Тамаш Жаброўскі
Тамаш Жаброўскі (25 лістапада 1714, каля Наваградку[1][2] — 18 сакавіка 1758) — рымска-каталіцкі дзяяч, матэматык, архітэктар. Магістар філязофіі й вольных навук.
Тамаш Жаброўскі. Мастак Ігнаці Эгенфэльдэр, XVIII ст. | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 25 лістапада 1714 |
Памёр | 18 сакавіка 1758 |
Род | Жаброўскія |
Дзейнасьць | матэматык, астраном, архітэктар |
Біяграфія
рэдагавацьАзначаўся як ліцьвін-русін (лац. Lithuanus-Ruthenus) з паходжаньня[3]. Навучаўся ў Наваградзкім езуіцкім калегіюме, потым на філязофскім (1735—1738 гады) і тэалягічным (1740—1744 гады) факультэтах Віленскага ўнівэрсытэту[4].
У 1732 годзе ўступіў у Ордэн езуітаў, у 1743 годзе высьвечаны на ксяндза. У 1745—1746 гадох прафэсар рыторкі й паэтыкі ў Ілукшце (Курляндыя), у 1746 годзе прэфэкт будаваньня ў Бабруйску, у 1746—1748 гадох прафэсар філязофіі й прэфэкт бурсы ў Крожах, у 1748—1750 гадох міністар і прэфэкт будаваньня ў Вільні. У 1750—1752 гадох вывучаў матэматыку, астраномію й архітэктуру ў Празе й Вене. У часе навучаньня ў Праскім унівэрсытэце слухаў лекцыі прафэсара I. Стэплінга, заснавальніка і кіраўніка Праскай астранамічнай абсэрваторыі.
Па вяртаньні ў 1752 годзе стаў прафэсарам Віленскай акадэміі, стварыў у ёй кабінэты (факультэты) матэматыкі й экспэрымэнтальнае фізыкі. Кіраваў катэдрай, выкладаў усе навукі матэматычнага цыклу, зь ягонай ініцыятывы ўнівэрсытэцкі курс матэматыкі пашырыўся да вышэйшай, займаўся ўдасканаленьнем вадзяных млыноў і ветракоў.
З фундацыі Альжбеты з Агінскіх Пузыны збудаваў у Вільні астранамічную абсэрваторыю, для якой выпісаў з Ангельшчыны патрэбнае абсталяваньне. Будынак абсэрваторыі, як адзначалі сучасьнікі, сваім абсталяваньнем і архітэктурай не саступаў падобным збудаваньням Эўропы[4].
Зрабіў спробу вызначыць геаграфічныя каардынаты Вільні. Як архітэктар распрацаваў пляны шматлікіх касьцёлаў і палацаў. Кіраваў будаваньнем касьцёла ў Ілукшце, перабудовай касьцёла езуітаў у Бабруйску, віленскіх касьцёлаў Сьвятога Ігната й Сьвятых Янаў і будаваньнем астранамічнае абсэрваторыі ў Вільні. Аўтар праекту касьцёла бэнэдыктынак у Крожах і езуіцкага калегіюму ў Жодзішках[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 622.
- ^ Календарыюм // Czasopis. № 11, 2004.
- ^ Zubovas V. Uzupełnienia do biografii Tomasza Żebrowskiego // Biuletyn Historii Sztuki. Nr. 3, T. 40 (1978). S. 280.
- ^ а б Госцеў А. Жаброўскі Тамаш // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзятлаўскага р-на. — Мн.: Універсітэцкае, 1997.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4