Рэджэп Таіп Эрдаган
Рэджэ́п Таі́п Эрдага́н (па-турэцку: Recep Tayyip Erdoğan, вымаўл. [reˈdʒep taːˈjip ˈerdoː.an]; нар. 26 лютага 1954, Стамбул, Турэччына) — турэцкі палітычны і дзяржаўны дзяяч. Прэм’ер-міністар Турэччыны (з 2003), прэзыдэнт Турэччыны (з 28 жніўня 2014)[3]. Лідэр умерана-ісламісцкай Партыі справядлівасьці і разьвіцьця.
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Эрдаган.
Жыцьцяпіс
рэдагавацьМаладыя гады
рэдагавацьРэджэп Таіп Эрдаган нарадзіўся 26 лютага 1954 году ў квартале Касымпаша стамбульскага раёну Бэёглу ў сям’і працаўніка берагавой аховы на чарнаморскім узьбярэжжы. Паводле інфармацыі турэцкай газэты «Міліет», у адным са сваіх інтэрвію Эрдаган выказаўся пра тое, што ягоная сям’я — гэта выхадцы з Аджарыі (Грузія), якія перасяліліся ў Рызэ. Падлеткам ён гандляваў ліманадам і булачкамі на небясьпечных вуліцах гораду[4]. У 1965 годзе Эрдаган скончыў пачатковую школу Піяле Паша, а ў 1973 — рэлігійны ліцэй імамаў-хатыбаў у Стамбуле[5]. Дыплём атрымаў, здаўшы выпускныя экзамэны ў ліцэі Эюп.
У 1976 годзе ён стаў старшынём моладзевай ячэйкі Партыі нацыянальнага выратаваньня ў стамбульскім раёне Бэёглу, а затым у тым жа годзе і моладзевага аддзяленьня партыі ў Стамбуле[5]. У 1978 ажаніўся з Эмінэ Гюльбаран. Да 1980 году Эрдаган працаваў у стамбульскіх транспартных арганізацыях. 12 верасьня 1980 году ў краіне адбыўся вайсковы пераварот, і ўсе палітычныя партыі былі забаронены. Начальнік Эрдагана ў гарадзкой радзе транспарту, палкоўнік у адстаўцы, загадаў яму згаліць вусы, але Рэджэп адмовіўся гэта зрабіць і быў у выніку звольнены з працы[4]. Пасьля вайсковага перавароту Эрдаган працаваў мэнэджарам у прыватным сэктары. У 1981 годзе ён скончыў факультэт эканомікі і камэрцыйных навук Унівэрсытэту Мармара.
У 1984 годзе Рэджэп Таіп Эрдаган стаў старшынём аддзяленьня Партыі дастатку ў Бэёглу, а ў 1985 годзе — старшынём стамбульскага аддзяленьня партыі, а таксама сябрам вышэйшай кіруючай рады партыі[5]. На ягоныя палітычныя погляды аказаў вялізны ўплыў заснавальнік «палітычнага ісламу» Нэджмэтын Эрбакан[6][7].
Палітычная кар’ера
рэдагавацьУ 1994 годзе быў абраны мэрам Стамбулу. У 1996 годзе Партыя дастатку ўдзельнічала ў кіруючай ісламскай кааліцыі, але пасьля ваеннага перавароту 1997 году была забароненая, а сам Эрдаган за прапаганду поглядаў, якія распальваюць нацыянальную варажнечу, быў асуджаны на 4 месяцы турэмнага зьняволеньня.
У ліпені 2001 году Эрдаган заснаваў Партыю справядлівасьці і разьвіцьця, якая перамагла на парлямэнцкіх выбарах у лістападзе 2002 году. Наяўнасьць судзімасьці перашкодзіла Эрдагану стаць прэм’ер-міністрам, але пасьля пачатку апэрацыі супраць Іраку турэцкая эліта, арыентаваная на ЗША, дала згоду на зьмену законаў, і Эрдаган узначаліў урад (у 2002—2003 урад узначальваў стаўленік Эрдагана Абдула Гюль). Турэччына прыняла рашэньне ўвесьці войскі на поўнач Іраку, дзе пражываюць курды.
Эрдаган зьяўляецца прыхільнікам уваходжаньня Турэччыны ў Эўразьвяз. У 2005 годзе падтрымаў Альянс цывілізацыяў, ініцыятыву прэм’ер-міністра Гішпаніі Хасэ Люіса Радрыгеса Сапатэры, накіраваную на памяншэньне трэньняў паміж заходнім і ісламскім сьветамі.
У 2009 годзе ўдзельнічаў у Сусьветным эканамічным форуме ў Давосе, дзе падверг рэзкай крытыцы прэзыдэнта Шымона Пэрэса, які бараніў пазыцыю Ізраілю пры правядзеньні ў Сэктары Газа апэрацыі «Адліванае волава»[8].
У ліпені 2009 году падчас удзелу ў саміце вялікай васьмёркі ў Аквіле рэзка асудзіў Кітай за здушэньне ўйгурскай дэманстрацыі ў г. Урумчы, выкарыстоўваючы моцныя выразы:
«Супраць уйгураў быў практычна зьдзейсьнены генацыд»[9]
30 верасьня 2012 быў пераабраны лідэрам кіроўнае партыі[10].
10 жніўня 2014 перамог на першых у краіне непасрэдных выбарах прэзыдэнта, пасаду зойме 28 жніўня 2014.
Узнагароды
рэдагаваць- Ганаровы грамадзянін Тэгерану[11]
- У гонар Эрдагана названы мультыспартыўны стадыён у Касымпашы — раёне Стамбулу.
- Ордэн Залатога руна (Грузія, 18 траўня 2010)[12]
- Ордэн «Данакер» (Кыргыстан, 2011)[13]
- Ордэн Залатога арла (Казахстан, 11 кастрычніка 2012)[14]
- Прэмія «Квадрыга» (2004) з фармулёўкай «Мост павагі»[15]
- Ганаровы доктар МДІМЗ (2011)[16]
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б Recep Tayyip Erdoğan // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ а б Recep Tayyip Erdogan // Munzinger Personen (ням.)
- ^ Премьер-министр Турции Реджеп Тайип Эрдоган победил на первых прямых выборах Президента Турции
- ^ а б Рэджэп Таіп Эрдаган: палітычны партрэт (рас.) // Расейская служба Бі-бі-сі, 4 лістапада 2002 г. г.
- ^ а б в Life story. AK Parti Official Web Site. Праверана 29-08-2008 г. Архіўная копія ад 2012-02-13 г.
- ^ Сканаў былы прэм’ер-міністар Турэччыны Нэджмэтын Эрбакан // islamnews.ru, 28.02.2011 г.
- ^ Нэджмэтын Эрбакан мае намер ізноў вярнуцца ў вялікую палітыку // turkishnews.ru, 06.08.2010 г.
- ^ Сварка паміж Пэрэсам і Эрдаганам у Давосе
- ^ Прэм’ер-міністар Турэччыны: над уйгурамі-мусульманамі зьдзейсьнены генацыд, News.Bakililar.az, 11 ліпеня 2009 г.
- ^ Прэм’ер Турэччыны Эрдаган пераабраны лідэрам кіроўнае партыі // Вести.ру, 30 верасьня 2012 г.
- ^ Прэм’ер-міністар Турэччыны стаў «ганаровым грамадзянінам» Тэгерану. ІА REGNUM (02.02.2009). Архіўная копія ад 2012-06-02 г.
- ^ Саакашвілі ўзнагародзіў Эрдагана Ордэнам Залатога руна
- ^ Роза Атунбаева уручыла турэцкаму госьцю ордэн «Данакер»
- ^ Нурсултан Назарбаеў уручыў Рэджэпу Таіпу Эрдагану ордэн «Алтын Кыран» за ўнёсак у разьвіцьцё і ўмацаваньне двухбаковых стасункаў
- ^ Афіцыйны сайт прэміі «Квадрыга» Праверана 2011-07-13 г. Архіўная копія ад 2011-08-23 г.
- ^ СМІ.ru | Прэм’ер-міністар Турэччыны — ганаровы доктар МДІМЗ