Кузьма Кісялёў

дзяржаўны дзяяч і дыплямат Беларускай ССР

Кузьма́ Венядзі́ктавіч Кісялё́ў (1 лістапада [ст. ст. 20 кастрычніка] 1903, в. Лабковічы, цяпер Крычаўскі раён, Магілёўская вобласьць, Беларусь — 1977, Менск, цяпер Беларусь) — дзяржаўны дзяяч і дыплямат Беларускай ССР.

Кузьма Кісялёў
1-ы міністар замежных справаў Беларускай ССР
30 сакавіка 1944 — 14 траўня 1966
Прэм’ер-міністар Панцеляймон Панамарэнка, Аляксей Кляшчоў, Кірыла Мазураў, Мікалай Аўхімовіч, Ціхан Кісялёў
Папярэднік Аляксандар Чарвякоў
Наступнік Анатоль Гурыновіч
Першы намесьнік старшыні СНК БССР
сьнежань 1943 — сакавік 1958
Прэм’ер-міністар Іван Былінскі
1-ы старшыня Ўльянаўскага аблвыканкаму
19 студзеня 1943 — сьнежань 1943
Прэм’ер-міністар Іван Хахлоў, Аляксей Касыгін
Наступнік Яўген Яўсееў
6-ы старшыня Савету народных камісараў БССР
28 ліпеня 1938 — 28 чэрвеня 1940
Папярэднік Апанас Кавалёў
Наступнік Іван Былінскі
10-ы народны камісар аховы здароўя БССР
чэрвень 1937 — 28 ліпеня 1938
Прэм’ер-міністар Апанас Кавалёў
Папярэднік Павал Бурачэўскі
Наступнік Іван Новікаў
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся1 лістапада 1903
в. Лабковічы, Чэрыкаўскі павет, Магілёўская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя
Памёр4 траўня 1977
Менск, Беларуская ССР, СССР
ПартыяКамуністычная партыя Беларусі
АдукацыяВаронескі ўнівэрсытэт (1928), Камуністычны ўнівэрсытэт імя Сьвярдлова (1933), Усесаюзны інстытут экспэрымэнтальнай мэдыцыны (1936, асьпірантура)
Дзеці сын Васіль Кісялёў, дачка Алена Круглік[1]
Бацька Венядзікт Кісялёў
Узнагароды
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн «Знак Пашаны»
Ордэн «Знак Пашаны»

Кандыдат мэдычных навук (1936), надзвычайны і паўнамоцны амбасадар (1944). Дзясяты народных камісар аховы здароўя Беларускай ССР (1937—1938), 6-ы старшыня Савету народных камісараў БССР (1938—1940), 1-ы міністар замежных справаў БССР (1944—1966)[2].

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў хрысьціянскай сям’і вясковага пастуха Венядзікта Кісялёва і хатняй гаспадыні. Меў 10 братоў. У дзяцінстве скончыў царкоўна-прыходзкую школу. У юнацтве пасьля хваробаў у жывых засталося 5 братоў і сясьцёр[3]. У 1918 годзе паступіў у Крычаўскую вучэльню на настаўніка[4]. У 1919—1922 гадах зь 15 гадоў быў сакратаром Маляціцкага валаснога камітэту камсамолу (Чэрыкаўскі павет, Гомельская губэрня). У 1922 годзе запісаўся ў Чырвоную армію. У верасьні 1922 году паступіў у Смаленскі ўнівэрсытэт паводле накіраваньня камітэту камсамолу Мсьціслаўскага павету, дзе абраўся сакратаром камсамольскай суполкі мэдычнага факультэту. У студзені 1923 году разам з аднакурсьнікамі перавёўся на мэдычны факультэт(ru) Варонескага ўнівэрсытэту(ru) (Расейская СФСР), які скончыў у 1928 годзе па спэцыяльнасьці лекар-нэўрапатоляг. У 1928—1930 гадах працаваў ардынатарам клінікі нэрвовых хваробаў пры мэдычным факультэце Варонескага ўнівэрсытэту. У верасьні 1930 году паступіў у Інстытут філязофіі і прыродазнаўства Камуністычнага ўнівэрсытэту імя Сьвярдлова ў Маскве, які скончыў у 1933 годзе. У 1932—1937 гадах працаваў навуковым супрацоўнікам Усесаюзнага інстытуту экспэрымэнтальнай мэдыцыны спачатку ў Ленінградзе, а з 1934 году — у Маскве. Тамсама ў Маскве ў 1936 годзе скончыў асьпірантуру і абараніў кандыдацкую дысэртацыю на навуковую ступеню кандыдата мэдычных навук па тэме «Аб зьмяненьні нэрвовых вузаў цыліярнага і гасерава вузлоў пры артэрыясклерозе мозга». У чэрвені 1937 году сакратар Цэнтральнага камітэту Ўсесаюзнай камуністычнай партыі Андрэй Андрэеў, які быў родам са Смаленскай губэрні, выклікаў яго да сябе і прапанаваў накіраваць у Беларусь у якасьці наркаму аховы здароўя[4].

Ад чэрвеня 1937-га па ліпень 1938 году займаў пасаду 10-га народнага камісара аховы здароўя Беларускай ССР. Зь ліпеня 1938-га па чэрвень 1940 году быў 6-м старшынём Савету народных камісараў БССР. Адначасна ў ліпені 1938 году абраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР 1-га скліканьня. Заставаўся дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР па 6-е скліканьне да 1967 году. Таксама ў 1938—1966 гадах быў сябрам Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Беларусі. 24 сакавіка 1940 году абраўся дэпутатам Савету Саюзу Вярхоўнага Савету СССР 1-га скліканьня ад Вялейскай вобласьці БССР. Заставаўся дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР па 4-е скліканьне да 16 сакавіка 1958 году. Ад чэрвеня 1940-га па студзень 1943 году працаваў намесьнікам кіраўніка Ўсесаюзнага інстытуту экспэрымэнтальнай мэдыцыны і кіраўніком Дзяржаўнага мэдычнага выдавецтва[2]. Таксама падчас Нямецка-савецкай вайны атрымаў паўнамоцтвы вызваляць з канцэнтрацыйных лягераў інжынэраў для пашырэньня вытворчасьці рэактыўных гарматаў «Кацюша». У выніку вызваліў звыш 400 чалавек і атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга СССР у савецкім тыле[3]. Са студзеня па сьнежань 1943 году быў 1-м старшынём Ульянаўскага аблвыканкаму (РСФСР). Са сьнежня 1943-га па сакавік 1958 году — першы намесьнік старшыні СНК БССР (ад 15 сакавіка 1946 году — Савету міністраў БССР). Ад сакавіка 1944-га па травень 1966 году быў 2-м народным камісарам (ад сакавіка 1946-га — 1-м міністрам) замежных справаў БССР. Меў ранг надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара.[2]. У красавіку 1945 году ўзначаліў дэлегацыю БССР на Сан-Францыскай канфэрэнцыі (штат Каліфорнія, ЗША), дзе 26 чэрвеня 1945 году падпісаў Статут ААН[5]. Таксама падчас канфэрэнцыі на яго патрабаваньне замянілі таблічку за памылковай назвай дзяржавы «Белая Расея» на «Беларуская ССР». З гэтай нагоды сабраў прэс-канфэрэнцыю, што пашырыла слушны ўжытак назвы Беларусь у друку ЗША. У 1946—1965 гадах узначальваў дэлегацыю БССР на паседжаньнях Генэральнай асамблеі ААН. Увёў звычай браць у склад дэлегацыі пісьменьнікаў, сярод якіх былі Пятрусь Броўка, Міхась Лынькоў, Кандрат Крапіва, Якуб Колас і Іван Шамякін. У 1946 годзе на яго прапанову ў ААН зацьвердзілі Пастанову аб непрымяненьні тэрміну даўнасьці да нацысцкіх злачынцаў Другой сусьветнай вайны. Таксама ў 1946 годзе падпісаў ад БССР дакумэнт аб стварэньні дзяржавы Ізраіль. 10 лютага 1947 году на чале дэлегацыі БССР падпісаў Парыскія мірныя дамовы з Баўгарыяй, Вугоршчынай, Італіяй, Румыніяй і Фінляндыяй па выніках Парыскай мірнай канфэрэнцыі 1946 году[2]. Паводле сьведчаньня памочніка капітана карабля Яўгена Куніцына, які дастаўляў дэлегацыю СССР у Нью-Ёрк для ўдзелу ў працы Генасамблеі ААН, размаўляў зь 1-м прадстаўніком СССР у ААН Андрэем Грамыкам на беларускай мове[3].

21 сьнежня 1949 году атрымаў адзін зь 70 тканых партрэтаў старшыні Савету міністраў СССР Ёсіфа Сталіна з подпісам 70-гадовага юбіляра. Гэты партрэт быў адным з двух у Беларускай ССР. Другі партрэт дастаўся старшыні СНК БССР Панцеляймону Панамарэнку. У 1951 годзе ўсіх дыпляматаў МЗС БССР арыштавалі ўначы. Тады Кузьма Кісялёў зьехаў у Маскву, дзе на асабістай сустрэчы са Сталіным у Крамлі пісьмова паручыўся за кожнага арыштаванага дыплямата. Наступным ранкам усе дыпляматы былі на працы ў МЗС. У верасьні 1952 году Цэнтральны камітэт Кампартыі Савецкага Саюзу прапанаваў яму пасаду сакратара па кадрах. Аднак Кісялёў адмовіўся, бо пасада прадугледжвала ўдзел у рэпрэсіях ў рамках «барацьбы з касмапалітызмам» і «справы лекараў». У выніку падчас працы савецкім чыноўнікам не падпісаў ніводнага сьпісу для арышту і расстрэлу. У кастрычніку 1952 году ХІХ зьезд КПСС зацьвердзіў на гэтай пасадзе Леаніда Брэжнева, які стаў сябрам Палітбюро. У 1955 годзе прапанаваў ураду БССР стварыць анкалягічную лякарню, бо сьмяротнасьць ад раку перавысіла некалькі тысячаў. У вёсцы Бараўляны на поўначы Менскага раёну ўзьвялі 1-ы паверх лякарні і перанесьлі далейшае будаўніцтва на наступную пяцігодку. Тады на пачатку 1958 году Кузьма Кісялёў самавольна ўставіў у сваю прамову ў ААН 2 абзацы, у якіх згадаў будаўніцтва анкалягічнай лякарні ў Беларусі, на якое запрасіў кіраўніцтва ААН. У выніку ўрад СССР вылучыў сродкі на датэрміновую аднову будоўлі лякарні, бо на яе прыляцеў паглядзець генэральны сакратар ААН Даг Гамаршэльд. Аднак у сакавіку 1958 году Цэнтральны камітэт Кампартыі СССР адмовіўся вылучыць Кісялёва на выбары ў Вярхоўны Савет СССР 5-га скліканьня за самавольную заяву ў ААН. За гэта ж яго зьнялі зьнялі з пасады першага намесьніка старшыні Савету міністраў Беларускай ССР. Пасьля зьняцьця з пасады ён заявіў дома дзецям: «пасты прыходзяць і сыходзяць, а лякарні застаюцца». Разам з тым, у чэрвені 1960 году анкалягічную лякарню пад Менскам дабудавалі. У 1960 годзе ў Камітэце ААН па дэкалянізацыі Афрыкі падтрымаў мірнае здабыцьцё незалежнасьці 17-ю краінамі мацерыка, за што кожны год стаў атрымліваць 17 тэлеграмаў у дзень іх незалежнасьці. У 1965 годзе атрымаў мэдаль «Вогнішча веры» з рук рымскага папы Паўла VI за дазвол на адкрыцьцё касьцёлаў у Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцях Беларускай ССР у 1956—1958 гадах, калі займаў пасаду 1-га намесьніка старшыні Савету міністраў БССР[3]. У 1966—1977 гадах працаваў дарадцам у Савеце міністраў БССР[4]. У 1974 годзе выдаў па-расейску «Запіскі савецкага дыплямата». Пасьля сьмерці Сталіна даў яму наступнае апісаньне: «Каўкаскі бандыт — хітры, каварны, жорсткі, але пры гэтым дальнабачны палітык і вельмі верны камуніст». Пры яго пахаваньні ў 1977 годзе на Ўсходніх могілках Менску перакрывалі праспэкт Леніна ад плошчы Якуба Коласа да парку Чалюскінцаў для праезду жалобнага картэжу[3].

У Менску зь сям’ёй жыў у кватэры на Камароўцы.

Ушанаваньне

рэдагаваць

У роднай вёсцы Лабковічы Крычаўскага раёну (Магілёўская вобласьць) яго імя носіць сярэдняя школа[4].

  1. ^ Аб урачыстым мерапрыемстве ў МЗС Беларусі з нагоды 115-годзьдзя першага міністра замежных справаў БССР К.Кісялёва // Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь, 13 лістапада 2018 г. Праверана 10 траўня 2020 г.
  2. ^ а б в г Кісялёў Кузьма // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 8. — С. 295. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0144-3
  3. ^ а б в г д е Ніна Шчарбачэвіч. Кузьма Кісялёў. Прыроджаны дыплямат // Ігуменскі тракт. — 19 лістапада 2013. — № 38 (53).
  4. ^ а б в г Кісялёў Кузьма Венядзіктавіч (Палітычныя дзеячы Беларусі) (рас.) // Прэзыдэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 25 траўня 2020 г.
  5. ^ Права міжнародных дамоваў // Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь, 2020 г. Праверана 10 траўня 2020 г.