Белару́ская града́ — града Ўсходне-Эўрапейскай раўніны, разьмешчаная на паўночным усходзе Гарадзенскай, цэнтральнай частцы Менскай і поўдні Віцебскай абласьцей Беларусі.

Беларуская града на мапе Эўропы

Працягнулася з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, а затым на паўночны ўсход больш чым на 350 км, з поўначы на поўдзень ад 20 да 120 км, плошча 13 тыс. км². Падзяляецца на Ашмянскае ўзвышша, Менскае ўзвышша і Аршанскае ўзвышша. Пераважныя вышыні 200—250 м. На градзе знаходзіцца найвышэйшы пункт Беларусі — гара Сьвятая (345 м).

Геалягічная будова

рэдагаваць

Беларуская града мае складаную будову. Тут намножыліся магутныя тоўшчы (100—180, месцамі да 300 м) марэнавых адкладаў чатырох ледавіковых эпохаў. Апошнім на гэтай тэрыторыі быў сожаўскі ледавік. У час паазерскага, апошняга на Беларусі зьледзяненьня, на схілах грады намнажаліся лёсападобныя суглінкі, адбываліся працэсы плоскаснай і глыбіннай эрозіі.

На градзе, на вышынях больш за 260 м над узроўнем мора, рэльеф градава-ўзгорысты. Адносныя вышыні ўзгоркаў 50—80 м, стромкасьць схілаў да 30° (Менска-Плешчаніцкая дзялянка, асобныя дзялянкі Ашмянскага ўзвышша).

Сярэдне- і дробнаўзгорысты марэнавы рэльеф адметны згладжанай і месцамі плятопадобнай паверхняй, пакрытай лёсападобнымі адкладаньнямі. Абсалютныя вышыні тут 220—260 м. Месцамі ўзгорыстая паверхня ўзвышшаў зьмяняецца выраўнаванымі дзялянкамі з лагчынамі, запоўненымі азёрна-балотнымі адкладамі. Пашыраныя згладжаныя і нярэдка плятопадобныя паверхні, на якіх, таксама як і на схілах узгоркаў, з паверхні залягаюць лёсападобныя суглінкі, пашкоджаныя эрозіяй (Аршанскае, поўдзень Менскага, усходняя частка Ашмянскага ўзвышшаў). Сустракаюцца суфазіёныя западзіны, лагчыны, яры. Уздоўж рачных далінаў выцягнуліся зандравыя раўніны, складзеныя водна-ледавіковымі пяскамі.

Карысныя выкапні

рэдагаваць

На градзе пашыраныя пяскова-жвіровыя і аточыкавыя грунты, марэнавыя суглінкі і супескі, трапляюцца буйныя валуны. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, пяскова-жвіровы матэрыял, мінэральныя воды.

Гідраграфія

рэдагаваць

Беларуская града зьяўляецца вадападзелам паміж басэйнамі рэчак Балтыйскага і Чорнага мораў. Тут працякаюць рэкі басэйну Дняпра (Сьвіслач, Гайна, Бобр, вытокі Пцічы і Друці), Дзьвіны (Абалянка ды Ўсьвейка), Нёмана (Вяльля, Заходняя Бярэзіна, Іслач, Сула, Вуса). У межах Беларускай грады Вялейска-Менская водная сыстэма. Вадасховішчы на Сьвіслачы — Заслаўскае вадасховішча, Крыніца, Дразды, Чыжоўскае, на рацэ Вяча — Вяча, на рацэ Пціч — Воўчкавіцкае.

Расьліннасьць

рэдагаваць

Лясістасьць на асобных узвышшах ад 20 да 60%. Асноўныя масівы лясоў на поўначы Менскага ўзвышша. Пераважаюць хваёвыя і шыракаліста-яловыя лясы.

Рэкрэацыя

рэдагаваць

У межах Беларускай грады знаходзіцца Купалаўскі мэмарыяльны запаведнік Вязынка, на Менскім узвышшы разьмешчаныя комплексы аб’ектаў зімовага адпачынку — Альпійскі сьнег, Баяры, Раўбічы, Лагойск, Сілічы, Якуцкія горы.

Літаратура

рэдагаваць
  • Беларуская града // Геаграфія Беларусі: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Л. В. Казлоўская і інш. — Мн., 1992.— 382 с. — С. 50—51.
  • Белорусская гряда // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.