Пражанка

кваснамалочны прадукт

Пра́жанка — кваснамалочны напой, які атрымліваецца з каровінага пражанага малака малочнакіслым браджэньнем. Традыцыйны прадукт малочнай кухні Беларусі, Расеі і Ўкраіны.

Пражанка

Характарыстыка рэдагаваць

Даўней пражанку выраблялі, запарваючы малако ў печы (пражачы) да залацістага колеру, ахаладжалі да пакаёвай тэмпэратуры, запраўлялі лыжкаю-двума сьмятаны ці вяршкоў, накрывалі і ставілі ў цёплае месца адстойвацца. Праз 12 гадзінаў пражанка была гатовая, тады яе зноў ахаладжалі і ўжывалі. У харчовай прамысловасьці заквашваньне адбываецца тэрмафільнымі малочнакіслымі стрэптакокамі і чыстымі культурамі баўгарскай палачкі, сквашваецца цягам 3—6 гадзінаў.

Мае жаўтавата-бураватае адценьне і традыцыйны кваснамалочны смак. Фактычна ёсьць адной з адменаў ёгурту без смакавых дадаткаў. Падобнымі да пражанкі прадуктамі ёсьць варанец і цюрскі катык.

Варта адзначыць, што хоць склад пражанкі практычна ідэнтычны набору рэчываў, якія зьмяшчаюцца ў пражаным малацэ, адметнай уласьцівасьцю пражанкі зьяўляецца тое, што яна засвойваецца значна лепш.

У склад пражанкі ўваходзяць вітаміны групы А, В, С і РР. Акрамя таго, прысутнічае ў ёй і немалая колькасьць найістотнейшых для здароўя чалавека мінэральных рэчываў — макра- і мікраэлемэнтаў (жалеза, кальц, серка, магн, фосфар, каль і сод).

Уласьцівасьці рэдагаваць

Даказана, што нароўні з выдатнымі гастранамічнымі якасьцямі карысьць пражанкі для чалавека заключаная ў вялікім утрыманьні кальцу. У 1 шклянцы гэтага кваснамалочнага прадукту зьмяшчаецца 1/4 неабходнай содневай нормы гэтага рэчыва і 20% дзённай нормы фосфару.

Акрамя таго, бялок, які зьмяшчаецца ў гэтым напоі, здольны засвойвацца значна лягчэй і хутчэй, чым у тым жа малацэ. Таму пры рэгулярным спажываньні карысьць пражанкі выражаецца ў паляпшэньні апэтыту, працы нырак і страўнікава-кішачнага тракту.

Супрацьпаказаньнем да ўжываньня напою ёсьць наяўнасьць у чалавека язвавых захворваньняў і гастрытаў з падвышанай кваснасьцю.

Літаратура рэдагаваць

  • Українська народна кулінарія — Іст.-етногр. дослідження / Артюх Л. Ф. — Київ: 1977.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць