Ліцьвякі
Ліцьвякі (літвякі, літвакі) — у XIX стагодзьдзі рэгіянальная назва жыхароў гістарычных Ковеншчыны і Вількаміршчыны, якія ўжывалі ў гутарцы дзьве мовы — беларускую і летувіскую, альбо іх сумесь. Таксама гэтае насельніцтва азначалася як «новыя літоўцы».
«Ліцьвякамі» або «літвакамі» (поруч зь ліцьвінамі) украінцы традыцыйна называлі беларусаў[1][2][3], а ў 1985 годзе зазначалася, што назва «літвакі-калыбанюкі» ўжываецца ў якасьці мясцовага этнікону на беларуска-ўкраінскім Палесьсі (паміж Століным і Кастопалем)[4]. Апроч таго, яшчэ ў пачатку XX ст. бытаваньне саманазвы «літвакі» засьведчылі сярод беларускага насельніцтва Рэчыцкага павету[5].
Гісторыя
рэдагавацьУ 1869 годзе Ігнат Казлоўскі зьвяртаў увагу на тое, што папулярызацыя летувіскай мовы і культуры ў Вялікім Княства Літоўскім пачалася па Люблінскай уніі (1569 год), а асноўную ролю ў ёй адыгралі нямецкія ўлады Прусіі[a] і ордэн езуітаў (а менавіта «польская партыя» ў ім). Галоўны матыў апошніх гэты дасьледнік бачыў у жаданьні палякаў зьнішчыць моўна-культурныя повязі паміж ліцьвінамі і русінамі дзеля іх палянізацыі і асыміляцыі[9]. Паводле Ігната Казлоўскага, па падзелах Рэчы Паспалітай летувізацыя адбылася праз парафіяльныя школы, дзе расейскія ўлады дазволілі выкладаньне па-летувіску, а таксама касьцёл (найперш на тэрыторыі Жамойцкай дыяцэзіі, дзе перавага аддавалася ксяндзам з этнічнай Жамойці)[10]. Ён жа зьвяртае ўвагу на сьведчаньне Людвіка Кандратовіча (Уладзіслава Сыракомлі)[11], што пры мяшаным шлюбе (жонка — летувіска, муж — беларус) дзеці выхоўваліся па-летувіску[b] альбо ўся радзіна магла палянізавацца, бо польская мова выконвала ролю пасярэдніка[15]. Прытым летувізацыі спрыялі тагачасныя польскамоўныя аўтары (былы езуіт Францішак Ксавэры Богуш у сваёй кнізе «Аб пачатку народу і мовы літоўскай»[c], Іяхім Лялевель ды іншыя), якія прыўзносілі балтыйскасьць з паганствам (летувіскасьць) і зьмяншалі ўплывы Русі ў гісторыі Літвы, а таксама вялі прапаганду сярод беларускамоўных сялянаў, нібы іхныя продкі былі летувісамі паводле паходжаньня[21].
Як сьведчыў Ігнат Казлоўскі, за яго часам жыхароў гістарычных Ковеншчыны і Вількаміршчыны, якія ўжывалі ў гутарцы дзьве мовы — беларускую і летувіскую, альбо іх сумесь, у якой дамінавала беларуская мова — палякі называлі «новымі літоўцамі», тым часам уласна жамойты называлі гэтых летувісаў «гудамі» і не лічылі іх часткай летувіскага народу[d]. Сваім парадкам, беларусы і каталіцкія сьвятары гэтых «новых літоўцаў» называлі «ліцьвякамі»[e]. Сярод іншага, Ігнат Казлоўскі зьвяртае ўвагу на выснову гісторыка Іяхіма Лялевеля, што жамойцкія назвы вёсак Гуды, Гудышкі, Гудырві, Гудыўны, Гудлоўскія, Гідзелі, Гудсоды, Гудкальні, Гудвіцы, Гудакі, Гуткаў і да т. п. азначаюць тое ж самае, што словы «русін», «славянін»[23]. На думку Ігната Казлоўскага, гэтыя вёскі атрымалі такія назвы, бо іх жыхары пакінулі ўжываць беларускую мову пазьней за жыхароў іншых вёсак у Ковенскай губэрні[22].
У слоўніку Насовіча (1870 год) да беларускага слова «литвинъ» даецца расейскі адпаведнік «литовецъ» і прыклад ужываньня «литвинъ як линъ»[f], сьледам прыводзіцца слова «литвякъ», якому даецца расейскае тлумачэньне «тоже, что литвинъ» і прыклад ужываньня «литвяки по нашему не говоруць»[25], а ў іншым месцы слоўніка — у якасьці прыкладу да слова «боцвинне» — прыводзіцца радок зь беларускай народнай песьні «Кузьма и Дземьянъ два лицвины, принешли горшочекъ боцвиння»[26][g].
Слова «ліцьвяк» з значэньнем 'летувіс' у 1927 годзе зьмясьціў у сваім «Віцебскім краёвым слоўніку» Мікалай Касьпяровіч[h]. Выдадзены ў 1980 годзе другі том «Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» засьведчыў тагачаснае бытаваньне ў Віленскім раёне формы «лецьвяк» (побач зь «літвяк»)[i], а таксама ў Гарадзенскім раёне формы «ліцьвяк» з такім жа значэньнем[j]. Слова «ліцьвяк» у значэньне 'летувіс' падае выдадзены ў 2014 годзе «Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна»: «Ліцьвяку ўсё па баку. Нешта ў нас ліцьвякоў не любілі».
Глядзіце таксама
рэдагавацьЗаўвагі
рэдагаваць- ^ Як зазначае беларускі гісторык Іван Саракавік (у чым пагаджаецца з дасьледнікам Іванам Ласковым[6]), «Жамойць сталі называць Літвой немцы ва Ўсходняй Прусіі, якія выдавалі на жамойцкай мове значную колькасьць пратэстанцкай літаратуры. Нямецкая ж навуковая літаратура карысталася вялікім аўтарытэтам у Расеі. Так і ў расейскай навуцы пачалі сьцьвярджаць, што жамойты — гэта тое ж, што і літва»[7][8]
- ^ Этнограф і мовазнаўца Яўхім Карскі засьведчыў, што сярод заселенай латышамі Курляндыі, «большасьць беларускіх населеных месцаў заканчваюцца на -ішкі»[12], пазьней падобныя тапонімы на -ішкі азначылі як «гістарычна балтыйскія» і нават «тыпова летувіскія»[13]. Тым часам менскі дасьледнік Алёхна Дайліда зазначае, што «ва ўсходнегерманскіх мовах быў пашыраны суфікс -isk-: такім чынам, так менаваная «лінія Сафарэвіча» (мяжа перавагі паселішчаў з назовамі на -ішкі ў Панямоньні) не абавязкова зьнітавана з балтамі»[14]
- ^ У гэтай кнізе Богуш атаясаміў ліцьвінаў з прускімі летувісамі (з спасылкамі на выдадзеныя ў Малой Летуве кнігі)[16], а таксама заявіў, што «літоўская мова адрозьніваецца ад славянскай»[17] і двойчы паўтарыў, што «жамойцкая мова дакладна такая ж самая, як літоўская, часам адрозьніваецца вымаўленьнем, але гэтая розьніца меншая, чым паміж вялікапалякам і мазурам»[18], а далей фактычна засьведчыў уласнае даволі кепскае веданьне летувіскай мовы (на што зьвярнулі ўвагу яшчэ ў 1875 годзе[19]), заявіўшы, што «Жамойць называе сябе źiemaiten… <…> ліцьвіны… назвалі гэты край źiemaitis»[20]. Апроч таго, Богуш заклікаў зрабіць летувіскую мову мовай высокай культуры, што неўзабаве знайшло падтрымку ў студэнта Віленскага ўнівэрсытэту, народжанага на Жамойці селяніна Сыманаса Даўкантаса, які ў 1822 годзе выдаў кнігу «Дзеяньні старажытных летувісаў і жамойтаў» («Darbai senųjų lietuvių ir žemaičių»), а па публікацыі ў 1830 годзе ліста вялікага князя Вітаўта ад 1420 году, што вярнула зь нябыту назву Аўкштота і дазволіла атаясаміць жамойтаў зь ліцьвінамі, новая праца Даўкантаса (1845 год) атрымала назву «Звычаі старажытных летувісаў — горнікаў і жамойтаў» («Budą senowęs lёtuwiū, kalnienū ir žȧmajtiū», сучаснае летувіскае «Būdas senovės lietuvių, kalnėnų ir žemaičių»), дзе наватворам «kalnienū» пазначаліся вылучаныя пазьней з усходніх жамойтаў аўкштайты — «уласныя літоўцы»
- ^ рас. «Все эти новые литовцы, как их поляки называют, говорят двумя языками: русским и литовским, в коем несравненно больше русских слов, чем литовских. Замечательно, что жители собственно Жмуди… называют этих новых литовцев гудами, т.е. русскими, и не считают их принадлежащими к литовскому племени»
- ^ рас. «Белорусы и ксендзы этих литовцев, т. е. гудов, называют литвяками»[22]
- ^ Выдадзены ў 2011 годзе Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі «Слоўнік беларускіх народных параўнанняў» дае наступнае тлумачэньне выразу «ліцьвін як лін»: «Пра характар колішняга беларуса — дужага, моцнага, выкрутлівага, якога голай рукой ня возьмеш»[24]
- ^ Як зазначаюць сучасныя дасьледнікі, сьвятых Кузьму і Дзям’яна беларусы здаўна лічылі сваімі апекунамі і дарадцамі: у беларускім фальклёры адлюстроўваецца вера ў тое, што Кузьма і Дзям’ян дапамагалі сялянам у іх галоўных клопатах — сенакосе, падрыхтоўцы да жніва, малацьбе. Сярод іншага, менавіта Кузьма і Дзям'ян дапамагаюць ліцьвіну паводле сюжэту ўкраінскай інтэрмэдыі XVIII стагодзьдьзя[27]
- ^ Да гэтага слова ў слоўніку даецца наступны прыклад зь вёскі Пожынкаў Сеньненскага раёну: «ліцьвякі даўно жывуць у нас»
- ^ Адпаведныя прыклады з слоўніка: «Яе муш літвяк. Пры лецьвякох жыём; была пры лецьвякох» (Старыя Трокі)
- ^ Адпаведны прыклад з слоўніка: «І ліцьвяке адзін другога не панімаюць» (Парэчча)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назина И. Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: самозвычащие, ударные, духовые. Т. 1. — Мн.: Наука и техника, 1979. С. 116.
- ^ Левченко М. Опыт русско-украинского словаря. — Киев, 1874. С. 187.
- ^ Михальчук К. П. Открытое письмо к А. Н. Пыпину, по поводу его статей в "Вестн. Евр." о споре между южанами и северянам. — Киев, 1909. С. 43.
- ^ Чаквін І. Гістарычная этнаніміка Палесся // Весці Акадэміі навук Беларускай ССР. Серыя грамадскіх навук. № 4, 1985. С. 79—80.
- ^ Беларусь у палітыцы суседніх і заходніх дзяржаў: 1914—1991 гг. : зборнік дакументаў і матэрыялаў : у 4 тамах. Т. 1, ч. 1. — Менск, 2008. С. 278.
- ^ Ласкоў І. Дагістарычныя блуканні: Літва і Жамойць // Літаратура і мастацтва, № 19, 1993. С. 15.
- ^ Саракавік І. Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі. — Менск: Современная школа, 2006. С. 116.
- ^ Саракавік І. Беларусазнаўства. — Менск: Веды, 1998. С. 41.
- ^ Козловский И. Судьбы русского языка в Литве и на Жмуди // Вестн. Зап. России. Т. 4, кн. 12, 1869. С. 87—89, 92—93.
- ^ Козловский И. Судьбы русского языка в Литве и на Жмуди // Вестн. Зап. России. Т. 4, кн. 12, 1869. С. 104—106.
- ^ Syrokomla W. Wycieczki po Litwie w promieniach od Wilna. T. 2, (Do Oszmiany — do Kiernowa — do Kowna). — Wilno, 1860. S. 96.
- ^ Карский Е. Ф. Белорусы. Т. 1. — Минск, 2006. С. 559.
- ^ Зайкоўскі Э. Балты цэнтральнай і ўсходняй Беларусі ў сярэднявеччы // Спадчына. № 1, 1999. С. 61—72.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 31.
- ^ Козловский И. Судьбы русского языка в Литве и на Жмуди // Вестн. Зап. России. Т. 4, кн. 12, 1869. С. 107.
- ^ Bohusz X. M. O początkach narodu i języka litewskiego. — Warszawa, 1808. S. 4, 12, 64, 94, 146.
- ^ Bohusz X. M. O początkach narodu i języka litewskiego. — Warszawa, 1808. S. 96.
- ^ Bohusz X. M. O początkach narodu i języka litewskiego. — Warszawa, 1808. S. 58—59, 106.
- ^ Karłowicz J. O języku litewskim // Rozprawy i sprawozdania z posiedzeń wydziału filologicznego Akademii Umiejętności. T. II. — Kraków, 1875. S. 144—145.
- ^ Bohusz X. M. O początkach narodu i języka litewskiego. — Warszawa, 1808. S. 59—60.
- ^ Козловский И. Судьбы русского языка в Литве и на Жмуди // Вестн. Зап. России. Т. 4, кн. 12, 1869. С. 107—108.
- ^ а б Козловский И. Судьбы русского языка в Литве и на Жмуди // Вестн. Зап. России. Т. 4, кн. 12, 1869. С. 105.
- ^ Lelewel J. Polska: Narody na ziemiach slawianskich przed powstaniem polski. T. 5. — Poznań, 1853. S. 289—290.
- ^ Слоўнік беларускіх народных параўнанняў. — Менск: Беларуская навука, 2011. С. 241.
- ^ Носович И. Словарь белорусского наречия. — СПб., 1870. С. 269.
- ^ Носович И. Словарь белорусского наречия. — СПб., 1870. С. 31.
- ^ Кабржыцкая Т., Рагойша У. Феномен часу: драматургія Кіева-Магілянцаў як выява ўкраінска-беларускай культурнай супольнасці // Беларусь і беларусы ў прасторы і часе: зборнік да 75-годдзя прафесара Адама Мальдзіса / Грамадскае аб’яднанне «Міжнародная асацыяцыя беларусістаў», Польскі інстытут у Мінску. — Менск, 2007. С. 140―151