Арцём Вярыга-Дарэўскі

(Перанакіравана з «А. Вярыга-Дарэўскі»)

Арцём Вярыга-Дарэўскі (23 кастрычніка 1816, вёска Кублічы, Лепельскі павет, Віцебская губэрня (цяпер Ушацкі раён Віцебскай вобласьці) — 1884, Сыбір; Псэўданімы і крыптанімы: Artemiusz; Białoruska Duda; A.W.; D…a B.; D-da B.) — беларускі паэт, драматург, публіцыст і дасьледнік фальклёру, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.

Арцём Вярыга-Дарэўскі
лац. Arciom Viaryha-Dareŭski
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Artemiusz, A.W., Białoruska Duda, D…a B., D-da B..
Нарадзіўся 23 кастрычніка 1816
в. Кублічы, Лепельскі павет, Віцебская губэрня
Памёр 1884(1884)
Сібір
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, перакладнік, драматург
Кірунак лірыка
Мовы беларуская, польская

Біяграфія

рэдагаваць

Паходзіў з старадаўняга, але зьбяднелага шляхецкага роду. Бацька быў дазорцам мер і вагаў у Кублічах, маці памерла па родах. Дзяцінства прайшло ў фальварку Людвінаве непадалёк ад Дзісны. Па заканчэньні Забельскай гімназіі (мястэчка Валынцы, цяпер Дрысенскі раён) служыў у Віцебскай часовай камісіі для рэвізіі дзейнасьці губэрнскай дваранскай дэпутацкай зборні (1836—1844). У сярэдзіне 1840-х гадоў набыў фальварак Стайкі паблізу Віцебску, ажаніўся. Служыў у розных установах Віцебску. З 1852 году калескі асэсар.

Шмат сілаў і часу аддаваў культурна-асьветніцкай дзейнасьці, імкнучыся арганізаваць на Віцебшчыне народныя школы, тэатар, бібліятэкі і чытальні. У 1850-я гады арганізаваў у Віцебску публічную бібліятэку. Зьбіраў беларускі фальклёр. Дасылаў допісы ў газэты «Kurjer Wileński» і «Виленский вестник» (Вільня), «Słowo» (Пецярбург), часопіс «Ruch muzyczny» (Варшава). Стаў вядомы як аўтар паэм, гутарак і драматычных твораў, якія разыходзіліся ў рукапісах: паэмы «Ахульга» (тэматычна зьвязаная з змаганьнем горцаў пад кіраўніцтвам Шаміля), драмы «Гордасьць», камэдыяў «Хцівасьць» і «Грэх 4-ы — гнеў». Першым пераклаў на беларускую мову паэму Адама Міцкевіча «Конрад Валенрод». Беларускія творы з прычыны цэнзурных умоваў не друкаваліся, рукапісы ня знойдзены. Пры жыцьці выйшла адзіная кніга на польскай мове «Гутарка пра сваяка».

Грамадзкі рэзананс атрымала паездка ў 1858 годзе ў Вільню, дзе сустрэўся зь віднымі прадстаўнікамі культуры. Тады ж быў запачаткаваны знакаміты «Альбом Вярыгі-Дарэўскага» (1858—1863), які стаў своеасаблівым літаратурна-грамадзкім альманахам, дзе між іншых свае запісы пакінулі Ўладзіслаў Сыракомля, Вінцэсь Каратынскі, Адам Кіркор, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Ялегі Пранціш Вуль.

У 1861—1862 гадох браў удзел у патрыятычных дэманстрацыях у Віцебску, за што стаў аб’ектам пільнага нагляду расейскіх жандараў. З пачаткам нацыянальна-вызвольнага паўстаньня быў у 1863 годзе адным з кіраўнікоў узброенага выступленьня на Віцебшчыне. Арыштаваны ўладамі Расейскай імпэрыі 6 траўня 1863 году, амаль два гады правёў пад сьледзтвам у расейскай турме ў Віцебску. Ад пачатку вырачаны расейскім судом на пажыцьцёвую катаргу, замененую 8 гадамі катаржных работ. У 1865 годзе высланы ва Ўсходнюю Сібір (саляварны завод ва Ўсольлі). З 1868 году на пасяленьні ў Іркуцку. Памёр у Сібіры.

Літва і ліцьвіны

рэдагаваць

Пісаў у сваім творы: «Літва — родная зямелька». Ягоны верш «Ліцьвінам, што запісаліся ў мой „Альбом“, на разьвітаньне» (1858 год) адрасаваны маладым беларускім літаратарам. У ім аўтар усклікаў: «Чый гэта голас? Гэты словы нашы, браценькі-літоўцы»[1][2].

Бібліяграфія

рэдагаваць
  1. ^ Дубавец С., Сагановіч Г. Старажытная Літва і сучасная Летува // З гісторыяй на «Вы». Вып. 2. — Менск, 1994. С. 232—233.
  2. ^ Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Са старажытных часоў да канца XVIII ст.: Курс лекцый. / І. Крэнь, І. Коўкель, С. Марозава, С. Сяльверстава, І. Фёдараў. — Менск: РІВШ БДУ, 2000. С. 324—325.

Літаратура

рэдагаваць
  • Васілеўскі Д. Арцём Ігнатавіч Вярыга-Дарэўскі і яго літаратурна-грамадская чыннасць // Полымя. 1929, № 6.
  • Кісялёў Г. Арцём Вярыга-Дарэўскі // Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Борковский С. А., Мальдис А. И. Поэтическое наследие Артемия Вериги-Даревского // Советское славяноведение. 1971, № 2.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць