Ялцінская канфэрэнцыя

Я́лцінская (Кры́мская) канфэрэ́нцыя — нарада кіраўнікоў урадаў Брытаніі, ЗША і СССР ў Лівадыйскім палацы за 3 км на захад ад Ялты (Крымская АССР(uk), Расейская СФСР, СССР; цяпер Аўтаномная Рэспубліка Крым, Украіна) 4—11 лютага 1945 году аб узгадненьні дзеяньняў для дасягненьня капітуляцыі Нямеччыны ў Другой сусьветнай вайне і пасьляваенным уладкаваньні сьвету. Удзельнічалі прэм’ер-міністар Брытаніі Ўінстан Чэрчыль (1940—1945), прэзыдэнт ЗША Франклін Рузвэлт (1933—1945) і старшыня Савету народных камісараў СССР Ёсіф Сталін (1941—1953). Таксама штодзень у сустрэчах бралі ўдзел: міністры замежных справаў Энтані Ідэн (1940—1945), Эдвард Стэтыніюс(en) (1944—1945) і Вячаслаў Молатаў (1939—1949) адпаведна; начальнікі штабоў Алан Брук(en) (1941—1946), Ўільям Лігі(en) (1942—1949) і Аляксей Антонаў (1945—1946) адпаведна; дарадцы, у тым ліку амбасадар Брытаніі ў СССР Арчыбальд Кэр(en) (1942—1946), амбасадар ЗША ў СССР Авэрэл Гарыман (1943—1946) і амбасадар СССР у ЗША Андрэй Грамыка (1943—1946)[1]. Агулам у «Камюніке аб Крымскай канфэрэнцыі», падпісаным 11 лютага 1945 г. у Лівадыйскім палацы кіраўнікамі ўрадаў Брытаніі, ЗША і СССР, згадваліся імёны 36 удзельнікаў нарады: 13 прадстаўнікоў ураду Брытаніі, 14 прадстаўнікоў ураду ЗША і 9 прадстаўнікоў ураду СССР. Нарада адбывалася ва ўмовах пераносу ваенных дзеяньняў на тэрыторыю Нямеччыны[2]. Стала апошняю канфэрэнцыяй лідэраў антыгітлераўскай кааліцыі «вялікай тройкі» ў даядзерную эпоху. На сустрэчы абмяркоўвалася перафармаваньне пасьляваеннай Эўропы. Наступнай стала Патсдамская канфэрэнцыя ў ліпені—жніўні 1945 году ў акупаванай Нямеччыне[1].

Удзельнікі Ялцінскай канфэрэнцыі

11 лютага 1945 г. прадстаўнікі ўрадаў зацьвердзілі пастановы канфэрэнцыі. Кіраўнікі ўрадаў Чэрчыль (Брытанія), Рузвэльт (ЗША) і Сталін (СССР) падпісалі: «Камюніке аб Крымскай канфэрэнцыі» зь 9 разьдзелаў, «Пратакол аб перамовах у пытаньні аб рэпарацыях натурай зь Нямеччыны» з 4 пунктаў і «Пагадненьне аб Японіі і Кітаі». Міністры замежных справаў Ідэн (Брытанія), Стэтыніюс (ЗША) і Молатаў (СССР) падпісалі «Пратакол працы Крымскай канфэрэнцыі» з 14 разьдзелаў. Ідэн і Молатаў таксама падпісалі: «Пагадненьне адносна вызваленых ваеннапалонных і цывільных асобаў» зь 9 артыкулаў і «Пагадненьне адносна вызваленых савецкіх грамадзянаў у Злучаным каралеўстве» зь 7 артыкулаў і 2 Дадаткаў. Вайсковы аташэ амбасады ЗША ў СССР Джон Дын(en) (1939—1945) і 1-ы намесьнік начальніка Апэратыўнага кіраваньня Генштаба СССР Анатоль Грызлоў(ru) (1944—1945) таксама падпісалі «Пагадненьне адносна вызваленых ваеннапалонных і цывільных асобаў» зь 9 артыкулаў, аднолькавае з брытанска-савецкім.

Пастановы рэдагаваць

 
Становішча на франтах (15 лютага 1945 г.) паводле «Атляса сусьветных баявых франтоў у паўмесячных фазах да 14 жніўня 1945 г.» (1945)

Камюніке рэдагаваць

11 лютага 1945 г. у Лівадыйскім палацы кіраўнікі ўрадаў Брытаніі, ЗША і СССР — Ўінстан Чэрчыль, Франклін Рузвэлт і Ёсіф Сталін адпаведна — падпісалі «Камюніке аб Крымскай канфэрэнцыі» з 14 разьдзелаў: 1) Разгом Нямеччыны; 2) Акупацыя Нямеччыны і кантроль над ёй; 3) Рэпарацыі зь Нямеччыны; 4) Канфэрэнцыя аб'яднаных народаў; 5) Дэклярацыя аб вызваленай Эўропе; 6) Аб Польшчы; 7) Аб Югаславіі; 8) Нарады міністраў замежных справаў; 9) Адзінства ў арганізацыі сьвету, як і ў вядзеньні вайны.

  • Разгом Нямеччыны. Абвяшчалася пра «ўзгодненыя і дэталёва сплянаваныя тэрміны, памеры і каардынацыю новых і яшчэ больш магутных удараў, якія будуць нанесеныя ў сэрца Нямеччыны». Таксама прадугледжвалася, што «нарады трох нашых штабоў будуць працягвацца кожны раз, як у гэтым узьнікне патрэба».
  • Акупацыя Нямеччыны і кантроль над ёй. Вызначалася, што «ўзброеныя сілы трох дзяржаў будуць займаць у Нямеччыне асаблівыя зоны». Прадпісвалася ўтварыць «Цэнтральную кантрольную камісію, якая складаецца з галоўнакамандавальнікаў трох дзяржаваў, зь месцам знаходжаньня ў Бэрліне». Абвяшчалася, што «Францыя будзе запрошаная трыма дзяржавамі ... узяць на сябе зону акупацыі і ўдзельнічаць у якасьці 4-га сябра Кантрольнай камісіі». Саюзьнікі ўзгаднілі намеры: «распусьціць усе нямецкія ўзброеныя сілы», «падвергнуць усіх ваенных злачынцаў справядліваму і хуткаму пакараньню і спагнаць натурай пакрыцьцё стратаў за разбурэньні, прычыненыя немцамі», распусьціць «нацыскую партыю» і скасаваць «нацыскія законы».
  • Рэпарацыі зь Нямеччыны. Прадугледжвалася стварэньне «Камісіі па пакрыцьці стратаў, якой даручаецца разглядзець пытаньне аб памерах і спосабах пакрыцьця шкоды, нанесенай Нямеччынай саюзным краінам. Камісія будзе працаваць у Маскве».
  • Канфэрэнцыя аб'яднаных народаў. Абвяшчалася згода на тое, што «25 красавіка 1945 году ў Сан-Францыска, у Злучаных Штатах, будзе скліканая канфэрэнцыя Аб'яднаных народаў для таго, каб падрыхтаваць Статут» «усеагульнай міжнароднай арганізацыі для падтрыманьня міру»[2]. Згадвалася, што «з урадам Кітая і Часовым урадам Францыі будуць неадкладна праведзеныя кансультацыі, і да іх будзе накіраваны зварот прыняць удзел».
  • Дэклярацыя аб вызваленай Эўропе. Зьмяшчала захады «ўстанаўленьня парадку ў Эўропе»: «тры ўрады будуць сумесна… у любой вызваленай эўрапейскай дзяржаве або ў былой дзяржаве-сатэліце восі ў Эўропе… ствараць часовыя ўрадавыя ўлады, якія шырока прадстаўляюць усе дэмакратычныя элемэнты насельніцтва і абавязаныя як мага хутчэй ўсталяваць шляхам свабодных выбараў урады».
 
Зьмена межаў Польшчы
  • Аб Польшчы. Саюзьнікі прыйшлі да пагадненьня, што «дзейны цяпер у Польшчы Часовы ўрад(pl) мае быць ... рэарганізаваны на больш шырокай дэмакратычнай базе з уключэньнем дэмакратычных дзеячоў з самой Польшчы і палякаў з-за мяжы». Пасьля правядзеньня ў Польшчы выбараў урад Брытаніі і «ўрад ЗША ўсталююць дыпляматычныя адносіны з новым Польскім часовым урадам народнага адзінства(pl)». Таксама саюзьнікі вырашылі, «што ўсходняя мяжа Польшчы мае ісьці ўздоўж лініі Кэрзана з адступленьнямі ад яе ў некаторых раёнах ад 5 да 8 кілямэтраў на карысьць Польшчы» і «што Польшча мае атрымаць істотныя прырашчэньні тэрыторыі на поўначы і на захадзе». У выніку Беларуская ССР страціла Беластоцкую вобласьць[1].
  • Аб Югаславіі. Прапаноўвалася «параіць маршалу Ціта і доктару Шубашычу ... ўтварыць Часовы аб'яднаны ўрад(sr). Таксама вырашылі «параіць» «новаму Югаслаўскаму ўраду» «заявіць», «што Антыфашысцкае веча народнага вызваленьня Югаславіі(sr) будзе пашыранае за кошт уключэньня сябраў апошняй югаслаўскай Скупшчыны, якія не скампрамэтавалі сябе супрацай з ворагам»[1] і «што заканадаўчыя акты, прынятыя Антыфашысцкім вечам народнага вызваленьня, будуць падлягаць наступнаму зацьвярджэньню Ўстаноўчай скупшчынай(sr)».
  • Нарады міністраў замежных справаў. Бакі дамовіліся, «што мае быць створаны пастаянны мэханізм для рэгулярнай кансультацыі між трыма міністрамі замежных справаў. Таму міністры замежных справаў будуць сустракацца так часта, як гэта спатрэбіцца, верагодна кожныя 3 або 4 месяцы. Гэтыя нарады будуць адбывацца па чарзе ў трох сталіцах».
  • Адзінства ў арганізацыі сьвету, як і ў вядзеньні вайны. Разьдзел зьмяшчаў заклік «узмацніць ў будучы мірны пэрыяд тое адзінства мэтаў і дзеяньняў», бо «толькі пры працягу і росьце супрацы і паразуменьня між нашымі трыма краінамі і між усімі міралюбнымі народамі можа ажыцьцявіцца ... трывалы і працяглы мір».

Пратакол аб рэпарацыях зь Нямеччыны рэдагаваць

 
Стол перамоваў у Лівадыйскім палацы

11 лютага 1945 г. у Лівадыйскім палацы кіраўнікі ўрадаў Брытаніі, ЗША і СССР падпісалі «Пратакол аб перамовах у пытаньні аб рэпарацыях натурай зь Нямеччыны» з 4 пунктаў. Паводле 1-га пункта, спагнаньні мелі «атрымлівацца ў першую чаргу тымі краінамі, якія вынесьлі галоўны цяжар вайны, панесьлі найбольшыя страты і арганізавалі перамогу над ворагам». Другі пункт прадугледжваў 3 віды спагнаньняў: 1) «цягам 2 гадоў пасьля капітуляцыі Нямеччыны ... з нацыянальнага багацьця Нямеччыны, што знаходзіцца як на тэрыторыі самой Нямеччыны, так і па-за ёй (абсталяваньне, станкі, судны, рухомы састаў, нямецкія ўкладаньні за мяжой, акцыі прамысловых, транспартных, суднаходных і іншых прадпрыемстваў Нямеччыны і г.д.), ... галоўным чынам дзеля зьнішчэньня ваеннага патэнцыялу Нямеччыны»; 2) «штогадовыя таварныя пастаўкі зь бягучай вытворчасьці пасьля заканчэньня вайны»; 3) «выкарыстаньне нямецкай працы». Паводле 3-га пункта, «у Маскве засноўваецца Міжсаюзная камісія па рэпарацыях у складзе прадстаўнікоў ад СССР, ЗША і Вялікабрытаніі». Паводле 4-га пункта, «агульная сума рэпарацыяў» мела скласьці «20 мільярдаў даляраў і што 50% гэтай сумы ідзе Савецкаму Саюзу». Частку нямецкіх рэпарацыяў пасьля вайны атрымала і Беларуская ССР[1].

Пагадненьне аб Японіі і Кітаі рэдагаваць

11 лютага 1945 г. у Лівадыйскім палацы кіраўнікі ўрадаў Брытаніі, ЗША і СССР падпісалі «Пагадненьне аб Японіі і Кітаі». Бакі дамовіліся, што «праз два-тры месяцы пасьля капітуляцыі Нямеччыны і заканчэньня вайны ў Эўропе Савецкі Саюз ўступіць у вайну супраць Японіі» пры задавальненьні 5 умоваў:

Пры «згодзе генэралісімуса Чан Кайшы» пайсьці на 3 саступкі паводле 1-й, 3-й і 4-й умоваў, СССР пагадзіўся «заключыць з Народным кітайскім урадам Дамову аб сяброўстве і саюзе ... для аказаньня яму дапамогі сваімі ўзброенымі сіламі дзеля вызваленьня Кітая ад японскага ярма».

Пратакол працы канфэрэнцыі рэдагаваць

11 лютага 1945 г. у Лівадыйскім палацы міністры замежных справаў Брытаніі, ЗША і СССР — Энтані Ідэн, Эдвард Стэтыніюс і Вячаслаў Молатаў адпаведна — падпісалі «Пратакол працы Крымскай канфэрэнцыі» з 14 разьдзелаў: 1) Сусьветная арганізацыя; 2) Дэклярацыя аб вызваленай Эўропе; 3) Расчляненьне Нямеччыны; 4) Зона акупацыі для французаў і Кантрольная рада для Нямеччыны; 5) Рэпарацыі; 6) Галоўныя ваенныя злачынцы; 7) Польшча; 8) Югаславія; 9) Італа-югаслаўская мяжа, аўстра-югаслаўская мяжа; 10) Югаслаўска-баўгарскія ўзаеміны; 11) Паўднёва-ўсходняя Эўропа; 12) Пэрсія; 13) Нарады 3 міністраў замежных справаў; 14) Пагадненьне(fr) ў Мантро(fr) і пралівы.

  • Сусьветная арганізацыя. На канфэрэнцыю Аб’яднаных народаў 25 красавіка 1945 г. у ЗША вырашылі запрасіць «Аб'яднаныя народы па складзе на 8 лютага 1945 г.» і «тыя з далучыўшыхся народаў, якія абвясьцілі вайну агульнаму ворагу да 1 сакавіка 1945 году». Таксама прадугледжвалася: «Калі будзе адбывацца канфэрэнцыя аб сусьветнай арганізацыі, дэлегаты Злучанага каралеўства і Злучаных Штатаў Амэрыкі падтрымаюць прапанову аб допуску да першапачатковага сяброўства дзьвюх Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, а менавіта Украіну і Беларусь»[1]. Саюзьнікі пагадзіліся, што «рашэньні Савету бясьпекі ... прымаюцца большасьцю ў 7 галасоў сябраў, улучна супадальнымі галасамі пастаянных сябраў». Таксама бакі вызначылі «5 дзяржаваў, якія будуць мець пастаянныя месцы ў Савеце бясьпекі». Абвяшчалася, «што тэрытарыяльная апека будзе прымяняцца толькі: а) да існых мандатаў Лігі народаў; б) да тэрыторыяў, адабраных у варожых дзяржаваў у выніку цяперашняй вайны».
  • Дэклярацыя аб вызваленай Эўропе. Паўтарала аднайменную Дэклярацыю, падпісаную кіраўнікамі ўрадаў у «Камюніке аб Крымскай канфэрэнцыі».
  • Расчляненьне Нямеччыны. Саюзьнікі зьмянілі артыкул 12 умоваў будучай капітуляцыі Нямеччыны, дзе запісалі, што Брытанія, ЗША і СССР прадпрымуць «поўнае раззбраеньне, дэмілітарызацыю(en) і расчляненьне Нямеччыны». «Вывучэньне працэдуры расчляненьня Нямеччыны перадалі камісіi, якая складаецца са спадара Ідэна (старшыня), спадара Ўайнанта(en) і спадара Гусева(ru)».
  • Зона акупацыі для французаў і Кантрольная рада для Нямеччыны. Прадугледжвалася, «што Францыі маюць надаць у Нямеччыне зону, што падлягае акупацыі францускімі войскамі. Гэтую зону ўтвораць з брытанскай і амэрыканскай зонаў, і яе памеры установяць ангельцы і амэрыканцы». Таксама «Францускі часовы ўрад мае быць запрошаным увайсьці ў якасьці сябра ў Кантрольную раду для Нямеччыны».
  • Рэпарацыі. Паўтараў «Пратакол аб перамовах у пытаньні аб рэпарацыях натурай зь Нямеччыны», падпісаны кіраўнікамі ўрадаў.
  • Галоўныя ваенныя злачынцы. Справу аддалі на «разгляд трыма міністрамі замежных справаў для справаздачы».
  • Польшча. Паўтараў пагадненьне «Аб Польшчы», падпісанае кіраўнікамі ўрадаў у «Камюніке аб Крымскай канфэрэнцыі».
  • Югаславія. Паўтараў разьдзел «Аб Югаславіі» ў «Камюніке аб Крымскай канфэрэнцыі».
  • Італа-югаслаўская мяжа, аўстра-югаслаўская мяжа. «Амэрыканская і савецкая дэлегацыі пагадзіліся разглядзець» «ноты брытанскай дэлегацыі».
  • Югаслаўска-баўгарскія ўзаеміны. «Спадар Ідэн прапанаваў інфармаваць баўгарскі і югаслаўскі ўрады аб тым, што» «баўгарска-югаслаўская дамова аб саюзе» «ня можа быць ухваленай». Ён выступіў супраць «дазволу дзяржаве (Царству Баўгарыя), якая дагэтуль знаходзіцца ў стане замірэньня, заключаць дамову зь іншай дзяржавай».
  • Паўднёва-ўсходняя Эўропа. Брытанская дэлегацыя ўручыла 3 ноты: «Кантрольная камісія ў Баўгарыі», «Грэцкія прэтэнзіі да Баўгарыі» датычна рэпарацыяў і «Нафтавае абсталяваньне ў Румыніі».
  • Пэрсія. «Вырашылі працягнуць абмеркаваньне» «ў дыпляматычным парадку».
  • Нарады міністраў замежных справаў. Паўтараў аднайменны разьдзел у «Камюніке аб Крымскай канфэрэнцыі» з даданьнем, што «першая нарада адбудзецца ў Лёндане».
  • Пагадненьне ў Мантро і пралівы. Вызначыў, што «на сваёй бліжэйшай нарадзе ў Лёндане абмяркуюць прапановы Савецкага ўраду датычна Пагадненьня ў Мантро». «Турэцкі ўрад апавесьцяць».

Пагадненьне адносна вызваленых ваеннапалонных рэдагаваць

11 лютага 1945 г. у Лівадыйскім палацы міністры замежных справаў Брытаніі і СССР падпісалі на расейскай і ангельскай мовах «Пагадненьне адносна вызваленых ваеннапалонных і цывільных асобаў» зь 9 артыкулаў. Паводле артыкула 1 Пагадненьня, вызваленыя савецкімі і брытанскімі войскамі грамадзяне Брытаніі і СССР адпаведна мелі «аддзяляцца ад варожых ваеннапалонных і ўтрымлівацца асобна ад іх у лягерах або зборных пунктах да моманту перадачы іх адпаведна савецкім або брытанскім уладам». Паводле артыкула 2, Бакі дамовіліся, што «савецкія і брытанскія упаўнаважаныя па рэпатрыяцыі будуць неадкладна дапускацца ў зборныя лягеры і пункты разьмяшчэньня грамадзянаў або падданых сваёй краіны». Таксама ім надавалася «права прызначаць там ўнутраную адміністрацыю і ўсталёўваць ўнутраны распарадак і кіраваньне ў адпаведнасьці з вайсковымі парадкамі і заканадаўствам іх краіны». Асобна падкрэсьлівалася, што «варожая прапаганда, накіраваная супраць Дамоўных бакоў або супраць усялякага з Аб'яднаных народаў, ня будзе дазваляцца». Паводле арт. 3, Бакі абавязваліся «забясьпечваць вызваленых грамадзянаў або падданых адпаведным харчаваньнем, адзеньнем, жытлом і мэдычным абслугоўваньнем».

Артыкул 4 Пагадненьня прадугледжваў, што «кожны з Дамоўных бакоў будзе мець права выкарыстоўваць, па ўзгадненьні з другім Бокам, такія зь яго ўласных сродкаў транспарту, якія апынуцца даступнымі для рэпатрыяцыі сваіх грамадзянаў». Артыкул 5 прадугледжваў: «У выпадку выдачы пазыкаў у валюце вызваленай неварожай тэрыторыі, Савецкі і Брытанскі ўрады зробяць, кожны па пазыках, выдадзеных яго грамадзянам або падданым, неабходнае ўрэгуляваньне з урадамі адпаведных тэрыторыяў, якія будуць інфармаваныя аб колькасьці іх валюты, выдадзенай для гэтай мэты». Артыкул 6 дапускаў, што «Былыя ваеннапалонныя і цывільныя асобы кожнага з Дамоўных бакоў могуць, да іх рэпатрыяцыі, выкарыстоўвацца для кіраваньня і падтрыманьня ў парадку лягераў або зборных пунктаў, у якіх яны знаходзяцца». Паводле артыкула 7, Бакі абавязваліся «выкарыстоўваць усе даступныя сродкі для перавозкі вызваленых грамадзянаў і падданых ва ўстаноўленыя па ўзгадненьні пункты, дзе яны могуць быць перададзеныя адпаведна савецкім або брытанскім уладам»[1].

11 лютага 1945 г. у Лівадыйскім палацы вайсковы аташэ амбасады ЗША з СССР Джон Дын і 1-ы намесьнік начальніка Апэратыўнага кіраваньня Генштаба СССР Анатоль Грызлоў таксама падпісалі «Пагадненьне адносна вызваленых ваеннапалонных і цывільных асобаў» зь 9 артыкулаў, што было аднолькавым з аднайменным брытанска-савецкім Пагадненьнем. У выніку ўрады Брытаніі і ЗША абавязаліся выдаць СССР нават тых савецкіх грамадзянаў, якія адмовіліся вяртацца зь Нямеччыны ў СССР[1].

Пагадненьне адносна савецкіх грамадзянаў рэдагаваць

11 лютага 1945 г. у Лівадыйскім палацы міністры замежных справаў Брытаніі і СССР — Ідэн і Молатаў адпаведна — падпісалі на расейскай і ангельскай мовах «Пагадненьне адносна вызваленых савецкіх грамадзянаў у Злучаным каралеўстве» зь 7 артыкулаў і 2 Дадаткаў. Артыкул 1 Пагадненьня прадпісваў: «У выпадку іх прыбыцьця ў Злучанае Каралеўства, пра што кампэтэнтныя савецкія ўлады ў Злучаным каралеўстве будуць, наколькі гэта магчыма, загадзя апавяшчацца адпаведнымі брытанскімі ўладамі, гэтых савецкіх грамадзянаў будуць зьбіраць у пэўных месцах і лагерах, куды савецкія прадстаўнікі па рэпатрыяцыі будуць неадкладна дапускацца». Артыкул 2 прадугледжваў, што «савецкіх грамадзянаў будуць арганізоўваць у злучэнні і групы, якія будуць падпарадкоўвацца савецкім законам». Дадаткова падкрэсьлівалася, што «ня будзе дапускацца правядзеньне сярод вызваленых савецкіх грамадзянаў варожай прапаганды, накіраванай супраць Дамоўных бакоў». Паводле арт. 3, прадугледжвалася, што «выкарыстаньне вызваленых савецкіх грамадзянаў будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасьці з савецкімі вайскоўцамі парадкамі і пад наглядам савецкіх афіцэраў».

Паводле артыкула 4 Пагадненьня, урад Брытаніі абавязваўся «забясьпечваць ўсіх гэтых савецкіх грамадзян, безь якіх бы там ні было выключэньняў, ежай, адзеньнем, жытлом і мэдычным абслугоўваньнем паводле нормаў, устаноўленых адпаведна для салдатаў, малодшага каманднага складу і афіцэраў». Паводле арт. 5 урад Брытаніі таксама абавязваўся «выдаваць такія пазыкі гэтым савецкім грамадзянам ад імя Савецкага ўраду, пра якія дамовяцца між сабой кампэтэнтныя брытанскія і савецкія ўлады». Паводле арт. 7, ўрад Брытаніі ўзяў абавязкі: 1) «супрацоўнічаць з адпаведнымі савецкімі ўладамі ў Злучаным каралеўстве ў справе высьвятленьня асобы вызваленых савецкіх грамадзянаў, якія могуць прыбыць у Злучанае каралеўства»; 2) «аказваць практычна магчымую дапамогу, беручы пад увагу наяўныя рэсурсы, у наданьні сродкаў транспарту для хутчэйшай перавозкі гэтых савецкіх грамадзянаў у Савецкі Саюз».

У культуры рэдагаваць

Літаратура рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в г д е ё ж з Любоў Драбовіч. Крымская канфэрэнцыя 1945 // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 8. — С. 514. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0144-3
  2. ^ а б в Дзьве даты // Зьвязда : газэта. — 4 лютага 2012. — № 23 (27138). — С. 8. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Ялцінская канфэрэнцыясховішча мультымэдыйных матэрыялаў