Мастацкі твор — апісальны або інфарматыўны твор мастацтва, які апісвае, часткова ці цалкам, аб’екты або падзеі, якія не зьяўляюцца рэальнымі і ўяўнымі, а вынайдзенымі і прыдуманымі аўтарам[1][2][3]. Да мастацкіх твораў адносяцца творы літаратуры, тэатра і кіно. Мастацкія творы адрозьніваюцца ад дакумэнтальных фільмаў ці кнігаў, як то біяграфічных або гістарычных, якія маюць справу з рэальнымі або, па меншай меры, прынятымі за рэальнасьць, падзеямі, апісаньнямі і назіраньнямі.

Ілюстрацыя з раману «Алесіны прыгоды ў дзівоснай краіне» Льюіса Кэрала паказвае прыдуманы пэрсанаж, які гуляе ў фантастычную гульню ў кракет.

Прыдуманае

рэдагаваць

Найважнейшай характарыстыкай мастацкай літаратуры зьяўляецца тое, што апісваюцца прыдуманыя падзеі з прыдуманымі людзьмі ці адное з двух. Такія падзеі ў рэальным сьвеце маглі не адбывацца, такіх людзей магло не існаваць, апісаныя месцы можна не адшукаць на мапе. Выдумка мастацкага твору заўсёды дапаўняецца выдумкай чалавека, які ўспрымае мастацкі твор. Напрыклад, ўспрыманьне карціны Роя Ліхтэнштайна «Oh, Jeff...I Love You, Too...But...» немагчыма без стварэньня гледачом вобраза Джэфа, якога на самай карціне бракуе.

У тэорыі фантастычнасьць і рэалізм зьяўляюцца тэрмінамі, якія паказваюць на долю выдуманага і фактычнага ў прыдуманым апавяданьні. Аповяд лічыцца фантастычным, калі мае вельмі высокую долю прыдуманых элемэнтаў. Творы ў стылі фэнтэзі ці фантастыкі зьяўляюцца мастакім творамі з высокім адсоткам прыдуманага, у той час як аповяд лічыцца рэалістычным, калі падабенства выдуманага сьвету да рэальнага вельмі высокі, а частка выдуманага ў ім нязначны. Рэалізм не абавязкова зьвязаны з эпохай рэалізму або рэалістычным стылем. Блытаніна адпаведных сэнсавых значэньняў часьцяком вядзе да блытаніны адносна сэнсу «рэалістычнасьці» і «фантазіі».

Такія літаратурныя пэрсанажы як то Дон Кіхот з раману «Хітрамудры ідальга Дон Кіхот Ляманчаскі» Мігеля Сэрвантэса зьяўляюцца цалкам выдуманымі. Няма надзейных крыніцаў, якія бы сьведчылі пра ягонае існаваньне. Іншая справа з такімі пэрсанажамі як з Напалеонам у рамане Віктора Юго «Адрынутыя». Напалеон з раману адпавядае сваёй біяграфіі, мае адпаведны зьнешні выгляд і ўчынкі, якія зьдзяйсьняў сапраўдны Напалеон, гісторыя жыцьця якога досыць задакумэнтаваная. Магчыма, што фактычныя пэрсанажы мастацкіх твораў ажыцьцяўляюць выдуманыя ўчынкі. Паколькі тоеснасьць рэальнага і фіктыўнага чалавека можа быць выведзена толькі з пэўнага біяграфічнага матэрыялу, такая сытуацыя ёсьць даволі складанай справай, аднак яна не зьяўляецца рэдкасьцю. Напрыклад, у «Сымфоніі Напалеона» Энтані Бэрджэса сустракаецца эпізод размовы за сталом сям’і Банапартаў. Гэтая гутарка ёсьць выдумкай, але яна ўсё ж служыць для ілюстрацыі і крытыкі гістарычнага Напалеона і ягоных учынкаў.

У мастацкіх творах сустракаюцца як выдуманыя, так і нявыдуманыя месцы. Гэтак горад Мідлмарч у рамане Джорджа Эліёта ёсьць прыдуманым, у той час Парыж у рамане «У пошуках страчанага часу» Марсэля Пруста адпавядае рэальнаму Парыжу. Часта выдумка пераплятаецца з рэальнасьцю, напрыклад, у фактычных месцах могуць малявацца выдуманыя вуліцы. У рамане Пруста Парыж не прыдуманы, але ж мястэчка Бальбэк ёсьць фікцыяй.

  1. ^ Sageng, Fossheim, & Larsen (eds.) (2012). «The Philosophy of Computer Games». Springer Science & Business Media. С. 186-187. ISBN 9400742487
  2. ^ William Harmon and C. «Hugh Holman A Handbook to Literature» (7th edition). New York: Prentice Hall, 1990, — С. 212.
  3. ^ «La fiction». Fabula, la recherche en littérature.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць