Беларуска-турэцкія дачыненьні
Беларуска-турэцкія дачыненьні — двухбаковыя міжнародныя дачыненьні Беларусі і Турэччыны.
Беларусь |
Турэччына |
---|---|
Дыпляматычныя місіі | |
Амбасада Беларусі ў Турэччыне |
Амбасада Турэччыны ў Беларусі |
Амбасадары | |
Віктар Рыбак | Мустафа Азджан |
На 2022 год Амбасада Беларусі ў Турэччыне месьцілася ў Анкары па вуліцы Абідзіна Давэра, д. 17 (Гузэльтэпскі раён, акруга Чанкая). Амбасада працавала з панядзелка па чацьвер ад 8:45 да 18:00, а яе консульскі аддзел зь 9-й да 13-й гадзіны. У пятніцу Амбсада Беларусі працавала да 16:45[1]. Генэральнае консульства Беларусі ў Стамбуле месьцілася ў акрузе Бакыркёй па Ружовай вуліцы, д. 1[2]. Амбасада Турэччыны ў Беларусі знаходзілася ў Менску па вуліцы Валадарскага, д. 6. Амбасада працавала з панядзелка па пятніцу зь 9-й да 17-й гадзіны. Заявы на консульскія паслугі прымалі да 12-й гадзіны[3]. Ад 1 чэрвеня 2014 году між краінамі дзейнічаў бязьвізавы рэжым паездак да 30 дзён для грамадзянаў.
Гандаль
рэдагаваць8 верасьня 1993 году ўрады Беларусі і Турэччыны заключылі Пагадненьне аб гандлёвай і эканамічнай супрацы, якое набыло моц 1 сьнежня 1993 году. 8 жніўня 1995 году заключылі Пагадненьне аб міжнародных аўтамабільных зносінах, якое набыло чыннасьць 18 студзеня 1996 году. У той самы дзень падпісалі Пагадненьне аб узаемным садзеяньні і ўзаемнай абароне інвэстыцыяў, што набыло моц 20 лютага 1997 году. Адначасна падпісалі Пагадненьне аб паветраных зносінах, што набыло чыннасьць 14 сьнежня 2000 году. 24 ліпеня 1996 году падпісалі Пагадненьне аб пазьбяганьні двайнога падаткаабкладаньня ў дачыненьні да падаткаў на даходы, якое набыло моц 29 красавіка 1998 году. Адначасна падпісалі Пагадненьне аб супрацы ў галіне турызму, што набыло чыннасьць 11 студзеня 1997 году. 11 лістапада 2008 году заключылі Пагадненьне аб супрацы і ўзаемадапамозе ў мытных справах, што набыло моц 14 ліпеня 2011 году. У жніўні 2010 году Нацыянальны банк Беларусі і Цэнтральны банк Турэччыны заключылі Пагадненьне аб супрацы[4].
У 2009—2018 гады беларуска-турэцкі таваразварот устойліва рос з 266 млн даляраў ЗША да 983-х млн даляраў, але зьнізіўся да 735 млн даляраў у 2020 годзе. Пры гэтым, устойліва расло адмоўнае сальда са 108 млн даляраў да 673 млн даляраў у 2017 годзе, якое ў 2020-м скарацілася да 477 млн $. Зь Беларусі ў асноўным пастаўлялі нафтахімічныя і мэталаапрацоўчыя вырабы, тавары лёгкай і дрэваапрацоўчай прамысловасьці. У 2020 годзе абарачэньне паслугаў скарацілася на 6 % да 58,6 млн $, зь якіх 39,4 млн $ склаў беларускі экспарт. Найбольш экспартавалі паслугі перавозкі, апраграмаваньня, сувязі і падарожніцтва. У 2020 годзе турэцкія ўкладаньні ў Беларусі склалі 58,6 млн $. На 1 студзеня 2021 году ў Беларусі дзейнічала звыш 130 прадпрыемстваў з турэцкім капіталам, зь якіх 5 бралі ўдзел у свабодных эканамічных зонах у якасьці вытворцаў гума-тэхнічных, санітарна-гігіенічных і будаўнічых матэрыялаў. Найбольшым прыкладам турэцкіх укладаньняў было набыцьцё сотавага апэратара «БеСТ» прадпрыемствам «Турксэл» у 2008 годзе. У Турэччыне прадпрыемствы канцэрну «Белнафтахім» мелі даччынае ТАА «БНХ Пэтракімія» ў Стамбуле. У 2016 годзе «Менскі аўтамабільны завод» адчыніў тамсама сваё прадстаўніцтва[5].
14 лютага 2018 году падпісалі міжурадавае Пагадненьне аб узаемным заахвочваньні абароне інвэстыцыяў, якое набыло моц 26 лістапада 2018 году. Адначасна заключылі міжурадавае Пагадненьне аб міжнародных камбінаваных перавозках грузаў, якое набыло чыннасьць 8 красавіка 2018 году[4]. У студзені 2020 году ў Сінопе адчынілі беларуска-турэцкае сумеснае прадпрыемства «Палесьсе ТР», дзе наладзілі выпуск плястмасавых цацак[5]. На 2022 год агульныя ўкладаньні 50 турэцкіх прадпрыемстваў у Беларусі складалі 1,5 млрд даляраў. З 1991 году адпаведныя падрадныя прадпрыемствы ўзялі ўдзел у 46 будоўлях на 918 млн даляраў[6].
Культура
рэдагаваць8 жніўня 1995 году ўрады Беларусі заключылі Пагадненьне аб супрацы ў галіне адукацыі, навукі, культуры і спорту. У 2007 годзе Міністэрства культуры Беларусі і Міністэрства культуры і турызму Турэччыны падпісалі Пратакол аб супрацы ў галіне культуры і мастацтва. У лістападзе 2016 году ў ходзе Дзён культуры Беларусі ў Турэччыне Дзяржаўны ансамбль танцу Беларусі пад кіраўніцтвам В. Дудкевіча даў канцэрты ў Анкары і Эскішэхіры. У 2016 годзе пры фінансавай дапамозе ўраду Турэччыны ў Менску адчынілі Саборны мячэт. У лістападзе—сьнежні 2017 году правялі Дні культуры Турэччыны ў Беларусі. У красавіку—жніўні 2019 году Нацыянальны цэнтар сучасных мастацтваў Беларусі зладзіў выставу працаў сваіх прадстаўнікоў у Цэнтры культуры і мастацтва Хамамаркасі ў Анкары. У кастрычніку 2019 году на 14-м Міжнародным фэстывалі Юрыя Башмета адбыўся канцэрт турэцкага музыкі Ф. Сая ў вялікай залі Беларускай дзяржаўнай філярмоніі. У лістападзе 2019 году ў вялікай залі Стамбулу адбыўся канцэрт беларускага камэрнага аркестру «Ўсход-Захад» пад кіраўніцтвам дырыгента Р. Крымера. У Міжнародным фэстывалі народнай творчасьці «Вянок сяброўства» ў Бабруйску (Магілёўская вобласьць) штогод браў удзел танцавальны гурт Унівэрсытэту Хаджэтэпэ[7].
11 лістапада 2016 году ў Менску падпісалі міжурадавае Пагадненьне аб супрацы ў галіне навукі і тэхналёгіяў. У ліпені 2019 году ў Анкары кіраўнік Беларускага рэспубліканскага фонду фундамэнтальных дасьледаваньняў Сяргей Гапоненка і кіраўнік Нацыянальнага цэнтру нанатэхналёгіяў Турэччыны В. Дэмір падпісалі Пагадненьне аб супрацы, якое прадугледжвала фінансаваньне сумесных распрацовак[8].
Мінуўшчына
рэдагаваць25 сакавіка 1992 году ўрады Беларусі і Турэччыны ўсталявалі дыпляматычныя дачыненьні. У 1992 годзе адчынілі Амбасаду Турэччыны ў Беларусі[9]. 24 ліпеня 1996 году прэзыдэнт Беларусі А. Лукашэнка зрабіў 1-ы афіцыйны візыт у Турэччыну, падчас якога падпісалі Дамову «Аб сяброўстве і супрацы»[10], якое набыло чыннасьць 25 красавіка 2000 году. У 1997 годзе ў Анкары адчынілі Амбасаду Беларусі ў Турэччыне[9]. У 2010 годзе А. Лукашэнкі наведаў Турэччыну з 2-м афіцыйным візытам. У 2011 годзе па выніках дамоўленасьцяў пачало працу Генэральнае консульства Беларусі ў Стамбуле. 29 сакавіка 2013 годзе міністар замежных справаў Турэччыны Ахмэт Давутоглу наведаў Беларусь, дзе падпісаў міжурадавае Пагадненьні аб узаемнай адмене візаў і аб рэадмісіі. У 2013 годземіністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей наведаў Турэччыну, дзе ўзяў удзел у паседжаньні Беларуска-турэцкай міжурадавай эканамічнай камісіі[10]. У лістападзе 2013 году старшыня Вялікага нацыянальнага сходу Турэччыны Джаміль Чычэк наведаў Беларусь, дзе падпісаў Пратакол аб супрацы між парлямэнтамі[11]. 1 чэрвеня 2014 году на ўзаемнай аснове скасавалі кароткатэрміновыя візы для паездак грамадзянаў[10].
У кастрычніку 2014 году старшыня Савету Рэспублікі Беларусі Анатоль Рубінаў наведаў Турэччыну[11]. У 2014 годзе старшыня ўраду Беларусі Міхаіл Мясьніковіч наведаў Турэччыну, а ў 2015 годзе ягоны наступнік на гэтай пасадзе — Андрэй Кабякоў. У лістападзе 2016 году турэцкі прэзыдэнт Рэджэп Эрдаган упершыню наведаў Беларусь[10]. 11 лістапада 2016 году падпісалі міжурадавае Пагадненьне аб супрацы ў галіне выкарыстаньня атамнай энэргіі ў мірных мэтах, якое набыло чыннасьць 12 лютага 2019 году. Адначасна Беларускае тэлеграфнае агенцтва і агенцтва Анадолу падпісалі Пагадненьне аб супрацы[4]. У жніўні 2017 году Міхаіл Мясьніковіч наведаў Турэччыну ў якасьці старшыні Савету Рэспублікі Беларусі. У лютым 2018 году старшыня ўраду Турэччыны Біналі Ілдырым зрабіў афіцыйны візыт у Беларусь. У лістападзе 2018 году Біналі Ілдырым паўторна наведаў Беларусь у якасьці старшыні Вялікага нацыянальнага сходу Турэччыны. У красавіку 2019 году А. Лукашэнка наведаў Турэччыну. У жніўні 2019 году міністар замежных справаў Турэччыны Мэўлют Чавушаглу наведаў Беларусь[10]. На 2022 годзе ганаровыя консулы Беларусі працавалі ў 5 гарадах Турэччыны — Адане, Аланіі, Антальі, Бурсе і Ізьміры[9]. На 2022 год налічвалася звыш 40 двухбаковых пагадненьняў[4].
Беларускія амбасадары
рэдагаваць- Мікалай Ляпешка (1997—2002)
- Натальля Жылевіч (2002—2008)
- Валер Калесьнік (2008—2013)
- Андрэй Савіных (2013—2019)
- Віктар Рыбак (зь 2019 году)
Турэцкія амбасадары
рэдагаваць- Мустафа Азджан (ад 15 студзеня 2020 году)[12]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Адрас і час працы // Амбасада Беларусі ў Турэччыне, 2022 г. Праверана 25 траўня 2022 г.
- ^ Адрас, тэлефоны і час працы Генконсульства // Генэральнае консульства Беларусі ў Стамбуле, 17 траўня 2022 г. Праверана 25 траўня 2022 г.
- ^ Сувязныя зьвесткі (тур.) // Амбасада Турэччыны ў Беларусі, 2022 г. Праверана 25 траўня 2022 г.
- ^ а б в г Дамоўна-прававая база // Амбасада Беларусі ў Турэччыне, 2022 г. Праверана 25 траўня 2022 г.
- ^ а б Беларуска-турэцкая гандлёва-эканамічная супрацы // Амбасада Беларусі ў Турэччыне, 2022 г. Праверана 25 траўня 2022 г.
- ^ Дачынаньні Беларусі і Турэччыны (тур.) // Міністэрства замежных справаў Турэччыны, 2022 г. Праверана 25 траўня 2022 г.
- ^ Супраца ў галіне культуры // Амбасада Беларусі ў Турэччыне, 2022 г. Праверана 25 траўня 2022 г.
- ^ Супраца ў галіне навукі // Амбасада Беларусі ў Турэччыне, 2022 г. Праверана 25 траўня 2022 г.
- ^ а б в Беларусь і Турцыя абмеркавалі аднаўленьне рэгулярных рэйсаў «Турэцкіх авіяліній» у Менск // Газэта «Зьвязда», 16 траўня 2022 г. Праверана 25 траўня 2022 г.
- ^ а б в г д Палітычныя адносіны // Амбасада Беларусі ў Турэччыне, 2022 г. Праверана 25 траўня 2022 г.
- ^ а б Міжпарлямэнцкая супрацы // Амбасада Беларусі ў Турэччыне, 2022 г. Праверана 25 траўня 2022 г.
- ^ Жыцьцяпіс амбасадара (тур.) // Амбасада Турэччыны ў Беларусі, 2022 г. Праверана 25 траўня 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Навіны // Амбасада Беларусі ў Турэччыне, 17 траўня 2022 г. Праверана 25 траўня 2022 г.
- Натарыяльныя дзеяньні // Генэральнае консульства Беларусі ў Стамбуле, 17 траўня 2022 г. Праверана 25 траўня 2022 г.
- Абвесткі (тур.) // Амбасада Турэччыны ў Беларусі, 20 траўня 2022 г. Праверана 25 траўня 2022 г.
- Працэдуры (тур.)
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |