а таксама ў Казахстан[2]. Фірмовы гандаль улучаў 9 крамаў, павільёнаў і шапікаў «Вясёлка смаку» ў Мазыры, а таксама адпаведныя крамы ў Гомлі і Ельску[3].

На 2022 год «Мазырскія малочныя прадукты» выпускалі пад таварнымі знакамі «Вясёлка смаку» і «Моц здароўя»:

  • пастэрызаванае і стэрылізаванае малако тлустасьцю 1,5, 1,6, 2,5, 3,2, 3,6 і 3,8 % у літровых кардонных і плястыкавых пакунках з тэрмінам прыдатнасьці 6 і 15 содняў ды 9 месяцаў[4];
  • біфітат тлустасьцю 2,5 % з тэрмінам прыдатнасьці 5 содняў ў кардонным і плястыкавым пакунку па 450 і 200 грамаў[5];
  • кефір тлустасьцю 1,2 і 2,7 % у літровых кардонных пакунках з тэрмінам прыдатнасьці 10 дзён[6];
  • пражанку тлустасьцю 2,5 % у пакунку па 320 грамаў з тэрмінам прыдатнасьці 10 дзён[7] і кісламалочны напой тлустасьцю 0,5 % з малінай у пакунку па 450 грамаў;
  • сьмятану тлустасьцю 12, 18, 20 і 24 % у пакунках па 180, 350 і 370 грамаў з тэрмінам прыдатнасьці 16, 18 і 23 дні[8];
  • тварог тлустасьцю 1, 3, 5 і 9 % у пакунках па 200, 300, 400 і 450 грамаў з тэрмінам прыдатнасьці 18 і 31 дзень[9];
  • салодкую тварожную масу тлустасьц 4,5 % па 250 і 400 грамаў з прыдатнасьцю да 3-х дзён, а таксама 45%-вы плаўлены сыр па 150 грамаў;
  • масла тлустасьцю 65, 72,5 і 82,5 % па 170 грамаў з прыдатнасьцю да 35 дзён у лядоўні[10];
  • ёгурты тлустасьцю 1,5 % з пэрсікамі і чарніцамі пры тэрміне прыдатнасьці 10 дзён[11] і пудынгі тлустасьцю 6 % па 175 грамаў з прыдатнасьцю 10 дзён[12];
  • тварожныя дэсэрты тлустасьцю 3 і 5 % па 140 і 150 грамаў з прыдатнасьцю 21 дзень;
  • сухое малако як абястлушчанае, гэтак цэльнае тлустасьцю 26 % у папяровых мяшках па 25 кг[13];
  • малочную сыроватку з ананасным, апэльсінавым і мангавым сокам у літровых пакунках з прыдатнасьцю 10 дзён[14].

Мінуўшчына

рэдагаваць

У 1944 годзе ў Мазыры заснавалі «Мазырскі малаказавод». У 1946 годзе малаказавод наладзіў выпуск казеіну, сыроватачанага квасу, марозіва, масла і нятлустага тварагу. Сэпаратарныя пункты заводу працавалі ў 8 вёсках: Бібікаў, Слабада, Прудок, Мялешкавічы, Скрыгалаў, Бокаў, Міхалкі і Каменка. За 1946 год перапрацавалі 1012 тонаў малака і вырабілі 24,4 тонаў масла, 12,1 тоны топленага масла, 5,7 тоны марозіва і 4,9 тоны сухога казеіну. У 1950 годзе выпускалі ацыдафільнае малако і вяршкі, абястлушчаны кефір, сьмятану, сыраквашу, сырковую масу і тварог. Пачалі разьліў вырабаў у шкляныя пляшкі. У 1979 годзе закрылі ўчастак масла праз скарачэньне сыравіннай зоны, частку якой аддалі запушчанаму «Каленкавіцкаму заводу заменьніка цэльнага малака». У студзені 1990 году ўзьвялі корпус з цэхам вырабаў зь нязьнятага малака і перабудавалі кампрэсарны ўчастак. У ліпені 1991 году пусьцілі кампутарызаваную лінію стэрылізаванага малака для доўгага захоўваньня. У 1994 годзе ў старым корпусе пасьля перабудовы пусьцілі цэх марозіва і кампутарызаваны цэх дзіцячага харчаваньня для дзяцей груднога ўзросту, у тым ліку тварагу з ультрафільтраванай сыроваткі для захаваньня бялку[15].

У 2001 годзе аднавілі цэх масла, якое сталі фасаваць у пачкі па 200 грамаў. Нефасаванае масла ў скрынях па 20 кг пачалі адгружаць у Расею. У 2003 годзе цэх дзіцячага харчаваньня пачаў выраб ёгуртаў. У ліпені 2003 году да «Мазырскіх малочных прадуктаў» далучылі «Нараўлянскі малочны завод», які зачынілі праз 2 месяцы ў сувязі радыяцыйным забруджаньнем малака ў Нараўлянскім раёне пасьля Чарнобыльскай катастрофы. У выніку нараўлянскае малако сталі перапрацоўваць у тэхнічны казеін на Ельскім вытворчым участку магутнасьцю 100 тонаў малака для пастаўкі ў Польшчу, Нямеччыну, ЗША і Сынгапур. У 2004 годзе пачалі выпуск лекавых кісламалочных вырабаў у цэху дзіцячага харчаваньня. У 2005-м тамсама наладзілі выпуск тварагу з садавіной і тварожных пудынгаў. У ліпені 2005 году запрацаваў цэх тварагу «Волат» і «Несьцерка». У 2007 годзе ўсталявалі аўтарасфасовачнік ёгуртаў і тварожных дэсэртаў у полістыролавыя кубкі з залітаваным вечкам. У 2009-м набылі пастэрызатар-ахалоджвальнік, абсталяваньне для кацельні і 2 аўтаразьлівачнікі малака. Дзіцячае харчаваньне для «Мазырскіх малочных вырабаў» распрацоўваў «Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці» НАНБ[15].

У 2013 годзе 70 % вырабаў збылі за мяжу, зь якіх большасьць у Расею. Таксама «Мазырскія малочныя прадукты» занялі 3-е месца сярод беларускіх малаказаводаў на рынку Ўкраіны. Пераважна пастаўлялі малако, кефір, сьмятану і тварог. На люты 2014 году фірмовая гандлёвая сетка прыватнага УП «Мазырскія малочныя прадукты» налічвала 16 крамаў, павільёнаў і шапікаў у Гомлі, Мазыры, Петрыкаве і Ветцы. Сыравіннай базай прадпрыемства былі сельскія гаспадаркі Мазырскага, Ельскага і Нараўлянскага раёнаў Гомельскай вобласьці Беларусі. Пад таварнымі знакамі «Вясёлка смаку» і «Моц здароўя» выпускалі звыш 70 найменьняў малочных вырабаў, у тым ліку малако і кісламалочныя напоі, сьмятану і вяршкі, тварог і тварожныя дэсэрты, масла, марозіва і дзіцячае харчаваньне, у тым ліку ёгурты. Перапрацоўка складала 180 тонаў малака ўзімку і 220 тонаў улетку. У 2014 годзе ўсталявалі аміячную лядоўню, што дазволіла зьнізіць выдатак электраэнэргіі на 38 % заашчаджаць 1,5 млрд рублёў за год, а таксама зьменшыць выкарыстаньне аміяку зь 15 тонаў да 934 кг. Гомельскі абласны выканаўчы камітэт вылучыў 23 млрд рублёў на пераабсталяваньне тварожнага ўчастка, што дазволіла выпускаць буйназярністы тварог з 30-дзённай прыдатнасьцю замест 5-дзённай[16].

У 2016 годзе запусьцілі ўчастак сухога малага магутнасьцю 10 тонаў за содні[15]. На люты 2018 году «Мазырскія малочныя прадукты» штодня перапрацоўвалі 250 тонаў малака. Гандлёвая сетка налічвала 14 фірмовых крамаў у Мазыры, Гомлі і Нароўлі. Таксама вытворчасьць пашырылі за кошт біфітату, які прызначаўся для харчаваньня пры алергіі і для адновы мікрафлёры страўніка пасьля лячэньня антыбіётыкамі ад інфэкцыі. Урэшце пастаўкі сталі ажыцьцяўляць у краіны Азіі: Армэнію і Казахстан[17], Кітай, Марока, Пакістан і Турэччыну. У 2020 годзе большасьць вырабаў адгрузілі ў Расею, Казахстан, Узбэкістан і Ўкраіну[18]. У 2020 годзе ініцыятыва «Умовы для мовы», якую распачаў Ігар Случак, распачала кампанію зваротаў «Беларускаму малаку — беларуская мова», у ходзе якой «Мазырскія малочныя прадукты» дадалі беларускую мову на этыкеткі сваіх вырабаў[19]. На верасень 2021 году прадпрыемства штодня перапрацоўвала 300 тонаў малака і выпускала больш за 80 відаў вырабаў[20].

  1. ^ Кантакты // УП «Мазырскія малочныя прадукты», 2022 г. Праверана 10 студзеня 2022 г.
  2. ^ Агульная інфармацыя // УП «Мазырскія малочныя прадукты», 2022 г. Праверана 10 студзеня 2022 г.
  3. ^ Адрасы фірмовага гандлю // УП «Мазырскія малочныя прадукты», 19 траўня 2021 г. Праверана 10 студзеня 2022 г.
  4. ^ Малако // УП «Мазырскія малочныя прадукты», 2022 г. Праверана 10 студзеня 2022 г.
  5. ^ Бiяпрадукт лячэбна-прафіляктычны кісламалочны «Бiфiтат» масавай доляй тлушчу 2,5% // УП «Мазырскія малочныя прадукты», 2022 г. Праверана 10 студзеня 2022 г.
  6. ^ Кефір // УП «Мазырскія малочныя прадукты», 2022 г. Праверана 10 студзеня 2022 г.
  7. ^ Біяпражанка // УП «Мазырскія малочныя прадукты», 2022 г. Праверана 10 студзеня 2022 г.
  8. ^ Смятана // УП «Мазырскія малочныя прадукты», 2022 г. Праверана 10 студзеня 2022 г.
  9. ^ Тварожныя вырабы // УП «Мазырскія малочныя прадукты», 2022 г. Праверана 10 студзеня 2022 г.
  10. ^ Масла // УП «Мазырскія малочныя прадукты», 2022 г. Праверана 10 студзеня 2022 г.
  11. ^ Ёгурт «Вясёлка смаку» // УП «Мазырскія малочныя прадукты», 2022 г. Праверана 10 студзеня 2022 г.
  12. ^ Пудынг «Ласунак» // УП «Мазырскія малочныя прадукты», 2022 г. Праверана 10 студзеня 2022 г.
  13. ^ Сухое абястлушчанае малако // УП «Мазырскія малочныя прадукты», 2022 г. Праверана 10 студзеня 2022 г.
  14. ^ Напоі на аснове малочнай сыроваткі // УП «Мазырскія малочныя прадукты», 2022 г. Праверана 10 студзеня 2022 г.
  15. ^ а б в Гісторыя // УП «Мазырскія малочныя прадукты», 2022 г. Праверана 10 студзеня 2022 г.
  16. ^ Пачні дзень з кефіру // Зьвязда : газэта. — 6 лютага 2014. — № 22 (27632). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  17. ^ Малочныя прысмакі з Мазыра // Зьвязда. — 24 лютага 2018. — № 39 (28655). — С. 15.
  18. ^ «Мазырскія малочныя прадукты» аднавіла пастаўкі ў Кітай // Радыё «Беларусь», 17 верасьня 2022 г. Праверана 10 студзеня 2022 г.
  19. ^ Яшчэ адзін малочны завод дадае беларускую мову на ўпакоўку // Газэта «Новы час», 6 студзеня 2021 г. Праверана 10 студзеня 2022 г.
  20. ^ Спрыяць разьвіцьцю рэгіёна // Мясцовае самакіраваньне. — 10 верасьня 2021. — № 35 (620). — С. 18.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць