Гісторыя Ваўкавыску

Ваўкавыск — даўняе магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну (частка Наваградчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся гарадзішчы Замчышча, Муравельнік і Швэдзкая гара, а таксама збудаваныя ў стылі клясыцызму касьцёл Сьвятога Вацлава і меская сядзіба, помнікі архітэктуры XIX ст.

Раньняе Сярэднявечча рэдагаваць

 
Замчышча

Гарадзішча старажытнага Ваўкавыску складаецца зь дзьвюх частак — Швэдзкай гары і Замчышча. Паводле археалягічных зьвестак, паселішча на Швэдзкай гары зьявілася ў сярэдзіне або другой палове X ст., на Замчышчы — на мяжы X—XI ст. За 0,5 км на ўсход ад Швэдзкай гары месьціцца гарадзішча Муравельнік, заселенае прыкладна адначасна з Замчышчам. Тым часам першы пісьмовы ўпамін пра Ваўкавыск зьмяшчаецца ў рукапісным патэрыку «Туровской епископи заветъ блаженного Владимира» і датуецца 1005 годам. Пастанова мясцовых уладаў ад 1994 году афіцыйна замацавала гэтую дату як афіцыйны час заснаваньня места[1].

Паселішча на Швэдзкай гары першапачаткова ня мела вала. Яго насыпалі ў канцы X ст., калі Швэдзкая гара стала дзядзінцам. У пачатку XII ст. валам умацавалі Замчышча (гарадзкі пасад) і яно ператварылася ў вакольны горад. На Замчышчы пачалося будаваньне цаглянаай царквы, якое зь нейкіх прычынаў спынілася на стадыі закладкі падмуркаў. Умацаваным паселішчам на Швэдзкай гары першапачаткова кіраваў пастаўлены князем пасаднік, пазьней там жылі сам князь і дружына. Да сярэдзіны XII ст. канчаткова склалася тапаграфія старажытнага Ваўкавыску. На захад ад дзядзінца знаходзіўся ўмацаваны вакольны горад, заселены ў асноўным рамесьнікамі, а вакол абедзьвюх пляцовак разьмяшчаліся неўмацаваныя паселішчы чорнага люду — бяднейшых рамесьнікаў і прышлых людзей. У гэты ж час спынілася жыцьцё на Муравельніку.

Пад 1252 годам Ваўкавыск упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе як памежная фартэцыя, сталіца удзельнага княства. Гэтую дату падаюць як першы пісьмовы ўпамін пра места сучасныя энцыкляпэдычныя даведнікі[2][3]. У 1258 годзе паселішча захапіў князь галіцкі Даніла Раманавіч.

Вялікае Княства Літоўскае рэдагаваць

   
Пячаткі зь мескім і павятовым гербамі

У 2-й палове ХІІІ ст. Ваўкавыск далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе знаходзіўся ў валоданьні вялікіх князёў Кейстута (2-я палова ХІV ст.), потым Вітаўта[3]. У ХІVХVІІ ст. тут, імаверна, існаваў замак. У канцы ХІV ст. Ваўкавыск стаў сталіцай павету[3]. 16 сакавіка 1410 году тэўтонскія рыцары пад камандаю маршалка Ульрыха фон Юнгінгена авалодалі местам. 15 ліпеня 1410 году Ваўкавыская харугва брала ўдзел у Грунвальдзкай бітве. У 1430 годзе вялікі князь Вітаўт заснаваў у месьце касьцёл Сьвятога Мікалая.

У 1503 годзе вялікі князь Аляксандар надаў Ваўкавыску Магдэбурскае права, з гэтага часу месьцічы карысталіся гербам: «у блакітным полі выява галавы ваўка»[4]. У 1507 годзе места ўвайшло ў склад Наваградзкага ваяводзтва. На 1513 год тут было 9 вуліцаў[3].

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай двойчы ў 1655 і 1662 гадох маскоўскія захопнікі руйнавалі Ваўкавыск. У 1736 годзе на сродкі Е. Ліноўскага тут утварылася місія езуітаў, у 1747 годзе пры ёй адкрылася школа. У 2-й палове ХVІІІ ст. у Ваўкавыску дзейнічалі кляштары піяраў і марыявітак. На 1792 год у месьце было каля 1000 будынкаў, дзейнічалі касьцёл і царква. У 1794 годзе паўстанцы Т. Касьцюшкі на некаторы час вызвалілі места з-пад расейскай акупацыі.

Пад уладай Расейскай імпэрыі рэдагаваць

 
Панарама места, 1916 г.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Ваўкавыск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе застаўся цэнтрам павету. У 1795—1861 гадох у месьце працавалі 4 суконныя мануфактуры.

У вайну 1812 году ў Ваўкавыску разьмяшчалася штаб-кватэра камандуючага 2-ім Заходнім расейскім войскам генэрала Багратыёна. З чэрвеня да 3 (15) лістапада места займала напалеонаўская армія.

У 1844 годзе ў Ваўкавыску існавалі драўляныя касьцёл і царква, прыходзкая вучэльня, 2 лякарні, аптэка. У 1845 годзе места атрымала новы расейскі герб. На 1860 год у Ваўкавыску было 492 дамы, 2 школы, касьцёл Сьвятога Вацлава, царква, 7 юдэйскіх малітоўных дамоў, сынагога, цагельня, гарбатня, 2 млыны, лякарня, 58 крамаў. У 1885 годзе празь места прайшла чыгунка Баранавічы — Беласток; адкрылася чыгуначная станцыя. На 1891 год у Ваўкавыску працавалі 19 прамысловых прадпрыемстваў. У 1907 годзе места ператварылася ў буйны чыгуначны вузел. У Першую сусьветню вайну ў 1915 годзе Ваўкавыск занялі нямецкія войскі. У 1919—1920 гадох места займалі польскія войскі і бальшавікі.

Найноўшы час рэдагаваць

 
Панарама места, 1935 г.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ваўкавыск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[5].

Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Ваўкавыск апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам павету Беластоцкага ваяводзтва. На 1939 год у месьце працавалі чыгуналіцейны завод, 2 лесапільні, 2 цагельні, іншыя дробныя прадпрыемствы.

У 1939 годзе Ваўкавыск увайшоў у БССР, дзе 15 студзеня 1940 году стаў цэнтрам раёну Беластоцкай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 14 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

20 верасьня 1944 году Ваўкавыск далучылі да Гарадзенскай вобласьці. На 1954 год у Ваўкавыску працаваў ліцейна-мэханічны завод (дырэктар — В. Ярош) і цагельны завод. 3 сакавіка 1963 году Ваўкавыск атрымаў афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. 12 красавіка 2001 году афіцыйна зацьвердзілі гістарычны герб і сьцяг места. У 2004 годзе ў Ваўкавыску праводзіўся рэспубліканскі фэст працаўнікоў вёскі «Дажынкі».

Галерэя рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ История, Волковысский райисполком. Официальный сайт
  2. ^ Шаблюк В. Ваўкавыск // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 232.
  3. ^ а б в г Грынявецкі В. Ваўкавыск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 394.
  4. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  5. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.

Літаратура рэдагаваць