Беларусь на конкурсе песьні Эўрабачаньне-2009
На конкурсе песьні «Эўрабачаньне-2009» Беларусь прадставіў сьпявак Пётар Ялфімаў зь песьняй «Eyes That Never Lie».
Конкурс песьні Эўрабачаньне-2009 | |
Краіна | Беларусь |
---|---|
Нацыянальны адбор | |
Дата адбору | Паўфінал: 15 сьнежня Фінал: 19 студзеня |
Абраны артыст | Пётар Ялфімаў |
Абраная песьня | «Eyes That Never Lie» |
Мова песьні | ангельская |
Паэт | П. Ялфімаў В. Прахожы |
Вынікі | |
Вынік у паўфінале | 13 месца, 25 ачкоў |
Іншыя ўдзелы | |
Нацыянальны адбор
рэдагавацьПрыём заявак на конкурс «ЭўраФэст» — беларускі адборачны тур «Эўрабачаньня-2009» — пачаўся 5 кастрычніка і завяршыўся 25 лістапада. На конкурс было пададзена 116 заявак ад выканаўцаў і аўтараў песень (спачатку паведамлялася пра 118 заявак). Большасьць пададзеных заявак — ад выканаўцаў (101). Сярод заявак пераважаюць песьні па-расейску і па-ангельску, ёсьць кампазыцыя на гішпанскай мове. Маецца некалькі песень на беларускай мове, адну зь іх выконвала сьпявачка Дакота.
Хадзілі нават чуткі аб тым, што прэтэндэнтам ад Беларусі можа стаць Барыс Маісееў, аднак кіраўнік праекту «ЭўраФэст» Аляксандар Ціхановіч паведаміў, што гэта немагчыма, паколькі ў сьпевака няма беларускага грамадзянства.
Ход і правілы адбору
рэдагавацьУсе выканаўцы, якія падалі заяўкі, мінулі праслухоўваньне ў сяброў журы. Песьню, выкананую салістам або гуртам, на сцэне могуць прадстаўляць ня больш за шэсьць чалавек. Максымальная працягласьць выкананьня — тры хвіліны. Вершы і музыка кампазыцыі не павінны быць камэрцыйна рэалізаваныя, апублікаваныя або публічна выкананыя да 1 кастрычніка 2008 году.
Сярод заявак ад аўтараў песень прафэсійнае журы шляхам праслухоўваньня дэма-вэрсіяў вызначыла лепшыя кампазыцыі. Калі журы не задаволіла конкурсная песьня выканаўца, яму парэкамэндавалі абраць новую з гэтага банка кампазыцыяў.
Журы
рэдагавацьУ гэтым годзе зьведаў зьмены склад журы. У яго не ўвайшлі Міхаіл Фінбэрг, які некалькі гадоў быў яго старшынём, і Ірына Дарафеева.
Паўфінал
рэдагавацьУ паўфінал конкурсу «ЭўраФэст», які адбыўся 15 сьнежня, выйшлі 15 выканаўцаў. Па выніках іх выступу журы вызначыла пяць удзельнікаў фіналу.
У паўфінал не прайшлі некалькі даволі вядомых выканаўцаў: Ганна Шаркунова, Вольга Плотнікава, Аляксандра Гайдук і гурт «Топлес».
Што тычыцца ўдзелу Gunesh у конкурсным адборы на «Эўрабачаньне» ад дзьвюх краін — Беларусі і Азэрбайджану — адначасова, то, па словах кіраўніка «ЭўраФэсту», гэта ня мае ніякага значэньня. Кожны можа ўдзельнічаць адразу ў некалькіх адборах.
Чарговасьць выступленьняў паўфіналістаў вызначылі лёсаваньнем, якое адбылося 5 сьнежня ў Белтэлерадыёкампаніі.
Нумар | Выканаўца | Песьня | Аўтары |
1 | Аляксей Крэчэт | «Joy and Freedom» | В. Рузаў А. Шэнец |
2 | Пётар Ялфімаў | «Eyes That Never Lie» | П. Ялфімаў В. Прахожы |
3 | Гурт «Кола» (Лідзія Заблоцкая) |
«Гудок» | Б. Грыдзін В. Шаўчэнка |
4 | SingeRin | «Don't Think About It» | К. Дудзіч |
5 | Дакота | «Цябе забываю» | Дакота Г. Лабадзенка |
6 | The Champions | «Shake, It Europe!» | Нілс О. Аракпосім |
7 | Alex Patlis Band (Аляксандар Патліс) |
«Кто сказал?» | А. Патліс |
8 | Litesound і Дакота | «Carry On» | У. Каракін |
9 | Дамяніка | «My Day» | С. Сухамлін А. Косьцюгаў |
10 | Дзядзька Ваня | «Our Belarussia» | І. Вабішчэвіч |
11 | Ветер в голове | «Or Or And» («І — або — і») |
А. Захарык Г. Галушка |
12 | Ганна Благава і Юры Вашчук | «Behind» | Ю. Вашчук А. Жыліна |
13 | Gunesh | «Fantastic Girl» | Gunesh М. Хаітбаева |
14 | Вікторыя Бялова | «Don't Give Up from Love» | А. Клімка В.Бялова |
15 | Venera | «Big Game» | А. Набееў |
Фінал
рэдагавацьФінал Нацыянальнага тэлевізійнага праекту «ЭўраФэст» адбыўся 19 студзеня ў Палацы спорту ў Менску. Паводле новых правілаў «ЭўраФэсту», у фінале не сябры журы, а тэлегледачы шляхам тэлефоннага галасаваньня абралі афіцыйнага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь на Міжнародным конкурсе песьні «Эўрабачаньне-2009». Ім стаў Пётар Ялфімаў, ён набраў 11 475 галасоў.
Тэлефоннае галасаваньне пачалося адразу пасьля выступу ўсіх прэтэндэнтаў на ўдзел у конкурсе «Эўрабачаньне-2009». Пасьля канкурсантаў на сцэну выйшлі госьці фіналу «ЭўраФэста», якімі, па традыцыі, сталі выканаўцы-ўдзельнікі конкурсу «Эўрабачаньня» розных гадоў з розных краін.
Па правілах конкурсу прэтэндэнты на паездку на «Эўрабачаньне» маглі абраць іншую кампазыцыю для выступу ў фінальным шоў зь песень, дасланых аўтарамі на конкурс і адабраных журы.
Нумар | Выканаўца | Песьня | Аўтары | Галасы | Месца |
1 | Gunesh | «Fantastic Girl» | Gunesh М. Хаітбаева |
7949 | 2 |
2 | Пётар Ялфімаў | «Eyes That Never Lie» | П. Ялфімаў В. Прахожы |
11 475 | 1 |
3 | Litesound і Дакота | «Carry On» | У. Каракін | 4385 | 3 |
4 | Дамяніка | «This is My Day» | С. Сухамлін А. Косьцюгаў |
1125 | 5 |
5 | Ветер в голове | «Шпацыруем» | 2804 | 4 |
Эўрабачаньне
рэдагавацьПётар Ялфімаў выступіў у першым паўфінале конкурсу 12 траўня 2009 году. У паўфінале спаборнічалі артысты з 19 краінаў. Па выніках галасаваньня тэлегледачоў, пуцёўку ў фінал атрымалі прадстаўнікі Турэччыны, Швэцыі, Ізраілю, Партугаліі, Мальты, Фінляндыі, Босьніі і Герцагавіны, Румыніі, Армэніі і Ісьляндыі. Прадстаўнік Беларусі ў фінал не патрапіў (13-е месца, 25 ачкоў). П.Ялфімаў атрымаў 6 балаў ад Македоніі (пятае месца), па 4 бала — ад Ізраілю, Фінляндыі і Армэніі (сёмае месца), 2 бала — ад Чарнагорыі (дзявятае месца), па 1 балу — ад Ісьляндыі, Швэцыі, Мальты, Баўгарыі і Чэхіі (дзясятае месца). Таксама не атрымалася патрапіць у фінал прадстаўнікам Чарнагорыі, Чэхіі, Бэльгіі, Андоры, Швайцарыі, Баўгарыі і Македоніі. У няўдачы свайго выступу Ялфімаў абвінаваціў арганізатараў, кіраўніцтва беларускай дэлегацыі, журналістаў Беларускага тэлебачаньня, і выявіў жаданьне сустрэцца з прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам.[1][2][3]
14 траўня прайшоў другі паўфінал, у якім у ліку іншых канкурсантаў выступіў выхадзец зь Беларусі 23-гадовы Аляксандар Рыбак. На конкурсе ён прадстаўляў Нарвэгію. Па выніках галасаваньня ён заваяваў права выступіць у фінале, а 17 траўня ўжо ў фінале набраў рэкордныя 387 балаў і заняў першае месца.[4] Яшчэ да конкурсу Аляксандар сказаў, што калі пераможа, то палова гэтай перамогі будзе прыналежаць Беларусі.[5]
Па выніках усяго конкурсу, П.Ялфімаў заняў 27-е месца сярод 37 паўфіналістаў і 32-е сярод усіх 42 удзельнікаў «Эўрабачаньня-2009».
Камэнтавалі конкурс на тэлеканале БТ вядучыя Аляксандар Ціхановіч і Дзяніс Кур'ян.
Галасаваньне
рэдагавацьУ паўфінале
рэдагаваць
|
|
У фінале
рэдагавацьАб’яўляла балы ад Беларусі на «Эўрабачаньні-2009» Кацярына Ліцьвінава («Міс Беларусь» 2006 году, прадстаўляла Беларусь на конкурсе «Міс Сьвету»).
Галасы тэлегледачоў Беларусі ў фінале | |
---|---|
Адзнака | Краіна |
12 | Нарвэгія |
10 | Азэрбайджан |
8 | Расея |
7 | Францыя |
6 | Украіна |
5 | Грэцыя |
4 | Эстонія |
3 | Вялікабрытанія |
2 | Ісьляндыя |
1 | Армэнія |
Пасьля конкурсу сябра беларускага журы Эўрабачаньня Сяргей Маліноўскі паставіў пад сумнеў вынікі галасаваньня. Так, напрыклад, журы паставіла 0 балаў расейскай канкурсантцы Анастасіі Прыходзька, але ў выніку Расея атрымала ад Беларусі 8 балаў.
Сяргей Маліноўскі: «Я ўвогуле вельмі сумняваюся, што галасы гледачоў улічваюцца. Можа іх і лічаць, але ў канчатковым выніку іх карэктуюць на тэлебачаньні. І вынікі галасаваньня робяць з пункту гледжаньня паліткарэктнасьці. Каб даць і тым, і гэтым. У прыватнасьці з Расеяй: я вельмі сумняваюся, што Прыходзька ў нас атрымала 8 балаў».[6]
Таксама стала вядома, што галасы некаторых беларускіх тэлегледачоў маглі быць падкупленыя. У розных аўтапарках Менску на гэты час былі замоўленыя 10 аўтобусаў, у якіх беларускія студэнты былі адвезеныя ў бок беларуска-летувіскай мяжы ў кірунку Паставаў. Сьведкі сьцьвярджаюць, што на месцы пасажыры аўтобусаў спачатку прагаласавалі зь беларускіх «сімак» за прадстаўніка Азэрбайджану, а потым ім раздалі «сімкі» летувіскія — і яны прагаласавалі яшчэ раз. Кіроўцы аўтобусаў прызналіся, што нічога дзіўнага ў гэтым выезьдзе ня бачаць. Па іх словах, так адбываецца кожнае «Эўрабачаньне». Толькі краіны, за якія галасуюць вандроўцы, кожны год розныя.[7]
Скандалы
рэдагаваць22 траўня 2009 году, падчас працоўнай паездкі ў Магілёўскую вобласьць, прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ён не задаволены вынікамі ўдзелу прадстаўнікоў рэспублікі на конкурсе «Эўрабачаньне» і лічыць неабходным цалкам замяніць каманду, якая займаецца падрыхтоўкай беларускіх удзельнікаў да гэтага конкурсу.[8]
Хутчэй за ўсё праект «ЭўраФэст» закроюць, а «Эўрабачаньнем» будзе займацца канал ОНТ. Трансьляваць конкурс будзе БТ, паколькі ён зьяўляецца чальцом Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу.[9]
Дадатковыя зьвесткі
рэдагавацьУпершыню за ўсю гісторыю конкурсу беларускія тэлегледачы аддалі 12 балаў не Расеі, а іншай краіне — Нарвэгіі. Азэрбайджану беларусы паставілі 10 балаў, а Расеі толькі 8. Усяго ж Нарвэгіі аддалі 12 балаў 16 краін: Беларусь, Расея, Гішпанія, Нямеччына, Швэцыя, Ісьляндыя, Ізраіль, Латвія, Летува, Украіна, Польшча, Галяндыя, Эстонія, Данія, Славенія, Вугоршчына.
Афіцыйны лягатып беларускага канкурсанта Эўрабачаньня поўнасьцю супадае з лягатыпам галяндзкага гораду Гаага.[10]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Ялфімаў: Мне вельмі шмат што ёсьць расказаць прэзыдэнту // Наша Ніва, 15 траўня 2009 г.
- ^ Няўдачнік «Эўрабачаньня» Ялфімаў зьбіраецца да Лукашэнкі // Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода, 13 траўня 2009 г.
- ^ Ялфімаў: Я не прасіў расьсьледаваць фінансавыя пытаньні «Эўрабачаньня» // Кастусь Лашкевіч, TUT.BY, 21 траўня 2009 г.
- ^ NORWAY WINS EUROVISION SONG CONTEST! // Eurovision.tv, 17 траўня 2009 г.
- ^ Александр Рыбак: «Если выиграю — половина победы принадлежит Беларуси!» (рас.) // Interfax, 9 траўня 2009 г.
- ^ Эўрапейскае радыё для Беларусі, Маліноўскі: Я вельмі сумняваюся, што Прыходзька ў нас атрымала 8 балаў
- ^ Эўрапейскае радыё для Беларусі, Азэрбайджан «падкупляў» галасаваньне на «Эўрабачаньні» ў Беларусі і Летуве? (рас.)
- ^ interfax.by, Прэзыдэнт зьменіць падыходы да Эўрабачаньня, а каманду заменіць (рас.)
- ^ interfax.by, «ЭўраФэст» зачыняюць, а «Эўрабачаньнем» будзе займацца ОНТ? (рас.)
- ^ Алесь Герасіменка, Generation.bY, Пётар Ялфімаў выкарыстоўвае лягатып Гаагі