Дамініён

аўтаномныя тэрыторыі намінальна пад брытанскай уладай

Дамініён (па-ангельску: dominion, ад лац. dominium — уладаньне) — фактычна незалежная дзяржава ў складзе Брытанскае імпэрыі (пазьней — у складзе Брытанскае Садружнасьці нацыяў), якая прызнае кіраўніком дзяржавы брытанскага манарха, які прадстаўлены ў дамініёне генэрал-губэрнатарам. У розныя часы дамініёнамі Вялікабрытаніі былі ці ёсьць Канада, Аўстралія, Новая Зэляндыя, Ньюфаўндлэнд, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Ірляндзкая Вольная дзяржава. Пасьля 1948 року, гэты тэрмін выкарыстоўваўся ў дачыненьні да незалежных народаў, якія разглядалі брытанскага манарха як кіраўніка дзяржавы; у такой якасьці да дамініёну належалі Індыя, Пакістан, Шры-Ланка ды Кенія.

Вызначэньне

рэдагаваць

У ангельскім звычаёвым праве пад тэрмінам дамініён разумеліся ўсе каралеўствы ці тэрыторыі пад вярхоўнай уладай Кароны. Ужываньне гэтага тэрміну ў дачыненьні да пэўнае тэрыторыі адносіцца да XVI стагодзьдзя, калі ім апісваліся землі Ўэйлзу[1].

Дамініён як афіцыйная назва была ўпершыню выкарыстана да брытанскіх калёніяў у Новым Сьвеце — калёнія Вірджынія (1660 рок) ды Новая Англія (1686 рок). Гэтыя дамініёны ніколі ня мелі напаўаўтаномнага статусу.

Дакладнае вызначэньне тэрміну было дадзенае на імпэрскае канфэрэнцыі 1926 року міністрам замежных справаў Вялікабрытаніі Артурам-Джэймзам Бальфурам. 11 сьнежня 1931 року яно было замацаванае ў Вэстмінстэрскім статуце: «Аўтаномныя супольнасьці Брытанскае імпэрыі, роўныя па статусе, ніякім чынам не падпарадкаваныя адзін адному ні ў адным з аспэктаў сваёй унутранай або зьнешняй палітыкі, але пры гэтым аб’яднаныя агульнай адданасьцю кароне, якія складаюць вольную асацыяцыю чальцоў Брытанскае Садружнасьці нацыяў». Паводле статуту, да дамініёнаў адносіліся наступныя тэрыторыі: Канадзкі Дамініён, Аўстралійскі зьвяз, Дамініён Новая Зэляндыя, Паўднёва-Афрыканскі Зьвяз, Ірляндзкая вольная дзяржава ды Ньюфаўндлэнд.

Падобны статус, як правіла, надаваўся найбольш эканамічна разьвітым краінам, у якіх большасьць насельніцтва складалі перасяленцы з Эўропы, што гарантавала большую лаяльнасьць да палітыкі мэтраполіі.

Пасьля юрыдычнага афармленьня статусу Садружнасьці нацыяў у 1931 року ўсе дзяржавы, што ўваходзілі ў ягоны склад, былі прызнаныя дамініёнамі Вялікабрытаніі (за выключэньнем непасрэдна калёніяў ды залежных тэрыторыяў. Аднак пасьля прыняцьця Індыяй рэспубліканскай формы кіраваньня ў 1949 року і, адпаведна, адмовы прызнаць брытанскага манарха галавой дзяржавы (пры захаваньні чалецтва ў Садружнасьці нацыяў) тэрмін «дамініён» перастаў ужывацца. Тыя былыя дамініёны ды калёніі Вялікабрытаніі, якія як і раней прызнаюць брытанскага манарха галавой дзяржавы (напрыклад, Канада ды іншыя) і працягваюць заставацца чальцамі Садружнасьці, цяпер называюцца каралеўствамі Садружнасьці (па-ангельску: Commonwealth realms).