Алег Грузьдзіловіч
Алег Грузьдзіловіч (нар. 1958, Маладэчна) — беларускі журналіст.
Алег Грузьдзіловіч | |
Дата нараджэньня | 16 сьнежня 1958 (65 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | журналіст |
Месца працы |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьВучыўся ў Берасьці, скончыў Белдзяржунівэрсытэт. У журналістыцы з 1980 году. У 1988 годзе, працуючы адказным сакратаром газэты «Знамя юности», ініцыяваў сход рэдакцыйнай калегіі, якая вырашыла не выконваць загаду ЦК КПБ аб перадрукоўцы з расейскай прэсы антыперабудовачнага артыкула «Не могу поступаться принципами». Быў адным са стваральнікаў інфармацыйнай агенцыі «РИД» («Реклама и дайджест»).
У 1995 годзе звольніўся зь дзяржаўнай «Народнай газеты», пасьля таго як быў зьняты ягоны рэпартаж аб зьбіцьці ў парлямэнце дэпутатаў — сяброў апазыцыі БНФ, якія пратэставалі супраць рэфэрэндуму пра мову і дзяржаўную сымболіку.
З 1995-га працуе у беларускай службе Радыё Свабода. Адказвае за асьвятленьне тэмы палітвязьняў, зьніклых дзеячаў апазыцыі. Вёў рэпартажы з судовых працэсаў над удзельнікамі акцыяў пратэсту, палітычнымі дзеячамі, вядомымі гаспадарнікамі, чыноўнікамі і інш. Ня раз затрымліваўся супрацоўнікамі спэцслужбаў і міліцыі пры выкананьні журналісцкіх абавязкаў.
Наведаў усе судовыя паседжаньні па гучнай справе аб выбуху ў менскім мэтро 11 красавіка 2011 году. Працаваў ня толькі на судзе, але і з дакумэнтамі і сьведкамі. Вынікам стала кніга «Хто ўзарваў менскае мэтро?».
У траўні 2013 году Алегу Грузьдзіловічу вынесена папярэджаньне, падпісанае першым намесьнікам пракурора Менску Раманоўскім. Яно тычыцца артыкула і кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро?». У папярэджаньні гаварылася, што журналіст «ажыцьцявіў акцыю па пранікненьні на станцыю мэтро „Фрунзенская“ з мэталёвымі прадметамі ў сумцы, якая нагадвае выкарыстаную арганізатарамі тэракту ў менскім мэтрапалітэне»[1].
Летам 2020 году актыўна асьвятляў грамадзка-палітычныя падзеі ў Беларусі, вёў папулярныя тады стрымы Радыё Свабода. У жніўні 2020 году быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС разам з большасьцю журналістаў замежных СМІ. У лістападзе быў затрыманы на акцыі пратэсту, якую асьвятляў як журналіст, і пакараны арыштам на 15 сутак. Падчас адбыцьця сутак у Баранавічах цяжка захварэў на каранавірус.
Быў затрымалі 16 ліпеня 2021 году. У рэдакцыі Свабоды тады правялі ператрус, офіс апячаталі. Празь дзесяць дзён яго выпусьцілі. За час гэтага першага арышту ніякіх допытаў у яго не было. Тры дні Алег галадаў за кратамі на знак пратэсту супраць затрыманьня і салідарнасьці з Інэсай Студзінскай, якая галадала 9 дзён з патрабаваньнем дапусьціць да яе адваката[2].
Другі раз затрыманы 23 сьнежня 2021 году. Яму замянілі меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску. Толькі 28 сьнежня адбыўся першы. Сьледчыя выставілі абвінавачаньне паводле артыкулу 342 Крымінальгага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Алегу ставяць у віну, што ён нібыта браў удзел у несанкцыянаванай акцыі, калі яго ўжо пазбавілі акрэдытацыі МЗС Беларусі як карэспандэнта замежнага СМІ. Алег сказаў на гэта сьледчаму, што віны за сабой не прызнае, што ён не прымаў удзелу ў акцыі, а быў на ёй журналістам, вёў адтуль рэпартаж, рабіў сваю журналісцкую справу, хоць ня меў ужо акрэдытацыі, але на той момант быў няштатным супрацоўнікам газэты «Народная Воля»[3].
Алега Грузьдзіловіча трымалі у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, потым ён быў асуджаны да 1,5 года зьняволеньня. Вызвалены ў верасні 2022 году, пасьля чаго зьехаў зь Беларусі[4].
Пераможца конкурсу «Праваабарончага альянсу Беларусі» за 2009 год у намінацыі «Журналіст году».
Творчасьць
рэдагаваць- Хто ўзарваў менскае мэтро?
Асабістае жыцьцё
рэдагавацьЖанаты, мае трох сыноў і ўнучак. Жонка Мар’яна была ўвосень 2020 году звольнена з БДУ з палітычных матываў. Алег мае лецішча пад Менскам, дзе зьбірае розныя рарытэты і ахвотна вырошчвае кветкі. Ягонае хобі — мадэлі караблёў. Гэтая праца вымагае шмат цярплівасьці.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Пракуратура папярэдзіла Алега Грузьдзіловіча, Радыё Свабода, 8-05-2013
- ^ Грузьдзіловіч, Дашчынскі, Студзінская — вэтэраны Радыё Свабода на Акрэсьціна, Радыё Свабода, 19 ліпеня 20121
- ^ Журналісту Свабоды Алегу Грузьдзіловічу выставілі абвінавачаньне, Радыё Свабода, 28-12-2021
- ^ Журналіст Алег Груздзіловіч выйшаў на волю і адразу з’ехаў у Літву