Аляксей Кузьміч

беларускі жывапісец

Аляксе́й Васі́льевіч Кузьмі́ч (1945, в. Махро, Янаўскі раён, Берасьцейская вобласьць, цяпер Беларусь — 2013, Менск, Беларусь) — беларускі жывапісец.

Аляксей Кузьміч
Імя пры нараджэньні Аляксей Васільевіч Кузьміч
Дата нараджэньня 1 чэрвеня 1945
Месца нараджэньня в. Махро, Янаўскі раён, Берасьцейская вобласьць, Беларуская ССР, СССР
Дата сьмерці 31 кастрычніка 2013
Месца сьмерці Менск, Беларусь
Адукацыя Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1975)
Месца вучобы
Занятак маляр
Жанры партрэт
Плынь рэалізм[d]
Працы нізкі карцінаў «Памяці вязьняў ГУЛага» (1975—1989), «Мадонны, што сышлі зь нябёсаў» (1988—1996)
Пад уплывам Анатоль Рубановіч, Анатоль Бараноўскі

Увайшоў у гісторыю міжнароднага мастацтва нізкай карцінаў «Мадонны, якія плачуць», бо першым стварыў гэты вобраз у чырвоным шалі, які атаясамліваў ненавісьніцкае навакольле[1]. У Італіі яго нараклі «беларускім Рафаэлем» за найбольшы ў сьвеце лік палотнаў з вобразам Мадонны[2].

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Нарадзіўся ў сям’і вэтэрана Нямецка-савецкай вайны Васіля Кузьміча і настаўніцы Аляксандры Максімаўны Кузьміч. Быў малодшым зь 7-мі дзяцей у сям’і, сярод якіх было 5 старэйшых сясьцёр. Праз шмат гадоў Аляксей Кузьміч намаляваў карціну «Маё залатое дзяцінства», дзе паказаў сябе немаўлём на руках маці ў акружэньні 5 юных сясьцёр. Калі яму было 1,5 гады, яго бацька памёр на ральлі ад асколкавага раненьня, атрыманага на вайне[1]. У школе навучаўся маляваньню ў прафэсійнага жывапісца Анатоля Рубановіча[3]. Адна зь сясьцёр набывала Аляксею фарбы для маляваньня ў падтрымку яго імкненьня. У 1962 годзе, па сканчэньні 9 клясаў, паступіў у Краснаярскую мастацкую вучэльню імя Васіля Сурыкава (Расейская СФСР). Пасьля заняткаў наведваў Краснаярскую мастацкую карцінную галерэю, дзе знаходзілася 300 дарэвалюцыйных карцінаў, у тым ліку замежнага паходжаньня. У 1965 годзе скончыў вучэльню і быў закліканы ў Савецкую армію, дзе служыў у ракетных войсках стратэгічнай прызначэньня.

У 1968 годзе вярнуўся ў Беларускую ССР, дзе ўладкаваўся на «Менскі падшыпнікавы завод». Адначасна стаў займацца жывапісам у студыі выяўленчага мастацтва пры Палацы культуры, дзе выкладаў Анатоль Бараноўскі[4]. У 1969 годзе паступіў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, які скончыў у 1975 годзе. Пры выпуску абараніў дыплёмную працу «Раніца вугальнага кар'ера», дзеля напісаньня якой езьдзіў у Кузбас. У 1984 годзе ўступіў у Саюз мастакоў Беларусі, пасьля чаго адкрыў першую асабістую выставу. У 1985 годзе ва ўзросьце 38 гадоў ажаніўся з 20-гадовай студэнткай Беларускага тэхналягічнага інстытуту Інэсай Восіпаўнай, якая часта мінала яго цокальную майстэрню на вуліцы Валадарскага. У шлюбе жонка стала прататыпам яго шматлікіх карцінаў Мадонны[1]. Пазьней меў майстэрню ў Траецкім прадмесьці Менску. Адпявалі мастака ў Петрапаўлаўскай царкве ў Менску[5].

Творчасьць рэдагаваць

 
«Чырвоная Мадонна», 1990 год. Палатно, алей. 120 х 100 см.

У творчасьці пераважаў вобраз Мадонны, як увасабленьня дабрыні і духоўнасьці, жыцьця і перажываньня за людзей, прыгажосьці і чысьціні. Стварыў сэрыі карцінаў: «У раі» (1983—1984), «Мадонна з паўшым анёлам» (1984—1986), «Залатыя Мадонны» і «Срэбраныя Мадонны» (1986—1996), «Мадонны, што сышлі зь нябёсаў» (1988—1996), «Палескія Мадонны» (1995—1996), «Ахвярнасьць славянскіх Мадоннаў» (1996—1998), «Дзяржаўныя Мадонны» і «Пакуты Русі» (1997—1998). Людзкім пакутам прысьвяціў творы «Памяці вязьняў ГУЛага» (1975—1989), «Прысьвячэньне Чарнобылю» (1988), «Дзецям Чарнобыля» (1990) і «Д'яблы над Русьсю» (1995). Стварыў партрэты акторак Галіны Макаравай і Стэфаніі Станюты, актораў Уладзімер Гасьцюхіна, Зьдзіслава Стомы і Мікалая Яроменкі, кінарэжысэраў Міхаіла Пташука і Віктара Турава[6]. Агулам стварыў звыш 700 палотнаў, большасьць зь якіх прысьвяціў беларускім жанчынам. Сярод іх былі карціны «Эўфрасіньня Полацкая», «Манахіня» і «Плач Рагнеды», а таксама творы пра сучасьніцаў — «Менская Мадонна», «Даная», «Таня», «Наташа», «Дзяўчына i кветкі», «Старасьць». Сваю жонку Інэсу Восіпаўну маляваў на 12 карцінаў: «Мадонна ў воблаках», «Мая Мадонна», «Калыханка», «Мацярынства», «Юныя Мадонны», «Ціхая радасьць», «Сям'я», «Мадонна ў сьветлым», «Мадонна з анёламі», «Чысьціня», «Шчырасьць» і «Маё натхненьне». Працаваў у сваёй майстэрні на Траецкім прадмесьці ў Менску[5]. Напісаў каля 50 псыхалягічных партрэтаў, у тым ліку рэжысэра Барыса Луцэнкі, кінаакторкі Марыі Захарэвіч і пісьменьніка Ўладзімера Ліпскага[3]. Мастак тлумачыў зьяўленьне вобразу Мадонны ў сваёй партрэтнай творчасьці з 1979 году словамі: «Хто піша жанчыну, таму дапамагае Бог»[4]. У гісторыю міжнароднага мастацтва ўвайшоў нізкай карцінаў «Мадонны, якія плачуць», бо першым стварыў гэты вобраз. Чырвоны шаль Мадонны атаясамліваў ненавісьніцкае навакольле, зь якога ня вырвацца, што выклікае яе сум[1].

Сям'я рэдагаваць

 
Партрэт жонкі «Натхненьне», 1985
  • Бацька — вэтэран вайны Васіль Кузьміч (пам. 1947).
  • Маці — настаўніца Аляксандра Максімаўна Кузьміч.
  • Жонка (з 1985 году) — інжынэрка Інэса Восіпаўна Кузьміч (нар. 1965).
  • Дачка — Інэса Аляксееўна Кузьміч.
  • Сын — эканаміст Аляксей Аляксеевіч Кузьміч (нар. 1989)[1].

Ушанаваньне рэдагаваць

У сакавіку 2014 году выканаўчыя камітэты Янаўскага раёну і Берасьцейскай вобласьці выдаткавалі 200 млн рублёў ($19 500) на стварэньне Мастацкай галерэі імя Аляксея Кузьміча плошчай 120 м² пры Доме культуры ў яго родным сяле Махро[3]. 1 чэрвеня 2014 году галерэю адчыніў яго сын Аляксей Аляксеевіч Кузьміч, які хадайнічаў аб яе стварэньні. Хадайніцтва падтрымаў Берасьцейскі абласны краязнаўчы музэй. Каля 150 карцінаў для галерэі прадставілі родзічы мастака. Зь іх склалаі 3 экспазыцыі: «Яго Мадонны святло нябеснае», «Тут россып талентаў палескіх» і «Палескія модніцы». Асобнае месца заняла нізка «Мадонны, якія плачуць»[7]. У сьнежні 2014 году галерэя стала падразьдзяленьнем Музэя Напалеона Орды ў вёсцы Варацэвічы (Янаўскі раён) і ўвайшла ў падарожніцкі маршрут раёну. Наведнікам прапаноўвалі 40-хвілінную экскурсію і прагляд фільма Аляксандра Дамарацкага зь нізкі «Сьвятло далёкай зоркі», зьняты для тэлеканала «Беларусь 3». За гэты час Мастацкая галерэя імя Аляксея Кузьміча пасьпела атрымаць у наведнікаў найменьне Галерэя Мадоннаў, бо ў ёй пераважаюць карціны маці зь дзіцём[8].

У студзені 2015 году намаганьнямі сына Аляксея Аляксеевіча ў гонар яго бацькі Аляксея Васільевіча Кузьміча нараклі галяктыку. Яго творы захоўваліся ў музэях ЗША і 4 краінаў Эўропы — Беларусі, Італіі, Расеі і Эстоніі. Найбольшыя ў Беларусі зборы мелі Беларускі саюз мастакоў, Берасьцейскі абласны краязнаўчы музэй, Музэй гісторыі гораду Менску, Музэй Напалеона Орды, Музэй сучаснага выяўленчага мастацтва, Нацыянальны гістарычны музэй Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь[1]. У 2015 годзе выйшла кніга «Аляксей Кузьміч. Творца ўзвышаных Мадонн», прысьвечаная памяці мастака[9]. На жнівень 2018 году ў Мастацкай галерэі імя Аляксея Кузьміча ў яго роднай вёсцы Махро захоўвалася сярод іншага і мноста карцінаў аголеных жанчынаў[10].

Галерэя карцінаў рэдагаваць

Партрэты рэдагаваць

Жонка рэдагаваць

Пэйзаж і нацюрморт рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в г д е Тамара Бунта. «Мы з мужам былі блізкія душы» // Сямейная газэта. — 22 студзеня 2015. — № 1 (24). — С. 4.
  2. ^ «Мадонны» вядомага беларускага мастака Аляксея Кузьміча праедуць па гарадах Эстоніі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 18 сьнежня 2015 г. Праверана 14 чэрвеня 2020 г.
  3. ^ а б в Яўген Рагін. Сам-насам з Мадоннай // Культура : газэта. — 29 сакавіка 2014. — № 13 (1139).
  4. ^ а б Аляксей Кузьміч і яго ўзвышаныя Мадонны // Радыё «Спадарожнік», 1 чэрвеня 2019 г. Праверана 14 чэрвеня 2020 г.
  5. ^ а б Уладзімер Ліпскі. Рафаэль беларускай зямлі // Зьвязда : газэта. — 21 лістапада 2013. — № 219 (27584). — С. 9. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ Кузьміч Аляксей // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 8. — С. 564565. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0144-3
  7. ^ Аліна Будзевіч. Вяртаньне па дарозе жывапісу // Мастацтва : часопіс. — жнівень 2014. — № 8 (377). — С. 13.
  8. ^ Пётра Васілеўскі. Першы крок да Музэя мадон // Культура. — 19 сьнежня 2015. — № 51 (1229).
  9. ^ Марына Весялуха. Кнігі як цуд // Зьвязда. — 23 сьнежня 2015. — № 248 (28106). — С. 1, 2.
  10. ^ Вікторыя Аскера. Вандроўка па Янаўскім краі: мясьціны і асобы // Літаратура і мастацтва : газэта. — 31 жніўня 2018. — № 34 (4989). — С. 4—5. — ISSN 0024-4686.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць